МІРО́НСКІ (Аляксандр Васілевіч) (2.3.1899, с. Рускія Юрткулі Старамайнскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 31.8.1955),
расійскі рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1930). З 1932 працаваў у т-рах Бураціі, у пасляваен. гады ў Разанскім абл. т-ры. З 1948 у абл.драм. т-рах Беларусі: Магілёўскім, Брэсцкім (з 1949), Гродзенскім (з 1953). Рэжысура М. спалучала пед. прынцыпы выхавання акцёра з выразным пастановачна-відовішчным увасабленнем задумы спектакля. Сярод найб. значных пастановак: у Брэсцкім т-ры — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Авадзень» паводле Э.Войніч (абодва 1949), «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага (1950), «Жывы труп» Л.Талстога (1951), «Ветрык, вей!» Я.Райніса (1952), «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967); у Гродзенскім т-ры — «Марыя Цюдар» В.Гюго (1954), «Нявольніцы» А.Астроўскага (1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры стылю мадэрн у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1904 (арх. Р.Марфельд) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх — уладальнікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Будынак — кампактны верт. аб’ём, асіметрычны ў плане, завершаны ў паўн. частцы 5-граннай апсідай, у паўд. — бабінцам. Над бакавым уваходам, вылучаным спец. прыбудовай, узвышаецца 3-ярусная 4-гранная вежа-званіца з купалам. Гал. фасад раскрапаваны рызалітамі і аздоблены вял. паліхромным мазаічным пано «Хрыстос Уседзяржыцель» і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім бабінцы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей арх. дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎ (Аляксандр Якаўлевіч) (н. 5.10.1944, г.п. Алавяная Чыцінскай вобл., Расія),
расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1983). Нар.арт. Расіі (1992). Скончыў Далёкаўсходні ін-т мастацтваў (1969, г. Уладзівасток). З 1970 у Саратаўскім драм. т-ры, з 1980 у Маскоўскім т-ры імя М.Ярмолавай, з 1985 у Малым т-ры. Творчая манера М. адметная рамантычнасцю, мяккім лірызмам, глыбінёй псіхал. характарыстык, шчырасцю і арганічнасцю: Дорн і Міхаіл Львовіч («Чайка» і «Лясун» А.Чэхава), цар Іван Васілевіч («Цар Іаан Грозны» А.Талстога), Канстанцін («Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава), Джэймс («Доўгі дзень адыходзіць у ноч» Ю.О’Ніла) і інш. З 1974 здымаецца ў кіно: «Прыезджая» (1978), «Выкраданне «Савойі» (1979), «Белы снег Расіі» (1980), «Белы воран» (1981), «Мужыкі!» (1982, Дзярж. прэмія Расіі 1983), «Адзінокім даецца інтэрнат» (1983), «Каханне і галубы» (1984), «Змеялоў» (1985), «З новым шчасцем...» (1999, тэлефільм) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЧАНЧУ́К (Мікалай Іванавіч) (н. 26.10.1939, прыіск Майск Мазанаўскага р-на Амурскай вобл., Расія),
бел. паэт і літ.-знавец. Чл.-кар.Бел. акадэміі адукацыі (1998). Д-рфілал.н. (1995). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1962). Настаўнічаў. З 1967 працаваў у Мінскім пед. ун-це, з 1996 у Брэсцкім ун-це. Друкуецца з 1962. Аўтар зб-каў паэзіі «Вернасць» (1979), «Трывожуся за белы свет» (1984), манаграфіі «Ёсць у паэта свой аблог цалінны» (1992), літ.-знаўчых і метадычных даследаванняў «Беларуская літаратура на сучасным этапе» (1978, 2-е выд. 1983), «Літаратура, народжаная Кастрычнікам» (1983), «Беларуская савецкая паэзія 20-х гг.» (1988), «Настаўніку — пра настаўнікаў» (1989), «Як жыць — дык жыць для Беларусі» (1995), «Літаратура беларускага замежжа» (1996), сааўтар кніг «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (1978, 2-е выд. 1991), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.» (т. 2, 1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКІ ПАЛА́Ц.
Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. Ван-Гроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.
Адкрыты ў 1995 у в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.Засн. ў 1993 на базе створанага ў 1982 аматарам П.Пташыцам калгаснага музея. Пл. экспазіцыі каля 1000 м², 17,1 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: гісторыі сял. побыту, рамёстваў, земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, нар. адзення, вуснай нар. творчасці. Экспазіцыя прысвечана культуры Зах. Палесся. Сярод экспанатаў: археал., прылады працы, вырабы майстроў па дрэве, ганчароў, ткачых, калекцыі вышыўкі, бездзежскіх выкладаў і фартушкоў, маляваных, тканых, вышываных дываноў, адзення мотальскага і драгічынскага строяў, творы мастакоў У.Капшая, А.Марачкіна, У.Тоўсціка. Ёсць дыярама старадаўняга Моталя і яго ваколіц, інтэр’ер хаты пач. 20 ст., фотатэка і інш. Паводле матэрыялаў музея створаны кінастужкі «Палескія вяселлі» (1986, рэж. З.Мажэйка), «Пераблытанка» (1989, рэж. А.Мезенцаў), «Мотальскія анекдоты, жарты, байкі» (1990, рэж А.Пестаў). На базе фондаў музея праводзяцца выстаўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1988 у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл., адкрыты ў 1995. Пл. экспазіцыі 210 м², каля 10 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У археал. экспазіцыі знаходкі з раскопак мсціслаўскага замчышча, пасада і навакольнага горада: каменныя і крамянёвыя сякеры, касцяное шыла 2—1-га тыс. да н.э., бронзавы энкалпіён 13 ст., зброя і прадметы ўзбраення 12—17 ст., прылады працы з майстэрні касцярэза 14—16 ст., жал. прылады працы, ключы, спражкі 14—18 ст., калекцыі керамікі, шкла, кафлі 16—19 ст. Сярод экспанатаў макет замка Мсціслава 14—18 ст., схема радаводу князёў Мсціслаўскіх, карта Мсціслаўскага ваяводства, скарб сярэбраных манет ВКЛпач. 16 ст., стараж.царк. начынне і кнігі 16—17 ст., абразы, ткацкі станок 19 ст., прылады працы 19—20 ст., нар. адзенне, саматканыя вырабы, ручнікі, посцілкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАМЦАЎ (Ілья Аляксеевіч) (2.8.1901, с. Кірушкіна Бугурусланскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 8.8.1968),
бел. і расійскі спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1938). Вучыўся ў Ленінградскім муз. тэхнікуме і на оперных курсах (1923—30). У 1933—52 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (у 1941—42 у Вял. т-ры ў Маскве). З 1952 саліст Башкірскага т-ра оперы і балета. Валодаў голасам прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі характарнага, у т. л. камедыйнага, плана. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Тараса («Ў пушчах Палесся» А.Багатырова), Анішчука і Данілы («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага). Партыі класічнага рэпертуару на бел. сцэне: Галіцкі, Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Чуб («Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Стары цыган («Алека» С.Рахманінава), Сабакін («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯНІ́ЦКІ (Рычард Вікенцьевіч) (28.7.1886, фальварак Селігоры, цяпер Полацкі р-н Віцебскай вобл. — 29.1.1956),
бел. гісторык-архівіст, крыніцазнавец. Вучыўся ў Пецярб. ун-це (1904—06). Скончыў Аляксееўскае ваен. вучылішча. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Жыў у Кракаве, Віцебску, Варшаве, з 1918 у Вільні, з 1921 супрацоўнік Дзярж. архіва ў Вільні, з 1939 яго дырэктар, адначасова з 1923 выкладчык Віленскага ун-та (з 1938 праф.). Пасля 2-й сусв. вайны працаваў у Гданьску і Торуні, займаўся гісторыяй архіва- і крыніцазнаўства. Упершыню ўвёў курс архівазнаўства ў Віленскім ун-це (1923) і распрацаваў курс лекцый па архівістыцы для ВНУ. Сабраў матэрыялы па гісторыі Полацкай губ. Вывучаў помнікі пісьменнасці ВКЛ. Аўтар прац «Віленская археаграфічная камісія (1864—1915)» (1925), «Дыярыуш вайсковай Варшаўскай рады з 1710 г.» (1928), «Архіў даўніх актаў у Віцебску, 1852—1903» (1939) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «ДОМ БАЯ́РЫНА».
Існаваў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. ў 12 ст. на тэр. вакольнага горада. Рэшткі будынка выяўлены ў 1960-я г. пры археал. раскопках. Пабудаваны з дрэва і цэглы. Прамавугольны ў плане будынак (пл. каля 76 м²) унутры падзяляўся сцяной на 2 памяшканні, меў зашклёныя аконныя праёмы. У цэнтры стаяў слуп, які трымаў перакрыцце. У паўн.-ўсх. куце была глінабітная печ. Драўляныя сцены знутры абчасаны, атынкаваны і аздоблены фрэскамі. Выяўлены фрагменты фрэсак: на белым і бледна-зялёным фоне геам. і расл. арнамент чырвонага і чорнага колераў, выява мужчынскай галавы ў профіль у княжацкай шапцы, а таксама графіці са стараж. надпісамі.
Літ.:
Гуревич Ф.Д. Дом боярина XII в. в древнерусском Новогрудке // Краткие сообщения Ин-та археологии АНСССР. 1964. Вып. 99;
Яе ж. Древний Новогрудок. Л., 1981. С. 36—44, 121—122.