ГУ́ТА (ад лац. gutta кропля),
старая назва шклозаводаў. Будаваліся пераважна на берагах рэк з якаснымі пяскамі, мелам, глінай, паліўнымі рэсурсамі. Выраб шкла на Беларусі вядомы з 12 ст. У 16—18 ст. на тэр. Беларусі дзейнічала каля 70 гут. Яны сталі базай, на якой утвараліся шкляныя мануфактуры. У канцы 18 — пач. 19 ст. самымі буйнымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. З удасканаленнем шкларобнай тэхналогіі ў 19 ст. мануфактуры саступілі месца шклозаводам.
т. 5, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ДАНІ́ЛЫ СА СЦЯПА́НАМ»,
ананімны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Упершыню апубл. П.В.Шэйнам у час. «Русская старина» (1886, т. 49). Напісана напярэдадні сялянскай рэформы 1861, у маст.-публіцыстычнай форме рэалістычна паказвала бяспраўнае жыццё сялянства, эксплуатацыю яго памешчыкамі. У творы выявіліся бунтарскія настроі сялянскіх мас. Сваё вызваленне яны спадзяюцца атрымаць ад «цара-бацюхны», але разумеюць, што цар заадно з панамі. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць твор яркім узорам нар. л-ры.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЦІРА, Хуцьра (Hutyra) Ферэнц (1860, Вена — 1934), венгерскі эпізаатолаг і мікрабіёлаг. Скончыў Вышэйшую вет. школу ў Будапешце і з 1883 працаваў у ёй (з 1888 праф., рэктар). Навук. працы па інфекц. хваробах жывёл і вет. мікрабіялогіі. Вывучаў туберкулёз, сап, чуму свіней, увёў у практыку спецыфічную процічумную сываратку і прапанаваў сімультанную прышчэпку ад гэтай хваробы (1911). Адзін з аўтараў дапаможніка «Асобная паталогія і тэрапія свойскіх жывёл» (т. 1—2, 1905—06, 11-е выд., 1959).
т. 5, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́НАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Івацэвіцкім р-не Гомельскай вобл., за 16 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, каля в. Даманава. Створана ў 1954. Пл. 1,82 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,82 млн. м³. Чаша вадасховішча — ч. поймаў Шчары і Грыўды, агароджана дамбай даўж. 6,75 км. Напаўняецца вадой р. Шчара, якая паступае праз шлюзы з Чамялынскага вадасх., размешчанага вышэй па цячэнні. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і рыбагадоўлі.
т. 6, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛА́ЗЫ,
ферменты, якія каталізуюць рэакцыі гідролізу (расшчапленне арган. злучэнняў) з далучэннем на месцы разрыву элементаў малекул вады (H+ і OH−). У залежнасці ад характару сувязі, якая гідралізуецца, адрозніваюць эстэразы (ліпазы, фасфатазы і інш.), гліказідазы (амілазы, цэлюлазы, неактыназы і інш.), пратэазы, пептыдазы і г.д. Пашыраны ў прыродзе, адзначаны амаль ва ўсіх жывых арганізмах. Удзельнічаюць у працэсах пазаклетачнага і ўнутрыклетачнага стрававання. Большасць унутрыклетачных гідралаз знаходзіцца ў лізасомах (вакуолях), некат. — у ядры, арганелах і цытаплазме.
т. 5, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАХІ́МІЯ (ад гідра... + хімія),
раздзел геахіміі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і хім. працэсы, што ў ёй адбываюцца; частка акіяналогіі (хімія акіяна) і гідралогіі сушы (хімія вод сушы). Даследуе колькасны і якасны састаў рэчыва ў растворы ці ў завіслым стане ў воднай масе аб’ектаў або ў донных асадках, іх фізіка-хім. і біяхім. пераўтварэнні, фарміраванне асадкавых радовішчаў карысных выкапняў, атрыманне каштоўных рэчываў з марской вады і расолаў падземных вод, хім. забруджванне гідрасферы.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 27 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,18 км², даўж. 960 м, найб. шыр. 270 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі 2,23 км. Пл. вадазбору 2,7 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пад хмызняком, на ПнЗ разараныя. Берагі супадаюць са схіламі, на Пн і Пд месцамі нізкія, забалочаныя. Дно пясчанае, глыбей за 3—3,5 м глеістае. Зарастае.
т. 5, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАМАРФІ́ЗМ (ад гома... + грэч. morphē від, форма) у матэматыцы і логіцы, адлюстраванне аднаго алгебраічнага аб’екта (напр., групы, поля, цела) на другі, пры якім захоўваюцца ўсе зададзеныя на ім аперацыі і дачыненні; абагульненне паняцця ізамарфізму. Напр., гомамарфізм групы A ў групу B ставіць у адпаведнасць кожнаму элементу з A пэўны элемент (вобраз) з B, пры гэтым суме (здабытку або інш.) элементаў з A адпавядае сума (здабытак або інш.) іх вобразаў.
В.І.Бернік.
т. 5, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМ,
комплекснае злучэнне парфірыну з двухвалентным жалезам. У жывых арганізмах уваходзіць у складаныя бялкі — гемапратэіды. У залежнасці ад замяшчальнікаў у парфірынавым цыкле адрозніваюць гем а, в (пратагем, або проста гем), с і г.д. Найб. пашыраны гем в (уваходзіць у састаў гемаглабіну, міяглабіну, каталазы, пераксідазы і большасці цытахромаў), у аснове якога ляжыць протапарфірын IX. Больш складаную будову мае гем а — прастатычная група ферменту клетачнага дыхання цытахромаксідазы. Свабодны гем лёгка акісляецца ў паветры да гематыну.
т. 5, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ АМАРТО́Л (Geōrgios Amartōlos),
Георгій Манах, візантыйскі храніст. Манах. Аўтар «Хронікі» (каля 867). Складалася з 4 кніг, ахоплівала перыяд ад «стварэння свету» да 842. Асвятляла ў асн. пытанні багаслоўя і гісторыі царквы, мела звесткі пра паўстанне Фамы Славяніна. У 10—11 ст. «Хроніка» перакладзена на стараж.-рус. мову.
Літ.:
Афиногенов Д.Е. Композиция хроники Георгия Амартола // Византийский временник. 1991. Т. 52;
Яго ж. Представления Георгия Амартола об идеальном императоре // Византийские очерки. М., 1991.
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)