КАВАЛЬКІ́,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 3,5 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,23 км², даўж. 740 м, найб. шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 6—7 м, пераважна разараныя. Берагі выш. да 0,6 м, на Пн і Пд сплавінныя. На Пн забалочаная пойма (шыр. да 500 м), пад хмызняком. Дно глеістае. Вызначаецца высокай мінералізацыяй вады.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕЛІ́Н (ад імя італьян. мінералога Н.​Кавелі),

меднае індыга, мінерал класа сульфідаў, сульфід медзі, CuS. Змяшчае медзь да 66,4%, прымесі жалеза, часам селен, серабро, свінец. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, трапляюцца рэдка. Зямлістыя сажыстыя агрэгаты, скарынкі. Колер індыгава-сіні да сінявата-чорнага. Бляск металічны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 4,6—4,76 г/см³. Утвараецца ў зонах другаснага сульфіднага абагачэння ў меднарудных радовішчах, вельмі рэдка гідратэрмальнага паходжання. Другарадная руда медзі.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́РМА (італьян. caserma ад лац. casa домік, лагерны барак),

будынак з жылымі, службовымі і вучэбнымі памяшканнямі, прызначанымі для пастаяннага размяшчэння асабовага складу вайск. часцей. Спец. пабудовы для размяшчэння войск вядомы з часоў Стараж. Рыма і Карфагена. З 16 ст. К. будавалі ў Іспаніі, з 17 ст. — ў Францыі. У Расіі першыя К. пабудаваны ў 1741 у Пецярбургу. У дарэв. Расіі К. наз. таксама інтэрнат для рабочых пры фабрыках, промыслах і да т.п.

т. 7, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКО́ШНІК (ад стараж.-слав. кокош — курыца ці певень),

старажытны рус. галаўны ўбор замужніх жанчын. У дапятроўскай Русі бытаваў у баярскім асяроддзі, у 19 ст. — у купецкім і сялянскім (пераважна ў паўн. губернях). Характэрны элемент К. — грэбень, форма якога ў розных рэгіёнах мела свае асаблівасці. Рабілі на цвёрдай аснове, упрыгожвалі парчой, пазументам, бісерам, пацеркамі, перламі, больш багатыя — і каштоўнымі камянямі. Найб. пашыраны арнамент — раслінны і птушкі.

Какошнік. Алонецкая губ. (Расія). Канец 19 ст.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНЧА́ (цюрк., ад араб. крэпасць),

вежавая частка будынка супрацьпажарнай аховы ці асобнае вежавае збудаванне ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Верхні ярус К. быў адкрыты для лепшага агляду мясцовасці, меў звон, сігнальную мачту. Будавалі К. з цэглы, дрэва, металічных рэек. Драўляная К. звычайна мела каркасную канструкцыю, якую абшывалі дошкамі ці пакідалі адкрытай. К. заўсёды была адметным элементам сілуэтнай кампазіцыі горада. З развіццём сродкаў сувязі і інфармавання роля К. зменшылася.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́Т (ад грэч. kolon тоўстая кішка),

вострыя ці хранічныя запаленча-дыстрафічныя пашкоджанні тоўстай кішкі. Прычыны: інфекцыя (бацылярная дызентэрыя, грып, пнеўманія, сальманелёз), інвазія (амёбная дызентэрыя, балантыдыяз), гельмінтозы (трыхацэфалёз, аскарыдоз), атручэнні, хваробы страўніка, печані, уздзеянне алергічных фактараў, няправільнае харчаванне (аднастайная ці вострая ежа, алкаголь, недахоп вітамінаў). Характарызуецца спастычнымі болямі ў жываце, функцыян. парушэннем работы кішэчніка (запор, панос, у цяжкіх выпадках з прымессю крыві), іншы раз павышэннем т-ры, стратай апетыту, слабасцю. Лячэнне: тэрапеўтычнае, дыета.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ КАХА́ННЯ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992). За 2 км на У ад в. Валоўшчына Мінскага р-на. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй 1,1 м, у абводзе 12,6 м, аб’ём 8,3 м³, маса каля 22 т, поўны аб’ём валуна (з падземнай ч.) 53 м³, маса каля 140 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́Л СУ́ВЯЗІ, канал перадачы,

сукупнасць тэхн. прылад і фіз. асяроддзяў для перадачы інфармацыі (сігналаў) ад крыніцы да прыёмніка. Мае перадатчыкі, прыёмнікі, узмацняльнікі сігналаў, кадавальныя і дэкадавальныя прылады, камутатары, фільтры і інш. Паводле відаў інфармацыі, якая перадаецца, адрозніваюць тэлегр., тэлеф., тэле- і радыёвяшчальныя, тэлемех. факсімільныя і інш., паводле тыпу ліній сувязі (ліній перадачы) — правадныя (паветраныя лініі. сіметрычныя і кааксіяльныя кабелі, хваляводы), радыё (радыёрэлейныя, спадарожнікавыя наземнага вяшчання), аптычныя (на адкрытай прасторы і валаконна-аптычныя).

т. 7, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНГРЭГА́ЦЫІ (ад лац. congregatio злучэнне, аб’яднанне) у каталіцызме, 1) органы рымскай курыі, якія ажыццяўляюць кіраванне пэўнымі сферамі дзейнасці каталіцкай царквы. Узначальваюцца прэфектам, якога прызначае папа.

2) Рэлігійныя арг-цыі, якія кіруюцца манаскімі ордэнамі. Уваходзяць як свяшчэннаслужыцелі, так і недухоўныя асобы. Члены К. даюць зарокі (цноты, паслушэнства, беднасці) на пэўны тэрмін ці пажыццёвыя. Узніклі ў канцы 16—17 ст., найб. пашыраны ў 19 ст. 3) Аб’яднанне некалькіх манастыроў, якія прытрымліваюцца аднаго статута, пад адзіным кіраваннем.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЕЎ,

горад на Украіне, раённы цэнтр Чаркаскай вобл., на р. Дняпро, за 45 км ад чыг. ст. Таганча. Вядомы з 1149. 29,7 тыс. ж. (1991). Рачны порт. Прадпрыемствы эл.-мех., мед. тэхнікі і спец. тэхнал. абсталявання, дрэваапр., харчасмакавай прам-сці. ГЭС. Музей нар. дэкар. мастацтва, б-ка-музей А.​П.​Гайдара (пахаваны ў К.). Каля К. на Тарасавай гары літ.-мемар. музей-запаведнік Т.​Г.​Шаўчэнкі (магіла паэта). Юр’еўскі (Успенскі) сабор (1144).

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)