КАТА́Р ВЕ́РХНІХ ДЫ́ХАЛЬНЫХ ШЛЯХО́Ў,
вострае запаленне з пашкоджаннем слізістых абалонак дыхальнага тракту (бранхіт, ларынгіт, рыніт, трахеіт, фарынгіт). Іншы раз спалучаецца з запаленнем слізістай абалонкі вока (кан’юнктывіт) і запаленнем лёгкіх. Прычыны: вірусы, адэнавірусы, бактэрыі, патагенныя грыбы, алергены, уздзеянне хім. фактараў (хлор, фармалін і інш.), пыл, злоўжыванне алкаголем, курэннем і інш. Ускладненні: запаленні прыдаткавых пазух носа (гаймарыт, франтыт і інш.), сярэдняга вуха (атыт), хранічныя формы хваробы. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 8, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ТВЕ-НКА́НА (Kitwe-Nkana),
горад у Замбіі. Засн. ў 1935. 349 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр здабычы і выплаўкі медзі і кобальту. Прам-сць; маш.-буд. (вытв-сць горнага абсталявання, зборка аўтамабіляў з імпартаваных вузлоў і дэталей), металаапр., хім., папяровая, шкляная, харч., керамічная, эл.-тэхн., паліграф., мэблевая, тэкст., швейная, дрэваапр., буд. матэрыялаў. Тэхналагічны ін-т. Каледж прыкладнога мастацтва і гандлю.
т. 8, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯСКАПІ́Я (ад крыя...+ ...скапія),
фізіка-хім. метад даследавання вадкіх раствораў нелятучых рэчываў. Заснаваны на вымярэнні высокаадчувальнымі тэрмометрамі ці тэрмапарамі паніжэння т-ры замярзання раствору ў параўнанні з т-рай замярзання чыстага растваральніку. Метад прапанаваны франц. вучоным Ф.Раулем у 1882—88. Выкарыстоўваюць для вызначэння малекулярнай масы растворанага рэчыва, ступені дысацыяцыі слабых электралітаў, тэрмадынамічнай актыўнасці растваральніка і растворанага рэчыва, саставу раствораў, чысціні арган. рэчываў. Гл. таксама Эбуліяскапія.
т. 8, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ВА́ДКАСЦІ, сіліконавае масла,
арганасілаксанавыя алігамеры ці палімеры з невысокай малекулярнай масай, якія захоўваюць цякучасць у шырокім дыяпазоне тэмператур (ад -135 да 250—300 °C). К.в. бясколерныя, характарызуюцца гідрафобнасцю, хім. інертнасцю, адносна малым змяненнем вязкасці пры змене т-ры, высокімі сціскальнасцю, тэрмічнай (240—350 °C) і тэрмаакісляльнай (150—300 °C) стабільнасцю, добрымі дыэлектрычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць у якасці гідраўлічных вадкасцей, гідрафабізатараў, змазак і інш. Гл. таксама Крэмнійарганічныя палімеры.
т. 8, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПАРЫ́Т (назва ад месца першай знаходкі — Ліпарскія астравы),
эфузіўная горная парода, якая паводле хім. саставу адпавядае граніту. Вылучаюць рознасці расшклаваныя, схаванакрышталічныя, радзей сфералітавыя. Часта з парфіравымі ўкрапінамі кварцу, палявых шпатаў, слюд і інш. Характэрна флюідальная тэкстура пароды (патокаўтваральныя палосы). Звычайна багаты вулканічным шклом (50—100%), кварцам (больш за 73%). Колер ружовы, шэры, буры. Выкарыстоўваецца для атрымання друзу і абліцовачнага каменю. Пашыраны ў вулканічных абласцях.
В.І.Ярцаў.
т. 9, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯФІЛІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю),
ліяфільная сушка, высушванне біял. матэрыялу ў замарожаным стане пад вакуумам. Вільгаць выдаляецца з замарожаных аб’ектаў шляхам сублімацыі лёду (пераўтварэння яго ў пару без вадкай фазы). Абязводжаны матэрыял лёгка раствараецца ў вадзе і аднаўляе свае ўласцівасці. Выкарыстоўваецца для захоўвання асн. якасцей біял. прэпаратаў (у электроннай мікраскапіі), атрымання сухой плазмы крыві, мікрабіял., харч. і хім. прамысловасці.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯХЕ́ВІЧ (Генрых Дзеанісьевіч) (н. 1.9.1939, г. Цюрупінск Херсонскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1960). З 1969 у Бел. тэхнал. ін-це, з 1982 у БПА. Навук. працы па стварэнні тэхнал. працэсаў і абсталявання па перапрацоўцы другасных палімерных матэрыялаў і карысных выкапняў, па тэарэт. аналізе структуры і надзейнасці гідраізаляцыі мастоў, тунэляў і метрапалітэнаў.
т. 9, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ СІ́ТЫ,
сарбенты, што выбіральна паглынаюць з навакольнага асяроддзя рэчывы, малекулы якіх не перавышаюць вызначаных памераў. Адрозніваюць М.с. мінер. (неарган.) і арганічныя. Неарганічныя — жорсткія крышт. структуры з поласцямі, якія злучаны паміж сабой вузкімі каналамі («порамі»). Арганічныя — гелепадобныя сарбенты, атрыманыя на аснове высокамалекулярных злучэнняў; уяўляюць сабой прасторавую сетку з ланцуговых макрамалекул, «сшытых» хім. сувязямі. Выкарыстоўваюць для ачысткі рэчываў ад прымесяў, храматаграфічнага раздзялення бялкоў, вугляводаў, гармонаў, антыбіётыкаў і інш.
т. 10, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТА́НСАС (Matanzas),
горад на Пн Кубы, у бухце Матансас Атлантычнага ак. Адм. ц. правінцыі Матансас. Засн. ў 1693. 120 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел, порт (вываз цукру). Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цукр. трыснёг, хенекен, садавіна і інш.). Прам-сць: тэкст., гарбарна-абутковая, маш.-буд., хім. (вытв-сць сернай кіслаты, угнаенняў, штучнага валакна), харчасмакавая, вытв-сць тытуню, буд. матэрыялаў. Каля М. карставыя пячоры Бельямар. Археал. музей. Турызм.
т. 10, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАПО́ЛАЦКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў 1963 у г. Наваполацк як аддзяленне Полацкага нафтавага тэхнікума. З 1968 нафтавы, з 1987 політэхнічны тэхнікум. Рыхтуе тэхнікаў-механікаў. Спецыяльнасці (1999/ 2000 навуч. г.): тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; машыны і апараты хім. вытв-сцей і прадпрыемстваў буд. матэрыялаў; электратэхніка; вытв-сць радыёэлектронных сродкаў; перапрацоўка нафты і газу; дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 11, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)