УСО́ЕЎ Сяргей Сяргеевіч (н. 5.3.1942, г. Уладзімір, Расія),

бел. вучоны ў галіне мед. генетыкі і анат. антрапалогіі. Д-р мед. н. (1980), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966) і працаваў у ім у 1972—82. З 1982 у Гродзенскім мед. ун-це (да 2001 заг. кафедры). Навук. працы па анат. і мед. антрапалогіі.

Тв.:

Дерматоглифика у детей, страдающих врожденными пороками, с хромосомными аберрациями и без них // Генетика. 1972. Т. 8, № 7;

Использование дерматоглифики родителей в оценке генетического риска // Там жа. 1979. Т. 15, № 3.

т. 16, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРДЫНА́НД III (Ferdinand; 13.7.1608, г. Грац, Аўстрыя — 2.4.1657),

кароль ч. Венгрыі (з 1625) і Чэхіі (з 1627), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1637—57], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын Фердынанда II, бацька імператара Леапольда I. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 пасля смерці А.​Валенштайна (1634) і да ўступлення на імператарскі прастол галоўнакаманд. імперскімі войскамі, генералісімус. З 1636 герм. кароль. Як імператар намагаўся ўзмацніць цэнтр. ўладу. Сапернічаў (да 1645) з Дзьёрдзем I Ракацы. Пры ім завершана Трыццацігадовая вайна (гл. Вестфальскі мір 1648). Клапаціўся пра развіццё ў Вене італьян. оперы.

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫД Сямён Маркавіч (14.11.1891, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 16.2.1946),

бел. мікрабіёлаг. Д-р мед. н. (1936), праф. (1933). Скончыў Саратаўскі ун-т (1918). З 1921 у Дзярж. венералагічным ін-це ў Macrae, з 1930 у 1-м Маскоўскім мед. ін-це. З 1933 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры); адначасова навук. кіраўнік Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. У 1941—43 выкладчык Ваенна-мед. акадэміі. Асн. працы па дыягностыцы венерычных і скурных хвароб, вывучэнні брушнога тыфу, малярыі і інш.

Тв.:

Брушны тыф і барацьба з ім. Мн., 1936.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДРЫХ ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III (Friedrich Wilhelm; 3.8.1770, г. Патсдам, Германія — 7.6.1840),

кароль Прусіі [1797—1840]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха Вільгельма II. У 1806 далучыўся да 4-й антыфранц. кааліцыі (гл. Руска-пруска-французская вайна 1806—07), але ў выніку паражэння прускай арміі ў Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 мусіў заключыць Тыльзіцкі мір 1807. Пры ім у Прусіі праведзены Штайна—Гардэнберга рэформы. Пасля перамогі Расіі ў вайне 1812 абвясціў у сак. 1813 вайну Францыі. Удзельнічаў ва ўтварэнні Свяшчэннага саюза (1815), садзейнічаў падаўленню паўстання 1830—31 у Каралеўстве Польскім.

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Цімафей (Цімох) Багданавіч (каля 1632—25.9.1653),

удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Сын Б.Хмяльніцкага. Вясною 1648 быў пакінуты заложнікам у крымскага хана, з якім Б.​Хмяльніцкі вёў перагаворы пра заключэнне саюза супраць Польшчы. З 1648 чыгірынскі сотнік, удзельнічаў у шматлікіх паходах і бітвах (пад Піляўцамі, Зборавам, Берасцечкам, Батагом); у 1650 — у паходзе ў Малдавію з мэтай разарваць яе саюз з Польшчай. У 1652, вясною і летам 1653 узначальваў паходы ў Малдавію. Загінуў у час аблогі валошскімі, венг. і польскімі войскамі занятага ім г. Сучава (Румынія).

т. 17, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕРАШКЕ́ВІЧ Сяргей Рыгоравіч (23.4.1910, с. Чкалаўскае Спаскага р-на Прыморскага краю, Расія — 27.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1939). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. Камандзір роты ст. лейтэнант Ц. вызначыўся 27.6.1944 у баях каля в. Галоўчын Бялыніцкага р-на: рота на чале з ім 26 чэрв. фарсіравала рэкі Бася і Дняпро, захапіла плацдарм, у крытычны момант бою Ц. са звязкай гранат кінуўся пад варожы танк. У с. Чкалаўскае ўстаноўлены бюст Ц.

С.Р.Церашкевіч.

т. 17, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮМЕ́НЕЎ Аляксандр Ільіч (24.8.1880, С.-Пецярбург — 1.6.1959),

савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1932). Скончыў Пецярб. ун-т (1904), працаваў у ім (1921—23), у Ленінградскім аддзяленні Камуніст. акадэміі (1928—31), Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры АН СССР (1931—38), Даследаваў гісторыю стараж.-усх. і ант. дзяржаў, у т. л. пытанні рабства, гандлю, паліт. жыцця, помнікі стараж.-грэч. пісьма, а таксама метадалогію і сацыялогію гісторыі.

Тв.:

Государственное хозяйство древнего Шумера. М.; Л., 1956.

Літ.:

Амусин И.Д. Академик А.И. Тюменев — историк древнего мира // Вестн. древней истории. 1974. № 3.

т. 17, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧХЕІ́ДЗЕ Ушангі Віктаравіч (27.11.1898—1.12.1953),

грузінскі акцёр, драматург. Нар. арт. Грузіі (1935). Скончыў тэатр. студыю Г.​Джабадары. З 1921 акцёр Т-ра імя Ш.​Руставелі. У 1928 удзельнічаў у стварэнні т-ра ў Кутаісі (цяпер Т-р імя К.​Марджанішвілі ў Тбілісі), працаваў у ім да 1935. Сярод роляў: Кваркварэ Тутаберы («Кваркварэ Тутаберы» П.​Какабадзе), Чаліяні («Учарашнія» Ш.​Дадыяні), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.​Шэкспіра), Гадун («Разлом» Б.​Лаўранёва). Здымаўся ў кіно. Аўтар гіст. драмы «Георгій Саакадзе» (паст. 1940), кніг «Катэ Марджанішвілі — рэжысёр і настаўнік» (1949), «Успаміны і пісьмы» (1956).

т. 17, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТОП Яўген Аляксандравіч (н. 25.10.1939, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Вышэйшую прафс. школу ў Ленінградзе (1973). З 1958 артыст-акрабат Бел. філармоніі, у 1959—60 артыст, у 1978—79 балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі. У 1964—77 і з 1979 маст. кіраўнік Гродзенскага нар. ансамбля танца «Раніца». У 1987—2003 маст. кіраўнік створанага ім ансамбля «Белыя росы». Папулярызатар бел. і рус. танц. фальклору. Сярод пастановак танцы «Трапятуха», «Бульба», «Лявоніха», «Церніца», лірычны карагод «Верасы» і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.

т. 17, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛІ́ЗАЎСКІ ШКЛОЗАВО́Д Пабудаваны ў 1912 ва ўрочышчы Ялізава (цяпер р.п. Ялізава ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл.). У 1913—14 была паравая машына і паравы кацёл; працавалі 62 чал.; выраблена 63 тыс. лістоў аконнага шкла (30 тыс. аршынаў квадратных). З верасня 1914 і ў 1915 не працаваў. Пасля 1917 шклозавод рэканструяваны і расшыраны; наз. «Кастрычнік». У 1927 на ім працавала 500 рабочых. З 2002 Беларуска-Аўстрыйскае сумеснае закрытае акц. т-ва «Шклозавод Ялізава». У 2003 праведзены рэканструкцыя і пераабсталяванне. Асн. прадукцыя (2003) — слоікі розных памераў.

т. 18, кн. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)