ГРУШАВЫ́ (Генадзь Уладзіміравіч) (н. 24.7.1950, Мінск),
бел. філосаф, грамадскі дзеяч. Д-рфілас.н. (1994), праф. (1995). Заснавальнік і прэзідэнт Бел. дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» (з 1989). Старшыня Бел.хрысц.-дэмакр. партыі (з 1996). Скончыў БДУ (1972), працаваў у ім. З 1991 у Ін-це сучасных ведаў (прарэктар). Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1990—95), 1996. Даследуе гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі Зах. Еўропы і Беларусі эпох Адраджэння і Асветніцтва, тэарэтыка-метадалаг. праблемы пазнання, сац. філасофіі і паліталогіі. Аўтар працы «Аказіяналізм Н.Мальбранша» (1978) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НБЕ́КЕРЫ (англ. greenbackers ад greenbacks літар. зялёныя спінкі),
удзельнікі фермерскага руху ў ЗША у 1870—80-я г. Выступілі ў 1875 з мэтай захаваць у абарачэнні абясцэненыя папяровыя грошы (т.зв. грынбекі, іх адваротны бок меў зялёны колер, адсюль назва), спадзеючыся заплаціць імі працэнты па даўгах. У 1875—76 створана паліт. партыя грынбекераў, якая пасля аб’яднання з дробнымі гар. прадпрымальнікамі і рабочымі стала называцца Нац. грынбекерска-рабочай партыяй. Пасля паражэння іх кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 1884 партыя перастала існаваць. У 1890-я г. грынбекеры прынялі ўдзел у руху папулістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧАЯ КАМІ́СІЯ,
калегіяльны орган у некаторых краінах СНД, які складаецца з прадстаўнікоў прац. калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт. партый, сходаў выбаршчыкаў і інш. У Рэспубліцы Беларусь выбарчыя камісіі ствараюцца для падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дэпутатаў у прадстаўнічыя органы дзярж. улады. Яны ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах, ствараюць выбарчыя акругі і выбарчыя ўчасткі, забяспечваюць складанне спісаў выбаршчыкаў, назіраюць за дакладным выкананнем парадку галасавання, вызначаюць яго вынікі і інш. Ствараюцца Цэнтр., тэрытарыяльныя, акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, парадак іх дзеяння і кампетэнцыя вызначаюцца законам. Гл. таксама Выбарчая сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДАЧА ЗЛАЧЫ́НЦА, экстрадыцыя,
у міжнародным праве перадача злачынца дзяржавай, дзе ён знаходзіцца, дзяржаве, грамадзянінам якой ён з’яўляецца або на тэрыторыі якой ён учыніў злачынства, для аддачы пад суд ці для выканання адносна яго суд. прыгавору. Умовы і парадак выдачы злачынца рэгламентуюцца міжнар. дагаворамі і нац. заканадаўствам. Паміж дзяржавамі СНД 22.1.1993 заключана Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па цывільных, сямейных і крымін. справах. Рэспубліка Беларусь мае таксама пагадненне аб выдачы злачынца з Кітаем, Латвіяй, Літвой і Польшчай. Асобы, якія праследуюцца па паліт. матывах, выдачы не падлягаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШГАРАД,
горад на Украіне, на правым беразе Дняпра, цэнтр раёна Кіеўскай вобл. за 18 км на Пн ад Кіева. Каля 20 тыс.ж. (1996). Кіеўская ГЭС, гідраакумулюючая эл. станцыя, з-д жалезабетонных вырабаў.
Упершыню ўпамінаецца пад 946 як горад княгіні Вольгі. У 11—12 ст. рэзідэнцыя кіеўскіх князёў, паліт., эканам. і культ.цэнтр. У 1240 разрабаваны татарамі. Паводле археал. даследаванняў, меў умацаваны дзядзінец і пасад. У дзядзінцы выяўлены фундамент Барысаглебскай царквы 11—12 ст., у пасадзе рэшткі стараж. вуліц з жытламі-паўзямлянкамі, якія былі адначасова майстэрнямі рамеснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗЕ́ТА ГРОДЗЕ́НЬСКА»
(«Gazeta Grodzieńska»),
першае перыядычнае выданне на тэр. сучаснай Беларусі. Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) у Гродне на польск. мове раз на тыдзень на 2 старонках фарматам 15 × 20 см. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-паліт. праблемы (на той час унікальная з’ява). Па патрабаванні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада цэнзара, па загадзе якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з інш. выданняў. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе, аб’явы. Апошні выяўлены нумар газеты датаваны 28.12.1780.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДЧЫК (Павел Андрэевіч) (12.7.1918, в. Казённыя Паршні Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1994),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў артыл. школу (1939), Бранскае ваенна-паліт. вучылішча (1942), Вышэйшую афіцэрскую артыл. штабную школу (1950). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Калінінскім, Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., 1-м і 4-м Укр. франтах. Вызначыўся ў 1944 у баях на тэр. Літвы; артыл. батарэя на чале з капітанам Д. адбіла 11 контратак ворага і прымусіла адступіць. Да 1959 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ (ад лац. declaratio абвяшчэнне),
1) заява аднаго або некалькіх урадаў, паліт. партый, міжнар. або грамадскіх арг-цый, якія даводзяць да ўсеагульнага ведама праграмны акт, важную міжнар. падзею, закон і да т.п.; урачыстае абвяшчэнне агульнапаліт. прынцыпаў.
2) Заява падаткаплацельшчыка і некат. катэгорый дзярж. служачых пра характар і памер даходаў, маёмаснае становішча.
3) Дакумент, які прыкладаецца да грашовых і каштоўных пакетаў, што пасылаюцца поштай за межы краіны.
4) Заява мытні ад асобы, якая перасякае граніцу, пра наяўнасць і колькасць у яе рэчаў, каштоўнасцей, валюты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КСЕЛІС (Вітаўтас Пранавіч) (н. 5.5.1936, г. Варняй, Літва),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1990), праф. (1991). Скончыў Кіеўскае ваен. вучылішча самаходнай артылерыі (1958), Ваен.-паліт. акадэмію (Масква, 1970). З 1970 у Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь. Даследуе пытанні дыялектыкі развіцця нацый і нац. адносін, метадалагічныя праблемы ваен. тэорыі і практыкі. Аўтар навук. і метадычных дапаможнікаў для слухачоў і ад’юнктаў вышэйшых навуч.ваен. устаноў.
Тв.:
Национальные отношения в СССР: диалектика развития на современном этапе. Мн., 1987;
Национальные отношения в СССР: закономерности и противоречия развития. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́СЛЕД,
агульнанавуковы метад вывучэння з’яў аб’ектыўнага свету ў спецыяльна створаных, дакладна вызначаных умовах. Адрозніваецца ад назіранняў актыўным аперыраваннем аб’ектам, які вывучаецца. Ажыццяўляецца на аснове тэорыі, што вызначае пастаноўку задач і інтэрпрэтацыю яго вынікаў. Д. — праверка гіпотэз і пацвярджэнне тэорыі; часам выступае як адна з формаў практыкі (эксперыменту), выконвае функцыю крытэрыю сапраўднасці, навук. пазнання ўвогуле. З развіццём навукі і тэхнікі межы выкарыстання Д. пашыраюцца, ён робіцца больш складаным. Вял. значэнне мае сац. Д., які дапамагае выяўляць і даследаваць працэсы сац.-эканам., паліт. і духоўнага развіцця грамадства.