НЕФРО́Н (ад грэч. nephros нырка),

асноўная структурна-функцыянальная адзінка нырак пазваночных жывёл і чалавека. Сукупнасць Н. (у чалавека іх каля 2 млн.) забяспечвае мочаўтварэнне і інш. функцыі нырак. Адрозніваюць бесклубочкавыя, якія маюць клеткі аднаго тыпу (у некат. рыб), і клубочкавыя (у інш. пазваночных), што маюць спец. клеткі для асн. працэсаў мочаўтварэння — фільтрацыі, рэабсорбцыі і сакрэцыі. Клубочкавы Н. уключае ныркавае цельца, сістэму паслядоўных канальцаў, зборныя ныркавыя трубачкі, сістэму вывадных праток і лаханку.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗАЎЦО́ВА (Людміла Арсеньеўна) (н. 25.6.1943, г. Кіраў, Расія),

вучоны ў галіне мед. радыялогіі. Д-р мед. н. (1992), праф. (1998). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1967). У 1977—94 у Бел. НДІ кардыялогіі (з 1990 заг. лабараторыі). З 1996 у Маскве. Навук. працы па рэнтгеналагічных даследаваннях у кардыялогіі і кардыяхірургіі, мед. радыялогіі, масавых абследаваннях насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Неинвазивные рентгенологические исследования // Инструментальные методы исследования в кардиологии. Мн., 1994.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЗГАЛАЎЕ,

возера ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 20 км на З ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,5 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Аб’ём вады 0,97 млн. м³. Пл. вадазбору 11,5 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 10—13 м, спадзістыя, пераважна разараныя. Водапрыток па некалькіх меліярац. канавах, на Пд выцякае ручай у р. Ула.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАНА—ЛЕ́ЙБНІЦА ФО́РМУЛА,

асноўная формула інтэгральнага злічэння. Выражае сувязь паміж вызначаным інтэгралам ад функцыі 𝑓(x), зададзенай на адрэзку [a, b], і якой-н. яе першаіснай (гл. Нявызначаны інтэграл): a b 𝑓(x) dx = F(b) F(a) . Правіла, выражанае Н.—Л.ф., было вядома І.Ньютану і Г.В.Лейбніцу (адсюль назва). Калі функцыя 𝑓(x) неперарыўная на [a, b], то для любога x з [a, b] можна таксама запісаць F(x) = a x 𝑓(t) dt + C , дзе C — некаторая пастаянная.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБА́БА Антон, кіраўнік казацка-сялянскага атрада на Беларусі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. Родам з г. Карастышаў Кіеўскага ваяв. (цяпер у Жытомірскай вобл., Украіна). Летам 1648 атрад (загон) Н. дзейнічаў на тэр. ўздоўж р. Прыпяць, граміў маёнткі шляхты і каталіцкага духавенства. У вер. 1648 далучыўся да паўстаўшых гараджан Пінска, разам з імі 5—9.10.1648 абараняў горад ад войск ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім. Больш дакладных звестак пра лёс Н. не выяўлена.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПІУМ (лац. opium ад грэч. opion макавы сок),

опій, высахлы на паветры млечны сок з надрэзаў на няспелых макаўках опійнага маку; моцны наркотык, мае каля 20 алкалоідаў: марфін, кадэін, наркацін і інш. У О. да 10% марфіну, які больш за інш. алкалоіды ўздзейнічае на арганізм чалавека. Ужыванне вядзе да наркаманіі. Прэпараты О. (напр., марфіну гідрахларыд) выкарыстоўваюць як моцны абязбольвальны сродак пры злаякасных пухлінах, нырачных коліках і інш.; супраць кашлю (напр., кадэін) і інш.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЯРО́ЗАВІК, абабак, бабка, бярозавік,

чорнагаловік (Leccinum scabrum), шапкавы грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 формы П.: белы, звычайны, ружавеючы, чорны. Трапляецца з чэрв. па вер. у лясах, пераважна пад бярозамі.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 20 см, пукатая, ад белаватай да цёмна-шэрай і амаль чорнай. Ножка белая, цыліндрычная, даўж. да 15 см, з шараватымі або цёмнымі падоўжанымі лускавінкамі. Мякаць белая, шчыльная. Споры верацёнападобныя, гладкія. Ядомы.

Падбярозавік звычайны.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАТАГРА́ФІЯ (ад лац. palatum паднябенне + ...графія),

адзін з метадаў эксперым. фанетыкі, з дапамогай якога вызначаецца месца сутыкнення языка з паднябеннем пры гукаўтварэнні. Адрозніваюць П. статычную і дынамічную. Здымкі, або артыкуляцыйныя карты, з адлюстраваннем розных органаў маўлення ў час вымаўлення гукаў пэўнай мовы падзяляюць на палатаграмы (паднябенне), лабіяграмы (губы), лінгваграмы (язык), рэнтгенаграмы (маўленчы апарат цалкам).

Літ.:

Барышнікава К.К., Падлужны А.І. Эксперыментальна-фанетычныя даследаванні ў Беларусі // Бел. лінгвістыка. 1974. Вып. 5.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Палессе. Адкрыта ў 1977. Распрацоўваецца з 1981. Пл. 7 км². Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну, у цэнтры Рэчыцка-Вішанскай зоны нафтанамнажэння, за 2 км на Пн ад Мармавіцкага радовішча нафты. Паклады прымеркаваны да барычэўскіх пластоў лебядзянскага гарызонту. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 2560—2678 м. Калектары — кавернозныя, порыстыя і трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта маласярністая, парафіністая, смалістая, шчыльнасць 875 кг/м³.

У.​А.​Багіна.

т. 11, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЫ́КАВІЧЫ 1-я,

вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на Пд ад Магілёва. 1303 ж., 430 двароў (2000). Акц. т-вы «Расма» і «Саюз». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Курган Памяці на ўвекавечанне мірных грамадзян, загубленых ням.-фаш. захопнікамі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі археал. помнік Палыкавічы 1-я.

т. 12, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)