спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст.Найб. росквіту дасягнула ў 16—17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу Н. ў 19 ст. былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобл.), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобл.), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабр. вытв-сцю набіваных тканін. Да сярэдзіны 20 ст. Н. выраблялі асобныя майстры.
Н. рабілі двума спосабамі: дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка); на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.). Звычайна Н. рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы. У 19 ст. быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне. Пры вырабе рознакаляровых Н. для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з метал. (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак. У зах. раёнах Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. для Н. выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геам. узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і інш.), выразаныя з бульбы або рэпы. Рысунак бел. Н. лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найб. пашыраны геам. (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны расл. арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантаст.птушак). Бел. Н. характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невял. колькасці дэкар. элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна бел. Н. звязана з інш. відамі нар. мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЯ МУ́ЗЫКА,
род інструментальнай музыкі, якая ўвасабляе пэўную, абвешчаную кампазітарам тэму (сюжэт). Праграма выкладаецца ў выглядзе загалоўка твора ці яго частак, эпіграфа або ў разгорнутай літ. форме. Асн. віды праграмнасці: карцінная (развіццё аднаго ці некалькіх муз. вобразаў без істотных змен на працягу ўсяго ўспрыняцця) і сюжэтная, якая ўключае абагульнена-сюжэтную (у музыцы адлюстраваны асноўныя сюжэтныя вузлы літ. першакрыніцы) і паслядоўна-сюжэтную (музыка ідзе за ўсімі перыпетыямі сюжэта). Сродкамі вобразнай канкрэтызацыі музыкі выступаюць прыёмы гукапісу, муз. жанр, стыль, тып муз. драматургіі, характэрныя нац. рысы муз. мовы. Будову твораў вызначаюць агульныя прынцыпы муз. формаўтварэння (монатэматызм, варыяцыйнасць, свабодна трактаваная санатная форма).
Вядома са старажытнасці. Сярод твораў эпохі барока канцэрты «Поры года» А.Вівальдзі, «Капрычыо на ад’езд любага брата» І.С.Баха, у творчасці венскіх класікаў «Развітальная сімфонія» І.Гайдна, «Пастаральная», уверцюры «Эгмант» і «Карыялан» Л.Бетховена. Росквіту дасягнула ў эпоху рамантызму, калі склаліся многія яе жанры, якія атрымалі развіццё ў 20 ст. Сярод твораў: «Фантастычная сімфонія» Г.Берліёза, сімфоніі «Манфрэд» П.Чайкоўскага, «1905 год» Дз.Шастаковіча, сімф. паэмы «Прэлюды» Ф.Ліста, «Тыль Уленшпігель» Р.Штрауса, «Паэма экстазу» А.Скрабіна, «Пасіфік-231» А.Анегера, сімф. карціны «Ноч на Лысай гары» М.Мусаргскага і «Кікімара» А.Лядава, фп. «Эцюды-карціны» С.Рахманінава, сімф. сюіты «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава і «Скіфская сюіта» С.Пракоф’ева, сімф. цыклы «Накцюрны» і «Мора» К.Дэбюсі, цыклы фп. мініяцюр «Карнавал» Р.Шумана і «Каталог птушак» А.Месіяна.
У бел. музыцы ўвасоблены ўсе жанры і тыпы П.м. Трывалы кірунак яе развіцця — фальклорная лінія, дзе муз. праграма канкрэтызуецца праз змест тэкстаў бел.нар. песень, на напевах якіх грунтуецца інстр. тэматызм твору («Беларускае вяселле» А.Абрамовіча, «Родныя напевы» П.Падкавырава, «Забавы» В.Войціка, «Батлейка» В.Помазава). Поруч з карцінамі прыроды і нар. побыту асновай праграмы выступаюць рэальныя падзеі гісторыі і сучаснасці («У суровыя дні» М.Аладава, «Вечна жывыя» Г.Вагнера, «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Мемарыял» У.Дарохіна, дзе ў розных жанрава-стылявых ракурсах адлюстравана тэма Вял.Айч. вайны). Невычарпальная крыніца П.м. — тэмы, сюжэты і вобразы літаратуры і выяўл. мастацтва («Альпійская сімфонія-балада» Я.Глебава паводле В.Быкава, 8-я сімфонія Дз.Смольскага з вершамі І.Бродскага, «Капрычас» С.Картэса, «Снетагорскія фрэскі» Г.Гарэлавай). У паэтыцы бел. П.м. канца 20 ст. ўзмацнілася роля сімвала, метафары, асацыятыўнага мыслення («Цэзій-137» В.Кузняцова, «Вір» А.Літвіноўскага, «Святло на шляху» Я.Паплаўскага).
Літ.:
Хохлов Ю.Н. О музыкальной программности. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,
працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДА́Н (ад араб. Білад ас-судан — краіна чорных),
прыродная вобласць у Афрыцы ад паўд. межаў Сахары да прыэкватарыяльных раёнаў (4—8°паўн. ш.) і ад Атлантычнага ак. да Эфіопскага нагор’я. Працягласць з Пн на Пд больш за 1 тыс.км, з З на У каля 5,5 тыс.км; пл. каля 5 млн.км².
Размешчана ў межах Афрыканскай платформы. Яе сінеклізам адпавядаюць упадзіны сярэдняга цячэння рэк Нігер, Белы Ніл, катлавіна воз. Чад, запоўненыя антрапагенавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Пераважаюць выш. 200—500 м. На З прыбярэжная нізіна Сенегамбіі — апушчаная прыатлантычная ч. платформы (200 м ніжэй узр. м.). Узвышаныя ўчасткі адпавядаюць антэклізам — крышт. плато Джос, Дарфур і часткова перакрытае асадкавай тоўшчай Кардафан з астраўнымі гарамі. Стараж. вулканічныя конусы ў Сенегале і Дарфуры звязаны з неагенавымі разломамі (г. Мара — 3088 м, найб.выш. ў С.). Пашыраны рачныя даліны, сухія і паўсухія рэчышчы часовых вадацёкаў, азёрныя ўпадзіны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Летам значны ўплыў паўд.-зах. экватарыяльнага мусону, зімой — паўн.-ўсх. гарачага і сухога пасату. Колькасць ападкаў ад 100 на Пн да 2000 мм на Пд за год, вільготны сезон 2—10 мес. На Пд т. зв. зенітальныя дажджы. Сярэднегадавыя т-ры на З 23—24 °C, на У 26—29 °C. Найб. рэкі Ніл з Собатам, Нігер, Сенегал, Гамбія, Шары, Бенуэ, Бахр-эль-Газаль, Белая і Чорная Вольта. У бас.р. Нігер і Бахрэль-Газаль шмат невял. азёр. Найб. ў С. воз.Чад (пл. мяняецца і паступова скарачаецца). З Пн на Пд ярка выражана шыротная занальнасць змены ландшафтаў ад трапічных пустынь Сахары, праз паўпустыні і саванны да гілеяў экватарыяльнай Афрыкі. На Пн паўпустыня і сухая саванна, дзе пераважае калючкава-дрэвавая фармацыя. Кусты акацыі выш. 1—5 м. Большую ч. С. займае тыповая саванна са злакавым покрывам (віды барадачу, выш. 1—1,5 м). Трапляюцца асобныя або групы дрэў (парасонавыя акацыі, пальмы дум і веерная, баабабы, малачаі). На Пд высакатраўная саванна і лесасаванна. Лясныя масівы з густым падлескам прымеркаваны да далін рэк (галерэйныя лясы) і катлавін. Глебы пераважна чырв. фералітныя, алферытныя, чырв.-бурыя, чырв.-карычневыя. Жывёльны свет належыць да Эфіопскай вобласці: антылопы, жырафы, слон, леў, бегемот і інш.; з птушак — страусы, балотны бусел, дрофы і інш. Зона саваннаў — тэр. актыўнага стараж. земляробчага асваення і жывёлагадоўлі. С.-г. дзейнасць прывяла да ўзмацнення працэсаў апустыньвання. На тэр. С. поўнасцю або часткова знаходзяцца дзяржавы: Сенегал, Гамбія, Гвінея—Бісау, Гвінея, Малі, Кот-д’Івуар, Буркіна-Фасо, Гана, Tora, Бенін, Нігер, Нігерыя, Камерун, Чад, Цэнтральнаафр. Рэспубліка, Судан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЯЕ САМО́А (англ. Eastern Samoa),
уладанне ЗША у Ціхім ак., на ўсх. астравах архіпелага Самоа. Пл. 199 км². Нас. 65,4 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, выкарыстоўваецца таксама самаанская. Адм. ц. — Пага-Пага (каля 3 тыс.ж.) на в-ве Тутуіла. Падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — Дзень Сцяга (17 крас.).
Прырода. У.С. ўключае а-вы Тутуіла (137 км²), Мануа, Аунуу, атолы Роз і Суэйнс. В-аў Тутуіла заняты невысокімі гарамі (да 652 м), якія стромка абрываюцца да акіяна. Схілы гор парэзаны глыбокімі далінамі. Усе астравы акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат трапічны, пасатны. Вылучаюцца 2 сезоны: сухі зімовы і вільготны летні. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Аладкаў 2000—3000 мм за год. Рэкі і ручаі цякуць па схілах гор, многія не дасягаюць узбярэжжа. Масівы вільготных трапічных лясоў з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі і эпіфітамі займаюць каля 70%. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — самаанцы (89%), народ палінезійскага паходжання. Жывуць таксама танганцы (4%), карэйцы, кітайцы, амерыканцы. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (50%) і католікі (20%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 329 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены в-аў Тутуіла. Натуральны прырост 2,2%. Населеныя пункты невялікія.
Гісторыя. Гісторыю У.С. да 1899 гл. ў арт.Заходняе Самоа. З 1899 уладанне ЗША, з 1922 «недалучаная тэрыторыя» ЗША, да 1951 пад кіраваннем міністэрства ВМФ. У 1948 створаны мясц.заканад. савет. У 1967 прынята канстытуцыя, у 1977 мясц. насельніцтва атрымала права выбару губернатара У.С.
Гаспадарка. Эканоміка У.С. арыентавана на ЗША. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 складаў 2,6 тыс.дол. на 1 чал. Аснова эканомікі — рыбаперапр. і рыбакансервавая прам-сць (занята 34% працаздольнага насельніцтва), вытв-сць копры. Рыбу пастаўляюць пераважна амер., тайваньскія і паўднёвакарэйскія прамыславікі, мясц. рыбакі — невял. ч. ўлову. Вырабляюцца таксама мясныя кансервы. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 100 млн.кВт∙гадз. Невял. здабыча пемзы. Развіты рамёствы. Плантацыі какосавай пальмы. На мясц. патрэбы вырошчваюць бананы, тара, ямс, цукр. трыснёг, батат, кукурузу, ананасы, цытрусавыя, каву, тытунь і інш. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней (7,6 тыс. галоў) і птушак (27,4 тыс. галоў). Лоўля рыбы (пераважна тунца), крабаў, малюскаў. Транспарт марскі і аўтамабільны. Гал. порт — Пага-Пага. Даўж. аўтадарог 350 км. Міжнар. аэрапорт Тафуна (каля Пага-Пага). Экспарт (313 млн.дол., 1996) рыбных кансерваў (98%), копры. Імпарт (471 млн.дол., 1996) матэрыялаў для кансервавання, харчавання, нафтапрадуктаў, машын і запчастак. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Новая Зеландыя, Аўстралія, Фіджы. У Пага-Пага буйнай ваенна-марская база ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛКЛЕ́НДСКІЯ (МАЛЬВІ́НСКІЯ) АСТРАВЫ́ (англ. Falkland Islands, ісп. Islas Malvinas),
уладанне Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна), на аднайм. архіпелагу ў паўд.-зах.ч. Атлантычнага акіяна. Пл. 12,2 тыс.км². Нас. 2,8 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г.Порт-Стэнлі. Афіц. мова — англійская.
Прырода. Складаецца з 2 буйных а-воў — Усх. Фолкленд (Саледад) і Зах. Фолкленд (Гран-Мальвіна) і каля 200 дробных астравоў. Выш. да 706 м (г. Адам на в-ве Зах. Фолкленд). Берагі моцна парэзаныя. Радовішчы нафты і газу (у шэльфавай зоне). Клімат акіянічны, халаднаваты, з моцнымі вятрамі і туманамі. Сярэднегадавыя т-ры не перавышаюць 10 °C, ападкаў 600—700 мм за год. Злакавыя лугі, пусткі і тарфяныя балоты. Шмат марскіх птушак.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — англічане і шатландцы. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 0,23 чал. на 1 км². Адзіны горад — Порт-Стэнлі (1,6 тыс.ж., 1998) на в-ве Усх. Фолкленд. Большая ч. насельніцтва занята ў жывёлагадоўлі.
Гісторыя. Адкрыты ў 1592 англ. капітанам Дж.Дэйвісам. У 1764 франц. мараплавец Л.А.Бугенвіль заснаваў на Усх. Фолклендзе франц. пасяленне, у 1765 англ. пасяленне ўзнікла на Зах. Фолклендзе. У 1767 франц., а ў 1770 англ. каланісты выгнаны іспанцамі, якія абвясцілі Ф.(М.)а. сваім уладаннем. У 1820 правы на Ф.(М.)а. заявіла Аргенціна і прызначыла туды свайго губернатара. У 1833 астравы захапіла Вялікабрытанія (з 1892 асобная яе калонія) і засяліла іх выхадцамі з Брытанскіх а-воў. У 1965 Аргенціна дамаглася ад ААН прызнання Ф.(М.)а. тэрыторыяй, якая падлягае дэкаланізацыі, нягледзячы на тое, што ў 1964 б.ч. жыхароў выказалася за захаванне папярэдняга статуса. Англа-аргенцінскія перагаворы пра статус Ф.(М.)а. не далі выніку. У 1982 Аргенціна гвалтоўна ўсталявала свой кантроль над Ф.(М.)а., што прывяло да Англа-аргенцінскага канфлікту 1982, які скончыўся перамогай брыт. войск і аднаўленнем над Ф.(М.)а. брыт. суверэнітэту.
Гаспадарка. Эканоміка грунтуецца на гадоўлі авечак (больш за 600 тыс. галоў штогод), вытв-сці воўны, футра, мяса. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу (каля 10 тыс. галоў), коней. Рыбалоўства і промысел марскога звера. Вырошчваюць авёс, агародніну (бульба, капуста, буракі, цыбуля). Ёсць ф-ка па сартаванні воўны і невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Транспарт марскі і паветраны. Ёсць узлётна-пасадачная паласа для цяжкіх самалётаў. Экспарт (7,6 млн.дол., 1995) воўны, скур, мяса; імпарт (24,7 млн.дол., 1995) паліва, харч. прадуктаў, буд. матэрыялаў, адзення. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Нідэрланды, Японія. Ф.(М.)а. — важная ваенна-стратэг. база Вялікабрытаніі ў Паўд. Атлантыцы. Грашовая адзінка — фалклендскі фунт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. physis прырода + ...логія),
навука, што вывучае працэсы жыццядзейнасці (функцыі) асобных сістэм, органаў, тканак, клетак жывёльных і расл. арганізмаў.
Ф. жывёл і чалавека падзяляюць на некалькі дысцыплін. Агульная Ф. даследуе прыроду працэсаў, агульных для арганізмаў розных відаў (напр., дзейнасць узбуджальных тканак, іх раздражняльнасць, узбуджэнне), а таксама агульныя заканамернасці рэакцыі арганізма і яго структур на ўздзеянне знешняга асяроддзя. Прадмет даследавання прыватнай спец. Ф. — вывучэнне асобных класаў і груп (напр., с.-г. жывёл, птушак), органаў або сістэм, функцыян. асаблівасцей арганізма ў спецыфічных умовах жыццядзейнасці і інш. Паталагічная Ф. вывучае заканамернасці развіцця і ход паталаг. працэсаў у арганізме. Ф. звязана з анатоміяй, гісталогіяй, цыталогіяй, эмбрыялогіяй, агульнай біялогіяй, біяхіміяй, біяфізікай і біёнікай, эталогіяй, псіхалогіяй, педагогікай, ветэрынарыяй і інш.
Як навука Ф. жывёл і чалавека ўзнікла ў 17 ст. (працы У.Гарвея, 1628). Асн. этапы: 17—18 ст. — адкрыццё рэфлекторнага прынцыпу дзейнасці арганізма (Р.Дэкарт), вывучэнне механізма дыхальных рухаў і прынцыпаў руху крыві (Дж.Барэлі), аналіз праменепраламлення вочных абалонак (К.Шэйнер), уяўленне хім. сутнасці працэсаў дыхання (А.Л.Лавуазье) і стрававання (Р.А.Рэамюр, Л.Спаланцані), адкрыццё біяэлектрычных з’яў (Д.Гальвані) У 19 ст. для развіцця Ф. вял. значэнне мелі адкрыцці ў арган. хіміі, клетачная і эвалюц. тэорыі, дасягненні ў фізіцы. Найб. дасягненні: устанаўленне нерв. механізма рэгуляцыі функцый унутр. органаў, стварэнне рэфлекторнай тэорыі нерв. дзейнасці (К.Бернар, І.М.Сечанаў, Ф.Мажандзі і інш.); даследаванні механізмаў сакрэцыі, усмоктвання, выдзялення (Р.Гейдэнгайн); распрацоўка асноў тэорыі зроку, слыху (Г.Л.Ф.Гельмольц) адкрыццё ўмоўных рэфлексаў і распрацоўка вучэння аб вышэйшай нерв. дзейнасці (І.П.Паўлаў). У 20 ст. створана вучэнне аб вегетатыўнай нерв. сістэме (Дж.Ленглі), сфармулявана ўяўленне пра гамеастаз (У.Кенан), даследавана адаптацыйна-трафічная функцыя сімпатычнай нерв. сістэмы (Л.А.Арбелі), створана вучэнне пра дамінанту (А.А.Ухтомскі), вызначаны асн. прынцыпы інтэгратыўнай функцыі мозга (Ч.С.Шэрынгтан).
На Беларусі даследаванні па Ф. жывёл і чалавека пачаліся ў 1922 у БДУ (Л.П.Розанаў). Асн.навук. цэнтры: Ін-т фізіялогіі Нац.АН Беларусі, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед.ін-т, Гомельскі ун-т. Вял. ўклад у развіццё Ф. зрабілі М.І.Арынчын, А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, І.А.Вятохін, М.І.Грашчанкоў, В.М.Гурын, А.С.Дзмітрыеў, І.К.Жмакін, А.П.Кесарава, У.М.Калюноў, А.А.Логінаў, У.У.Салтанаў, Г.С.Юньеў і інш. Даследуюцца цэнтр. і перыферычныя механізмы тэрмарэгуляцыі, заканамернасці дзейнасці вегетатыўнай нерв. сістэмы ў норме і ва ўмовах экстрэмальных фактараў навакольнага асяроддзя і інш.
Літ.:
Шмидт-Ниельсен К. Физиология животных: Приспособление и среда: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 1982;
Очерки истории физиологических наук в СССР: Истоки и особенности развития. Л., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́РКАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПнУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,4 тыс.км². Нас. 2920, 4 тыс.чал. (2001), гарадскога 79,1%. Цэнтр — г.Харкаў. Найб. гарады: Лазавая, Ізюм, Купянск, Чугуеў, Багадухаў, Балаклея, Ваўчанск.
Паверхня — хвалістая раўніна, слабанахіленая на ПдЗ і ПдУ, парэзаная рачнымі далінамі, ярамі і лагчынамі. Большая частка ў межах Прыдняпроўскай нізіны. На Пн і ПнУ Сярэднярускае ўзв. (выш. да 236 м), на ПдУ адгор’і Данецкага кража. Карысныя выкапні: прыродны газ (Дняпроўска-Данецкая нафтагазаносная вобласць), нафта, буры і каменны вугаль, жал. руда, буд. матэрыялы; крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Гал. рака — Северскі Данец з прытокамі Аскол, Уды, Мжа, Харкаў. На З рэкі Мерла, Каломак, Арэль, Бераставая, Самара (бас.р. Дняпро). Каля 50 вадасховішчаў, у т. л. Краснааскольскае, Печанежскае. Траса канала Дняпро—Данбас. Х.в. размешчана ў лесастэпавай і стэпавай зонах. Глебы пераважна чарназёмныя і шэрыя ападзоленыя. Большая ч.тэр. разараная. Пад лесам і хмызнякамі каля 10% тэр. (дуб, ліпа, вяз, хвоя, клён, ясень, дзікая груша).
Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка. Развіты ваен.-прамысл. комплекс (вытв-сць танкаў і бранятэхнікі, ракетна-касм. тэхнікі). авіяц. (грамадз. і ваен. самалёты), трактарнае і с.-г. (трактары, рухавікі, трактарныя самаходныя шасі), энергет. (паравыя, гідраўл., газавыя турбіны і генератары), эл.-тэхн. машынабудаванне, станкабудаванне (шліфавальныя і агрэгатныя металарэзныя станкі), прыладабудаванне (дакладнае і мед.), інстр.прам-сць, вытв-сць абсталявання для вугальнай, паліграф. і харч. прам-сці. Здабыча (7 млрд.м³ штогод, 50% здабычы на Украіне) і перапрацоўка газу; радовішчы Шабялінскае, Яфрэмаўскае, Кегічоўскае, Красцішчанскае. Нафтаздабыча. Вытв-сць электраэнергіі на Зміёўскай ДРЭС, Харкаўскай ЦЭЦ і інш.Хім. (пластмасы, рэактывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, мед. прэпараты, гумава-тэхн. вырабы), дрэваапр. (мэбля, кардон, папера), харч. (цукр., мясная, малочная, алейная, кандытарская, мукамольна-крупяная, вінаробная, тытунёвая), камбікормавая, лёгкая (баваўняная, шарсцяная, гарбарна-абутковая, футравая, дывановая, швейная), фарфора-фаянсавая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, цукр. буракоў, сланечніка, мяса-малочнай жывёлагадоўлі, агародніцтве. Пл.с.-г. угоддзяў 2,4 млн.га, у т. л. ворныя землі — 1,9 млн.га (2001). Пасевы збожжавых (азімая і яравая пшаніца, ячмень, жыта, кукуруза), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, соя) і кармавых культур. Агародніцтва, бульбаводства. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Пчалярства. Рыбаводства. Даўж. чыгунак 1442 км, аўтамаб. дарог 15 тыс.км. Буйныя чыг. вузлы: Харкаў, Лазавая, Купянск, Любацін. Гал. аўтамагістралі: Харкаў—Сімферопаль, Харкаў—Масква. Трубаправоды: Шабялінка—Харкаў, Шабялінка—Кіеў, Шабялінка—Данбас. Бальнеалагічныя курорты: Бярозаўскія Мінер. Воды, Рай-Яленаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКО́ВЫ АБМЕ́Н,
сукупнасць хім. пераўтварэнняў бялкоў і амінакіслот у жывых арганізмаў; важнейшая частка абмену рэчываў (у спалучэнні з пераўтварэннямі інш. азотазмяшчальных рэчываў утварае сістэму азоцістага абмену). Два ўзаемазвязаныя бакі бялковага абмену ў арганізме — распад (катабалізм) і біясінтэз (анабалізм) бялкоў. Першая стадыя аднаўлення бялкоў — іх гідроліз да амінакіслот пры дапамозе ферментаў катэпсінаў (тканкавых пратэіназаў), што лакалізаваны пераважна ў лізасомах (дзейнічаюць у кіслым асяроддзі). Амінакіслоты ўтвараюцца і пры гідролізе (ператраўленні) харч. бялкоў пад уздзеяннем пратэалітычных ферментаў (пратэазаў) страўнікава-кішачнага тракту (пепсін, трыпсін, хіматрыпсін, эластаза, экзапептыдазы), якія ўсмоктваюцца ў ім і трапляюць у клетку. Толькі такім шляхам паступаюць у арганізм неабходныя яму незаменныя амінакіслоты. У клетках амінакіслоты ўтвараюць амінакіслотны фонд клеткі, выкарыстоўваюцца на сінтэз пептыдаў, бялкоў, пурынаў, пірымідзінаў, гемапратэінаў, вугляводаў, ліпідаў, нізкамалекулярных гармонаў і інш. рэчываў, уступаюць у асн. агульныя рэакцыі абмену: пераамініраванне, дэзамініраванне і дэкарбаксіліраванне.
Пры пераамініраванні (трансмініраванні) α-амінагрупа адшчапляецца ад L.-амінакіслот і пераносіцца ў асноўным на α-вуглярод α-кетаглутаравай кіслаты. Гэта рэакцыя мае асабліва вял. значэнне пры біясінтэзе амінакіслот у раслінах: нітраты і нітрыты, што трапляюць у расліны з глебы, аднаўляюцца з утварэннем аміяку, які звязваецца з α-кетаглутаравай кіслатой; утвараецца глутамінавая кіслата. Амінагрупа гэтай кіслаты ў працэсе рэакцыі пераносіцца на кетакіслоты з утварэннем інш. амінакіслот. Пры дэзамініраванні адбываецца распад амінакіслот з выдзяленнем аміяку. Найб. значэнне ў арганізме жывёл і чалавека мае акісляльнае дэзамініраванне, пры якім утвараецца кетакіслата і аміяк. Утвораныя пры пераамініраванні і акісляльным дэзамініраванні α-кетакіслоты здольныя аднаўляцца з утварэннем амінакіслот, якія ў працэсе катабалізму могуць выкарыстоўвацца на сінтэз глюкозы і ацэтонавых цел. Пры дэкарбаксіліраванні амінакіслот вылучаецца вуглякіслы газ (CO2) і ўтвараюцца аміны, а пры дэкарбаксіліраванні араматычных амінакіслот — біягенныя аміны (трыптамін, сератанін, гістамін, γ-амінамасляная кіслата). Аміяк, што ўтвараецца пры дэзамініраванні амінакіслот і амінаў, таксічны для арганізма. Абясшкоджванне яго адбываецца пры аднаўленчым амініраванні, у рэакцыях сінтэзу глутаміну і аспаргіну, у цыкле сінтэзу мачавіны ў печані (у чалавека, млекакормячых і некат. інш. жывёл) ці мачавой кіслаты (у птушак, рэптылій, насякомых). У чалавека і жывёл мачавіна выдаляецца з арганізма з мачой, часткова ў выглядзе аманійных соляў, у раслін магчыма паўторнае яе ўключэнне ў працэсы сінтэзу бялку. Збалансаваны па паступленні (у т. л. ў складзе незаменных амінакіслот) і выдаленні азоту, бялковы абмен вызначае фарміраванне ў арганізме стану азоцістай раўнавагі, калі патрэба яго ў бялках можа быць мінімальнай (гл.Бялковы мінімум). Рэгулюецца бялковы абмен у чалавека і жывёл ферментамі, гармонамі пры ўдзеле нерв. сістэмы (гл.Нейрагумаральная рэгуляцыя, Гарманальная рэгуляцыя).
Літ.:
Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;
Николаев А.Я. Биологическая химия. М., 1989;
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНІ́НЫ, Апенінскія горы (Appennino),
горная сістэма на Апенінскім п-ве ў Італіі. Працягласць каля 1200 км з ПнЗ на ПдУ ад Альпаў да Месінскага праліва. Сярэдневышынныя горы (пераважныя выш. 1200—1800 м), складаюцца з асобных, б.ч. паралельных хрыбтоў і ўзгорыстых перадгор’яў. Выш. да 2914 м (г. Корна). Адзіны невял. ледавік у масіве Гран-Саса-д’Італія. Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляюцца на Паўн. Апеніны (Лігурыйскія і Таскана-Эміліянскія), Цэнтр. Апеніны (Умбра-Маркскія і Абруцкія) і Паўд. Апеніны (Неапалітанскія і Луканскія). Пераважаюць параўнальна спадзістыя схілы, сталовыя горы, купалападобныя гранітна-гнейсавыя масівы. У Цэнтр. Апенінах хрыбты скалістыя, са стромкімі схіламі, старажытналедавіковымі і карставымі формамі рэльефу. На Угал. ланцугі Апенінаў суправаджаюцца шырокай паласой узгорыстых перадгор’яў, за якой уздоўж берагоў Адрыятычнага м. ўзвышаюцца вапняковыя плато п-воў Гаргана і Саленціна. Зах. схіл Апенінаў больш стромкі, скідавы; на З ад Цэнтр. Апенінаў шырокая перадгорная паласа з асобнымі невысокімі хрыбтамі, вулканічнымі масівамі (у т. л. Везувій, Флегрэйскія палі), туфавымі плато. Апеніны ўтварыліся ў выніку альпійскага арагенезу. Тэктанічныя працэсы працягваюцца, аб чым сведчаць землетрасенні і вулканічная дзейнасць. Карысныя выкапні: буд. і вырабны камень, ртуць, буры вугаль і лігніт, бітумінозныя сланцы, баксіты, прыродны газ, нафта, тэрмальныя воды. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, на ўсх. схілах і ў катлавінах з рысамі кантынентальнага. Ападкаў на зах. схілах 1000—2000 мм за год (у Лігурыйскіх Апенінах да 3000 мм), на ўсх. схілах і ў замкнутых катлавінах 600—800 мм. Сярэдняя т-растудз. каля падножжа гор на Пн 0 °C, на Пд да 11 °C. Сярэдняя т-раліп. на Пн 24 °C, на Пд да 28 °C. У гарах вышэй за 2000 м 180—190 сут за год ляжыць снег. Рэкі мнагаводныя восенню і зімой, найб. Тыбр, Арна. Да выш. 300—500 м на Пн і 600—800 м на Пд на схілах гор палі, сады, вінаграднікі, аліўкавыя насаджэнні, месцамі гаі каменнага і коркавага дубу, алепскай хвоі, пініі, вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); глебы пераважна карычневыя. Да выш. 900 м на Пн і 1000—1200 м на Пд — мяшаныя лясы з дубу, хвоі, каштану і інш., хмызнякі, пусткі; глебы горныя буразёмы і перагнойна-карбанатныя. Вышэй за 900 м на Пн, 1000—1200 м на Пд — букавыя і хвойныя (піхта, хвоя) лясы на горных буразёмах і горных падзолістых глебах. На найб. высокіх хрыбтах (вышэй за 2000—2500 м) участкі субальпійскіх і альпійскіх лугоў. Жывёльны свет збяднелы ў сувязі з дзейнасцю чалавека. Трапляюцца воўк, буры мядзведзь, сарна, лань, дзікабраз, шмат паўзуноў і птушак (беркут і інш.). Земляробства ў горных далінах і катлавінах, каля падножжа гор. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння і выпрацоўкі электраэнергіі. Турызм.