Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́ВА
(Ottawa),
горад, сталіца Канады, у правінцыі Антарыо, на р. Атава. 920,8 тыс.ж. (1994), у тым ліку ⅔ англамоўных, ⅓ франкамоўных. Трансп. вузел. Порт. Міжнар. аэрапорт Аплендс. Радыёэлектроннае машынабудаванне (у тым ліку вытв-сцьЭВМ), прыладабудаванне; паліграф., цэлюлозна-папяровая, лёгкая, дрэваапр. і хім.прам-сць, вытв-сць алюмінію, сталі, бронзы, гадзіннікаў, шкла. Англ. і франц. ун-ты.
Засн. ў 1827 як пас. Байтаўн у сувязі з будаўніцтвам канала р. Атава — воз. Антарыо. З 1850 горад, з 1854 наз. Атава, з 1857 сталіца англ. калоніі, з 1867 — дамініёна Канада. З 1899 развіваецца паводле генплана (арх: Ф.Тод і інш., у 1937—59 — Дж.Грэбер). Шахматная сетка вуліц. У горадзе шмат вадаёмаў і паркаў з развітой сістэмай паркавых дарог. Арх. помнікі: неагатычны парламенцкі комплекс (1860; пасля пажару адбудаваны ў 1919—27, арх. Дж.Пірсан, О.Маршан), атэль «Шато-Лар’е» (1910, арх. Д.Х.Мак-Фарлін). Сярод інш. збудаванняў: Нац.б-ка (1956), Карлтанскі ун-т (1959), аэрапорт Аплендс (1960), Нац. цэнтр мастацтваў (1970), Нац. галерэя (1980) і інш. Помнікі: Ж.Карцье (1885), Дж.Макдональду (1895), каралеве Вікторыі, тым, хто загінуў у англа-бурскай вайне (абодва 1901), Р.Болдуіну і Л.Лафантэну (1908—14) і інш. У 1842 засн.Нац. музей (калекцыі мастацтва індзейцаў і эскімосаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ (Augustus) Гай Актавій
(з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),
рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МЧЫК Іван Восіпавіч
(16.12.1903, Мінск — 9.3.1971),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1949). Праф. (1964). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн.ін-т у Маскве (1930). Вучыўся ў А.Архіпава, К.Істоміна, А.Шаўчэнкі. З 1931 на пед. рабоце, з 1963 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манум. жывапісу. Карціны: «Падпісанне маніфеста пра ўтварэнне БССР» (1929), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск» (1935), «Гідраторф Асінбуд» (1937), «Твар ворага» (1942), «Пасяджэнне ЦК КП(б) Беларусі 3 ліпеня 1941 г.» (1944). Адна з лепшых яго работ «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958). Стварыў шэраг партрэтаў сучаснікаў: У.І.Уладамірскага (1948), Е.А.Міровіча (1952), П.С.Пестрака (1968), С.Б.Баткоўскага (1971) і інш.; пейзажы «Сонечны дзень» (1952), «Бэз цвіце» (1958), «Квітнеючая вясна» (1963), «З акна майстэрні» (1971) і інш. Творы манум. жывапісу: 2 пано для Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930), дэкар. фрыз «Свята беларускага народа» для бел. павільёна Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве (1939), плафон «Дружба народаў» у Тэатры юнага гледача ў Мінску (1955), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел.т-ва дружбы з замежнымі краінамі (1956, з І.Давідовічам). Імя Ахрэмчыка прысвоена Бел. ліцэю мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭЛЬЕ́Ф
(франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар.мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.
На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.К.Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.Смакоўскага, К.Ельскага, К.Барычэўскага, Р.Слізеня, І.Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.Маркаў, Я.Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.Рыжанкоў; помнік І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.Лук, А.Пупко, Дз.Сталяроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́ЙН
(франц. bassin),
1) басейн паркавы — штучны вадаём, элемент садова-паркавага мастацтва і архітэктуры.
2) басейн спартыўны — натуральны або штучны вадаём для вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па плаванні, водным пола і скачках у ваду. Натуральныя басейны робяць на спакойных участках (з роўным дном, без віроў) рэк, азёраў і вадасховішчаў. Штучныя басейны бываюць адкрытыя, закрытыя ці камбінаваныя. У кампазіцыі будынкаў закрытых басейнаў гал. элемент — зала для плавання, трыбуны для гледачоў, дапаможныя памяшканні. Размяшчаюць у асобных будынках ці ў будынках інш. прызначэння (навуч. установах, дамах і палацах культуры, прамысл. прадпрыемствах і інш.). Найб.спарт. басейн на Беларусі — Воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі ў Мінску.
Буйныя басейны ўключаюць ванну для плавання і воднага пола памерам 50 х 21 м, глыб. 1,8—2,3 м, ванну для скачкоў у ваду даўж. 18—20 і шыр. 14 х 21 м, глыб. 3,5—5,5 м, па баках 5-, 7,5- і 10-метровыя вышкі і 1- і 3-метровыя трампліны; дзіцячыя ванны звычайна меншых памераў і глыб. 0,6—1,2 м. Вада ў басейне павінна адпавядаць пэўным сан. нормам і падлягае перыядычнай змене і кантролю. Тэмпература вады ў агульнай ванне 22—23 °C, у дзіцячай і для скачкоў 26—27 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ Канстанцін Мікалаевіч
(29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),
рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус.дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;
Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;
Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.Н.Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;
Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕГО́РЫЯ
(ад грэч. allēgoria іншасказанне),
1) адлюстраванне адцягненай ідэі (паняцця) пры дапамозе канкрэтнага нагляднага вобраза. Узнікненне алегорыі звязана з практыкай вытлумачэння стараж. шанавальных тэкстаў (у эпоху элінізму — Гамера, у хрысц. багасловаў — Бібліі); у сярэднявеччы алегарычна вытлумачваўся і свет прыроды як павучальны наглядны дапаможнік, створаны Богам для чалавека. Паняцце «алегорыя» ўпершыню сустракаецца ў трактатах Псеўда-Лангіна, Цыцэрона, у эстэт. вучэннях Гарацыя, Плутарха, Лукрэцыя Кара і інш. Іншасказальны прынцып алегорыі пашыраны ў сярэдневяковай эстэтыцы, у мастацтве Адраджэння і Асветніцтва. Існуе як прыём і прынцып арганізацыі маст. матэрыялу ў л-ры, фальклоры, у розных відах выяўл.мастацтва.
2) У выяўленчым мастацтве алегорыя ствараецца пры дапамозе вобраза канкрэтнай, асацыятыўна блізкай істоты, прадмета або з’явы (напр., правасуддзе — жанчына з завязанымі вачыма і з шалямі ў руках). Алегорыя шырока выкарыстоўвалася ў мастацтве Адраджэння (алегорыя граматыкі ў кн. «Грамматіка словенска...» Л.Зізанія, 1596), маньерызму, барока, ракако, класіцызму, рамантызму. Найб. пашыраны від алегорыі — персаніфікацыя, г. зн. фігура, аздобленая пэўнымі атрыбутамі, якія тлумачаць яе змест. Алегорыя сустракаецца ў мастацтве 19—20 ст. — у манум. скульптуры, творах жывапісу, плакаце, паліт. карыкатуры і інш.
Да арт. Алегорыя. С.Батычэлі. Вясна. Фрагмент (Тры грацыі). Каля 1477—78.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ Сяргей Апалінарыевіч
(21.5.1906, г. Екацярынбург, Расія — 28.11.1985),
рускі кінарэжысёр, педагог, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1948). Акад.АПНСССР (1978), Герой Сац. Працы (1974). Д-р мастацтвазнаўства (1967). Праф. (1946). Скончыў Ленінградскі ін-тсцэн.мастацтва (1928). Творчую дзейнасць пачаў у 1924 акцёрам, з 1930 выступаў як рэжысёр і педагог. Яго рэжысёрскае майстэрства праявілася ўжо ў першых фільмах: «Сямёра смелых» (1936), «Камсамольск» (1938), «Настаўнік» (1939), «Маскарад» (1941). У фільмах, прысвечаных сучаснасці, — шматгранны паказ жыцця, псіхал. паглыбленыя вобразы, філас. роздум, высокае майстэрства рэжысуры і акцёрскага ансамбля: «Людзі і звяры» (1962), «Журналіст» (1967), «Каля возера» (1970), «Кахаць чалавека» (1973). Значнае месца ў творчасці Герасімава займаюць экранізацыі літ. твораў: «Маладая гвардыя» (1948, паводле А.Фадзеева), «Ціхі Дон» (1957—58, паводле М.Шолахава), «Чырвонае і чорнае» (1976, паводле Стэндаля), «Юнацтва Пятра» і «У пачатку слаўных спраў» (1981, паводле А.Талстога). У 1984 паставіў фільм «Леў Талстой», дзе выканаў гал. ролю. Аўтар сцэнарыяў амаль усіх сваіх фільмаў. З 1931 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (цяпер носіць яго імя), кіраваў аб’яднанай акцёрска-рэжысёрскай майстэрняй. Ленінская прэмія 1984, Прэмія Ленінскага камсамола 1970, Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЫНГ (Göring) Герман
(12.1.1893, г. Розенгайм, Германія — 15.10.1946),
адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Рэйхсмаршал (1940). Прафесійны ваенны. Удзельнік 1-й сусв. вайны, лётчык. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1922. Кіраўнік штурмавых атрадаў (1922—23). У час нацысцкага путчу 1923 у Мюнхене цяжка паранены. Дэп. (з 1928) і старшыня (1932—45) рэйхстага, садзейнічаў прызначэнню А.Гітлера рэйхсканцлерам. Міністр унутр. спраў Прусіі (1933—34), прэм’ер-міністр (1933—45); ініцыятар стварэння гестапа і канцлагераў, гал. сведка абвінавачвання на Лейпцыгскім працэсе 1933. Рэйхсміністр авіяцыі (з 1933) і галоўнакаманд. ВПС (з 1935). Кіраваў (з 1936) рэалізацыяй 4-гадовага плана (1934—38) падрыхтоўкі Германіі да вайны і ажыццяўленнем аншлюса (сак. 1938). Наведваў з дыпламат. візітамі Італію, Венгрыю, Югаславію, Польшчу. У 2-ю сусв. вайну прызначаны пераемнікам Гітлера, адказваў за дзеянні ВПС; падпісаў 30.7.1941 загад аб знішчэнні 11 млн.еўрап. яўрэяў; рабаваў музеі і калекцыі твораў мастацтва і інш. 7.5.1945 здаўся ў палон амерыканцам. На Нюрнбергскім працэсе як адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў прыгавораны да пакарання смерцю; скончыў самагубствам.