КАНІЦА́РА ((Cannizzaro) Станіслао) (13.7.1826, г. Палерма, Італія — 10.5.1910),
італьянскі хімік, адзін з заснавальнікаў атамна-малекулярнай тэорыі. Замежны чл.-кар.Пецярб.АН (1889). Атрымаў адукацыю ва ун-тах Палерма і Пізы (1841—48). З 1851 праф.Нац. каледжа ў Александрыі, ун-таў Генуі (з 1856), Палерма (з 1861) і Рыма (з 1871). Навук. працы паарган. хіміі. Адкрыў акісляльна-аднаўленчае дыспрапарцыянаванне араматычных альдэгідаў пад уздзеяннем шчолачы з утварэннем першасных спіртоў і карбонавых кіслот (1853, рэакцыя К.), бензілавы спірт. На аснове закону Авагадра размежаваў паняцці «атам», «эквівалент», «малекула» (1858).
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭ́СІЯ (ад лац. concessio дазвол, уступка),
1) дагавор (пагадненне) на перадачу дзяржавай або мясц. органамі ўлады ў эксплуатацыю прыватным прадпрымальнікам, замежным фірмам або інш.юрыд. асобам прамысл. прадпрыемстваў, участкаў зямлі з правам здабычы карысных выкапняў, буд-ва розных аб’ектаў з мэтай развіцця або аднаўлення нац. эканомікі ці асваення прыродных багаццяў; само прадпрыемства, арганізаванае на аснове такога дагавору. У К. прадугледжваецца памер і парадак налічэння арэнднай платы, абавязацельствы канцэсіянера (фіз. або юрыд. асобы, якія атрымалі К.) па ахове і аднаўленні навакольнага асяроддзя, парадак найму работнікаў і інш. 2) Ўзнагарода, якую атрымліваюць банкі за арганізацыю продажу нанава выпушчаных каштоўных папер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЮШКЕ́ВІЧ (Марыя Іосіфаўна) (н. 7.11.1943, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1991), праф. (1991). Скончыла Гродзенскі пед.ін-т (1975). З 1979 выкладае ў Гродзенскім ун-це (з 1980 заг. кафедры, у 1992—93 дэкан філал. ф-та). Навук. працы па супастаўляльнай, функцыян., кагнітыўнай лінгвістыцы, сацыя- і прагмалінгвістыцы: «Сінтаксіс блізкароднасных моў: тоеснасць, падабенства, адрозненні» (1989), «Сінтаксіс рускай і беларускай моў: падабенства і адрозненні» (1994, у сааўт.), «Супастаўляльная функцыянальная граматыка рускай і беларускай моў: арыенціры і праекцыя вопыту», «Сацыялінгвістычная парадыгма моўнай сітуацыі ў Беларусі пасля рэферэндуму» (абедзве 1996), «Анімальны вобраз як фрагмент «карціны свету» (1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ,
геалагічнае ўтварэнне, складзенае з прадуктаў разбурэння горных парод у выніку выветрывання. Ад карэнных парод адрозніваецца больш рыхлай структурай, змененым хім. і мінералагічным складам са значнымі ўключэннямі гліністых мінералаў, часта бурай або чырвонай афарбоўкай. Адрозніваюць астаткавую (прадукты разбурэння застаюцца на месцы першаснага залягання) і пераадкладзеную К.в. (пераносяцца на нязначныя адлегласці з захаваннем прыкмет мацярынскай пароды). Па форме залягання вылучаюць К.в. плошчавую і лінейную. У залежнасці ад мінералагічнага складу горных парод фарміруюцца латэрытныя, каалінавыя і інш. тыпы. Са стараж. К.в. звязаны радовішчы руд жалеза, нікелю, хрому, алюмінію, рэдкіх металаў, а таксама фосфару, кааліну і інш. На тэр. Беларусі пашыраны астаткавыя плошчавыя К.в. каалінітавага і мантмарыланітавага складу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБА́Н (Сцяпан Ігнатавіч) (8.1.1902, в. Дзехнаўка Мінскага р-на — 14.1.1974),
бел.літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1960), праф. (1961). Скончыў БДУ (1931). З 1934 працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1937 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1938. Даследаваў філас., літ.-эстэт. погляды В.Бялінскага і Дз. Пісарава. Вывучаў светапогляд і праблематыку творчасці Я.Купалы. Аўтар нарысаў па гісторыі бел.літ. крытыкі і эстэт. думкі, у якіх не пазбег вульгарна-сацыялагічных ацэнак.
Тв.:
Очерки истории белорусской эстетической мысли и литературной критики. Мн., 1971;
Нарысы гісторыі беларускай савецкай крытыкі 20—30-х гг.Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́НА ((Khorana) Хар Гобінд) (н. 9.1.1922, г. Райпур, Індыя) амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1966). Замежны чл.АНСССР (1971). Скончыў Пенджабскі ун-т (1945, г. Лахор),
Ліверпульскі ун-т (1948). З 1950 у Кембрыджскім ун-це, з 1952 ва ун-це Брытанскай Калумбіі ў г. Ванкувер (Канада), з 1960 у Ін-це даследавання ферментаў Вісконсінскага ун-та ў г. Мадысан (ЗША, з 1962 праф.), з 1970 у Масачусецкім тэхнал. ін-це. Навук. працы па сінтэзе каферментаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых кіслот. Зрабіў значны ўклад у расшыфроўванне генет. кода. Сінтэзаваў ген транспартнай РНК. Нобелеўская прэмія 1968 (разам з Р.У.Холі і М.У.Нірэнбергам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́ЕЎ (Герман Іванавіч) (н. 3.10.1931, р.п. Балаганск Усць-Удзінскага р-на Іркуцкай вобл., Расія),
бел. геафізік, геолаг. Д-р геолага-мінералагічных н. (1968), праф. (1970). Чл.-кар.Міжнар.АН Еўразіі (1996). Скончыў Новасібірскі ін-т геадэзіі, аэраздымкі і картаграфіі (1953). З 1987 заг. лабараторыі Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі комплекснай і геал. інтэрпрэтацыі геафіз. палёў, глыбіннай будове і фіз. неаднароднасці зямной кары і верхняй мантыі Зямлі, глыбіннай геафізіцы і карысных выкапнях, экалагічнай геафізіцы.
Тв.:
Геофизические модели земной коры Белорусско-Прибалтийского региона. Мн., 1993 (у сааўт.);
Нелинейные дисперсионные модели структурной геофизики. Мн., 1997 (разам з В.К.Фурс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЧЭ́НЯ (Іван Міхайлавіч) (н. 13.8.1948, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел.с.-г. акадэмію (1975), Мінскую вышэйшую парт. школу (1986). З 1967 на гасп., сав. і парт. рабоце. З 1986 старшыня Вілейскага райвыканкома, адначасова 1-ы сакратар гаркома КПБ. З 1990 дэпутат, чл. Прэзідыума, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1992 каардынатар Рабочай групы Савета кіраўнікоў дзяржаў і Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1993—98 выканаўчы сакратар СНД. З 1996 чл. Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. З мая 1998 1-ы нам. выканаўчага сакратара СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЗЕ́НКА (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 24.12.1929, Мінск),
бел. вучоны ў галіне эпідэміялогіі і гігіены. Д-рмед.н. (1974), праф. (1984). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1953). У 1953—69 і з 1976 у Бел.НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. З 1982 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Беларусі (да 1987 заг. кафедры). Навук. працы па эпідэміялогіі і прафілактыцы заанозных, прыродна-ачаговых і асабліва небяспечных інфекц. хвароб, даследаванні ратавірусаў, гігіене фіз. культуры і спорту, валеалогіі.
Тв.:
Гигиеническое обеспечение занятий физической культурой и спортом. Мн., 1986 (у сааўт.);
Валеология — наука о здоровье (история и современность) (разам з І.У.Брусковай) // Тайны долголетия: О некоторых эффективных направлениях продления жизни. Гомель, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКАЯ (Ларыса Лявонцьеўна) (н. 17.3.1919, в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на),
бел.літ.-знавец, педагог. Канд.філал.н. (1963). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічала. У 1955—94 выкладала ў БДУ. Даследуе стараж.бел. і рус. л-ры, іх узаемасувязі і ўзаемаўплывы. Выступае з літ.-крытычнымі артыкуламі па сучаснай бел. л-ры. Складальнік навучальных і метадычных дапаможнікаў, хрэстаматый для студэнтаў і школьнікаў: «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979), «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982; абедзве з Л.Гусевай), «Аб мінулым Бацькаўшчыны» (1985), «Руская літаратура XVIII ст.» (1988), «Літаратура Старажытнай Русі і XVIII ст.» (1997) і інш.