частка аптычнай прылады (мікраскопа, тэлескопа і інш.), накіраваная да вока назіральніка. Прызначаны для разглядання павялічанага відарыса, створанага аб’ектывам або абарачальнай сістэмай. Асн. характарыстыкі: фокусная адлегласць, якая вызначае павелічэнне ўсей аптычнай сістэмы; адлегласць да выхадной зрэнкі (ад апошняй паверхні акуляра да відарыса, створанага акулярам); вугал поля зроку. Асн. тыпы простых акуляраў: Гюйгенса (17 ст.) і Рамсдэна (18 ст.). У складаных акулярах за кошт павелічэння колькасці лінзаў і выкарыстання несферычных (напр., парабалічных) паверхняў вугал зроку даводзіцца да 90—100°.
Да арт.Акуляр: a — акуляр Гюйгенса; b — акуляр Рамсдэна; Л1, Л2 — лінзы; Д — дыяфрагма; F — пярэдняя факальная плоскасць; В — вока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, пры + littera літара),
адзін са спосабаў гукавой арганізацыі маўлення, паўтарэнне аднолькавых або падобных зычных гукаў. Словы, звязаныя алітэрацыяй, вылучаюцца ў моўнай плыні, набываюць пэўную інтанацыйную значнасць. Як стыліст. прыём алітэрацыі выкарыстоўваецца з даўніх часоў у вуснапаэт. і літ. разнавіднасцях маст. мовы (пераважна ў паэзіі).
На алітэрацыі пабудаваны многія прыказкі і прымаўкі («Дружба дружбай, а служба службай»), скорагаворкі («Пекар Пётр пёк пірог»). Прасцейшы від алітэрацыі — гукаперайманне, але ў чыстым выглядзе яно выступае рэдка, часцей служыць першаасновай для далейшых гукавых асацыяцый («Шурхатала трава затоеным шэптам: «Ш-ш-ш... с-с-с...» З.Бядуля). Алітэрацыя звычайна спалучаецца з асанансам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНАЯ ТЭАРЭ́МА,
тэарэма, умовай якой з’яўляецца выснова зыходнай (прамой) тэарэмы, а высновай — умова. Прамая і адваротная тэарэма — узаемна адваротныя. З іх праўдзівасці вынікае, што выкананне ўмовы адной з іх не толькі дастаткова, але і неабходна для праўдзівасці высновы, напр., тэарэмы: «калі 2 вуглы трохвугольніка роўныя, то іх бісектрысы роўныя» і «калі 2 бісектрысы трохвугольніка роўныя, то адпаведныя ім вуглы роўныя», — узаемна адваротныя і абедзве праўдзівыя. З праўдзівасці якой-н. тэарэмы не вынікае праўдзівасць адваротнай тэарэмы да яе, напр., тэарэма: «калі лік дзеліцца на 6, то ён дзеліцца на 3» — праўдзівая, а адваротная тэарэма: «калі лік дзеліцца на 3, то ён дзеліцца на 6» — непраўдзівая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНЫХ АДНО́СІН ЗАКО́Н,
фіксуе залежнасць паміж аб’ёмам і зместам паняццяў: чым шырэйшы аб’ём паняцця, тым вузейшы яго змест, і наадварот. Калі аб’ём аднаго паняцця складае частку аб’ёму другога, то для іх зместу ўласцівыя адваротныя адносіны. Прынята лічыць, што першае вызначэнне гэтага закону належыць логікам Пор-Раяля (1660-я г.), але найб. вядомая фармулёўка дадзена І.Кантам. Адваротных адносін закон дае магчымасць тлумачыць лагічныя аперацыі абагульнення і абмежавання паняццяў. Калі ідуць ад паняццяў меншага аб’ёму да паняццяў большага аб’ёму, то за кошт звужэння зместу адбываецца іх абагульненне, калі ж ад паняццяў большага да меншага, то з-за пашырэння зместу адбываецца абмежаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКА 1) найменшы з натуральных лікаў n = 1. Пры множанні адвольнага ліку на 1 атрымліваецца той жа самы лік.
2) Элемент e мноства M наз. адзінкай, у адносінах да бінарнай алг. аперацыі *, калі для адвольнага элемента a мноства M выконваецца роўнасць a * e = a, або e * a = a (абедзве роўнасці незалежныя, г. зн., што ў агульным выпадку a * в ≠ в * a). Адрозніваюць левыя і правыя адзінкі: a * eп = a і eл * a = a. Калі на мностве M вызначана некалькі бінарных аперацый (напр., множанне і складанне лікаў), то e наз. адзінкай толькі ў адносінах да множання, у адносінах да складання — нулём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́ДНЫЯ КААРДЫНА́ТЫпункта, прамойі г.д., каардынаты з уласцівасцю, што аб’ект, які яны вызначаюць, не мяняецца, калі ўсе каардынаты памножыць на адвольны лік.
Напр., аднародныя каардынаты пункта M на плоскасці могуць з’яўляцца лікі x, y, z, звязаныя суадносінамі
, дзе x і y — дэкартавы каардынаты пункта M. Лікі x′, y′, z′ будуць аднароднымі каардынатамі таго ж пункта M у выпадку, калі знойдзецца множнік λ, што , , .
Увядзенне аднародных каардынат дазваляе дадаць да пунктаў эўклідавай плоскасці пункты з трэцяй аднароднай каардынатай, роўнай нулю (т.зв.бесканечна аддаленыя пункты), што істотна дляпраектыўнай геаметрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́НІС (Adonis),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. казяльцовых. Больш за 20 відаў, пашыраных у стэпавых і лесастэпавых зонах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі ў 1960-я г. Як дэкар. расліны інтрадукаваны 2 віды: адоніс вясновы, або гарыцвет (adonis vernalis), і адоніс палымяны (adonis flammea).
Сцябло прамое або слабагалінастае выш. ад 5 да 40 (зрэдку да 70) см. Лісце рассечана на вузкія сегменты. Кветкі буйныя, адзіночныя, залаціста-жоўтыя або чырвоныя. Плады — авальныя шматарэшкі з прамым або кручкападобным носікам. Выкарыстоўваюць для групавых пасадак і бардзюраў. Прэпараты з адонісу вясновага ўжываюцца пры сардэчнай недастатковасці, неўрозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДРАСНАЯ МО́ВАў вылічальнай тэхніцы,
фармальная мова для апісання працэсаў пераўтварэння інфармацыі ў ЭВМ. Кожны элемент інфармацыі адпавядае пэўнаму адрасу (напр., нумару ячэйкі памяці ЭВМ); некаторыя адрасы могуць адпавядаць інш. адрасам. Напр., калі элемент інфармацыі (адрас) b адназначна адпавядае адрасу a, то ў адраснай мове гэта запісваецца формулай (адрасная функцыя). Вылічэнне новых значэнняў і іх засылка на пэўныя адрасы задаюцца адраснай формулай (2 адрасныя функцыі, злучаныя знакам засылкі =>). Запіс b => a азначае, што элемент b засылаецца на адрас a, пасля чаго . Адрасны алгарытм (паслядоўнасць адрасных формул і інш. сімвалаў) спец. праграмамі-транслятарамі пераўтвараецца ў праграму на мове ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РЫЦКІ БОЙ 1942.
Адбыўся ў Вял.Айч. вайну паміж партыз. атрадамі «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.Я.Чырлін), А.Ф.Каваленкі, І.Р.Жулегі, Капаткевіцкім (камандзір А.А.Жыгар) і ням.-фаш. акупантамі ў в. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. 17 лютага. Аперацыяй кіраваў Герой Сав. Саюза Ф.І.Паўлоўскі. Партызаны, знішчыўшы фаш. гарнізон у в. Валосавічы, накіраваліся да в. Азарычы, дзе размяшчаліся гарнізон ворага з 70 чал. і склады са збожжам для адпраўкі ў Германію. Раніцай партыз. атрады занялі зах. частку вёскі, ударныя групы атакавалі каравульнае памяшканне. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны без страт са свайго боку разграмілі гарнізон, захапілі зброю, раздалі насельніцтву 850 т збожжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАТАВА́ННЕў тэхніцы,
від хіміка-тэрмічнай апрацоўкі, насычэнне паверхні метал. вырабаў азотам. Павышае паверхневую цвёрдасць, зносаўстойлівасць і каразійную стойкасць. Вырабы з легіраваных сталяў азатуюць у герметычных муфельных печах пры t 500—700 °C 15 мін — 90 гадз (у залежнасці ад патрэбнай таўшчыні азатаванага слоя). Высокая цвёрдасць азатаванай паверхні (1200 па Вікерсу) звязана з утварэннем у ёй нітрыдаў і карбанітрыдаў легіравальных элементаў. Вырабы са сплаваў тытану апрацоўваюць пры t 850—950 °C 10—50 гадз у асяроддзі тэхн. азоту, ачышчанага ад кіслароду і вільгаці. Азатаванне праводзяць таксама ў тлеючым разрадзе. Выкарыстоўваецца для апрацоўкі некаторых інструментаў, цыліндраў і клапанаў рухавікоў, дэталяў быстраходных станкоў і інш.