МУСТА́НГ (ад ісп. mustango),

здзічэлы свойскі конь, завезены еўрапейцамі ў Паўн. Амерыку ў 16 ст. Пашыраны ў стэпавай зоне (прэрыі). Жылі вял. табунамі. У 18 ст. М. было каля 4 млн. галоў, цяпер амаль вынішчаны. Выкарыстоўваліся індзейцамі як аб’ект промыслу і з мэтай вывядзення мясц. парод коней (індзейскія поні). У Паўд. Амерыцы здзічэлых коней наз. цымаронамі, у Аўстраліі (завезены ў 18 ст.) — брамбі. Масць разнастайная, як у парод свойскіх коней.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЦЫ́НЫ,

складаныя бялкі (прыродныя глікапратэіды), якія ўваходзяць у састаў сакрэтаў слізістых залоз. Змяшчаюць пераважна кіслыя паліцукрыды, злучаныя з бялком іоннымі сувязямі. Адрозніваюць фукамуцыны (у большасці сакрэтаў слізістых залоз страўнікава-кішачнага тракту) і сіяламуцыны (у сліне падсківічнай і пад’язычнай залоз). Фалікулы яечніка маюць у сабе фукамуцыны ці сіяламуцыны. М. выконваюць ролю змазкі, якая ахоўвае эпітэліяльныя клеткі страўнікава-кішачнага тракту, дыхальных і мочапалавых шляхоў ад мех. пашкоджання, прыгнечваюць зліпанне эрытрацытаў, якое выклікае вірус грыпу.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШКА́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, за 1 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,34 км², даўж. 840 м, найб. шыр. 710 м, найб. глыб. 18,7 м, даўж. берагавой лініі каля 2,9 км. Пл. вадазбору 18,4 км². Схілы катлавіны выш. 3—6 м, на У разараныя, на ПнЗ і З параслі лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Злучана ручаямі з азёрамі Забельскае і Падлужнае.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШКЕЦЁРЫ (франц. mousquetaire ад mousquet мушкет),

разнавіднасць пяхоты, узброенай мушкетамі, у арміях еўрап. краін, у т. л. ВКЛ, 16 — пач. 18 ст. У Францыі акрамя М.-пехацінцаў у 1622—1775 былі каралеўскія М. (гвардз. кавалерыя, што складалася выключна з дваран). У некат. краінах (Расія, Прусія і інш.) палкі пяхоты, якія называліся М., існавалі да пач. 19 ст.

Мушкецёры: 1 — прадстаўнік наёмнай пяхоты Рэчы Паспалітай. 17 ст.; 2 — у час стральбы з цяжкага мушкета. 17 ст.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЯ́ЦІЦКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Мясяцічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1794. Царква трохзрубная, з прамавугольнымі ў плане асн. зрубам і бабінцам і 5-граннай апсідай. Асн. зруб накрыты шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане, бабінец і апсіда — вальмавым. Пры ўваходзе тамбур пад 2-схільным дахам. Сцены гарызантальна ашаляваны. На Пд ад царквы 2-ярусная зрубна-каркасная званіца пад шатровым дахам.

Ю.​Л.​Якімовіч.

Мясяціцкая царква Параскевы Пятніцы.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРВЕ́ЖСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ цёплае паверхневае цячэнне Нарвежскага м., галіна Паўночна-Атлантычнага цячэння. Накіравана на Пн уздоўж берагоў Нарвегіі. Каля 67° паўн. ш. ад яго адгаліноўваецца Нардкапскае цячэнне, якое цячэ ў Баранцава мора; Н.ц. далей на Пн працягваецца як Шпіцбергенскае цячэнне. Т-ра вады 5—7 °C зімой, 10—12 °C летам. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Салёнасць 34—35‰. Аказвае змякчальны ўплыў на клімат Скандынаўскага п-ва і на гідралагічныя ўмовы ўсх. ч. Нарвежскага мора.

т. 11, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ПІСЬМЕ́ННІК БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.3.1956. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь пісьменнікам, якія стварылі выдатныя творы маст. л-ры і маюць асаблівыя заслугі ў развіцці л-ры.

Народныя пісьменнікі Беларусі

1956. К.​Крапіва (К.​К.​Атраховіч).

1962. М.​Ц.​Лынькоў.

1972. І.​П.​Мележ, І.​П.​Шамякін.

1977. А.​Я.​Макаёнак.

1980. В.​У.​Быкаў.

1981. І.​А.​Брыль.

1994. І.​Г.​Чыгрынаў.

1995. І.​Я.​Навуменка.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАДО́ЛЬНАЯ СІ́ЛА, форс-мажор (лац. vis major, франц. force majeure) у праве, падзеі, надзвычайныя абставіны, якія не могуць быць прадугледжаны, прадухілены або ліквідаваны якімі-н. мерамі. Да Н.с. ў заканадаўстве і дагаворнай практыцы адносяць стыхійныя бедствы (напр., землетрасенні, навадненні) і інш. непрадбачаныя і непазбежныя абставіны. У выніку Н.с. адзін з бакоў у цывільна-прававых адносінах міжвольна становіцца прычынай страт другому. У такой сітуацыі Н.с. з’яўляецца акалічнасцю, якая вызваляе ад адказнасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКТО́Н (ад грэч. nēktos які плавае, плыве),

сукупнасць актыўна плаваючых водных жывёл, здольных процістаяць сіле цячэння і актыўна перамяшчацца на значныя адлегласці. Форма цела ў большасці нектонных жывёл абцякальная (верацёна- або тарпедападобная); добра развіты органы руху — ласты, плаўнікі і інш. Да Н. належаць ракападобныя, галаваногія малюскі, рыбы (асн. частка), водныя змеі, чарапахі, пінгвіны, кітападобныя, ластаногія, у прэсных водах таксама насякомыя і земнаводныя. У вадаёмах Беларусі да Н. належаць пераважна ракападобныя і рыбы.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУНІ́ЗМ (ад лац. Neptunus бог Нептун),

геалагічная канцэпцыя паходжання горных парод канца 18 — пач. 19 ст. Засн. ням. вучоным А.​Г.​Вернерам на ўяўленнях аб паходжанні ўсіх горных парод (у т. л. вывергнутых) з вод першаснага Сусветнага акіяна, які ўкрываў паверхню Зямлі, а таксама з вод «сусветнага патопу», аб фарміраванні і пераўтварэнні іх у выніку марскога асадканамнажэння. З 1820-х г., калі былі абгрунтаваны навук. ўяўленні аб вывергнутых і асадкавых пародах, Н. страціў значэнне.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)