КЛЕЙСТАГА́МІЯ (ад грэч. kleistos закрыты + gamos шлюб),

самаапыленне і самаапладненне раслін у нераскрытых кветках. Бывае пастаянная (у фіялкі, кісліцы), звязана з рэдукцыяй калякветніка і памяншэннем памераў кветкі. Асобная форма пастаяннай К. — развіццё і апладненне кветак у глебе (у арахісу). Непастаянная К. абумоўлена неспрыяльнымі ўмовамі (засуха, высокая або нізкая т-ра навакольнага асяроддзя) і не суправаджаецца рэдукцыяй калякветніка (у аўса, кавылю, пшаніцы і інш.). На адной расліне бываюць клейста- і хазмагамныя (адкрытыя) кветкі.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯВА́,

рака ў Ашмянскім і Іўеўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Гаўя (бас. р. Нёман). Даўж. 56 км. Пл. вадазбору 270 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Клявіца ў Ашмянскім р-не. Асн. прыток — р. Трапятушка. Даліна выразная. Пойма двухбаковая, шыр. 100—400 м, месцамі адсутнічае. Рэчышча на працягу каля 18 км каналізаванае, шыр. ў межань 3—7 м, у ніжнім цячэнні да 12 м. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯВІ́ЦА,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Клява (бас. р. Дняпро). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 136 км². Пачынаецца за 3 км на Пд ад в. Стайчанка. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна трапецападобная, шыр. 0,9—1,5 км. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 50—200 м (месцамі да 700 м), у сярэднім і ніжнім цячэнні забалочаная. Рэчышча каналізаванае на працягу 9 км. Шыр. ракі ў межань у ніжнім цячэнні да 8 м.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРЫ НАПА́ЛУ — колеры свячэння металу, якія залежаць ад т-ры нагрэву. Для сталі характэрны колеры: цёмна-карычневы (550), карычнева-чырвоны (630), цёмна-чырвоны (680), цёмна-вішнёвы (740), вішнёвы (770), ярка- або светла-вішнёвы (800), светла-чырвоны (850), ярка-чырвоны (900), жоўта-чырвоны (950), жоўты (1000), ярка- або светла-жоўты (1100), жоўта-белы (1200), белы (1300). Да з’яўлення пірометраў і аўтам. вымяральных прылад па колерах на працягу вякоў вызначалі т-ру нагрэву металаў.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НДА,

рака ў Зах. Сібіры, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 1097 км, пл. бас. 72,8 тыс. км². У басейне шмат азёр. Цячэ па зах. ускраіне Зах.-Сібірскай раўніны. Вельмі звілістая. Асн. прытокі: Мулым’я, Вял. Тап (злева), Еўра, Кума (справа). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца кастр.пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля с. Алтай 327 м³/с. Суднаходная на 744 км ад вусця. Сплаўная. На К. — г. Урай.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РА (ад грэч. korē дзяўчына),

статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы, якая стаіць прама. Вядома з 2-й чвэрці 6 ст. да н. э. ў іанійскай пластыцы, характэрна для мастацтва стараж.-грэч. архаікі. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучалася з тонкай дэкар. апрацоўкай паверхні мармуру, пераважна прычоскі і складак адзення. Асобныя дэталі (вочы, вопратка) часта таніраваліся фарбамі. Выкарыстоўваліся ў якасці ахвярных дароў, што прыносілі ў свяцілішча, а таксама выконвалі функцыю верт. апор у арх. канструкцыях.

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САРАК ((Kosárek) Адольф) (6.1.1830, Гералец каля Гумпалец, Чэхія — 30.10.1859),

чэшскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў нац. школы рэаліст. пейзажа 19 ст. Скончыў Пражскую АМ (1855). Творчасці ўласцівы паступовы пераход ад пейзажа ідэалізавана-рамант. да заснаванага на непасрэдным назіранні натуры, прастата матываў і паэт. адлюстраванне станаў прыроды, перадача асаблівасцей ландшафту Чэхіі і Маравіі: «Змрок» (1853), «Матыў з Пардубіцаў» (1854), «Пейзаж з каменным мостам» (1855), «Чэшскі пейзаж» (каля 1858), «Пейзаж з капліцай» (каля 1859) і інш.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ТЛАС,

горад у Расіі, раённы цэнтр у Архангельскай вобл., на р. Паўн. Дзвіна, пры ўпадзенні р. Вычэгда. Узнік у 1890 як чыг. станцыя на месцы стараж. (вядома з 14 ст.) пасялення комі; горад з 1917. 67,6 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Рачны порт. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, дрэваапр., эл.-мех., харч. і буд. матэрыялаў. Лесаперавалачная база. За 40 км ад К. (г. Каражма) Котласкі цэлюлозна-папяровы камбінат. Драмтэатр. Краязнаўчы музей.

т. 8, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШЫЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1374 Выдадзены польскім каралём Людовікам I Анжуйскім (ён жа і венг. кароль) 17 вер. пасля перагавораў з прадстаўнікамі польскай шляхты на з’ездзе ў г. Кошыцы (Славакія). Шляхта задаволіла дынастычныя прэтэнзіі Людовіка, ён у адказ пашырыў на ўсю шляхту правы і прывілеі, якімі раней карысталіся вышэйшыя свецкія і духоўныя феадалы. К.п. вызваляў шляхту ад усіх павіннасцей, акрамя невял. падатку з зямельных уладанняў і нясення вайск. службы, гарантаваў ёй выключнае права займаць дзярж. пасады.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІЦА,

стаянка эпохі неаліту каля в. Кругліца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., ва ўрочышчы Лысая Гара, на надпоймавай тэрасе р. Нёман. Выяўлены рэшткі агнішчаў, крамянёвы і керамічны матэрыял ад ранняга неаліту да сярэднябронзавага часу (4-е — сярэдзіна 2-га тыс. да н. э.). Знаходкі са стаянкі К. паслужылі падставай для вылучэння сярэдняга (лысагорскага) этапа нёманскай культуры. Выяўлена пахаванне сярэдзіны 2-га тыс. да н. э. з рысамі сосніцкай культуры.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)