КАСЦЮ́ШКАВІЧЫ,

вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на З ад горада і 14 км ад чыг. ст. Крычаў, 95 км ад Магілёва. 415 ж., 131 двор (1998).

Вядома з 1560 як дзярж. сяло ў Крычаўскай вол. ВКЛ. У 1604 сяло Касцюшкі ў Крычаўскім старостве. З 1772 у Рас. імперыі, у Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1827 мястэчка, 152 ж. У 1897 сяло ў Крычаўскай вол., 186 ж., 44 двары. У 1908 адкрыта земская школа. З 1919 у Чэрыкаўскім пав. Гомельскай губ. РСФСР, з 1925 цэнтр сельсавета Крычаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў вер. 1943 спалілі вёску. У 1971—276 ж., 91 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (13.11.1818, Масква — 1.8.1887),

рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838), слухаў курс філасофіі у Берлінскім ун-це (1840—41). З 1845 ад’юнкт-праф. Маскоўскага ун-та, супрацоўнік час. «Московский наблюдатель» і «Отечественные записки», рэдактар-выдавец час. «Русский вестник» (1856—87). У сваіх артыкулах выступаў за адмену прыгоннага права, увядзенне ін-та міравых суддзяў, абмяркоўваў «закрытыя» раней пытанні знешняй палітыкі, свабоды слова, цэнзуры, мясц. самакіравання і інш. У час і пасля паўстання 1863—64 патрабаваў прыняцця да Польшчы жорсткіх мер, адмаўляў неабходнасць правядзення ліберальна-дэмакр. рэформ у Расіі.

Тв.:

1863 г.: Собр. статей по польскому вопросу. Вып. 1—2. М., 1887;

О самодержавии и конституции М., 1905;

О церкви. М., 1905.

Літ.:

Твардовская В.А. Идеология пореформенного самодержавия: (М.​Н.​Катков и его издания). М., 1978.

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІ́СЛІНГ ((Quisling) Відкун) (18.7.1887, г. Фюрэсдаль, Нарвегія — 24.10.1945),

нарвежскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат, лідэр нарв. фашыстаў. Прафес. вайсковец. У крас.снеж. 1918 ваен. аташэ ў Петраградзе, у 1920—21 — у Хельсінкі. У 1922—26 удзельнік акцый Ф.Нансена па аказанні гуманіт. дапамогі СССР, у 1927—29 член нарв. дэлегацыі ў Маскве. У 1931—33 ваен. міністр Нарвегіі. З 1931 у фаш. руху, у 1933 заснаваў нарв. фаш. партыю «Нац. аб’яднанне». У 1939 выступаў за прэвентыўную акупацыю краіны герм. войскамі. Пасля акупацыі Нарвегіі з крас. 1940 да вер. 1941 старшыня нарв. адм. савета, у 1942—45 прэм’ер-міністр нарв. калабарацыянісцкага ўрада; жорстка праследаваў апазіцыю. Пасля капітуляцыі герм. войск у Нарвегіі (7.5.1945) арыштаваны 9.5.1945. Пакараны смерцю паводле прыгавору нарв. суда. Імя К. стала сінонімам дзярж. здраднікаў.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНЕ́ВІЧ ((Kieniewicz) Стафан) (20.9.1907, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1992),

польскі гісторык. Акад. Польскай АН (1969). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1937 працаваў у Скарбовым архіве ў Варшаве. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе Арміі Краёвай. У час Варшаўскага паўстання 1944 паранены, зняволены ў канцлагеры Дахаў. У 1946—77 выкладаў у Варшаўскім ун-це.

Даследаваў гісторыю барацьбы Польшчы за незалежнасць у канцы 18—19 ст., грамадскіх рухаў 19 ст., развіцця польск. нац. самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Аўтар манаграфій «Адам Сапега (1828—1903)» (1939), «Польская рэвалюцыя 1846 г.» (1950), «Легіён Міцкевіча, 1848—1849» (1957), «Брусельскі самотнік: Аповесць пра Іаахіма Лялевеля» (2-е выд., 1960). Паўстанню 1863—64 прысвечаны кнігі «Студзеньскае паўстанне» (2-е выд., 1983), «Дарашэвічы 1863» (1986) і інш.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМЕРЫ́ЙЦЫ (асір. gimirrai, грэч. Kimmerioi),

назва плямён, якія ў 8—7 ст. да н.э. жылі ў паўн.-ўсх. Прычарнамор’і. Паводле звестак Герадота і інш. аўтараў, К. засялялі Паўн. Прычарнамор’е аж да Фракіі і былі выгнаны адтуль скіфамі. У 670-я г. да н.э. К. захапілі Фрыгію, а ў 650-я — Лідыю. Больш за ўсё яны затрымаліся ў Кападокіі, у раёне Сінопа (да канца 7 ст. да н.э.). З кімерыйска-скіфскім пранікненнем ў Малую Азію звязваюць знаходкі стараж. «скіфскіх» наканечнікаў стрэл пры раскопках Багазкёя, Сардаў, Гордзіяна і інш. У археалогіі прычарнаморска-балканскіх краін К. нярэдка звязваюць з культурай пераходнай эпохі ад бронзы да жалеза.

Літ.:

Артамонов М.И. Киммерийцы и скифы: (От появления на ист. арене до конца IV в до н.э.). Л., 1974;

Тереножкин А.И. Киммерийцы. Киев, 1976.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНГ ((King) Марцін Лютэр) (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),

адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўская прэмія міру 1964.

Тв.:

Рус. пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.

М.Л.Кінг.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РАЎ (сапр. Кострыкаў) Сяргей Міронавіч

(27.3.1886, г. Уржум, цяпер Кіраўскай вобл., Расія — 1.12.1934),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Чл. партыі бальшавікоў (з 1904), яе ЦК (з 1923) і Палітбюро ЦК (з 1930, з 1926 кандыдат), сакратар ЦК (1934). Скончыў Казанскае механіка-тэхн. вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць у 1905, 1906—08 і 1911—12 зняволены ў турмах. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе і грамадз. вайны, адзін з кіраўнікоў устанаўлення сав. улады на Паўн. Каўказе. У маі—вер. 1920 паўнамоцны прадстаўнік Сав. Расіі ў Грузіі, у кастр. 1920 кіраўнік рас. дэлегацыі на папярэдніх мірных перагаворах з Польшчай у Рызе. У 1921—25 сакратар ЦК Кампартыі Азербайджана. З 1926 першы сакратар Ленінградскага губкома (з 1927 абкома) і Паўн.-Зах. бюро ЦК ВКП (б). Загінуў у выніку тэрарыст. акта ў Смольным.

С.М.Кіраў.

т. 8, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРКО́РЫ,

шляхецкі род уласнага герба «Кіркор» у ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнік роду каралеўскі баярын Ян упамінаецца ў 1549. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду: Тадэвуш Ігнацы, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, з 1763 ротмістр мсціслаўскі, у 1768—71 змагаўся на баку Барскай канфедэрацыі; Антоні Інацэнты (7.1.1756—1847), вайск. дзеяч Рэчы Паспалітай, палкоўнік войска ВКЛ, удзельнік паўстання 1794, у 1796—97 у Італіі ваяваў на баку Напалеона, у 1812 шэф батальёна ў штабе Часовага ўрада ВКЛ; Адам Ганоры Карлавіч, гл. Кіркор А.Г.К.; Міхал (17.10.1871—25.1.1907), лекар, за антыўрадавую дзейнасць сасланы ў Перм, пасля 1899 працаваў у санаторыі ў г. Закапанэ (Польшча); Станіслаў (17.5.1898—18.1.1983), эканаміст, гісторык, з 1939 у фін. установах ўрада Польшчы ў Парыжы і Лондане; вывучаў гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі напалеонаўскай эпохі, гісторыю роду К.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,

атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).

Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1942, 1943,

баі партыз. фарміраванняў Магілёўскай вобл. з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну ў г.п. Клічаў. У ноч на 30.3.1942 партызаны атрадаў Клічаўскага (камандзір А.​С.​Юркаўцаў), В.​І.​Лівенцава, В.​П.​Свістунова панеслі ўдар па папярэдне заблакіраваным гарнізоне ворага (каля 250 гітлераўцаў). Пасля 12-гадзіннага бою партызаны вызвалілі Клічаў, чым завяршылі вызваленне ўсяго Клічаўскага р-на і стварэнне Клічаўскай партызанскай зоны. У ліп. 1942 пад націскам значных сіл праціўніка партызаны пакінулі пасёлак. Раніцай 21.4.1943 2-я і 5-я Клічаўскія партыз. брыгады і рота 1-й Клічаўскай брыгады (іх дзейнасць каардынаваў нач. штаба Магілёўскай ВАГ С.Г.Сідарэнка-Салдаценка) зноў занялі Клічаў, за выключэннем умацаваных пазіцый гарнізона. Праціўнік атрымаў падмацаванне, ням. авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку, таму партызаны адышлі. У гонар баёў у Клічаве насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)