штат на З ЗША. Пл. 253,3 тыс.км². Нас. 470 тыс.чал. (1993), гарадскога каля 80%. Адм. цэнтр — г. Шаен. Большую ч.тэр. займаюць Скалістыя горы. Найвыш. пункт — г. Ганет-Пік (4201 м). На У частка Вял. раўнін (1/4тэр. штата). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. да -12 °C у гарах, у ліп.ад 10 да 24 °C. Ападкаў за год ад 100 мм у міжгорных катлавінах да 510 мм у гарах. Рэкі адносяцца ў асноўным да сістэмы Місуры — Місісіпі, Йелаўстанскі нац. парк з ракой і воз. Йелаўстан. Горназдабыўны штат: нафта, прыродны газ, сода, каменны вугаль, золата, серабро, жал. руда, медзь, уран. Лесанарыхтоўка (хвойныя пароды). Апрацоўчая прам-сць: нафтаперагонка, нафтахімія, вытв-сць угнаенняў, шкла. У сельскай гаспадарцы 78% даходаў дае жывёлагадоўля. 38% тэр. штата займае паша. Пераважае авечкагадоўля воўнавага кірунку і гадоўля буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку; характэрны буйныя жывёлагадоўчыя гаспадаркі — ранча і фермы. Асн.с.-г. культуры: сеяныя травы (люцэрна), ячмень, пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, бульба. 2/3 апрацаваных зямель арашаецца. Штат перасякаюць чыгункі і аўтадарогі. Больш за 100 аэрапортаў і аэрадромаў. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСО́Ў ХВАРО́БЫ,
агульныя або мясцовыя парушэнні росту і развіцця валасоў, выкліканыя паталагічным уздзеяннем вонкавых ці ўнутр. фактараў. Выяўляюцца заўчасным выпадзеннем (гл.Аблысенне) або празмерным развіццём валасянога покрыва (гл.Гіпертрыхоз), зменамі структуры і ўласцівасцяў валасоў (ломкасць, сухасць, расшчапляльнасць і інш.). Узнікаюць ад парушэння абмену рэчываў, функцый нерв. і эндакрыннай сістэм, уздзеяння фіз. фактараў (мех., тэмпературных, хім.), інфекц. і грыбковых скурных хвароб (мікраспарыя, себарэя, трыхафітыя, фавус і інш.), няправільнага догляду і інш.
Да анамалій росту і развіцця валасоў адносяцца абмежаваная сіметрычная алатрыхія валасяной ч. галавы (ачагі стончаных, бясколерных, спіральна закручаных валасоў пасярод нармальных), прыроджаная алапецыя (поўная адсутнасць валасоў у дзяцінстве), урослыя, кольчатыя, перакручаныя, плоскія, раздвоеныя, пучкаватыя валасы, манілетрыкс (спадчынная дыстрафія валасоў), трыхіяз (анамалія росту вейкаў — яны загінаюцца да рагавіцы вока і траўміруюць яе) і інш. Сярод інш. валасоў хвароб нярэдкія алапецыі заўчасная, ачаговая і сімптаматычная з характэрнымі для кожнай варыянтамі выпадзення валасоў, заўчаснае пасівенне (парушаны абмен пігментаў валасоў), розныя віды трыхаклазіі (дыстрафічныя змены валасоў, якія выяўляюцца іх павышанай ломкасцю) і інш. Дыягназ валасоў хвароб ставяць на падставе клінічных прыкмет і мікраскапіі пашкоджаных валасоў. Лячэнне залежыць ад прычыны захворвання, спалучаецца з пэўнай схемай гігіенічнага догляду валасоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛА́ХІЯ (Valahia),
гістарычная вобласць у Паўд. Румыніі, паміж Карпатамі і р. Дунай; падзяляецца р. Олт на Мунтэнію і Алтэнію. У 106—271 Валахія, якую насялялі гета-дакійскія плямёны, у складзе Рымскай імперыі. У канцы 3 ст. заваявана готамі і гепідамі, у 4—6 — гунамі і аварамі, у 6 ст. — слав. плямёнамі. У канцы 8—10 ст. значная частка Валахіі ў складзе 1-га Балгарскага царства. З 14 ст.самаст.феад. дзяржава. У 15 ст. ў залежнасці ад Турцыі, з 16 ст. пад яе прыгнётам. Пры Міхаю Храбрым на непрацяглы час аб’ядналася з Малдовай і Трансільваніяй у адну дзяржаву (распалася на залежныя ад Турцыі княствы). У канцы 16 ст. ўзмацніліся паліт. сувязі з Расіяй, у канцы 17 — пач. 18 ст. ўстаноўлены дыпламат. адносіны. З 18 ст. Турцыя назначала гаспадарамі ў Валахіі пераважна грэкаў-фанарыётаў. У 1820—50 разгарнуўся нац.-вызв. рух. Валашскае паўстанне 1821 на чале з Т.Уладзімірэску паклала канец фанарыёцкаму рэжыму. Паводле Акерманскай канвенцыі 1826 Валахія атрымала самакіраванне, паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 — аўтаномію (пад пратэктаратам Расіі да 1856). У 1829—34 пад кіраўніцтвам Расіі. У 1859—61 аб’ядналася з Малдовай у адзіную дзяржаву (з 1862 Румынскае княства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЦКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага акіяна, каля ўсх. берагоў Азіі. Пл. 1603 тыс.км², найб.глыб. 3521 м. Узбярэжжа належыць Расіі і Японіі. Ад Ціхага акіяна аддзелена п-вам Камчатка, градой Курыльскіх а-воў і в-вам Хакайда; а-вамі Сахалін і Хакайда аддзелена ад Японскага м., з якім на З і ПдЗ злучана пралівамі Невяльскога і Лаперуза. Берагі пераважна скалістыя. Залівы Шэліхава, Аніва, Цярпення, Сахалінскі і інш. Самыя вял. астравы — Шантарскія. Упадаюць найб. рэкі Амур, Уда, Ахота, Гіжыга, Пенжына. Клімат мусонны, умераных шырот. Зімой пануюць моцныя халодныя вятры, якія дзьмуць з мацерыка, летам — слабыя, цёплыя, паўд.-ўсх. вятры. Т-ра вады летам 1,5—15 °C, зімой -1,8—2 °C. З кастр. да чэрв. амаль усё мора ўкрыта лёдам. Салёнасць 32,8—33,8‰. Прылівы пераважна няправільныя, сутачныя (да 12.9 м). Для Ахоцкага мора характэрна з’ява свячэння вады і лёду. Рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, мінтай, камбала, траска, навага, мойва), лоўля крабаў. Па моры праходзяць важныя марскія шляхі, якія злучаюць Уладзівасток з паўн. раёнамі Д. Усходу і Курыльскімі а-вамі. Гал. парты: на мацерыку Магадан, Ахоцк, на в-ве Сахалін Карсакаў, на Курыльскіх а-вах Паўночна-Курыльск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫ РЭЗАНА́ТАР,
сістэма люстраных адбівальных паверхняў, у якой узбуджаюцца і падтрымліваюцца стаячыя ці бягучыя электрамагнітныя хвалі аптычнага дыяпазону. У адрозненне адаб’ёмнага рэзанатара аптычны з’яўляецца адкрытым (няма бакавых сценак). Аптычны рэзанатар — адзін з важнейшых элементаў лазера. Асн. характарыстыка аптычнага рэзанатара — дыхтоўнасць (вызначае страты светлавой энергіі і характарызуе рэзанансныя ўласцівасці).
Прасцейшы аптычны рэзанатар — інтэрферометр Фабры—Перо, які складаецца з 2 плоскіх строга паралельных люстэркаў, што знаходзяцца на адлегласці L, значна большай за даўжыню хвалі λ. Калі паміж люстэркамі ўздоўж восі рэзанатара распаўсюджваецца плоская светлавая хваля, то ў выніку адбіцця ад люстэркаў і інтэрферэнцыі адбітых хваляў утвараецца стаячая хваля. Умова рэзанансу: L = q∙λ/2. дзе q — падоўжны індэкс ваганняў (колькасць паўхваляў, што ўкладаюцца ўздоўж восі аптычнага рэзанатара). У лазернай тэхніцы выкарыстоўваюцца канфакальныя рэзанатары, утвораныя сферычнымі люстэркамі, якія разнесены на адлегласць, роўную радыусу іх крывізны, а таксама кальцавыя аптычныя рэзанатары, што складаюцца з 3 і болей плоскіх або сферычных люстэркаў. У аптычным рэзанатары са сферычнымі люстэркамі ўзбуджаюцца таксама незалежныя бягучыя насустрач адна адной хвалі.
Літ.:
Ананьев Ю.А. Оптические резонаторы и проблема расходимости лазерного излучения. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ДАЎКІ,
дабраякасныя пухлінападобныя невял. нарасты на скуры, якія ўзнікаюць ад разрастання сасочкавага і рагавога яе слоя. Выклікаюцца вірусам папіломы чалавека, што перадаецца пры кантакце і праз рэчы. Скрыты перыяд 2—5 месяцаў. Бываюць звычайныя, плоскія (юнацкія), востраканцовыя, старэчыя і інш.
Звычайныя (простыя) бародаўкі — бязбольныя вузельчыкі памерам ад шпілечнай галоўкі да гарошыны, з дробнымі сасочкамі або варсінкамі. Пры зліцці ўтвараюць гузаватыя бляшкі. Найб. часта бываюць на кісцях і пальцах рук. Разнавіднасць іх — падэшвенныя бародаўкі на падэшвах ступні. Шчыльныя, арагавелыя, жоўтага колеру, дыяметрам 10—20 мм, вельмі балючыя пры націсканні і хадзе. Плоскія бародаўкі — дробныя вузельчыкі дыяметрам 0,5—3 мм, бледна-ружовага або жаўтавата-карычневага колеру, з плоскай гладкай паверхняй або з дробнымі лускавінкамі. Узнікаюць у дзіцячым і юнацкім узросце на твары, шыі, тыльнай паверхні кісці. Востраканцовыя бародаўкі — сасочкападобныя вузельчыкі ружовага колеру, якія развіваюцца на палавых органах, у пахвінных і між’ягадзічных складках. Старэчыя бародаўкі — шаравата-жоўтыя нарасты на скуры жывата, спіны, грудзей. Развіваюцца ў пажылых людзей. Лячэнне: пры звычайных і юнацкіх выкарыстоўваюць псіхатэрапію, пры звычайных, старэчых і плоскіх — прыпальванне, дыятэрмакаагуляцыю, аўтагематэрапію, крыятэрапію; падэшвенныя бародаўкі ліквідуюць увядзеннем пад аснову раствору навакаіну, востраканцовыя — хірургічна.
адміністрацыйна незалежная адінш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій адРус.правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял.Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.С.Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролю Беларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт.Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬ,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл.Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.
На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РЫЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Віша. Цэнтр пасялковага Савета і саўгаса «Азарычы». За 42 км на Пнад Калінкавіч, 22 кмадчыг. ст. Халоднікі на лініі Жлобін — Калінкавічы, на аўтадарозе Калінкавічы — Бабруйск. 1,7 тыс.ж. (1995).
У сярэдзіне 16 ст. вёска ў Мазырскім пав.ВКЛ. З 1786 у Азарычах праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1793 у складзе Рас. імперыі. З канца 19 ст. мястэчка, цэнтр Бабруйскага пав: У 1878 — 900 ж. У 1924—31 цэнтр сельсавета і раёна, у 1931—35 цэнтр сельсавета Мазырскага р-на, у 1935—60 — Даманавіцкага р-на і Азарыцкага сельсавета. З 1938 вёска. У Вял.Айч. вайну ў сак. 1944 ням.-фаш. захопнікі стварылі паблізу Азарыч Азарыцкі лагеры смерці. З 1959 гар. пасёлак. З 1960 у Калінкавіцкім р-не.
Сепаратарнае аддз. Мазырскага малочнага з-да, участкі Калінкавіцкага лясгаса і лясніцтва, хлебапякарня, геафіз. экспедыцыя. Сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, дзіцячы сад-яслі, аддз. сувязі, кафэ. Брацкая магіла і брацкія могілкі сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́РД (адітальян. сугучнасць),
спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні, якія ўспрымаюцца як гукавое адзінства. Асн. элемент гармоніі. Заканамернасць будовы акорда — тэрцавасць складу (гукі размешчаны або шляхам перастановак могуць быць размешчаны па тэрцыях; гл. таксама Абарачэнне). Ніжні гук акорда наз. асноўным тонам. Адрозніваюць 2 класы акорда: тэрцавыя (трохгуччы, септакорды, акорды з секстай, нон-акорды, ундэцым- і тэрцдэцымакорды) і нятэрцавыя монаакорды і поліакорды (акорды складанай структуры, частка якіх, узятая асобна, можа разглядацца як акорд). Выразнасць акорда абумоўлена яго функцыяй, звязанай са становішчам акорда ў ладзе, і фанізмам — характарам гучання, які залежыць ад інтэрвальнага складу, размяшчэння, рэгістра, муз. кантэксту. Найб. пашыраны акорд тэрцавай будовы, ускладненыя храматычнай зменай гукаў — альтэрацыяй; некат. пашырэнне атрымалі акорды квартавай будовы.
Перадформа акорда — двухгучча ў раннім шматгалоссі. Гістарычна першая канцэпцыя акорда — у поліфанічнай музыцы канца 12 ст. Тэрмін «акорд» узнік у 14 ст. У практыцы генерал-баса (17 — 1-я пал. 18 ст.) замацавалася аперыраванне акордамі-комплексамі, якія трактаваліся як кансанантныя і дысанантныя сугуччы. У 18—19 ст. катэгорыя акорда супрацьпастаўляецца сугуччу з неакордавымі гукамі. У 20 ст. рэзка ўзмацнілася санорная трактоўка акорда. (гл.Санорыка), фактар гучнасці.
Літ.:
Гуляницкая Н. Введение в современную гармонию. М., 1984.