СТАЛЬ (Staël) Ганна Луіза Жэрмена дэ (22.4.1766, Парыж — 14.7.1817),
французская пісьменніца, тэарэтык л-ры, публіцыст. Дачка Ж.Некера Літ. дзейнасць спалучала з заняткамі палітыкай, філасофіяй, гісторыяй. Шмат падарожнічала. Погляды С. фарміраваліся пад уплывам сярэдневяковага мастацтва, творчасці У.Шэкспіра, ням. л-ры і філасофіі. Асн. тэмы яе твораў — асоба і гісторыя, пісьменнік і грамадства, пачуццё і афіц. мараль: трагедыя «Джэйн Грэй» (1790), раманы «Дэльфіна» (1802), «Карына, або Італія» (1807). Аўтар філас.-публіцыст. і літ.-крытычных эсэ і трактатаў «Лісты пра творы і асобу Ж.Ж.Русо» (1788), «Пра мастацкую творчасць» (1795), «Пра ўплыў страсцей на шчасце людзей і народаў» (1796), «Аб літаратуры, разгледжанай у сувязі з грамадскімі законамі» (1800), мемуараў «Дзесяць гадоў у выгнанні» (апубл. 1821, незавершаны) і інш. Паўплывала на распрацоўку эстэтыкі ранняга рамантызму (кн. «Аб Германіі», 1810).
Тв.:
Рус. пер. — Корина, или Италия. М., 1969;
О литературе, рассмотренной в связи с общественными установлениями. М., 1989.
Літ.:
Пронин В.Н. Проблемы литературы и революции в творчестве Жермены де Сталь. М., 1974.
Е.А.Лявонава.
т. 15, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́НТА (Vantaa),
горад у Фінляндыі, уваходзіць у агламерацыю Хельсінкі, 160,4 тыс. ж. (1993). Новае жыллёвае буд-ва.
т. 3, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬБЕРХ Іван Іванавіч (14.7.1766, Масква — 26.7.1819),
рускі танцоўшчык, першы рус. балетмайстар, педагог. Прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў Пецярбургскую тэатр. школу (1786), выкладаў у ёй (з 1794). З 1786 саліст Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, выконваў пантамімныя партыі: Ясон («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» Д.Штэйбельта). Паставіў 37 (1-ы — «Шчаслівае пакаянне», 1795) і ўзнавіў 10 балетаў інш. харэографаў. Працаваў у традыцыях дзейснага балета 18 ст. Адбіраў для імператарскіх т-раў лепшых танцоўшчыкаў з прыватнаўласніцкіх труп (у т. л. 14 салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча).
т. 3, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТРАНКА,
вёска ў Смоліцкім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва. 175 ж., 103 двары (1996).
Вядома з 19 ст. З 1866 у Ветранцы дзейнічаў Александрыйскі шклозавод, у 1898 адкрыта школа. У 1926 — 226 ж., 49 двароў. У 1927 пачаў дзейнічаць торфазавод. У 1935—48 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У жн. 1943 гітлераўцы спалілі пасёлак, загубілі 287 жыхароў. Пасля вызвалення адбудаваны.
т. 4, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДАЛАХА́РА (Guadalajara),
горад у Мексіцы, на ПдЗ Мексіканскага нагор’я. Адм. ц. штата Халіска. Засн. ў 1531. 1628,6 тыс. ж., з прыгарадамі 3,43 млн. ж. (1993). Другі пасля Мехіка па колькасці насельніцтва і эканам. значэнні горад краіны. Вузел чыгунак, аўтадарог, газа- і нафтаправодаў. Міжнар. аэрапорт. Прамысловасць: машынабудаванне (у т. л. эл.-тэхн.), металаапрацоўка, харчасмакавая (асабліва мукамольная і алейна-тлушчавая), гарбарна-абутковая, баваўняная, хім., цэм., шкляная. Традыцыйная вытв-сць керамічных вырабаў. 2 ун-ты. Музеі. Арх. помнікі 16—18 ст., у т. л. Палац урада (1643; фрэскі Х.К.Ароска), сабор (1571—1618).
т. 5, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТА́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
выхаваўчая канцэпцыя, заснаваная на сляпым прызнанні аўтарытэтаў, падаўленні ініцыятывы выхаванцаў і падпарадкаванні выхавальніку. Прынцып аўтарытарызму ў выхаванні найб. выразны ў рэліг. сістэме выхавання (езуіцкія калегіумы), у пед. канцэпцыі ням. вучонага І.Ф.Гербарта, у фаш. педагогіцы. З эпохі Адраджэння прагрэсіўныя педагогі супрацьпастаўлялі аўтарытарнаму выхаванню прыродаўзгодненае выхаванне, заснаванае на ідэі поўнай свабоды дзіцяці (Ж.Ж.Русо, рус. педагог К.М.Вентцэль) ці разумнай апекі і творчага супрацоўніцтва выхавальніка і выхаванца (Л.М.Талстой, А.С.Макаранка, В.А.Сухамлінскі і інш.).
Г.В.Сегянюк.
т. 2, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЛО́ВА,
вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 35 км на Пн ад Лагойска, 74 км ад Мінска, 60 км ад чыг. ст. Смалявічы, на шашы Мінск—Віцебск. 103 ж., 51 двор (1994). Лясніцтва, сярэдняя школа.
У 1770 мястэчка ў Барысаўскім пав. У 1798 пісар ВКЛ М.Валовіч заснаваў драўляны касцёл. У 1880 мястэчка Прусавіцкай вол., 268 ж., касцёл, 3 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага р-на, у 1926—35 цэнтр нац. польскага сельсавета. З 1962 у Лагойскім р-не.
т. 1, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАРО́Ў,
вёска ў Беларусі, у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Прыстань на р. Прыпяць. За 31 км на ПдУ ад Мазыра, 164 км ад Гомеля. 563 ж., 265 двароў (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Сядзібна-паркавы ансамбль 19 ст.
Вядомы з 18 ст. як мястэчка, былі смалакурні. У 1779 пабудаваны Успенская царква, каталіцкая капліца, палац (каля 1865; не збярогся). У 1886 — 226 ж., 33 двары. У Вял. Айч. вайну ў Барбарове і наваколлі дзейнічаў славацкі партыз. атрад; вёска была спалена ням.-фаш. акупантамі.
т. 2, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЁНАК Барыс Васілевіч (н. 22.7.1934, г. Беразіно Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1956). Працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі. Яго мастацтва адметнае арганічнасцю, мяккасцю, пластычнай выразнасцю і дакладнасцю знешняга малюнка роляў: Максім Багдановіч («Зорка Венера» М.Алтухова і Б.Бур’яна), Адась, Васіль («Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Максім Кутас («Прымакі» Я.Купалы ў спектаклі «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...»), Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), а таксама ролі ў спектаклях-казках. Удзельнічае ў тэле- і радыёпастаноўках.
т. 2, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЛЬЦАВА Настасся Дзмітрыеўна (1871, г. Харкаў, Украіна — 18.2.1913),
расійская эстрадная спявачка (сапрана), артыстка аперэты. Вучылася ў Пецярбургу. З 1888 выступала ў аперэтачных трупах (у 1893—97 у трупе С.А.Пальма ў Маскве і Пецярбургу). Сярод роляў: Перыкола, Алена («Перыкола», «Прыгожая Алена» Ж.Афенбаха), Сафі («Цыганскі барон» І.Штрауса), Клерэта («Дачка мадам Анго» Ш.Лекока). Зрэдку выступала ў операх: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса). Адначасова канцэртавала, вядомая як выканальніца цыганскіх рамансаў.
Літ.:
Нестьев И.В. Звёзды русской эстрады. 2 изд. М., 1970.
т. 4, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)