РЭ́ПІНА ІЛЬІ́ МУЗЕ́Й-СЯДЗІ́БА «ЗДРАЎНЁВА»,

музей, прысвечаны жыццю і творчасці на Беларусі рас. мастака І.Я.Рэпіна; філіял Віцебскага краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1989 у в. Здраўнёва Віцебскага р-на, якая была набыта Рэпіным у 1892. На той час сядзіба ўключала сядзібны дом, флігель, 2 жылыя дамы, гасп. будынкі, невял. парк, сад са штучным вадаёмам (захаваліся лядоўня, ліпавая алея, асобныя дрэвы, вадаём). У 1893—95 сядзібны дом перабудаваны па ўласных эскізах мастака. На працягу 1892—1904 Рэпін жыў (з перапынкамі) у Здраўнёве і стварыў тут шмат твораў. Музей размешчаны ў асабняку, адноўленым па фотаздымках, эскізах мастака паводле праекта П.​П.​Кракалёва. Экспазіцыйная пл. будынка музея 212 м². Пл. ахоўнай зоны 12 га, зоны рэгулявання забудовы 35 га. Музей вядзе збіральніцкую, даследчую, культ.-асв. работу. 380 адзінак асн. і 850 навук.-дапаможнага фондаў (2000), якія захоўваюцца ў Віцебскім краязнаўчым музеі, у т. л. акварэлі Рэпіна «Конік», «Афрыканскі матыў», «Запарожац», малюнкі «Вершнік страляе», «Казанне Іасафата Кунцэвіча» (1893), «Партрэт Н.​Рэпінай» і «Краявід. Здраўнёва» (абодва 1895), карціна «Дэзерцір» (1917), абразы Ісуса Хрыста (1894) і Маці Божай (1895), ліст мастака А.​Сапунову, кніга «Ўспаміны і пісьмы І.​Я.​Рэпіна» з дарчым надпісам мастака У.​Аскерку, рэчы побыту з дома ў Здраўнёве, лісты Т.​Дзяканавай (унучкі мастака), фотаздымкі мастака, яго родных і знаёмых, успаміны, кнігі пра Рэпіна, падарункі музею. У экспазіцыі асабістыя рэчы Рэпіна, фотаздымкі, мэбля канца 19 — пач. 20 ст., рэчы, знойдзеныя ў час раскопак у Здраўнёве.

Літ.:

Кичина Е.М. И.​Е.​Репин и Здравнево: В обретении и разлуке [2 изд]. Витебск, 1994;

Падліпскі А.М. Здраўнёва: тут жыў І.​Я.​Рэпін: Пер. з рус. Мн., 1995;

Шышанаў В. Невядомае Здраўнёва // Віц. сшытак. 2000. №4.

А.​В.​Сухарукаў, В.​А.​Шышанаў.

Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва».

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНА́ТНА-ЦЫКЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,

разнавіднасць шматчасткавай цыклічнай формы музычнай, характэрная для санатна-сімфанічнага (сімфоніі, канцэрты і г.д.) і санатнага (санаты, трыо, квартэты, квінтэты і інш.) цыклаў. Ёй уласцівы драматургічная і функцыян. ўзаемасувязь частак на аснове канцэпцыйнага адзінства цыкла пры пэўнай вобразна-тэматычнай іх самастойнасці.

Вытокі С.-ц.ф. ў стараж. цыклічных творах тыпу стараж. санаты, сюіты, партыты, такаты і інш. У працэсе эвалюцыі выкрышталізаваліся яе структурныя і функцыян. асаблівасці, якія сталі ўстойлівымі (нарматыўнымі) у творчасці венскіх класікаў (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена. Класічная С.-ц.ф. мае 4 часткі (часам 3, як выключэнне — 2). 1-я частка — санатнае алегра (гл. Санатная форма), якая зместам і характарам музыкі вызначае маст. сэнс усяго санатна-сімф. цыкла. 2-я частка, павольная, звычайна — лірычны цэнтр санатна-сімф. цыкла. 3-я частка рухомая, з нечаканымі вобразна-тэматычнымі пераключэннямі. Паслядоўнасць сярэдніх частак цыкла бывае адваротная. 4-я частка (фінал) выніковая ў творы. У працэсе развіцця муз. мастацтва адбыліся змены ў канцэпцыях і драматургіі санатна-сімф. цыкла. Наватарскія рысы С.-ц.ф. выявіліся ў інтэрпрэтацыі Бетховена (у 9-й сімф. харавы з салістамі фінал), Г.​Берліёза (у «Фантастычнай сімфоніі» ўпершыню выкарыстана лейттэма). З 5-й сімфоніі Бетховена замацоўваецца тэндэнцыя як непасрэднага пераходу адной часткі С.-ц.ф. ў наступную.

У музыцы 20 ст. мадыфікацыі С.-ц.ф. датычаць тэматызму (Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын, Г.​Канчэлі, Дз.​Смольскі, Я.​Глебаў), узаемасувязі частак (І.​Стравінскі, А.​Веберн, Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, Я.​Цікоцкі, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі, В.​Кузняцоў, Ф.​Пыталеў і інш.), часам да іх зліцця ў адно цэлае (Канчэлі, Смольскі), колькасці частак і прынцыпаў формаўтварэння (Шастаковіч, А.​Месіян, М.​Аладаў, Л.​Абеліёвіч, Мдывані, К.​Цесакоў). У сучаснай музыцы значную ролю адыгрываюць яе індывідуалізаваныя варыянты.

Літ.:

Катуар Г.Л. Музыкальная форма. Ч. 2. М., 1936;

Способин И.В. Музыкальная форма. 7 изд. М., 1984.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРБЕ́ЎСКІ (Мацей Казімір) (24.2.1595, в. Сарбева, каля г. Плоцк Мазавецкага ваяв., Польшча —2.4.1640),

новалацінскі паэт, тэарэтык л-ры і школьнага т-ра, тэолаг, філосаф. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. Удасканальваў веды ў Германіі і Італіі. У 1612 уступіў у ордэн езуітаў. Выкладаў у Полацкім (1618—20, 1626—27) і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах, у Віленскай езуіцкай акадэміі (1620—22, 1628—35). З 1635 каталіцкі прапаведнік пры двары караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. Аўтар зб-каў «Тры кнігі лірычных вершаў» (1625), «Чатыры кнігі лірычных вершаў» (1631), «Лясныя песні» (1637), трактатаў па рыторыцы, паэтыцы і ант. міфалогіі («Пра дасканалую паэзію», «Своеасаблівасць лірыкі», «Аб вартасцях і недахопах элегіі», «Аб трагедыі і камедыі», «Аб фігурах думкі», «Аб вытанчанасці і дасціпнасці» і інш.), якія ўвайшлі ў зб-кі: «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954), «Лекцыі па паэтыцы» (апубл. 1958), «Багі язычнікаў» (апубл. 1972, усе выд. ў Польшчы на лац. і ў перакладзе на польскую мову). Асноўваючыся на працы ант. аўтараў (Арыстоцель, Платон, Гарацый, Цыцэрон) і аўтараў часоў Адраджэння (Ю.​Скалігер, Я.​Пантан), распрацоўваў эстэт. пытанні паэзіі, драматургіі, красамоўства, міфалогіі. Яго даследаванні знаходзіліся на ўзроўні лепшых еўрап. прац таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве. Вершы С. перакладзены на англ., ням., франц. мовы Д.​Набароўскім, на польскую мову — У.​Сыракомлем.

Літ.:

Резанов В.И. Поэтика М.​К.​Сарбевского...: (К истории рус. драмы). Нежин, 19.11;

Конан У.М. Полацкі курс паэтыкі М.​К.​Сарбеўскага (1618—1627 гг.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1972. № 1;

Яго ж. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Яго ж. На скрыжаванні братніх культур: Мацей Казімір Сарбеўскі, 1595—1640 // Вяртання маўклівая споведзь: Постаці творцаў бел. гісторыі ў кантэксце часу. Мн., 1994.

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІР,

гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. За 45 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Лынтупы. Вузел аўтадарог на Смаргонь, Нарач, Брусы. 1,4 тыс. ж. (2000).

Засн., верагодна, у 13 ст. кн. Даўмонтам, які пабудаваў тут замак. Да 1528 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. ВКЛ, уласнасць кн. Свірскіх, потым да 17 ст. Радзівілаў, пазней да 1820 зноў Свірскіх. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці’ Завілейскага, потым Свянцянскага пав. Слонімскай, з 1801 Віленскай губ. У 1879 засн. бровар, у 1896 — спіртаачышчальная вытв-сць. У 1897 у С. і 2 маёнтках 1686 ж., валасная ўправа, паштова-тэлеграфнае аддз., судова-следчы ўчастак Віленскага акр. суда, нар. вучылішча, касцёл, яўр. малітоўная школа, лячэбніца, аптэка, хлебазапасны магазін, 34 крамы, 12 заезных дамоў, 14 корчмаў, 5 кірмашоў на год. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. У 1931—1900 ж., гмінная ўправа, касцёл, царква, паліцэйскі ўчастак, гар. суд, аптэка, лячэбніца, пошта, на святы праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Свірскага раёна Вілейскай, з 20.9.1944 — Маладзечанскай абл., з 12.10.1940 цэнтр сельсавета. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія за час вайны знішчылі ў С. 1920 чал. 6.7.1944 партызаны 16-й Смаленскай брыгады і атрада С.​Р.​Суслава вызвалілі С. і ўтрымлівалі яго да падыходу часцей Чырв. Арміі. З 25.4.1958 гар. пасёлак. З 31.8.1959 у Мядзельскім р-не, з 1960 у Мінскай вобл.

Працуюць спіртзавод, участкі Мядзельскага ВА жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Нарачанскага рыбгаса; сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, пункт быт. паслуг, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік археалогіі — гарадзішча. Помнікі архітэктуры: царква (мяжа 19—20 ст.), Мікалаеўскі касцёл (1908), сядзіба (пач. 20 ст.).

В.​М.​Князева.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯДО́МАСЦЬ І СТЫХІ́ЙНАСЦЬ,

філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць працяканне працэсаў у грамадстве і прыродзе. Свядомасць характэрна для дзейнасці чалавека і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі, стыхійнасць — для спантанных, ненаўмысных дзеянняў. У дзейнасці людзей яны спалучаюцца. У штодзённай практыцы дзейнасць чалавека, калектыву ці арг-цыі, накіраваная на задавальненне патрэбнасцей, носіць свядомы характар. У маштабах грамадства ўвогуле развіццё набывае стыхійны характар у сувязі з несупадзеннем інтарэсаў асобных людзей, сац. груп і рознай накіраванасцю іх дзейнасці. Вынікі рознанакіраваных стыхійных працэсаў у грамадстве непрадказальныя і часам могуць прыводзіць да разбуральных працэсаў (эканам., экалагічныя, паліт., духоўныя і інш. крызісы, войны, тэрарызм, рост злачыннасці, нац. і рэліг. экстрэмізм і інш.). Уласцівае прыродзе стыхійнае развіццё паслужыла асновай для з’яўлення высокаарганізаваных відаў раслін, жывёл, а потым і чалавека. Кожны арганізм развіваецца стыхійна і адначасова ўпарадкавана (у адпаведнасці з праграмай, закладзенай у малекулах ДНК клетачных ядраў). Пазітыўныя стыхійныя працэсы часта характэрны і для грамадства. Стыхійнасць у прыродзе і грамадстве звязана з іх здольнасцю да самаарганізацыі. Згодна з даследаваннямі ў галіне сінергетыкі, павышэнне арг-цыі ў самаарганізавальных сістэмах адбываецца спантанна, у пераломныя моманты якасных пераўтварэнняў, пад уплывам выпадковых абставін прыводзіць да стварэння новых арганізаваных структур. Эвалюцыю самаарганізавальных працэсаў дакладна прагназіраваць немагчыма. Стыхійныя працэсы самаарганізацыі ў грамадстве стрымліваюцца дзярж. законамі. Значную ролю ў свядомым рэгуляванні грамадскімі працэсамі і скарачэнні элементаў стыхійнасці адыгрываюць мадэліраванне сацыяльнае, прагназіраванне сацыяльнае. Аднак кантраляваць і планаваць усе сац. працэсы немагчыма. Правільнае разуменне суадносін паміж С. і с. ў грамадскіх з’явах дазваляе пазбегнуць гранічнага фаталізму і суб’ектыўнага валюнтарызму ў пазнанні сац. працэсаў.

Літ.:

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой: Пер. с англ. М., 1986;

Князева Е.Н., Курдюмов С.П. Синергетика как новое мировидение: диалог с И.​Пригожиным // Вопр философии. 1992. № 12;

Самоорганизация и наука: Опыт филос. осмысления. М., 1994.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1854—55,

349-дзённая (25.9.1854—8.9.1855) абарона Севастопаля рас. войскамі ад узбр. сіл саюзных дзяржаў (Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Сардзінскае каралеўства) у Крымскую вайну 1853—56. Пасля паражэння рас. войск на р. Альма саюзныя войскі падышлі да Севастопаля. Абарону горада ўзначаліў нач. штаба Чарнаморскага флоту віцэ-адм. У.А.Карнілаў, яго памочнікі — віцэ-адм. П.С.Нахімаў і контр-адм. У.​І.​Істомін. Пад іх кіраўніцтвам Севастопаль быў абаронены з боку мора, паводле плана інж.-падпалк. Э.І.Татлебена на сушы пабудаваны ўмацаванні, якія прыкрывалі подступы да Малахава кургана. Каб праціўнік не прарваўся ў порт, каля ўвахода ў Паўн. бухту былі затоплены 7 старых караблёў, з якіх знялі частку гармат, а з экіпажаў (10 тыс. чал.) сфарміравалі 22 батальёны. Нягледзячы на колькасную перавагу ў войсках і тэхн. сродках, неаднаразовыя штурмы, армія саюзнікаў доўгі час не магла поўнасцю блакіраваць крэпасць і зламаць яе абаронцаў. Толькі накіраваўшы гал. сілы супраць ключавой пазіцыі абароны — Малахава кургана, праціўнік 8.9.1855 захапіў яго. Рас. войскі пакінулі Севастопаль; яны страцілі каля 102 тыс. чал., праціўнік — каля 71 тыс. чал. Гераічная С.а. паўплывала на вынік мірных перагавораў. У час С.а. вызначыліся 54-ы Мінскі, 27-ы Віцебскі, 28-ы Полацкі, 51-ы Літоўскі пях. палкі. Мужна змагаліся на абарончых пазіцыях ураджэнцы Мінскай губ. браты Ігнацій і Іосіф Ляскоўскія (выпускнікі Брэсцкага кадэцкага корпуса), ураджэнцы Гродзенскай губ. І.Сержпутоўскі і Р.Траўгут; загінулі выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса паручнікі А.​Пісарэўскі, В.​Маркевіч, А.​Бушкоўскі, капітан М.​Фядотаў і інш. Ў Севастопалі пастаўлены помнікі Карнілаву, Нахімаву, Татлебену, матросу П.​М.​Кошку, затопленым караблям Чарнаморскага флоту, створана панарама «Абарона Севастопаля» і інш.

Літ.:

Зайончковский А.М. Оборона Севастополя: Подвиги защитников. 2 изд. СПб., 1904;

Тарле Е.В. Героическая Севастопольская оборона 1854—1855. М., 1957;

гл. таксама пры арт. Крымская вайна 1853—56.

А.​М.​Лукашэвіч, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Севастопальская абарона 1854—55. Фрагмент панарамы «Абарона Севастопаля». Мастак Ф.​Рубо. 1902—04.

т. 14, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ, фераэлектрычнасць,

сукупнасць электрычных і інш. уласцівасцей, характэрных для сегнетаэлектрыкаў, раздзел фізікі цвёрдага цела, які вывучае такія ўласцівасці. Сегнетаэл. ўласцівасці ўстаноўлены ў 1921 чэш. вучоным І.​Валашакам у крышталях сегнетавай солі (адсюль назва).

Арыентацыя многіх элементарных эл. дыпольных момантаў у сегнетаэлектрыку ў адным напрамку вядзе да ўзнікнення самаадвольна палярызаваных абласцей (даменаў), што абумоўлівае спецыфічныя фіз. ўласцівасці сегнетаэлектрыкаў: вял. значэнне дыэл. пранікальнасці, залежнае ад напружанасці эл. поля і т-ры, анамаліі цеплаёмістасці, п’езаэл. і інш. уласцівасцей, асабліва прыкметныя ў вобласці фазавага пераходу. Наяўнасць даменнай структуры вядзе да поўнай кампенсацыі макраскапічнай палярызацыі (адсутнічае «уніпалярнасць»), Раўнаважная даменная структура адпавядае мінімуму свабоднай энергіі крышталя. У ідэальных крышталях яна вызначаецца балансам паміж змяншэннем электрастатычнай энергіі пры ўтварэнні даменаў і энергіяй узніклых даменных сценак; у рэальных крышталях — акрамя таго, прыродай і размеркаваннем дэфектаў, а таксама перадгісторыяй узору. Паводле характару палярызацыі ячэек у даменах адрозніваюць сегнета-, антысегнета- і сегнетыэлектрыкі: у сегнетаэлектрыках усе ячэйкі маюць аднолькавы напрамак палярызацыі, у антысегнетаэлектрыках дамены складаюцца з антыпаралельна палярызаваных ячэек, якія маюць роўныя па модулі эл. моманты; у сегнетыэлектрыках эл. моманты элементарных ячэек скампенсаваны не поўнасцю і гэтыя матэрыялы маюць сегнета- і антысегнетаэлектрычныя ўласцівасці. Усе сегнетаэлектрыкі з’яўляюцца таксама піра- і п’езаэлектрыкамі. Каля Кюры пункта з-за адчувальнасці атамнай структуры крышталю да знешніх уздзеянняў многія яго ўласцівасці (дыэл., п’езаэл., электрааптычныя, пругкія і інш.) нелінейныя і экстрэмальныя. Акрамя таго дынаміка даменнай структуры істотная для анізатропных уласцівасцей крышталю ў сегнетафазе і таксама вядзе да іх нелінейнасці і ўзрастання. Такія крышталі выкарыстоўваюцца ў радыё-, опта-, акустаэлектроніцы і вымяральнай тэхніцы.

На Беларусі даследаванні па С. вядуцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Бел. пед. ун-це, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Сонин АС., Струков Б.А. Введение в сегнетоэлектричество. М., 1970;

Струков Б.А., Леванюк АП. Физические основы сегнетоэлектрических явлений в кристаллах. 2 изд. М., 1995;

Физика сегнетоэлектрических явлений. Л., 1985.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ ТЭ́ХНІКА,

машыны, абсталяванне і прыстасаванні, якія забяспечваюць механізацыю тэхнал. працэсаў у раслінаводстве, жывёлагадоўлі, лясной гаспадарцы і меліярацыі. У розных галінах с.-г. вытв-сці выкарыстоўваюцца разнастайныя энергет., трансп. і пагрузачныя сродкі: трактары, самаходныя шасі, мотаблокі, дызельныя электрастанцыі, аўтамабілі агульнага прызначэння і спецыяльныя (у т. л. седлавыя цягачы, самазвалы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, -фургоны), прычэпы, канвееры, транспарцёры і інш. транспартныя машыны, пагрузачна-разгрузачныя машыны, аўтакраны і інш.

Тэхніка раслінаводства ўключае: глебаапрацоўчыя машыны (дыскавыя і зубавыя бароны, валакушы, каткі палявыя, культыватары, лушчыльнікі, пласкарэзы-глыбокарыхліцелі, плугі, рыхліцелі, фрэзы глебавыя), машыны для ўнясення ўгнаенняў, сяўбы і пасадкі с.-г. культур, аховы і догляду раслін (раскідвальнікі ўгнаенняў, вапны і прынад для барацьбы са шкоднікамі, сеялкі, расадапасадачныя машыны, апырсквальнікі, культыватары-раслінасілкавальнікі, бульбасаджалкі, акучнікі для акучвання раслін); машыны для ўборкі і пасляўборачнай апрацоўкі с.-г. культур (жняяркі; бацвінне-, бульба-, бурака-, збожжа-, канопле-, коране-, корма-, кукуруза- і сіласаўборачныя камбайны; гл. адпаведныя арт.; бульбакапалкі, буракаўборачныя машыны, ільноўборачныя машыны, сенаўборачныя машыны, у т. л. саломаскладальнікі, граблі, падборшчыкі, стагакіды, малатарні, зернеачышчальныя машыны, трыеры, сушылкі, абсталяванне бульбасартавальных пунктаў і інш.). Тэхніка жывёлагадоўлі: кормапрыгатавальныя машыны, здрабняльнікі кармоў, саломасіласарэзкі, загрузчыкі кармоў, раздатчыкі кармоў, кармушкі, даільныя апараты і даільныя ўстаноўкі, сепаратары малочныя, стрыгальныя агрэгаты, аўтапаілкі, абсталяванне інкубатараў, кармацэхаў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, птушкафабрык і інш. Тэхніка лясной гаспадаркі: лесапасадачныя машыны, лясныя плугі, сеялкі, канава- і ямакапальнікі; бензаматорныя ланцуговыя пілы, машыны і агрэгаты для валкі, пакетавання, тралёўкі і інш. лесанарыхтоўчых работ; сродкі аўтадарожнага, чыг. і воднага (лесавозы) транспарту; абсталяванне першаснай апрацоўкі драўніны (сучкарэзныя, акорачныя і раздзелачныя машыны, станкі і ўстаноўкі, лесапільныя рамы. штабелявальныя машыны), дрэваапрацоўчыя машыны і інш. Меліярацыйная тэхніка: меліярацыйныя машыны, у т. л. каналакапальнікі, аднакаўшовыя і траншэйныя экскаватары, планіроўшчыкі, дрэнажныя машыны, дажджавальныя машыны і ўстаноўкі і інш.

На Беларусі шматлікія прамысл. прадпрыемствы выпускаюць разнастайную С.т. (гл. Сельскагаспадарчае машынабудаванне).

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 14, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЕ́ЗІЯ (польск. Śląsk, чэш. Slezsko, ням. Schlesien),

гістарычная славянская вобласць у верхнім і сярэднім цячэнні р. Одра (Одэр). Большая частка ў складзе Польшчы (Апольскае, Дольнашлёнскае, Шлёнскае і інш. ваяводствы). Паўд. С. часткова ў складзе Чэхіі (раёны каля граніцы з Польшчай).

Назва С., верагодна, ад сілінгаў — часткі стараж.-герм племя вандалаў, якія жылі тут да 6 ст. н.э. З 6—7 ст. заселена славянамі. У пач. 10 ст. С. ў складзе Чэхіі (дзяржавы Пржэмыславічаў), з 990 — Польшчы (дзяржавы Пястаў). У 1000 насельніцтва С. прыняло хрысціянства. З 1138 С. — удзельнае княства, у 1163—73 і пасля 1241 раздроблена. З пач. 13 ст. тут сяліліся і ням. каланісты (продкі сілезскіх немцаў). У 1-й пал. 14 ст. зноў увайшла ў Чэхію. З 1526 С. (акрамя Севежскага, Асвенцімскага, Заторскага княстваў) — уладанне аўстр. Габсбургаў. У выніку Сілезскіх войнаў (1740—42, 1744—45) і Сямігадовай вайны 1756—63 большая частка С. ўключана ў склад Прусіі (акрамя княстваў Опава і Цешын, тэр. якіх засталася пад уладай Габсбургаў — т.зв. Аўстрыйская С.). У 1793 і 1844 у рэгіёне адбыліся Сілезскія паўстанні ткачоў. У 1919 пруская правінцыя С. (утворана ў 1807) падзелена на правінцыі Верхняя С. з цэнтрам у г. Опельн (Аполе) і Ніжняя С. з цэнтрам у г. Брэслаў (Вроцлаў); тут адбыліся Сілезскія паўстанні 1919, 1920, 1921. З 1920 б. Аўстрыйская С. ў складзе Чэхаславакіі. У 1922 Саветам Лігі Нацый каля ​1/3 Верхняй С. перададзена Польшчы. У кастр. 1938 (пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 аб падзеле тэр. Чэхаславакіі) польскія войскі занялі Цешынскую С. Пасля 2-й сусв. вайны рашэннем Патсдамскай канферэнцыі 1945 большая частка С. вернута Польшчы (гэта становішча прызнана герм.-польскім дагаворам аб межах 14.11.1990); у 1946 тут праведзена масавая дэпартацыя сілезскіх немцаў, частка іх вярнулася ў рэгіён у 1950-я і 1970-я г.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМЕТРЫ́Я ў фізіцы,

незалежнасць фіз. сістэм і з’яў, а таксама прастораў, у якіх існуюць матэрыяльныя аб’екты і працякаюць рэальныя працэсы, ад пэўных аперацый над імі (зрухаў, паваротаў, адбіццяў, перастановак і інш.). Матэматычна ўласцівасці С. адпавядаюць інварыянтнасці фіз. тэорый (ураўненняў руху і станаў, фіз. законаў і інш.) адносна пераўтварэнняў С., якія ў сукупнасці вызначаюць адпаведныя групы С.

Ідэі і прынцыпы С. адыгрываюць канструктыўную ролю пры пабудове фіз. тэорый. Напр., спец. адноснасці тэорыя — па сутнасці фіз. тэорыя С. прасторы і часу. Выразы аператараў фіз. велічынь у квантавай механіцы вызначаюцца праз генератары груп С. Класіфікацыя элементарных часціц заснавана на ўліку і выкарыстанні геам. (прасторава-часавай) і ўнутранай (ізатапічнай, унітарнай і інш.) С. Для тэорый узаемадзеянняў элементарных часціц абавязковай з’яўляецца інварыянтнасць адносна Лорэнца пераўтварэнняў і пераўтварэнняў адпаведнай дынамічнай С. (гл. Калібровачная інварыянтнасць). Паслядоўны ўлік уласцівасцей С. дазволіў абгрунтаваць справядлівасць законаў захавання фіз. велічынь (гл. Нётэр тэарэма) паводле схемы: С. — інварыянтнасць — закон захавання (напр., аднароднасць часу — інварыянтнасць тэорыі адносна зрухаў пачатку адліку часу — закон захавання энергіі). У квантавай фізіцы разглядаюцца таксама дыскрэтныя С.: зарадавае спалучэнне, прасторавая інверсія і абарачэнне часу (гл. Людэрса — Паўлі тэарэма). Важнае значэнне мае вывучэнне магчымых парушэнняў С. ў фіз. сістэмах. Адкрыцці парушэнняў прасторавай і камбінаванай С. сталі вызначальнымі для пабудовы тэорыі слабых (электраслабых) узаемадзеянняў. З парушэннямі сферычнай С. ў атаме за кошт узаемадзеяння электронаў з эл. ці магн. полем звязана адпаведнае расшчапленне спектральных ліній (гл. Зеемана з’ява, Штарка з’ява). Фіз. С. — аснова класіфікацыі крышталёў (гл. Сіметрыя крышталёў), выкарыстоўваецца ў даследаваннях па оптыцы і акустыцы крышталёў, пры пабудове агульнай тэорыі аптычнай анізатрапіі (гл. Каварыянтныя метады), а таксама ў атамнай. малекулярнай і ядз. спектраскапіі.

Літ.:

Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ. М., 1971;

Федоров Ф.И. Теория гиротропии. Мн., 1976;

Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;

Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.

А.​А.​Богуш.

т. 14, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)