наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) у Вял.Айч. вайну ў раёне г. Гарадок Віцебскай вобл. 13—31.12.1943. Мэта аперацыі — разграміць гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідаваць т.зв. Гарадоцкі выступ, авалодаць Гарадком і наступаць у напрамку Віцебска. Удзельнічалі 11-я гв. (ген.-лейт. К.М.Галіцкі), часці 4-й ударнай, 43-й, 3-й паветр. армій, 1-ы і 5-ы танк., 3-і гв.кав. карпусы. Ім процістаялі ням.-фаш. войскі 3-й танк. арміі, 5 пях. і 1 танк. дывізіі групы армій «Цэнтр» і паўд. крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач», 2 пях. дывізіі, перакінутыя з-пад Ленінграда. У ходзе аперацыі да 20 снеж. вызвалена больш за 500 нас. пунктаў, 24 снеж. вызвалены Гарадок. У выніку Гарадоцкай аперацыі сав. войскі прасунуліся на 60 км, стварылі ўмовы для наступлення ў раёне Віцебска. 12 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКІ РАЁННЫ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1976 у г. Гарадок Віцебскай вобл.Пл. экспазіцыі 404 м², 26 тыс. экспанатаў асн. фонду (1991). Сярод экспанатаў рэчы з археал. даследаванняў на тэр. Гарадоцкага р-на (косці маманта, крамянёвыя прылады працы, вырабы з жалеза, керамічны посуд і цацкі, нумізматычная калекцыя). Ёсць матэрыялы пра стараж. Гарадок, у т. л.Гарадоцкі замак, пра падзеі рэв. руху, грамадз. вайны, аднаўленне нар. гаспадаркі. Значную колькасць складаюць экспанаты перыяду Вял.Айч. вайны: пра абарончыя баі, узнікненне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў раёне, злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў ходзе Гарадоцкай аперацыі 1943, матэрыялы пра землякоў Герояў Сав. Саюза М.І.Аверчанку, М.А.Ананьева, Р.Б.Багданава, І.Р.Бумагіна, М.І.Гапяёнка, А.Я.Казлова, П.М.Каралёва, І.А.Круміня, Ц.Ц.Рамашкіна, А.П.Сабалеўскага, пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій, удзельнікаў вайны ў Афганістане і інш. Экспануюцца этнагр. матэрыялы 19 — пач. 20 ст., дэкар.-прыкладнога мастацтва (кераміка, вырабы ткацтва, з саломкі, лазы, вышыванкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́ТАЎ (Аляксандр Васілевіч) (21.3.1891, в. Пахоціна Іванаўскай вобл., Расія — 7.12.1973),
Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1955). У арміі з 1912, у Чырв. Арміі з 1919. Скончыў кав. камандныя курсы (1926), курсы ўдасканалення вышэйшага каманднага саставу (1930). У 1933—37 камандзір кав. дывізіі. У 1937 арыштаваны органамі НКУССССР, у 1941 вызвалены. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўд.-Зах., Данскім, Сталінградскім, Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах: нам. камандзіра корпуса, камандзір дывізіі, корпуса, нам. камандуючага арміяй. 3-я армія пад камандаваннем Гарбатава ўдзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943, Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944, Беларускай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, вызваленні Касцюковічаў, Прапойска (Слаўгарада), Рагачова, Мінска, у фарсіраванні Сажа, Дняпра, Бярэзіны. Удзельнік вызвалення Польшчы, Усх.-Прускай і Берлінскай аперацый. З 1946 на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—62.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК (Леў Давыдавіч) (16.2.1929, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.4.1996),
бел. скрыпач, педагог. Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952, класы А.Амітона, А.Бяссмертнага). З 1945 артыст Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі, з 1956 канцэртмайстар аркестра Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1952 выкладаў у спец.муз. школе пры кансерваторыі, у 1960—77 у Мінскім муз. вучылішчы, з 1981 у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі; з 1993 дацэнт). Музыкант яркай індывідуальнасці, вял.тэхн. магчымасцей, здольны да тонкага пранікнення ў стыль і характар музыкі. Выступаў у канцэртах як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца большасці твораў бел. скрыпічнай музыкі, у т. л. фантазій для скрыпкі з аркестрам М.Аладава, Г.Вагнера, канцэртаў П.Падкавырава, Р.Суруса, Г.Гарэлавай, канцэрціна Дз.Смольскага, санат А.Багатырова, Падкавырава, Л.Абеліёвіча, Э.Тырманд, прысвечанай яму «Паэмы» для скрыпкі і фп. Вагнера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІСНА́,
рака ў Віцебскай вобл. і Літве, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 178 км, у межах Беларусі каля 149 км. Пл. вадазбору 8180 км², у межах Беларусі каля 7730 км². Выцякае з воз. Дзіснай (Літва), цячэ па тэр. Браслаўскага (на мяжы з Літвой), Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Міёрскага р-наў па Дзісенскай нізіне — зах.ч. Полацкай нізіны. У верхнім цячэнні называецца Дзісенка. Асн. прытокі: Бірвета, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа), Дрысвята, Янка, Маціца (злева).
Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі да 1,5 км. Рэчышча звілістае, на працягу 7,7 км каналізаванае, шыр. ад 20—30 м да 100 м у нізоўях. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу стромкія, выш. 2—7 м, у месцах выхаду грунтавых вод забалочаныя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 52,4 м³/с. Рака замярзае ў 2-й дэкадзе снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе сакавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЯ́ЦІЧЫ вёска ў Любчанскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 30 км на ПнУ ад Навагрудка, 180 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 335 ж., 191 двор (1997).
Вядомы з 2-й пал. 14 ст. як велікакняжацкі двор. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 17—1-й пал. 19 ст. ўласнасць Радзівілаў. У 1652 у Дз. 101 двор, царква, рынак. З 1795 у Рас імперыі, у Навагрудскім пав. У 1897—1509 ж., 229 двароў, 2 школы, 2 царквы, 2 млыны, карчма, крама. У 1921—39 у Польшчы, у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР. У 1940—56 у Любчанскім р-не. З 1956 у Навагрудскім р-не. У 1971—895 ж, 360 двароў. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква (19 ст.) і жылы дом (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІРД (Анёл) (2.12.1776, маёнтак Юркаўшчына, Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 26.4.1835),
бел. філосаф, логік, псіхолаг. Скончыў Віленскую акадэмію. Выкладаў у піярскіх школах. У 1818—32 праф. Віленскага ун-та. Лічыў, што сусвет, аднойчы створаны Богам, надалей падпарадкоўваецца натуральным законам. Прадметы і іх уласцівасці існуюць незалежна ад нашай свядомасці. Крытыкаваў філасофію І.Канта, фармалізм і схематызм яго логікі і трансцэндэнтальнай эстэтыкі. Псіхал. і пед. погляды Д. абапіраліся на даследаванні здольнасцей чалавека, а яго эстэт. канцэпцыя своеасабліва спалучала класіцызм і рамантызм. Паэзію лічыў гал. жанрам мастацтва, пісаў вершы. Падрыхтаваў 3 тамы твораў па логіцы (т. 1, Полацк, 1828), манаграфію «Аб логіцы, метафізіцы і маральнай філасофіі» (Вільня, 1821). Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі «Аб цудзе» і інш.
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАНЕ́НКА (Мікалай Аляксеевіч) (н. 3.8.1946, в. Маргойцы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). У 1979—82 гал. мастак Віцебскіх маст.-вытв. майстэрняў. Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі, алейнага жывапісу. Пранікнёна перадае прыгажосць роднага краю ў карцінах «Над Дзвіной» (1980), «Касцёл у Камаях» (1981), «Адвечнае» (1986), «Камянецкі пейзаж» (1990), «Назіральная вежа» (1991), «Буслы» (1996). Сярод твораў: нацюрморты «Бярозавы сок» (1979), «Жоўтыя кветкі» (1984), «Вяргіні» (1986), тэматычная кампазіцыя «Брат вярнуўся» (1984), партрэты хірурга-траўматолага Ліцкалава (1978), Ф.Малахава (1981), механізатара М.Парэпкі (1981) і інш. Аўтар маст. вырашэння больш як 30 каталогаў, буклетаў пра віцебскіх мастакоў, серыі экслібрысаў. Маст. мова адметная лёгкімі лінейнымі рытмамі, дынамічнай пластыкай і экспрэсіяй колеру.
Літ.:
Цыбульскі М. Свавольны дух акварэлі // Беларусь. 1996. № 9;
Мікалай Драненка: Кат. / Скл. М.Цыбульскі. Віцебск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ БАІ́ 1943,
баі партызан па разгроме буйнога ням.-фаш. гарнізона ў Давыд-Гарадку Столінскага р-на Брэсцкай вобл. ў ліп. і кастр. 1943 у Вял.Айч. вайну. У першым баі ўдзельнічалі 5 груп (400 чал.) з партызан атрада «Савецкая Беларусь» (камандзір П.П.Тамілаў) Пінскай і злучэння А.М.Сабурава Жытомірскай абл. Дзве групы блакіравалі шляхі падыходу падмацаванняў праціўніка да горада, 3 групы ў ноч на 25 ліп. ўварваліся ў Давыд-Гарадок і поўнасцю авалодалі ім, знішчылі будынкі з установамі і прадпрыемствамі акупантаў, склады, спалілі мост цераз р. Гарынь, ням. маёнтак, умацаванні, захапілі зброю, свойскую жывёлу, што была ў маёнтку, і пакінулі горад. Пры 2-м налёце партызан у ноч на 14 кастр. праціўнік без бою пакінуў умацаваныя пазіцыі. Партызаны знішчылі ўсе будынкі і прадпрыемствы акупантаў, узарвалі масты цераз р. Гарынь, катэр, захапілі склады з харчаваннем і амуніцыяй і без страт адышлі.