пералік упарадкаваных паводле алфавітнай, храналагічнай, нумарацыйнай ці інш. прыкметы апісанняў твораў друку і пісьменства, назваў прадметаў, уласных імён, абазначэнняў і інш., які дазваляе хутка знаходзіць неабходныя звесткі ў адпаведным інфарм. масіве. Паводле зместу і прызначэння традыцыйна адрозніваюць П. бібліягр. і дапаможныя. Бібліягр. П. з’яўляецца разнавіднасцю бібліягр. дапаможнікаў; мае самаст. даведачнае значэнне (гл.Бібліяграфія). Дапаможны П. не мае самаст. даведачнага значэння; выступае ў якасці даведніка па тэксце, ён абавязковы для даведачных, навук. і навуч. выданняў. Складаецца са спасылак да тэксту (старонкі, нумары параграфаў і да т.п.), якія паказваюць на месца знаходжання інфармацыі. У залежнасці ад зместу рубрык П. бываюць імянныя, прадметныя, геагр. і інш.; паводле прынцыпу размяшчэння матэрыялу — алфавітныя, сістэматычныя, храналагічныя і інш.; паводле структуры рубрык — простыя і разгорнутыя П., а пры наяўнасці дадатковых звестак — анатаваныя. Па ступені раскрыцця зместу дакумента бываюць П. да ўсяго тэксту, часткі тэксту, па аднаму ці некалькіх аспектах. Выбар тыпу П. залежыць ад зместу выдання, яго чытацкага прызначэння, аб’ёму, традыцый у канкрэтных галінах ведаў. Чым больш складаны тэкст выдання, тым больш разнастайныя П. да яго.
Літ.:
Кунце Х. Составление вспомогательных указателей: Пер. с нем. М., 1977;
Призмент Э.Л., Динерштейн Е.А. Вспомогательные указатели к книжным изданиям. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФО́РМІНГ (англ. reforming ад reform перарабляць, паляпшаць),
перапрацоўка бензінавых і ліграінавых фракцый нафты для атрымання высокаактанавага кампанента аўтамаб. бензіну, араматычных вуглевадародаў. Адрозніваюць Р. тэрмічны і каталітычны — адзін з найважн. працэсаў нафтаперапрацоўчай прамысловасці і нафтахімічнай прамысловасці.
Р. каталітычны ажыццяўляюць пры т-ры 450—540 °C пад ціскам вадароду 0,8—3,5 МПа у прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваюць пераважна плацінавы ці плацінава-рэніевы каталізатары — металы (плаціна, плаціна і рэній, 0,2—0,6%), нанесеныя на паверхню аксіду алюмінію Al2O3. Уякасці сыравіны выкарыстоўваюць бензінавыя фракцыі, што выкіпаюць пры т-ры 60—180 °C. Асн. рэакцыі (дэгідрыраванне 6-членных і дэгідраізамерызацыя алкіліраваных 5-членных нафтэнавых вуглевадародаў; дэгідрацыклізацыя, гідракрэкінг, ізамерызацыя парафінавых вуглевадародаў) прыводзяць да ўтварэння араматычных (гл. Араматызацыя) і ізапарафінавых вуглевадародаў. Першыя прамысл. ўстаноўкі каталітычнага Р. (1940-я г., ЗША) з алюмама-лібдэнавым каталізатарам наз. ўстаноўкамі гідраформінгу, пры пераходзе на плацінавыя каталізатары яны заменены т.зв. ўстаноўкамі платформінгу. Р. тэрмічны ажыццяўляюць пры т-ры каля 550 °C і ціску 5—7 МПа. Выкарыстоўваўся толькі для вытв-сці бензіну.
Літ.:
Катализаторы риформинга. Мн., 1976;
Промышленные установки каталитического риформинга. Л., 1984;
Маслянский Г.Н., Шапиро Р.Н. Каталитический риформинг бензинов: Химия и технология. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ШКА,
выдаленне вадкасці (пераважна вільгаці) з цвёрдых, вадкіх і газападобных матэрыялаў; адзін з асн.тэхнал. працэсаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы і буд-ве. Мэта С. — паляпшэнне якасці рэчываў і матэрыялаў, падрыхтоўка іх да перапрацоўкі, выкарыстання, транспарціроўкі і працяглага захоўвання.
Звычайна ажыццяўляецца шляхам выпарэння вадкасці і адвядзення пары, што ўтварылася пры падвядзенні цеплаты да матэрыялу пераважна пры дапамозе т.зв. сушыльных агентаў (нагрэтае паветра, топачныя газы і інш.). У тэхніцы найб. пашырана С. вільготных цвёрдых матэрыялаў (зярністых, парашкападобных, грануляваных, ліставых, тканых і інш.) з выкарыстаннем сушылак і сублімацыйнай С. (гл.Сублімацыя). Выкарыстоўваюць і інш. метады абязводжвання, напр., С. вадкасцей распыленнем і хім. звязваннем вільгаці рэчывамі (метал.натрый, кальцыю карбід і інш.), што не ўзаемадзейнічаюць з вадкасцямі, якія асушваюць; паглынанне вадзяной пары гіграскапічнымі рэчывамі (кальцыю хларыд, канцэнтраваная серная кіслата і інш.) і цвёрдымі адсарбентамі з высокай удзельнай паверхняй. Асн. метады С., ці асушкі, газаў заснаваны на абсорбцыі ці адсорбцыі вільгаці, а таксама на яе кандэнсацыі пры ахаладжэнні газу.
Літ.:
Сажин Б.С. Основы техники сушки. М., 1984;
Жданова Н.В., Халиф А.Л. Осушка углеводородных газов. М., 1984;
Муштаев В.И., Ульянов В.М. Сушка дисперсных материалов. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВА́РЫУМ (ад лац. aguarium вадаём),
1) пасудзіна, у якой трымаюць і разводзяць акварыумных рыб, водных жывёл і расліны. Бываюць рознай канструкцыі, формы і памераў (суцэльна шкляныя або з метал. каркасам і шклянымі сценкамі, часам з арганічнага шкла; сферычныя, прамавугольныя, са скошанай пярэдняй сценкай, якія звычайна падвешваюць на сцяне, і інш.). Мае адпаведны аб’ём (у залежнасці ад відаў і памераў жывёл) і ўмовы існавання (грунт, расліны, святло- і цепларэгулявальная апаратура, аэратары і інш.). Уякасці грунту выкарыстоўваюць прамыты рачны пясок. У акварыуме трымаюць расліны, якія плаваюць на паверхні ці ў тоўшчы вады, і тыя, што ўкараняюцца ў грунце (вядома каля 70 відаў, у т. л.сальвінія, эладэя, вадзяная салата, валіснерыя, крыптакарына і інш.). З мясцовай флоры Беларусі могуць быць выкарыстаны харавыя водарасці, раскі, рагаліснік, стрэлкаліст, балотнікі, палушнік азёрны, рычыя плаваючая і інш.водныя расліны.
2) Спец.навук. ўстанова, якая вывучае і дэманструе прадстаўнікоў марской і прэснаводнай фауны і флоры. Існуюць у многіх краінах свету. Буйныя акварыумы ў заапарках Масквы, Таліна, Ташкента, Рыгі. Акварыумы для марскіх жывёл звычайна размяшчаюць на беразе мора (першыя створаны ў Севастопалі ў 1871, у Неапалі ў 1872), некаторыя з іх наз.акіянарыум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАГРА́ФІЯ (ад грэч. petros камень + ...графія),
навука аб горных пародах. У шырокім паняцці П. — тое, што петралогія, у вузкім — апісальная частка навукі пра горныя пароды (вывучэнне мінер. і хім. саставу, структуры і тэкстуры). Займаецца пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод па розных прыкметах.
Як самастойная навука зарадзілася ў пач. 19 ст. (класіфікацыя горных парод франц. вучонага А.Браньяра, 1813) і інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 19 ст. (даследаванні з дапамогай палярызацыйнага мікраскопа; англ. фізікі У.Нікаль і Г.К.Сорбі; 1849). З пашырэннем мікраскапічных даследаванняў з’явіліся класіфікацыі горных парод ням. геолагаў Ф.Цыркеля (1866) і К.Г.Розенбуша (1873), рас. петрографа Ф.Ю.Левінсона-Лесінга (1893). У 1-й пал. 20 ст. пачаты петрахім. і геахім. даследаванні (рас. вучоныя У.І.Вярнадскі, А.Я.Ферсман, А.М.Заварыцкі, амер. Ф.Кларк і інш.) У 1950—70-я г. створаны новы кірунак у П. — вучэнне аб магматычных і метамарфічных фармацыях (Ю.А.Кузняцоў і інш.). З даследаванняў амер. вучонага Р.Горансана (1937) пачаўся этап развіцця эксперыментальнай П. Тэхнічная П. даследуе састаў і ўласцівасці шлакаў, цэменту, керамікі, шкла, каменнага ліцця (рас. вучоны Дз.С.Бялянкін); П. буд. каменю — якасцібуд. матэрыялаў. П. касм. аб’ектаў вывучае метэарыты, узоры парод з Месяца і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРСЦЁНАК,
упрыгожанне, якое надзяваюць на палец (перст). Пашыраны ў большасці народаў свету. Касцяныя П. вядомы з эпохі палеаліту, металічныя — з бронзавага веку. УСтараж. Егіпце пашыраны т.зв. пячатныя П. з выразанымі надпісамі ці выявамі, адбітак якіх выкарыстоўваўся ў якасці подпісу ўладальніка. Пячатныя П. (у іх часта ўстаўляліся гемы) вядомы таксама ў эгейцаў, грэкаў і этрускаў. У Рымскай рэспубліцы сенатары і коннікі насілі залатыя П., простыя грамадзяне — жалезныя. З 3 ст. ўсе вольнанароджаныя Рымскай імперыі атрымалі права насіць залатыя П., вольнаадпушчаннікі — сярэбраныя. У сярэдневякоўі на Русі ў гарадах насілі залатыя і сярэбраныя пярсцёнкі з выявамі, на вёсцы — медныя з геам. арнаментам. У пазнейшыя часы пашырыліся залатыя і сярэбраныя П. з каштоўнымі ці паўкаштоўнымі камянямі. У каталіцкіх епіскапаў П. — знак іх улады. З часоў Стараж. Рыма гладкія, без упрыгожанняў П. выкарыстоўваюцца многімі народамі як заручальныя пры заключэнні шлюбу. На тэр. Беларусі П. з вузкіх бронзавых пласцінак вядомы з 7 ст. да н.э. ў плямён мілаградскай і зарубінецкай культур. У 10—14 ст. П. выраблялі з каляровых і каштоўных металаў, шкла з замкнёнымі і незамкнёнымі канцамі, паводле тыпалогіі і тэхналогіі вытв-сці бранзалетаў таго часу. Найб. вядомыя знаходкі залатых П. 10 ст. з Віцебска і 13—14 ст. з Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНЫЯ ГАСПАДА́РКІ, рыбгасы,
гаспадаркі, якія гадуюць рыбу ў штучных сажалках ці прыстасаваных натуральных вадаёмах (гл.Сажалкавая рыбная гаспадарка), у тэрмальных водах ДРЭС (гл.Садковая рыбная гаспадарка), урыбагадавальніках, здабываюць у натуральных вадаёмах (гл.Азёрна-таварная рыбная гаспадарка), перапрацоўваюць рыбу. Да функцый Р.г. таксама адносяць тэхн. і біял. меліярацыю вадаёмаў, штучнае зарыбленне вадаёмаў гасп.-каштоўнымі відамі рыб (карп, белы амур, таўсталобікі, сырок і інш.), пабудову рыбаахоўных збудаванняў, узнаўленне і паляпшэнне якасці рыбных запасаў. Паводле структуры Р.г. падзяляюць на поўнасістэмныя (здзяйсняюць поўны цыкл развядзення рыбы: атрыманне спелых вытворнікаў і палавых прадуктаў ад іх, апладненне ікры і яе інкубацыя, вытрымліванне лічынак, вырошчванне моладзі, выпуск у вадаёмы ці дарошчванне яе да таварнага стану ў сажалках) і няпоўнасістэмныя (адрозніваюцца адсутнасцю аднаго ці некалькіх звёнаў угасп. працэсе вырошчвання рыбы). Р.г. вядуцца з рознымі абаротамі (перыяд часу, неабходны для вырошчвання рыбы ад ікрынкі да таварнай вагі).
На Беларусі 26 Р.г., якія ўваходзяць у сістэму Мінсельгасхарчу, таксама ў структуры нац. паркаў Нарачанскі, Браслаўскія азёры. Найб. буйныя: «Любань» Любанскага, «Белае» Жыткавіцкага, «Сялец» Бярэзінскага, «Чырвоная Слабада» Салігорскага р-наў і інш. Большасць Р.г. (18) з’яўляюцца поўнасістэмнымі сажалкавымі гаспадаркамі, якія вырошчваюць рыбу па 2- і 3-гадовым абаротах.
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбныя гаспадаркі: 1 — адлоў рыбы са спушчаных сажалак у рыбгасе «Лактышы»; 2 — адлоў рыбы ў рыбгасе «Лахва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТА́Ў,
самы старажытны тып кірыліцкага пісьма (гл.Кірыліца). Узнік на аснове візант.У. Выкарыстоўваўся ў раннім слав. пісьменстве, у старабел. пісьменстве — да канца 14 ст., зрэдку ў 15 ст. пераважна ў дзелавых граматах на пергаменце. Вызначаўся стройным і выразным абрысам літар. Словы ва У. звычайна не аддзялялі адно ад аднаго, літары пісалі асобна, амаль перпендыкулярна ў радку і мелі формы, блізкія да геаметрычных. Скарачэнне слоў і напісанне літар пад радком практыкавалася рэдка. Уякасці знакаў прыпынку былі кропка і двукроп’е, падрадковых знакаў — цітлы, спалучэнні кропак і знак, які нагадвае знак кароткасці. Знак для абазначэння тысячы (≠) ставіўся не перад літарай-лічбай, а пасля яе. У. пісалі і кнігі: Псалтыр (1296), Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае і Мсціжскае (14 ст.) евангеллі (гл. адпаведныя арт.). Да ўстаўнага пісьма адносяць і пісьмо берасцяных грамат. Найб. доўга і трывала У. ужываўся ў полацкіх граматах. Бел. граматы 2-й пал. 14 ст., напісаныя ў інш. мясцовасцях, характарызуюцца меншай акуратнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і наяўнасцю ў асобных літарах паўустаўных і нават скарапісных элементаў. У канцы 14 ст. заменены паўуставам і скорапісам.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
А.М.Булыка.
Да арт.Устаў. Старонка Тураўскага евангелля. 11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНТАВЫ́Я БРЫГА́ДЫ ў СССРу гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—45,
патрыятычны рух працаўнікоў прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі за датэрміновае выкананне планаў забеспячэння фронту баявой тэхнікай, зброяй, боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Узніклі па ініцыятыве камсамола. «Франтавымі» ўпершыню назвалі свае камсамольска-маладзёжныя брыгады ў вер. 1941 рабочыя аўтазавода ў г. Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад) і Уральскага з-да цяжкага машынабудавання (г. Свярдлоўск, цяпер Екацярынбург) — удзельнікі руху «двухсотнікаў» за выкананне норм выпрацоўкі не менш чым на 200% (за сябе і за таго, хто пайшоў на фронт). Ф.б. ўзніклі на тысячах інш. прадпрыемстваў, у калгасах і саўгасах. Званне «Ф.б.» надавалася на сходзе рабочых ці грамадскімі арг-цыямі пры выкананні брыгадай плана не менш чым на 150% на працягу 2 месяцаў, высокай якасці прадукцыі і інш. умоў.
Многія члены Ф.б. шляхам мадэрнізацыі станкоў і інструментаў выконвалі нормы на 2000—2700%. У маі 1945 уСССР працавалі каля 155 тыс. Ф.б. (больш як 1 млн.чал.).
Сярод рабочых бел. прадпрыемстваў, што ў 1941 былі вывезены на У, першай Ф.б. стала брыгада токараў Ф.Мельнікава на з-дзе «Гомсельмаш», якая выконвала зменныя нормы на 200—250%. У 1943—44 Ф.б. пачалі работу на вызваленай тэр. Беларусі. Напр., на прадпрыемствах Гомеля ў 1945 у складзе Ф.б. працавалі 16 тыс. маладых рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ,
спецыяльныя дзярж. органы, якія ажыццяўляюць функцыі нагляду і кантролю за выкананнем прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, службовымі асобамі і грамадзянамі пэўных правіл, устаноўленых прававымі актамі: санітарных, ветэрынарных, проціпажарных, правіл гандлю, рыбнай лоўлі, руху аўтамотатранспарту, тэхнікі бяспекі і да т.п. У Рэспубліцы Беларусь Дз.і. з’яўляюцца самаст. сістэмамі органаў або ўключаюцца ў сістэму мін-ва ці дзярж.к-та (напр., гандл. інспекцыя, дзярж. аўтаінспекцыя і інш.). Кантрольныя і наглядальныя паўнамоцтвы Дз.і. пашыраюцца на ўсе прадпрыемствы, установы і арг-цыі, незалежна ад іх ведамаснай падначаленасці. Службовыя асобы Дз.і. правамоцныя наведваць аб’екты, якія кантралююць, патрабаваць прад’яўлення неабходных дакументаў, праводзіць праверкі, ужываць у неабходных выпадках меры адм. ўздзеяння (забараніць або абмежаваць эксплуатацыю аб’екта, прыпыніць работы, адхіліць асобу ад работы, накласці штраф, вынесці папярэджанне і г.д.). На Беларусі дзейнічаюць Дз.і.: у галіне выкарыстання паліўна-энергет. і інш. матэрыяльных рэсурсаў; у галіне фінансаў, буд-ва, гандлю, санітарыі, стандартызацыі, па ахове нетраў, каранціне раслін, якасці прадукцыі, па котланаглядзе, рыбаахове, прабірным наглядзе і інш.У функцыі тэхн. і сан. Дз.і. уваходзіць таксама выдача дазволаў на пуск у эксплуатацыю прамысл. прадпрыемстваў. іх цэхаў і інш. аб’ектаў.
Разам з Дз.і. дзейнічаюць тэхн. інспекцыі працы і прававая інспекцыя працы прафсаюзаў, на якіх ускладзены кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правіл па ахове працы і тэхнікі бяспекі.