ГЛА́ДСТАН ((Gladstone) Уільям Юарт) (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),
брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЗУП ((Gläzups) Рыхард) (н. 20.5.1920, Рыга),
латышскі дырыжор. Нар.арт. Латвіі (1976). Нар.арт.СССР (1981). Скончыў Латв. кансерваторыю па класах аргана (1945), сімф. дырыжыравання (1949), кампазіцыі (1952). У 1944—76 у Латв. т-ры оперы і балета (з 1967 гал. дырыжор). Пад яго кіраўніцтвам паст. оперы «Банюта» А.Калніньша, «Залаты конь» А.Жылінскіса, «Паданне пра нябачны горад Кіцеж і дзеву Фяўронію» М.Рымскага-Корсакава, «Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева, «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Фідэліо» Л.Бетховена, «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны, балеты «Навальніца вясной» А.Скултэ, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева і інш. Аўтар муз. твораў (кантат «Свету—мір!», 1962; тэма і варыяцыі для аргана і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
цяжкапранікальныя для вады і паветра глебы, што развіваюцца на пародах, якія маюць больш за 50% часцінак фіз. гліны (дыям. менш за 0,01 мм). Здольныя моцна набракаць пры ўвільгатненні і растрэсквацца пры высыханні. Багатыя гумусам і азотам, маюць вапну, фосфар, калій і інш. мікраэлементы. Ворныя гарызонты з трывалай дробнакамкаватай структурай, схільныя да забалочвання. На Беларусі гліністыя глебы пашыраны на азёрна-ледавіковых, радзей марэнных глінах і цяжкіх суглінках найбольш у Віцебскай (займаюць каля 76 тыс.га) і Гродзенскай (20 тыс.га) абласцях. Больш за 70% гліністых глебаў паўгідраморфныя (дзярнова-падзолістыя і дзярнова забалочаныя). Эфектыўная ўрадлівасць звязана са ступенню ўвільгатнення (бал ад 76 да 38).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́СЕР (франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр.скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАТЭХНІ́ЧНАЯ РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ,
комплекс горнатэхн. работ па аднаўленні прыроднага ландшафту, змененага ў выніку адкрытай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў; адзін з этапаў рэкультывацыі зямель. Задача горнатэхнічнай рэкультывацыі — падрыхтоўка парушаных зямель да правядзення мерапрыемстваў па аднаўленні ўрадлівасці, с.-г. і лесагаспадарчых работ, а таксама работ па асваенні вадаёмаў. Асн. аб’екты горнатэхнічнай рэкультывацыі: адвалы раскрыўных парод і выпрацаваныя плошчы кар’ераў. Горнатэхнічная рэкультывацыя ўключае: зняцце і складаванне ўрадлівага пласта глебы; распрацоўку і складанне парод раскрыўкі; наладжванне дрэнажнай сеткі для папярэджання забалочвання; буд-ва дарог на адвалах; планіроўку паверхні адвалаў; зніжэнне і сплошчанне, тэрасаванне і стабілізацыю адкосаў; меліярац. мерапрыемствы (вапнаванне, гіпсаванне); стварэнне рэчышча і берагоў вадаёмаў; накрыванне паверхні ўрадлівым слоем глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́САРТ ((Gossaert) Ян) (мянушка Мабюз; Mabuse; каля 1478—80, г. Мабёж, Францыя — паміж 1533 і 1536),
нідэрландскі жывапісец. Заснавальнік рамантызму ў нідэрл. жывапісе 16 ст. Працаваў у Антверпене, Утрэхце, Мідэлбургу і інш. гарадах. У 1508—09 наведаў Італію. Імкнуўся засвоіць дасягненні італьян. Адраджэння ў кампазіцыі, анатоміі, перспектыве. Звяртаючыся да ант. і біблейскіх сюжэтаў, часта маляваў аголеныя фігуры на фоне ант. архітэктуры ці ў прыродным асяроддзі, перададзеным з тыповай длянідэрл. мастацтва дэталізацыяй («Адам і Ева», «Нептун і Амфітрыта», 1516; «Даная», 1527). Маст. традыцыям нідэрл. школы найбліжэй партрэты Госарта (дыптых з выявай канцлера Ж.Карандэле, 1517).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́Т (Пятрусь) (сапр.Івашэвіч Іван Пятровіч; 24.1.1909, в. Зачэпічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.1.1980),
бел.паэт. Скончыў Навагрудскае пед. вучылішча (1950). Удзельнік рэв.-вызв. барацьбы ў Зах. Беларусі і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. З 1927 працаваў брукаром. У 1939—41 старшыня сельсавета, у 1945—71 настаўнік. Друкаваўся з 1933. Большасць вершаў — публіцыстычныя творы, насычаныя бытавымі рэаліямі, у якіх выкрываў палітыку сац. і нац. ўціску польскіх улад. Захапленне жыццём у пасляваен. творах. Свет роднай прыроды эмацыянальна раскрыў у зб.для дзяцей «Сцяжынка» (1978).
Літ.:
Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 66—70;
Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982. С. 248—253.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БКА,
невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Вядома здаўна, на Беларусі пашырана з 2-й пал. 16 ст. Рабілі грубкі з цэглы, абліцаванай дэкар. пліткай, гаршковай паліванай і непаліванай кафляй. Выкарыстоўвалі ў жыллі, грамадскіх будынках (корчмах, аўстэрыях, ратушах, аптэках і інш.).
У сядзібных і палацавых будынках 16 — пач. 20 існавалі па-мастацку аздобленыя грубкі (сядзібныя дамы ў вёсках Агарэвічы Ганцавіцкага, Дзераўная Стаўбцоўскага р-наў, г.п. Карэлічы, г. Шклоў, палац у Нясвіжы і інш.). У дэкоры выкарыстоўвалі паліхромную ўзорыстую кафлю (вёскі Асташын і Дзяляцічы Навагрудскага р-на), з рэльефнымі геральдычнымі выявамі (Заслаўе, Лагойск, Нясвіж, Дзяржынск), з раслінным і інш. арнаментам.
аўстрыйскі драматург, празаік, адзін з пачынальнікаў новай аўстр. л-ры. Чл.Аўстр.АН. Атрымаў юрыд. адукацыю. Першы значны твор — «трагедыя лёсу» «Прамаці» (1817). Трагедыя «Сафо» (1818) прысвечана адвечнаму і непазбежнаму антаганізму паэзіі і жыцця, немагчымасці шчасця для сапраўднага мастака. Гісторыя крушэння Напалеона адлюстравана ў трылогіі «Веліч і падзенне караля Атакара» (1825). Аўтар гіст. трылогіі «Залатое руно» (1822), трагедыі «Хвалі мора і кахання» (1831), драм. казкі «Сон — жыццё» (1834), гіст. камедыі «Гора лгуну» (1837), навел (зб. «Сандамірскі кляштар», 1828), філас. медытатыўнай лірыкі, прац па эстэтыцы, гісторыі л-ры і тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙДЭР-ЭЛЕВА́ТАР,
землярыйна-транспартная машына для зразання грунту і перамяшчэння яго ў насып (дамбу), адвал або ў трансп. сродак. Выкарыстоўваецца пры буд-ве насыпаў з бакавых рэзерваў, малых каналаў, распрацоўцы выемак, раскрыўных кар’ерных, планіровачных работах і інш. Прадукцыйнасць да 1600 м³/гадз.
Бываюць прычапныя (да гусенічнага трактара), паўпрычапныя і самаходныя; з дыскавым плугам і перпендыкулярна размешчаным (адносна падоўжнай восі машыны) нахіленым транспарцёрам (элеватарам); з плоскім (прамым) нажом і дыяганальна размешчаным транспарцёрам. Кіраванне рабочым органам — мех. або гідраўлічнае, прывод транспарцёра — ад задніх хадавых колаў, вала адбору магутнасці трактара або асобнага рухавіка.