А́БЕНДРОТ ((Abendroth) Герман) (19.1.1883, Франкфурт-на-Майне — 29.5.1956),

нямецкі дырыжор. З 1903 кіраўнік сімф. аркестраў у Мюнхене, Кёльне, Берліне і інш., з 1934 — аркестра Гевандхаўза і праф. кансерваторыі ў Лейпцыгу, з 1945 генерал-музік-дырэктар у Веймары, кіраўнік сімф. аркестраў радыё ў Лейпцыгу і Берліне. Вядомы як інтэрпрэтатар твораў Л.​Бетховена, І.​Брамса, А.​Брукнера. Чл. Ням. акадэміі мастацтваў (ГДР). Нац. прэмія ГДР 1949.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФЁЛЬДСКІ РУХ,

нац.-дэмакратычны рух збяднелай інтэлігенцыі, малазямельных і беззямельных сялян у паўд.-ўсх. Венгрыі (Альфёльдзе) супраць пагаднення 1867 пра стварэнне аўстра-венг. дзяржавы. Праходзіў пад лозунгамі свабоды, раўнапраўя, аднаўлення канстытуцыі 1848. Пачаўся са стварэння па ініцыятыве адваката Я.​Асталаша дэмакр. гурткоў. Сяляне выступалі за падзел лугоў і пашаў, адмену падаткаў; мелі месца ўзбр. сутыкненні з войскамі. Альфёдаўскага руху задушаны аўстра-венг. урадам у 1868.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНУЛА́-ХАН (1.6.1892 — 25.4.1960),

кароль Афганістана ў 1919—29. 28.2.1919 абвясціў незалежнасць Афганістана і ўзначаліў вызв. барацьбу супраць Вялікабрытаніі. У 1921 заключыў з РСФСР дагавор аб дружбе, у 1926 — з СССР дагавор аб нейтралітэце і ўзаемным ненападзенні. Праведзеныя ім рэформы спрыялі цэнтралізацыі краіны, развіццю нац. эканомікі і культуры, умацаванню незалежнасці дзяржавы. У выніку антыўрадавага паўстання 1928—29 быў вымушаны пакінуць краіну. Памёр у Цюрыху.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЙВАЛ (Валерый Яўгенавіч) (н. 3.7.1955, г. Вышні Валачок Цвярской вобл., Расія),

бел. мастацтвазнавец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў С.-Пецярбургу (1977). У 1977—89 працаваў у Нац. маст. музеі Беларусі. Даследуе бел., а таксама італьян., ісп., ірл., англ. мастацтва. Аўтар-складальнік буклетаў пра мастакоў У.​Пасюкевіча (1987), Каміля-Камала (1992), альбома «Брэсцкая крэпасць-герой у творчасці мастакоў» і інш.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧКО́Ў (Іван Афанасьевіч) (31.8.1858, С.-Пецярбург — 23.3.1944),

савецкі гісторык. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1903). Сын А.Ф.Бычкова. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1880). З 1881 хавальнік Аддз. рукапісаў Публічнай б-кі (зараз Рас. нац. Б-ка, С.-Пецярбург). Працягваў выданне «Пісьмаў і папер Пятра Вялікага» (т. 5—7), апублікаваў матэрыялы пра рас. дзярж. дзеячаў і пісьменнікаў 19 ст., апісанне калекцый рукапісаў Публічнай б-кі.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬЯНУЭ́ВА ((Villanueva) Карлас Рауль) (30.5.1900, Лондан — 16.8.1975),

венесуэльскі архітэктар. Скончыў Нац. школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1928). Працаваць пачаў у гіст. стылях, з канца 1940-х г. перайшоў на пазіцыі функцыяналізму. Яго пабудовы вызначаюцца маст. выразнасцю канстр. сістэм, дынамічнасцю кампазіцыі, выкарыстаннем скульптуры, жывапісу, мазаікі (комплексы універсітэцкага гарадка, 1944—57, жылых кварталаў Эль-Параіса, 1952—54 у Каракасе і інш.). Аўтар кнігі «Каракас учора і сёння» (1950).

т. 4, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ (ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ) ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,

прасторавая дыферэнцыяцыя працоўнай дзейнасці ў працэсе развіцця грамадства. Выяўляецца ў вытв. спецыялізацыі асобных эканам. узаемазвязаных тэр. утварэнняў (краін, раёнаў, цэнтраў і інш.), у развіцці міжраённай кааперацыі, абмену спецыялізаванай прадукцыяй і паслугамі. Цесна звязаны з эканам., сац., прыроднымі, нац.-гіст. асаблівасцямі розных тэрыторый (гл. таксама Размяшчэнне вытворчасці, Геаграфія прамысловасці, Геаграфія працоўных рэсурсаў, Геаграфія сусветнай гаспадаркі, Сацыяльна-эканамічная геаграфія, Геаграфія сельскай гаспадаркі і інш.).

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЕРТ ((Gellert) Эндрэ) (1.10.1914, Будапешт — 1.3.1960),

венгерскі рэжысёр. Нар. арт. Венгрыі (1954). Праф. (1946) Тэатр, ін-та. Скончыў Тэатр. акадэмію (1935). У 1945—60 вядучы рэжысёр Нац. т-ра. Заснавальнік венг. рэаліст. школы рэжысуры, паслядоўнік К.​С.​Станіслаўскага. Сярод пастановак: «Панскае баляванне» Ж.​Морыца (1948), «Трагедыя чалавека» І.​Мадача (1955), «Рэвізор» М.​Гогаля (1951), «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава (1952). Прэміі імя Л.​Кошута 1950, 1953.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛМАЦІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг (больш за 1000 астравоў) у Адрыятычным м., тэр. Харватыі. Пл. каля 2500 км². Самыя вял. а-вы: Крк, Брач, Црэс, Хвар, Корчула. Утварыліся пры затапленні морам часткі берагавой паласы. Узгорысты і нізкагорны рэльеф, выш. да 778 м (на в-ве Брач). Складзены пераважна з вапнякоў, развіты карст. Клімат і расліннасць міжземнаморскія. Вінаграднікі, сады, плантацыі цытрусавых, аліўкаў. Нац. паркі: Корнат, Млет. Марскія курорты. Турызм.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКЕ́ВІЧ (Вячаслаў Іосіфавіч) (н. 15.4.1941, в. Дзякшняны Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у прэсе, на Бел. тэлебачанні. З 1989 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1963. У вершах Д. — жыццё і праца, трывогі і клопаты сучаснікаў. Выступае як публіцыст. На бел. мову пераклаў п’есу Э.​Вільдэ «Няўлоўны цуд».

Тв.:

Загадка Атлантыды. Мн., 1983.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)