гарадскі пасёлак у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка (утвараюць р. Рыбчанку), на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. На аўтадарозе Мінск—Маладзечна. За 32 км ад Маладзечна, за 41 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Радашковічы. Вузел аўтадарог на Аляхновічы, Пралескі, Рагаву. 5,7 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1447, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. З 1499 уласнасць кн. В.М.Вярэйскага, Гаштольдаў, Боны Сфорца, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 да сярэдзіны 19 ст. штогод праводзіліся кірмашы. У 1549 горад, 150 двароў, 18 корчмаў, майстэрні, Радашковіцкі замак. У 1569 Р. атрымалі магдэбургскае права, у 1792 — герб: на сярэбраным полі паясная выява св. Стафана, пабітага камянямі. З 1793 у Рас. імперыі, заштатны горад Вілейскага пав. Мінскай губ., з 1842 цэнтр воласці Віленскай губ. У 1897—2615 ж., гар. і рэальнае вучылішчы, бровар. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад Віленскага ваяв. У 1922—28 працавала Радашковіцкая беларуская гімназія. З канца 1939 у БССР. З 1940 гар. пасёлак і да 1960 цэнтр Радашковіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 6433 чал.; у 1941 у абарончых баях каля Р. вызначыліся экіпажы самалётаў Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэлы, Героя Рас. Федэрацыі А.С.Маслава і інш. З 1960 у Маладзечанскім р-не.
Працуюць Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка», хлебазавод, міжгасп. прадпрыемства керамічных вырабаў, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, М.Ф.Гастэлу, яго экіпажу, сав. лётчыкам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, Я.Купалу, Ядвігіну Ш. Помнікі архітэктуры: Радашковіцкі касцёл, царква пач. 20 ст.Археал. помнік — гарадзішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Януш) (2.12.1612, мяст. Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын К.Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вызнаваў кальвінізм. Вучыўся ў кальвінісцкай Слуцкай гімназіі, Лейпцыгскім, Альдорфскім і Лейдэнскім ун-тах. У 1633—46 падкаморы ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 удзельнічаў у баях за Смаленск. З 1646 польны гетман ВКЛ, адначасова ў 1647—53 генеральны староста Жамойці. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 са студз. 1649 узначальваў войска ВКЛ па задушэнні паўстанняў на Беларусі: у студз.—лют. 1649 узяў Тураў, Мазыр (гл.Мазырскае паўстанне 1649), схіляў мяшчан Бабруйска здаць горад (гл.Бабруйска абарона 1649); у ліп. 1649 заняў Рэчыцу, атрымаў перамогі ў Лоеўскай бітве 1649 і Лоеўскай бітве 1651, 4.8.1651 заняў Кіеў. У сак. 1652 з-за рознагалосся з каралём Р. упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай сарваў сейм, даручыўшы сваім прыхільнікам выкарыстаць права ліберум вета. З 1653 віленскі ваявода, з 1654 — вялікі гетман ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. 12.8.1654 перамог пад Шкловам армію Я.Чаркаскага, а 24.8.1654, акружаны пад Шапялевічамі, пацярпеў паражэнне ад арміі А.М.Трубяцкога, сам быў паранены. У студз. 1655 спрабаваў адбіць Магілёў. Пасля заняцця рас. войскам улетку 1655 б.ч. Беларусі, а таксама Вільні і Коўна, стаў ініцыятарам заключэння Кейданскага дагавора 1655. Аднак напярэдадні падпісання дагавора значная частка яго войска адышла да мяжы з Прусіяй і ўтварыла ў Вярболаве канфедэрацыю прыхільнікаў уніі з Польшчай і караля Яна Казіміра. Супраць іх у ліст. 1655 Р. з невял. сваім войскам і шведскімі атрадамі рушыў у паход на Падляшша. Заняў г. Тыкоцін, дзе раптоўна памёр (існуе версія, што быў атручаны).
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎ,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Іслач, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад г. Валожын, 39 км ад Мінска, 16 км ад чыг. ст. Беларусь. 2106 ж., 765 двароў (2001). З-дбуд. вырабаў, лясніцтва. Сярэдняя школа, філіял муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай «Божая ласка». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік на магіле бел. кампазітара М.Р.Грушвіцкага. Помнікі архітэктуры: Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква, Ракаўскі касцёл дамініканцаў, капліца св. Ганны (2-я пал. 19 ст.). Стараж. цэнтр ганчарнага промыслу (гл.Ракаўская кераміка). Каля вёскі гарадзішча жал. веку. У наваколлі Р. санаторый Нац.АН Беларусі, санаторый-прафілакторый «Іслач», дзіцячы санаторый «Пралеска», 9 дзіцячых устаноў адпачынку і аздараўлення, геал. помнік прыроды Ракаўскі кангламерат.
Вядомы з 15 ст. Уласнасць Кежгайлаў, Завішаў, Сангушкаў, Салагубаў, Агінскіх. Пры Сангушках горад, гандл.цэнтр. У канцы 16 — пач. 17 ст. працавала друкарня. У 1686 заснаваны дамініканскі, у 1702 — базыльян кляштары. У 1701 атрымаў прывілей на 2 кірмашы ў год. З 1793 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав., 1006 ж., 159 двароў, царква, школа, сінагога, з-ды с.-г. прылад, ганчарны, цагельня, піваварня, 2 млыны, 29 крам. У 1897—3641 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. Віленскага ваяв. Са снеж. 1939 у Вілейскай вобл.БССР. У 1940—54 гар. пасёлак, да 1960 у Радашковіцкім р-не Маладзечанскай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты спалілі Р., загубілі больш за 2 тыс.чал. У 1960—62 і з 1965 у Валожынскім, у 1962—64 у Маладзечанскім р-нах Мінскай вобл.
Літ.:
Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава) // Куфэрак Віленшчыны. 2000. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВО́Й ХІ́МІІ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, прадукцыя якой прызначана для гасп.-быт. патрэб. Выпускае больш за 100 найменняў тавараў і таварных груп, у якасці сыравіны выкарыстоўвае прадукцыю хім., нафтахім., харч. і інш. галін прам-сці і некат. с.-г. прадукты. Уключае вытв-сць сродкаў мыйных, паліравальных, клеючых, для чысткі, вывядзення плям, адбельвання, падсіньвання і падкрухмальвання вырабаў з тканін, барацьбы з быт. насякомымі і грызунамі, аховы с.-г. раслін ад шкоднікаў, догляду вырабаў са скуры і замшы, фотахімікатаў, лакафарбавых матэрыялаў, мінер. угнаенняў, вырабаў з пластмасаў, сухога спірту, парафінавых і ёлачных свечак, антыфрызу і інш.
Узнікненне і развіццё бытавой хіміі прамысловасці звязана са станаўленнем хім. прамысловасці. Асн.ч. прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці складаюць мыйныя сродкі. Сусветная вытв-сць іх у 1992 склала больш за 20 млн.т, каля 4 кг на душу насельніцтва (найб. у Бельгіі, 44 кг). У 10 найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць краіны Амерыкі, Еўропы і Азіі (гл.табл. 1). Найб. вядомыя ў свеце кампаніі па вытв-сці тавараў быт. хіміі «Проктэр энд Гэмбл» (ЗША), «Юнілевер» (Нідэрланды), «Міні Бэст» (Германія), «Кампазіл» (Бельгія), «Коніка» (Японія) і інш.
У Беларусі, як і ў інш. краінах б.СССР, як самаст. галіна аформілася ў 1965. Прадукцыю быт. хіміі выпускаюць больш за 30 прадпрыемстваў. Найб. з іх ВА«Брэстбытхім», Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Барысаўскі з-дбыт. хіміі, Лідскае акц.т-ва «Лакафарба». У галіне дзейнічаюць ВА «Нафтан» (Наваполацк), Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Пухавіцкі з-д горнага воску, Пінскі з-д штучных скур, з-ды пластмасавых вырабаў (Гомель, Барысаў, Рудзенск), «Тэрмапласт» (Рэчыца), «Металапластмасы» (Ляхавічы), ВА «Белпласт» (Пінск), «Паліміз» (Барысаў), «Эмальпосуд» (Слуцк, Гомель), гумавых (Крычаў) і гумава-тэхн. вырабаў (Капыль), быт. хіміі (Калінкавічы), камбінаты буд. матэрыялаў (Пухавічы, Кобрын, Даманава) і інш.Удз. в.хім. прадукцыі сярод прадметаў ужытку (група «Б») складае 2,4% (1993). Пра асн. віды прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці ў Беларусі гл.табл. 2.
В.М.Сасноўскі.
Табліца 1 Найбуйнейшыя краіны-вытворцы сінтэтычных мыйных сродкаў (1992)
Краіна
Агульная вытв-сць, тыс.т
На душу насельніцтва, кг
ЗША
4000
16
Вялікабрытанія
1575
28
Францыя
1530
26
Італія
1500
27
Кітай
1462
1,3
Іспанія
1350
35
Японія
1055
9
ФРГ
930
13
Мексіка
880
10
Расія
511
3,4
Табліца 2 Вытворчасць тавараў бытавой хіміі ў Беларусі
Наменклатура тавараў
гады
1985
1990
1994
Тавары быт. хіміі, у млрд.руб.
71,1
121,1
70,9
у тыс.т
104
271
29
у т.л. мыйныя сродкі
36
38
6
3 іх сінтэтычныя
30
31
5
сродкі для адбельвання, падсіньвання, падкрухмальвання вырабаў з тканін
2,6
3,5
1,0
сродкі для чысткі
7,2
9,6
3,1
сродкі догляду аўтамабіляў, матацыклаў і веласіпедаў
—
3,5
2,4
сродкі супраць быт. насякомых, грызуноў і для дэзінфекцыі
1,5
1,1
0,1
сродкі для аховы раслін садоў і агародаў
0,5
1,1
0,1
мінер. ўгнаенні
26
162
0,7
лакафарбавыя матэрыялы
17
34
7
Да арт.Бытавой хіміі прамысловасць. Вытворчасць аэразольных прэпаратаў на Брэсцкім заводзе бытавой хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Віцебску і прыгарадзе ў Вял.Айч. вайну. Аб’ядноўвала каля 1,5 тыс.чал., 66 падп. груп. Адным з першых узніклі групы ў мед. установах (кіраўнікі К.С.Акаловіч, М.Л.Мурашка, Р.Ф.Махноў), Стадыённым пасёлку (А.Я.Белахвосцікаў), Маркаўшчыне (В.А.Вярбіцкі), электрападстанцыі (У.А.Казлоўскі), на вузле сувязі (А.Г.Канаплёў, пазней Л.Дз.Бярозкіна), Чэпінскім лесаскладзе (М.А.Купалаў), чыг. вузле (Ф.К.Мехаў, А.А.Гагуля), торфапрадпрыемстве (Л.І.Хрыпач), таракамбінаце (В.Дз.Шалуха) і інш. Да канца 1941 у горадзе было больш за 20 груп, у 1942 — 56. З сак. 1942 падполле дзейнічала пад кіраўніцтвам падп. абкомаў КП(б)Б (1-ы сакратар І.А.Стулаў) і ЛКСМБ (В.І.Лузгін). Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, распаўсюджвалі лістоўкі, рабілі дыверсіі на ваен. аб’ектах, здабывалі зброю, узрыўчатку, боепрыпасы, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных (зімой 1941—42 каля 3 тыс.чал.) і выводзілі іх з горада. У вер. 1942 для ўзмацнення кіраўніцтва падполлем у Віцебск паслана група з 17 чал. на чале з В.Харужай. Падпольшчыкі мелі больш за 50 канспіратыўных кватэр і явак, у некаторых з іх хавалі зброю, боепрыпасы, л-ру. З утварэннем у лютым 1942 Віцебскіх «варот» была наладжана сувязь з сав. тылам; падпольшчыкі дапамагалі закінутым на акупіраваную тэр.сав. спецгрупам выконваць іх заданні. У барацьбе з акупантамі дапамогу падполлю аказвалі ням. і чэшскія антыфашысты. З пач. 1942 актыўна дзейнічалі групы І.А.Бекішава, Г.К.Грабяньковай, М.Я.Нагібава, А.І.Ліпці, Т.А.Ламаносенка і інш.За 1942 падпольшчыкі зрабілі 102 дыверсіі, пусцілі пад адхон 14 эшалонаў, знішчылі 36 чыг. цыстэрнаў з гаручым, 32 аўтамаб. і 2 чыг. масты і інш. У канцы 1942 — пач. 1943 патрыёты правялі шэраг буйных дыверсій у горадзе і прылеглых раёнах, на чыгунцы і інш. аб’ектах праціўніка, у лют. — ліст. 1943 кожныя 3 дні ў горадзе адбываліся дыверсіі або тэрарыстычныя акты. Падпольшчыкі садзейнічалі пераходу да партызан у лютым 1943 волгататарскага батальёна, які прыбыў для ўдзелу ў карных аперацыях. Спрабуючы знішчыць падполле і разграміць партыз. рух, з канца 1942 гітлераўцы праводзілі буйныя карныя экспедыцыі супраць партызан і адначасова засылалі ў падполле правакатараў. У выніку іх дзейнасці разгромлены многія падп. групы. Але на працягу 1943 створана 10 новых груп пераважна з сав. ваеннапалонных. З набліжэннем лініі фронту з вер. 1943 гітлераўцы пачалі эвакуацыю. Па ўзгадненні з падп. кіраўніцтвам і партызанамі падпольшчыкі з кастр. паступова пакідалі горад і ўліваліся ў партыз. атрады. У барацьбе з гітлераўцамі загінуў кожны трэці віцебскі падпольшчык. У гонар падпольшчыкаў у Віцебску пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКІЯ,
старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛТрайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш.Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял.кн. Вітаўта. Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам завял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗКІ ПРА ЖЫВЁЛ,
адзін з найб. старажытных відаў казачнага эпасу, у сістэме маст. вобразаў якога цэнтр. месца займаюць персанажы жывёльнага свету. У бел. казачным эпасе складаюць 12—14% вядомых запісаў. Прайшлі складаны шлях развіцця ад паляўнічых апавяданняў продкаў, дзе прац. вопыт і трапныя назіранні за прыродай і жывёльным светам спалучаліся з анімізмам і татэмізмам, да сатыр. твораў, у якіх у алегарычнай форме адлюстраваны сац. канфлікты класавага грамадства. Ім уласцівы кампазіцыйная завершанасць, рыфмаваная ці рытмізаваная мова, асабліва ў прыказках-зачынах і канцоўках, шырокае ўжыванне прыказак і прымавак, песень. Характэрныя рысы гэтых казак — займальная ўмоўнасць, лаканічная форма, якая часам набліжае іх да байкі. Разгорнуты дыялог казак стварае магчымасці для імправізацыі. Часта дзеянне будуецца на нарошчванні падзей накшталт славутай казкі пра рэпку (гл.Кумулятыўныя казкі).
Тыповыя персанажы — ліса, воўк, мядзведзь, заяц, сабака, кот, баран, конь, певень і інш. — надзелены рысамі, якія адлюстроўваюць пануючыя ў народзе вобразныя ўяўленні пра гэтых жывёл. ліса заўсёды хітрая, кот мудры, воўк дурны і прагны. Праз гэтыя вобразы раскрываюцца тыповыя характары і якасці людзей, іх сац. і маральна-этычныя адносіны. У казках услаўляюцца тыя, хто стаіць за праўду і справядлівасць, высока ставіць шчырасць і ўзаемадапамогу, асуджае няўдзячнасць, гультайства, прагнасць, выказваюцца крытычныя адносіны народа да служак культу. З тонкім гумарам народ высмейвае фанабэрыстасць, зайздрасць, баязлівасць і інш. недахопы людзей. Мэта такіх казак, спецыяльна разлічаных на дзіцячую аўдыторыю, — пазнаёміць малых з навакольным светам, паказаць прасцейшыя ўзаемаадносіны паміж дзеяннем і яго вынікам.
Бел. казкі — неад’емная частка казачнага эпасу ўсх. славян, яны маюць нямала агульных рысаў з казкамі інш. народаў. Сюжэты такіх казак, як «Пра мужыка і лісу», «Лісічка-сястрычка і воўк», «Каток, пеўнік і ліска», «Дурны воўк», «Каза Дарота», цікава распрацаваны і ў бел., і ў рус., і ўкр. фальклоры. Яны вядомы і ў творчасці інш. народаў свету. Але бел. казкі маюць адметныя рысы, захоўваюць нац. каларыт і непаўторнасць: напр., «Чаму ваўкі званка баяцца», «Бык і ваўкі», «Чалавек і мядзведзь», «Сава і дзяцел», «Музыка і яшчарка», «Варона і рак». Даследчык усх.-слав. казак С.У.Саўчанка называў іх перламі бел. казачнага эпасу і вылучаў іх як адметную з’яву ў фальклоры ўсх. славян. Іх адметнасць падкрэслівалі Я.Ф.Карскі, чэш. фалькларыст І.Поліўка. Найбольш К. пра ж. апублікавана ў зб-ках Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна, М.Федароўскага, яны ўвайшлі ў асобную кн. шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць» «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), дзе змешчаны 145 варыянтаў розных сюжэтных тыпаў. У архіве Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі захоўваецца больш за 100 тэкстаў, сярод якіх творы на невядомыя раней у бел. фальклоры сюжэты. У наш час гэтыя казкі сталі здабыткам пераважна дзіцячай аўдыторыі.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, ч. 1. М., 1916;
Костюхин Е.А. Типы и формы животного эпоса. М., 1987;
Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МЕРАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў Расійскай Федэрацыі на ПдУЗах. Сібіры. Утворана 26.1.1943. Пл. 95,5 тыс.км². Нас. 3037 тыс.чал. (1997), гарадскога 87%. Цэнтр — г.Кемерава. Найб. гарады: Новакузнецк, Пракоп’еўск, Бялова, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Анжэра-Суджанск.
Прырода. К.в. займае Кузнецкую катлавіну (выш. да 500 м), размешчаную паміж Салаірскім кражам (выш. да 590 м) і Кузнецкім Алатау (выш. да 2178 м). На Пд хрыбты Горнай Шорыі, на Пн частка Зах.-Сіб. раўніны. Карысныя выкапні: каменны вугаль (найбуйнейшы ў Расіі Кузнецкі вугальны басейн), буры вугаль (зах.ч.Канска-Ачынскага вугальнага басейна), сідэрытавыя (на ПнУ), магнетытавыя (радовішча Таштагол і Шэрэгеш у Горнай Шорыі), марганцавыя (Усінскае), поліметал. (Салаір) руды, золата, нефеліны (Кія-Шалтыр), вермікуліт, трэмаліты, баксіты, фасфарыты, тальк, прыродныя цэаліты, буд. матэрыялы (больш за 135 радовішчаў, з іх 50 эксплуатуюцца). Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны з працяглай зімой і кароткім цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -22 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 300—500 мм, у гарах да 900 ммза год. Рэкі належаць да бас.р. Об (найб. Том, Іня, Кія, Яя, Чумыш), багатыя гідраэнергіяй (гідрарэсурсы 261 тыс.кВтгадз на 1 км², 2-е месца ў Расіі пасля Іркуцкай вобл.). Глебы на раўніне ў Кузнецкай катлавіне чарназёмныя, у перадгорнай і горнай частках шэрыя лясныя, падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 4,5 млн.га (запасы драўніны 598 млн.м³), пераважаюць хвойныя (піхта, кедр, хвоя), лесастэпы з бярозава-асінавымі колкамі, стэпы — кавыльна-ціпчаковыя.
Гаспадарка. Гал. галіна прам-сці — вугальная, сканцэнтравана ў Кузбасе (94,4 млн.т, 1996, 40% здабычы Расіі). Асн. цэнтры здабычы: Пракоп’еўск, Новакузнецк, Анжэра-Суджанск, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Бялова, Междурэчанск і інш.Вытв-сць электраэнергіі 27 млрд.кВтгадз (1996). Кемераўская, Том-Усінская, Паўд.-Кузбаская, Бялоўская ДРЭС. Вытв-сць чорных металаў на Кузнецкім металургічным камбінаце, з-дах: Зах.-Сібірскім поўнага цыкла, Новакузнецкім ферасплаваў і металургічным няпоўнага цыкла ў Гур’еўску. Каляровая металургія прадстаўлена вытв-сцю алюмінію і цынку. Хім.прам-сць пашырана ў Кемераўскім вузле: коксахім. з-д, Новакемераўскі хім. камбінат, азотна-тукавы з-д, аніліна-фарбавы, капронавай пражы. Металаёмістае машынабудаванне арыентавана на патрэбы вугальнай, металургічнай і хім. прам-сці. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, шыферу, шкла, жалезабетонных канструкцый і дэталяў). Развіта лясная, дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч. і лёгкая прам-сць. Сельская гаспадарка прыгараднага характару. Больш за 65% с.-г. прадукцыі дае малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Развіты пчалярства, пушны промысел, зверагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,7 млн.га (60% займаюць ворныя землі). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, авёс), бульбу, агародніну. Аснову трансп. сеткі складаюць чыгункі. Транскантынентальная чыг. магістраль, Паўладар—Барнаул—Новасібірск—Абакан і шэраг чыг. ліній на Кузбас: Новасібірск—Бялова—Новакузнецк з адгалінаваннямі на Кемерава, Гур’еўск, Таштагол. Даўж. чыгунак 1,8 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,7 тыс.км. Суднаходства па р. Том. Нафтаправод Ніжнявартаўск—Анжэра-Суджанск—Краснаярск.
Размешчаны ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Уключае мемарыяльныя сядзібы Смольня, Акінчыцы, Альбуць, Ласток. Смольня — літ.-мемарыяльны комплекс, за 1,5 км ад в. Мікалаеўшчына. Былая сядзіба Міцкевічаў (родных Я.Коласа), якія жылі тут з 1910. Сюды паэт прыязджаў у 1911—14, 1940, 1947—56. Тут у жн. 1912 ён упершыню сустрэўся з Я.Купалам. На тэр. сядзібы хата, гасп. пабудовы, калодзеж, ліпы, пасаджаныя Я.Коласам у 1911. Экспазіцыя складаецца з літ. і мемарыяльнай частак. У літ.ч. (адкрыта для наведвання 8.6.1967 у 2-павярховым будынку, новая створана ў 1982 да 100-годдзя з дня нараджэння паэта) архіўныя дакументы, фотаздымкі, аўтабіягр. матэрыялы, аўтографы твораў Я.Коласа, асабістыя рэчы і мэбля паэта пасляваен. часу. У мемарыяльнай ч. (адкрыта для наведвання 2.11.1972 у хаце) матэрыялы пра сустрэчу Я.Коласа і Я.Купалы, фотаздымкі, прадметы побыту сям’і Міцкевічаў. На хаце ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Акінчыцы — мемарыяльная сядзіба. У мінулым засценак, потым вёска, з 1977 ў межах г. Стоўбцы. Тут у 1881—83 жыў бацька паэта М.К.Міцкевіч з сям’ёю. Сядзіба адноўлена, на яе тэрыторыі гумно, пограб, калодзеж, хата. Мемарыяльная экспазіцыя адкрыта для наведвання 30.10.1982. Сярод экспанатаў аналагі рэчаў, якімі карысталася сям’я Міцкевічаў, прадметы сял. побыту канца 19 ст. На хаце мемарыяльная дошка: «Тут 3 лістапада 1882 г. нарадзіўся народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)». Альбуць — мемарыяльная сядзіба, за 5 кмПдУ ад г. Стоўбцы. Былая леснічоўка, дзе ў 1890—1904 жыла сям’я Міцкевічаў. Туг прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Я.Коласа (1890—1902), адсюль ён хадзіў у нар. вучылішча ў в. Мікалаеўшчына, тут напісаў першы верш. Альбуць у паэме «Новая зямля» апісана як Парэчча. Сядзіба з пабудовамі адноўлена. У 1990 створана літ.-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы «Новая зямля», якая складаецца з фотаздымкаў прататыпаў герояў паэмы, рукапісаў, выданняў паэмы розных гадоў, прадметаў побыту сялян 19—20 ст. На хаце ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Ласток — мемарыяльная сядзіба, за 12 км ад в. Мікалаеўшчына. Ва ўрочышчы Ласток (Сухошчыне) прайшлі раннія дзіцячыя гады Я.Коласа. Захавалася хата, адноўлены гасп. пабудовы. У 1997 адкрыты 2 пакоі экспазіцыі па матывах паэмы «Сымон-музыка», у якіх экспануюцца копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, лісты, дакументы, фотаздымкі, вырабы нар. майстроў Стаўбцоўшчыны, творы бел. мастакоў. Устаноўлена мемарыяльная дошка: «У гэтай хаце ў 1885—1890 гг. жыў вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)».
Літ.:
Мой родны кут. Мн., 1981;
Тумас Г. Родны бераг песняра. Мн., 1982.
З.М.Камароўская.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная хата ў Смольні.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Ластку.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Акінчыцах.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Альбуці.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Фрагмент экспазіцыі мемарыяльнай хаты ў Альбуці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́ЦКІ РАЁН.
На У Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 14.8.1979). Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 82,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 47,8%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Лунінец. Уваходзяць рабочы пас.Мікашэвічы, 80 сельскіх нас. пунктаў; 11 сельсаветаў: Багданаўскі, Бастынскі, Вулькаўскі, Гарадоцкі, Дварэцкі, Дзятлавіцкі, Лахвенскі, Лунінскі, Радзігераўскі, Сінкевіцкі, Чучавіцкі; Мікашэвіцкі пасялковы Савет. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 88% нас. пражываюць на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі.
Тэр. раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, нахілена ў бок даліны р. Прыпяць. 70% тэрыторыі — ніжэй за 140 м, найвыш. пункт 150 м (за 6 км на Пд ад в. Малыя Чучавічы). Карысныя выкапні: граніт (буд. камень), пясок, гліна, суглінак, каалін, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 615 ммза год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі — Прыпяць з прытокамі Случ (з Валхвой), Лань, Смердзь, Цна, Бобрык. Азёры: Белае, Чорнае, Вулька. Вадасховішчы Велута і Собельскае. Найб.меліярац. каналы: Валчанскі, Вулькаўскі, Глухая Лань, Лунінецкі, Мікашэвіцкі канал, Сітніцкі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (35,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (24,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,3%). Пад лесам 40% тэрыторыі, з іх 19% — штучныя насаджэнні. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя; трапляюцца яловыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. На ПнУ і З — суцэльны лясны масіў. Пад балотам 14,6% тэрыторыі, з іх асушана 78,1 тыс.га. Найб. балотны масіў Грычын. Заказнікі рэсп. значэння: біял. — Борскі (частка), Вусце Лані, Лунінскі, Нізоўе Случы; ландшафтны — Белае; мясцовыя гідралагічныя заказнікі Дзятлавічы, Ліпскае, Флярова-Грамада, частка Ястрабель. Помнік прыроды рэсп. значэння — 2 дубы (400 гадоў) у в. Кажан-Гарадок.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 91,5 тыс.га, з іх асушаных 63,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 13 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірунак сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (буд. камень, зборны жалезабетон, Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод — абліцовачныя пліты), харч., хім. (з-д «Палімер» у в. Сінкевічы), дрэваапрацоўчай, лесанарыхтоўчай (АТ «Лунінецлес») і лясной прам-сці; Палеская доследна-меліярац. станцыя ў пас. Палескі. Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Брэст—Гомель і Рыга—Львоў, аўтадарогі Гомель—Брэст, Лунінец—Пінск, Лунінец—Ганцавічы, Мікашэвічы—Салігорск. У раёне 29 сярэдніх, 13 базавых, 2 пач., 6 муз., спарт. школы, школа-сад, 3 навуч.-вытв. камбінаты, 2 СПТВ, 37 дашкольных устаноў, 40 дамоў культуры і клубаў, 46 б-к, 2 бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер, паліклініка, 11 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў, Лахвенскі касцёватуберкулёзны санаторый. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (1851) у в.Вял. Чучавічы, Праабражэнская (1823) у в. Дзятлавічы, Мікалаеўская (1818) у в. Кажан-Гарадок, Прачысценская (1880-я г.) у в. Лахва, Барысаглебская (1824) у в. Лунін, Георгіеўская (канец 17 — пач. 18 ст.) у в. Сінкевічы, Праабражэнская (1910) у в. Язвінкі, лазня (1905) у пас. Палескі. Выдаецца газ. «Лунінецкія навіны».