ДАБРАБЫ́Т,

забеспячэнне насельніцтва матэрыяльнымі і духоўнымі дабротамі, г. зн. прадметамі, паслугамі і ўмовамі, якія задавальняюць пэўныя чалавечыя патрэбнасці. Залежыць ад узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару пануючых у грамадстве вытв. адносін. Дабрабыт выяўляецца сістэмай паказчыкаў, што характарызуюць узровень жыцця.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАМО́ЖНЫЯ МО́ВЫ,

штучныя знакавыя сістэмы, якія спецыяльна ствараюцца для камунікацыі ва ўмовах, калі сродкаў натуральных моў недастаткова ці карыстацца імі цяжка або немагчыма. Д.м. падзяляюцца на 2 асн. класы: міжнар. мовы-пасрэдніцы, або штучныя мовы, і інфармацыйныя мовы.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФАМА́ЦЫЯ (ад лац. diffamatio ганьбаванне),

выказванне ў сродках масавай інфармацыі сапраўдных або лжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць грамадзяніна або арганізацыі, установы. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае судовую абарону гонару і годнасці права зняважаных на матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТРЫТАФА́ГІ [ад дэтрыт + ...фаг(і)],

дэтрытаедныя жывёлы, водныя жывёлы, якія кормяцца дэтрытам. У ліку Д. чэрві (паліхеты), эхіўрыды, двухстворкавыя малюскі, калаўроткі, планктонныя ракападобныя і інш. Д. адфільтроўваюць часцінкі дэтрыту з дапамогай спец. органаў або жывяцца імі непасрэдна. Удзельнічаюць у працэсах ачышчэння вады.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА СУСА́ЛЬНАЕ, сусаль,

вельмі тонкія (звычайна долі мікраметра) плёнкі золата. Вырабляюць каваннем з золата ці яго сплаваў. Выкарыстоўваюць для дэкар. аздаблення вырабаў. З.с. наз. часам плёнкі з металаў, сплаваў (напр., медных) ці хім. злучэнняў (дысульфід волава), якія імітуюць золата.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕНЦЫ́ЙНЫЯ ТАРЫ́ФЫ,

стаўкі мытных пошлін, якія ўстанаўліваюцца гандл. дагаворамі або пагадненнямі паміж дзяржавамі для асобных тавараў, што ўвозяцца з адной з дагаворных дзяржаў у другую. Стаўкі К.т. ніжэйшыя за стаўкі аўтаномнага тарыфу, які ўстанаўлівае аднабаковым актам адпаведная дзяржава.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУХМАЛАНО́СНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія назапашваюць у тканках крухмал і выкарыстоўваюцца для яго атрымання. Гал. К.к. — бульба, кукуруза. Вырошчваюць таксама батат, маніёк ядомы (у клубнях 20—40% крухмалу), сагавую пальму (з аднаго ствала атрымліваюць 110—160 кг крухмалу) і інш.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЧНІКІ,

у ВКЛ у 15—17 ст. назва людзей, якія бралі ў арэнду ворную зямлю і інш. ўгоддзі за пэўную плату — куніцу. К. выступалі сяляне, мяшчане, баяры, зямяне, татары і інш. Найб. К. было ў Жамойці.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДЗЯНЫ́Я ВО́БЛАКІ, крышталічныя воблакі,

усе воблакі верхняга яруса (перыстыя, перыста-слаістыя, перыста-кучавыя, а таксама вяршыні кучава-дажджавых), якія складаюцца з дробных ледзяных крышталёў. Пры пераламленні святла ў тонкіх слаях такіх воблакаў могуць узнікаць аптычныя з’явы тыпу гало.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙШМАНІЁЗЫ,

група інфекцыйных захворванняў скуры, якія выклікаюць жгуцікавыя прасцейшыя з роду лейшманій. Крыніца інфекцыі — грызуны і хворыя людзі; пераносчыкі — маскіты. Адрозніваюць 2 клінічныя формы — гарадскую і сельскую. Вылучаюць стадыі бугарка, язвы і рубцавання. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Н.​З.​Ягоўдзік.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)