дзейнасць па перадачы новым пакаленням грамадска-гіст. вопыту; фарміраванне пэўных установак, паняццяў, прынцыпаў, каштоўнасных арыентацый, стварэнне неабходных умоў для паўнацэннага развіцця асобы, падрыхтоўкі яе да грамадскага жыцця і прадукцыйнай працы. Арганізацыя выхавання накіроўвае развіццё суб’ектыўнага свету чалавека, садзейнічае свядомаму прыняццю ім грамадскіх каштоўнасцей, дазваляе арыентаваць пед. практыку на фарміраванне ў выхаванцаў самастойнасці, адказнасці, прынцыповасці, пачуцця ўласнай годнасці, творчай актыўнасці, крытычнага мыслення. Пры гэтым важна адзінства грамадскага і сямейнага выхавання, што дазваляе карэкціраваць адхіленні ў развіцці і паводзінах асобы (гл. таксама Дашкольнае выхаванне).
Літ.:
Харламов И.Ф. Теория нравственного воспитания. Мн., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 27.1.1940, Мінск — 18.1.1996),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Настаўнічаў на Лагойшчыне, у 1967—70 працаваў у выд-ве «Беларусь», час. «Нёман», у 1970—75 на Бел. радыё. Друкаваўся з 1959. Пісаў пра жыццё вясковай інтэлігенцыі, пошукі моладдзю свайго жыццёвага шляху (зб. апавяданняў «Вокны ўначы», 1969, «Крыніца, светлая вадзіца», 1979, «У полі, за сялом...», 1981; аповесць «На павароце», 1971). Апавяданні пераважна лірычныя, у іх паэтызуецца свет прыроды, душэўны стан герояў, іх перажыванні. Аўтар зб. нарысаў «Людзі вясны» (1982), твораў для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЕ ПРАФЕСІ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА (ВПВ). Засн. паводле пастановы СМ Беларусі ад 1.3.1989 «Аб эксперыменце па бесперапыннай падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых і тэхнікаў». Прымаюць асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Вядуць падрыхтоўку рабочых кадраў па 60 прафесіях (1-я ступень падрыхтоўкі, тэрмін навучання 2—3 гады) і спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй па 18 спецыяльнасцях (2-я ступень, 3 гады і 10 месяцаў) для машына- і прыладабудавання, чыг. транспарту, буд-ва, сельскай гаспадаркі і інш. Першае ВПВ створана ў 1989 у Мінску на базе сярэдняга прафес.-тэхн. вучылішча № 15. У 1996/97 навуч.г. на Беларусі 22 ВПВ і 1 вышэйшае тэхн. вучылішча машынабудаўнікоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЛІ́КАЕ ЗЯРЦА́ЛА»,
сярэдневяковы зборнік дыдактычна-маралізатарскіх царкоўна-рэліг. легенд, свецкіх апавяданняў і нар. анекдотаў; помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. «Вялікае зярцала» перакладзена з польск. тэксту, які ўзыходзіць да лац. арыгінала, выдадзенага ў Галандыі ў 1481. Длябел. перакладу адабрана 60 навел. Некаторыя з іх пазначаны дэмакратызмам і гуманіст. тэндэнцыямі: асуджаюць жорсткасць багацеяў, разбэшчанасць духавенства. З гумарам паказаны адмоўныя рысы чалавечага характару і паводзін. Спалучэнне напружанасці і драматызму дзеяння, жыццёвасці многіх сітуацый з царк.-рэліг. фантастыкай надавала творам зборніка займальнасць і садзейнічала яго папулярнасці.
Літ.:
Державина О.А. «Великое зерцало» и его судьба на русской почве. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Нача (бас. Дняпра). Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на ПдУ ад г. Барысаў, 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Прыяміна. 1922 ж., 928 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.
Каля вёскі выяўлены селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 10—11 ст. Сярод знаходак на селішчы ляпная і ганчарная кераміка, крамянёвыя загатоўкі для стралы, жал. нож. У кургане з трупапалажэннем знойдзены шкляныя залачоныя і бронзавыя пацеркі, медны бранзалет, жал. нож, у курганах з трупаспаленнем — жал. спражка і фрагмент бронзавага ўпрыгожання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСНЯ́НКІ (Plecoptera),
атрад прымітыўных насякомых. Вядомы з пермскай эпохі. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. Жывуць каля праточных вадаёмаў. У Віцебскай вобл. Зарэгістраваны 6 відаў, найчасцей трапляецца вяснянка шэрая (Nemura cinerea).
Цела даўж. да 30 мм, падоўжанае, мяккае, на заднім канцы 2 хваставыя ніткі. Галава з доўгімі вусікамі. У самак 2 пары празрыстых крылаў, пярэднія вузкія, заднія шырокія, у спакоі складваюцца веерападобна; у самцоў пакарочаныя або адсутнічаюць. Ротавы апарат грызучы, у дарослых рэдукаваны. Лятаюць ранняй вясной (адсюль назва). Ператварэнне няпоўнае. Лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады, драпежныя. Дарослыя вяснянкі і іх лічынкі — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ГРА,
горад у Абхазіі, Рэспубліка Грузія; порт на Чорным м.Чыг. станцыя. Харч.прам-сць. Рэшткі крапасных сцен, трохцаркоўная базіліка 6—7 ст. адноўлены ў 19 ст. Прыморскі клімата- і бальнеалагічны курорт. Развіваецца з 1903; набыў вядомасць як «руская Рыўера». Найб. інтэнсіўна пачаў забудоўвацца пасля Вял.Айч. вайны. Самы цёплы курорт Усх. Еўропы са спрыяльнымі ўмовамі для лячэння сардэчна-сасудзістых, нерв. і лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання) хвароб. Кліматалячэнне (аэрагелія- і таласатэрапія), гразевае (на базе радовішчаў мясц. сапрапелевых і тарфяных гразей) і бальнеалагічнае (крыніцы тэрмальных мінер. вод, штучныя радонавыя і вуглякіслыя ванны) лячэнне спадарожных захворванняў органаў апоры і руху, скуры, гінекалагічнай сферы. Дзесяткі санаторыяў і пансіянатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ЗВА́РКА,
спосаб злучэння металаў у асяроддзі ахоўных газаў; від дугавой зваркі. Газы падаюцца гарэлкай зварачнай або напаўняюць камеру з вырабамі. Яны засцерагаюць метал ад шкоднага ўплыву атм. паветра, паляпшаюць якасць зварнога шва, павышаюць устойлівасць гарэння дугі. Газаэлектрычная зварка бывае ручная, паўаўтаматычная і аўтаматычная. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей малой і сярэдняй таўшчыні.
Газаэлектрычная зварка ў вуглякіслым газе (найб. пашырана) зварваюць сталь розных марак, у інертных газах — большасць каляровых металаў і нержавейных сталей. З інертных газаў найчасцей выкарыстоўваюць аргон (аргонадугавая зварка), радзей — гелій. Зварка робіцца электродамі, якія плавяцца (напр., стальныя, алюмініевыя) або не плавяцца (вальфрамавыя, вугальныя і інш.). Разнавіднасць газаэлектрычнай зваркі — плазмавая зварка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУ́ЧЫК (Сяргей Міронавіч) (20.1.1915, г. Брэст — студзень 1984),
бел. мовазнавец-германіст. Д-рфілал.н. (1973), праф. (1978). Скончыў Вышэйшае камерцыйнае вучылішча ў Кракаве (1936), дзярж.пед. курсы для выкладчыкаў ням. мовы ў Варшаве (1937) і Мінскі пед.ін-т замежных моў (1963). Настаўнічаў, выкладаў у Гродзенскім (1946—55) і Мінскім (1962—83) пед. ін-тах замежных моў. Даследаваў праблемы тэорыі ням. мовы (пераважна фонастылістыкі), распрацоўваў методыку выкладання замежных моў. Аўтар прац: «Прасадычная сістэма сучаснай нямецкай мовы» (1972), «Тэарэтычная фанетыка нямецкай мовы» (1972). Сааўтар «Практычнай фанетыкі нямецкай мовы» (ч. І, 1984). Пад яго навук. кіраўніцтвам падрыхтавана цэлае пакаленне бел. вучоных-германістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГА́ЙДЭНС»
(англ. guidance ад guide весці, кіраваць, накіроўваць),
псіхолага-педагагічная кансультатыўная служба ў сістэме адукацыі ЗША. У шырокім сэнсе «Гайдэнс» — дапамога ў любой складанай сітуацыі, калі асоба стаіць перад неабходнасцю выбару, прыняцця рашэння або адаптацыі да новых умоў. У вузкім сэнсе — дапамога асобе ў самапазнанні, пазнанні навакольнага асяроддзя з мэтай выкарыстання ведаў для паспяховай вучобы, выбару прафесіі і развіцця сваіх здольнасцей. Узнікла ў канцы 19 ст. Пашырылася ў канцы 1910-х г. На працягу дзейнасці канцэпцыі «Гайдэнса» мяняліся. Сучасныя канцэпцыі накіраваны на выхаванне асобы, здольнай паспяхова выконваць сац. ролі работніка, грамадзяніна, сем’яніна, спажыўца, на фарміраванне ўмення вырашаць праблемы, кіраваць групай і творча падыходзіць да любой дзейнасці.