МАНА́ГУА (Managua),

возера ў Цэнтр. Амерыцы, на тэр. Нікарагуа. Пл. 1489 км². Глыб. да 80 м. Размешчана ў катлавіне тэктанічнага паходжання. Мае перыядычны сток на ПдУ, у воз. Нікарагуа, з якім у мінулым, магчыма, мела адзіны басейн. Азёры падзяліліся ў выніку вулканічнай дзейнасці, перыядычна (у час дажджоў) злучаюцца праз р. Тыпітапа. Суднаходства. На паўд.-ўсх. беразе г. Манагуа — сталіца Нікарагуа, на паўн.-зах. — вулкан Маматомба.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́Т, Мануту (араб. лёс, смяротны лёс),

у старажытнаарабскай міфалогіі багіня лёсу і помсты, валадарка падземнага царства і захавальніца магільнага спакою, якая шанавалася пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Аравіі. У арабаў Сірыйскай пустыні і Цэнтр. Аравіі лічылася дачкой Алаха — вярх. бога дамусульм. араб. вераванняў. У Набатэйскай дзяржаве (цяпер тэр. Іарданіі) і Пальміры (Сірыя) атаясамлівалася з грэч. багіняй Немесідай. Была апякункай г. Медына, дзе знаходзілася яе свяцілішча.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НЕЦ,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 42 км на ПдУ ад г. Докшыцы, на тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка, сярод забалочанага лесу. Пл. 1,44 км², даўж. больш за 2,7 км, найб. шыр. 750 м, даўж. берагавой лініі 6,1 км. Пл. вадазбору 188 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦЫКЕ́РТ, Маназкерт,

крэпасць у М. Азіі на ўсх. ускраіне Візантыі (каля воз. Ван, цяпер тэр. Турцыі), каля сцен якой 19.8.1071 адбылася бітва паміж войскамі візант. імператара Рамана IV Дыягена і сельджукскага султана Алп-Арслана. У выніку здрады варожай імператару клікі Дукаў візант. войска было разбіта, Раман IV трапіў у палон (адпушчаны за абавязацельства штогод выплачваць даніну). Бітва пры М. паскорыла заваяванне сельджукамі візант. уладанняў у М. Азіі.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВІ́ЛКА (Аляксандр Канстанцінавіч) (3.2.1867, Мінская вобл. — 12.7. 1938),

расійскі і бел. вучоны ў галіне заалогіі. Д-р біял. н. (1934). Скончыў Варшаўскі ун-т (1893). Даследаваў паразітаў зубра і інш. млекакормячых у Белавежскай пушчы. Працаваў у Заалагічным ін-це АН СССР (Ленінград). Навук. працы па марфалогіі, анатоміі, сістэматыцы і фауністыцы тлей. Даў гістарычны агляд фауны тлей на тэр. СССР.

Літ.:

Биологи: Биогр. справ. Киев, 1984.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1831—34 з цэнтрам ў Мінску. У сувязі з паўстаннем 1830—31 у Польшчы Мінская губерня паводле ўказа Сената ад 8.1.1831 была далучана да Беларускага генерал-губернатарства. Пасля таго, як паўстанне пашырылася на Беларусь і Літву (сак.крас. 1831), Мінская губ. паводле ўказа Сената ад 8.4.1831 вылучана ў самаст. генерал-губернатарства; у 1834 М.г.-г. скасавана.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГРАС (Negros),

востраў у цэнтр. ч. Філіпінскага архіпелага (тэр. Філіпін). Пл. 12,7 тыс. км². Нас. каля 3,2 млн. чал. (1995). Рэльеф пераважна гарысты, выш. да 2460 м (вулкан Канлаон). На З і ПнЗ — урадлівыя раўніны, складзеныя пераважна з вулканічных глебаў.

Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Вечназялёныя трапічныя лясы, участкі саваннаў. Вырошчванне цукр. трыснягу (асн. с.-г. культура), рысу, кукурузы. Радовішчы медных руд. На Н. — гарады Баколад, Думагетэ, Сан-Карлас.

т. 11, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ІРЛА́НДЫЯ (New Ireland),

вулканічны востраў у Ціхім ак., у Бісмарка архіпелагу. Тэр. Папуа—Новая Гвінея. 8,6 тыс. км². Нас. (з прылеглымі астравамі) 87 тыс. чал. (1990). Горныя масівы выш. да 2150 м акаймаваныя берагавымі нізінамі. Клімат гарачы, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры 25—28 °C. Ападкаў больш за 2000 мм за год. Вільготныя экватарыяльныя лясы. Асн. культура — какосавая пальма. Гал. горад і порт — Кавіенг.

т. 11, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯНЬЦЗЮ́НЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ, Няньданскае паўстанне,

паўстанне ў Кітаі ў 1852—68 супраць маньчжурскай дынастыі Цын. Арганізавана членамі тайных т-ваў «нянь» (кіт. жгут з прамасленай паперы, таксама саюз, таварыства). Пачалося ў ліст. 1852 на Пн прав. Аньхой пад кіраўніцтвам Чжан Ласіна. У 1855—56 партыз. атрады паўстанцаў дзейнічалі на тэр. правінцый Аньхой, Цзянсу і Хэнань, з 1857 сумесна з тайпінамі (гл. Тайпінскае паўстанне). Канчаткова задушана ў жн. 1868.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з выкарыстаннем паветр. прасторы і дзейнасцю авіяцыі на тэр. краіны. Уключае нормы нац. (унутрыдзяржаўнага) і міжнар. права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне П.п. заснавана на Канстытуцыі, Паветраным кодэксе Рэспублікі Беларусь ад 11.1.1999, інш. законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта, правілах выкарыстання паветр. прасторы, авіяц. правілах і інш. нарматыўна-прававых актах і міжнар. дагаворах.

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)