помнік архітэктуры барока. Пачаў фарміравацца пасля 1622. У комплекс уваходзілі касцёл, будынкі калегіума, б-ка, Гродзенскай аптэкі будынак, друкарня, жылыя карпусы і гасп. пабудовы. Першы «касцёльчык» Пятра і Паўла быў драўляны і існаваў з 2-й чвэрці 17 ст. да 1700. Езуіцкая рэзідэнцыя будавалася пасля 1664 (калі атрымала статус калегіума), мураваны касцёл — з 1678 (фундатары Самуэль і Канстанцыя Лозы; набажэнства ў касцёле пачалося ў 1700). У 1725 на вежы-званіцы касцёла ўстаноўлены гадзіннік (помнік тэхнікі сярэднявечча, раней знаходзіўся на вежы калегіума), які выконваў ролю гарадскога. У 1750—52 надбудаваны вежы. Стары мураваны калегіум будавалі ў 1677—83, новы — у 1691 (1-ы паверх) і ў 1740—44 (2-і і 3-і паверхі). Касцёл (з 1783 наз. фарны) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка (выш. 53,6 м, у плане 30×60 м). Двухвежавы амаль плоскі фасад падзелены паясамі антаблементаў на 3 ярусы, 2 ніжнія раскрапаваны падвойнымі карынфскімі пілястрамі. У арачных нішах драўляныя выявы апосталаў Пятра і Паўла, св. Ксаверыя (разьбяр Г.Гіс, 1768). У цэнтры фасада вял. акно і балкон для аркестра. Сілуэт ажыўляюць увагнутыя сцены і 2 вазы мураваных барочных купалаў над вежамі. Бакавыя нефы высокія (10,5 м), асветлены вял. лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі, перакрыты крыжовымі скляпеннямі.
Высокамастацкі багаты і ўрачысты інтэр’ер насычаны скульптурай, арх. пластыкай і фрэскамі. Гал. драўляны 3-ярусны алтар (выш. 21 м) створаны ў 1736 у стылі позняга барока, аздоблены шматлікімі калонамі і пілястрамі. У касцёле 12 бакавых алтароў: 2 у капліцах, 4 у трансепце і 6 кулісных. Інтэр’ер касцёла дапаўняюць помнік А.Тызенгаўзу (пач. 20 ст.), мемар. дошка праф. Ягелонскага ун-та З.Ф.Урублеўскаму (1845—88), творы дэкар.-прыкладнога мастацтва. Кляштар займаў цэлы квартал (120 × 160 м), у сярэдзіне якога знаходзіўся калегіум. Складаўся з гал. 3-павярховага (новы калегіум), зах. 2-павярховага і ўсх. 3-павярховага (стары калегіум) крылаў. На стыку старога і новага калегіумаў была трапезная, над якой размяшчалася б-ка з сенцамі, над імі — капліца. Абапал старога калегіума размяшчаліся гасп. двары з флігелямі, дзе былі майстэрні, стайні, вазоўні. Пры гал. браме стаяла бурса. Побач з касцёлам будынак аптэкі, на Пн ад яго была мураваная школа, дзе размяшчаўся т-р. Астатнюю тэр. займаў вял. сад. Захаваліся касцёл, аптэка, стары і новы калегіумы, бурса, трапезная, б-ка, майстэрні, стайні, вазоўні.
А.У.Міленкевіч, Е.Пашэнда.
Гродзенскі кляштар езуітаў. Галоўны фасад касцёла.Гродзенскі кляштар езуітаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАШЭ́ННІ,
своеасаблівая форма выяўлення гора, смутку, дзе ў адзіны семантычны комплекс зліты спецыфічны напеў, імправізаваны тэкст, плач, асобая пластыка; адзін з найб. старажытных жанраў нар. творчасці. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі запісаны ўжо ў 16 ст. Я.Ласіцкім. Бел. галашэнні падзяляюць на абрадавыя (пахавальныя, вясельныя) і пазаабрадавыя (бытавыя, ваенныя). Найб. развіта традыцыя пахавальных галашэнняў, якія з’яўляюцца неад’емным муз.-паэт. кампанентам пахавальнага абраду, суправаджаюць асн. яго этапы і ў адпаведнасці з імі складаюць 7 цыклаў, звязаных паміж сабою зместам, сістэмай паэт. сродкаў і напевам.
Вылучаюцца традыц. фальклорнай вобразнай сімволікай (шэрая зязюлька, галубачка шызакрылая, жавараначак, саколік, ягадачка мая недаспелая, залаценькі каласок, ясны месячык). Паэтыка і манера інтанавання галашэнняў абумоўлена вял. эмац. напружанасцю выканаўцы, што прыводзіць да з’яўлення ў тэксце мноства воклічна-запытальных структур, паўтораў, экспрэсіўных словаўтварэнняў і інш., а ў напеве — да прыкмет натуральнага плачу: напружанага тэмбру, высокай тэсітуры, нетэмпераванага строю. Напеў і тэкст знаходзяцца ў непасрэднай інтанацыйна-рытмічнай і кампазіцыйнай сувязі. Вершаскладанне інтанацыйна-фразавае. Свабоднаму або акцэнтнаму вершу (ад 3 да 16 складоў, роўна- ці няроўнанаціскному) аднавершавай, страфічнай або тыраднай структуры адпавядае напеў пераважна дэкламацыйнага характару, вузкага дыяпазону. Вылучаюць 3 стылі выканання пахавальных галашэнняў: напеўны рэчытатыў (найб. пашыраны, уключае 8 меладычных тыпаў, кожны з якіх мае пэўны арэал), песенны (цэнтр. Палессе), гаворкавы (паўн.-зах. зона Панямоння).
Вясельныя галашэнні (зафіксаваны ў асн. на Паазер’і) выконваліся пераважна ў час абдорвання маладой, яе развітання з родным домам ці ў інш. моманты першай паловы вяселля. Іх паэтычны змест абумоўлены прымеркаванасцю да пэўнага моманту вяселля. Паводле муз.стылявых асаблівасцей вылучаюць 2 тыпы вясельных галашэнняў: рэчытатыўны, напевы якога супадаюць з пахавальнымі (паўн.-ўсх. Паазер’е), і песенны са стабільнай структурай верша і мелодыка-рытмічнай формы, распеўнай манерай выканання (паўн. і паўд. зоны). У Расонскім р-не лакалізаваны «галашэнні зязюльцы», бытавыя галашэнні з нагоды асабістага гора жанчыны. Носьбіты традыцый галашэнняў, як правіла, пажылыя жанчыны, форма выканання пераважна сольная (сумесныя галашэнні на пахаванні ці вяселлі ўяўляюць сабой спалучэнне шэрагу сольных імправізацыі. У сучасным вясковым побыце пашыраны пахавальныя і бытавыя галашэнні. Да жанру галашэння ў літаратуры звярталіся Я.Купала, М.Гарэцкі, У.Караткевіч, Б.Сачанка, Я.Сіпакоў і інш.
Літ.:
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;
Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;
Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;
Сысоў У.М. Беларуская пахавальная абраднасць. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
1) фарміраванне ВМФ Расіі ў рус.-тур. вайну 1735—39. Утворана ў 1737 у Бранску (пад камандаваннем віцэ-адм. Н.А.Сянявіна, пабудавана каля 300 невял. драўляных парусна-вёславых суднаў) і накіравана ў Дняпроўскі ліман (б.ч. суднаў разбілася на дняпроўскіх парогах). Садзейнічала рас. войскам у баях за Ачакаў. Скасавана у канцы вайны.
2) Фарміраванне сав.ВМФ у бас. Дняпра ў грамадз. і польска-сав. вайну 1920 і ў 1925—40. Створана ў сак. 1919 у Кіеве. У вер. 1919 перабазіравалася ў Гомель, папоўнілася суднамі расфарміраванай Прыпяцкай ваеннай флатыліі. Вясной 1920 мела каля 40 баявых караблёў, у т. л. 18 кананерскіх лодак. 5 бранякатэраў і 48 дапаможных суднаў. Камандуючыя: А.В.Палупанаў, П.І.Смірноў, М.Г.Сцяпанаў. Вяла баі (з крас. 1919) на Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, вызначылася ў Лоеўскім прарыве 1920 і інш. Расфарміравана 21.3.1921. Адноўлена ў кастр. 1925 у Кіеве як атрад суднаў Д.в.ф., з 27.6.1931 зноў наз. Д.в.ф. У вер. 1939 удзельнічала ў паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь, у т. л. ў падняцці затопленых суднаў польскай Пінскай флатыліі. З кастр. 1939 гал. база — Пінск. Мела больш за 120 караблёў. Камандуючыя: М.В.Траццякоў, Б.У.Харошхін, Г.Н.Чубуноў, М.В.Абрамаў. Расфарміравана ў чэрв. 1940, караблі перададзены на фарміраванне Пінскай ваеннай флатыліі і Дунайскай ваен. флатыліі.
3) Аператыўнае аб’яднанне сав. рачных суднаў на зах. напрамку ў Вял.Айч. вайну і пасля яе. Сфарміравана 14.9.1943 з караблёў Волжскай ваен. флатыліі. Гал. база — Чарнігаў, з ліст. 1943 Кіеў, з ліп. 1944 Пінск. Уваходзіла ў склад Бел. і 1-га Бел. франтоў. Мела каля 200 суднаў (1945), ударную сілу складалі бранякатэры. Камандуючы — В.В.Грыгор’еў. Удзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944, баях на Зах. Бугу на тэр. Польшчы, Берлінскай аперацыі 1945 (фарсіраванне Шпрэе і інш.). 20 маракам прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў баях, нададзены ганаровыя найменні «Бабруйскіх», «Лунінецкіх», «Пінскіх», «Берлінскіх». Расфарміравана ў 1945 (паводле інш. звестак у 1951). У Пінску на месцы высадкі дэсанта Д.в.ф. ў 1944 створаны мемарыяльны комплекс, пастаўлены помнік маракам Д.в.ф.
Літ.:
Кравцов И.Я. Моряки Днепровской военной флотилии в борьбе за власть Советов // Судостроение. 1990. № 5;
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Р.К.Паўловіч.
Помнік маракам Дняпроўскай ваеннай флатыліі каля в. Чыркавічы Светлагорскага р-на (злева) і бранякатэр флатыліі — фрагмент мемарыяльнага комплексу вызваліцелям у Пінску (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАЛО́ГІЯ, індыяністыка,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем народаў Індастана, іх філас. і культ. спадчыны, л-ры, мастацтва, мовы, а ў найноўшы час — таксама эканам., сац. і паліт. праблем Індыі. Цікавасць еўрап. народаў да Індыі вядома з антычнасці (Мегасфен, Арыян і інш.). Адкрыццё марскога шляху ў Індыю і пачатак еўрап. каланізацыі прывялі ў краіну ў 16—18 ст. шмат хрысц. місіянераў і купцоў, якія вывучалі мясц. мовы і звычкі. Як навука І. сфарміравалася ў Еўропе ў пач. 19 ст. Да пач. 20 ст. ў ёй склаліся 2 кірункі: акадэмічны, што канцэнтраваў увагу на вывучэнні помнікаў пісьменства, і прыкладны, звязаны з практычнымі задачамі. У.Джонс, Г.Колбрук (Вялікабрытанія) і інш. пазнаёмілі Еўропу з санскрытам. Ф.Шлегель і Ф.Боп займаліся параўнаннем індаеўрап. моў. У многіх ун-тах Еўропы (у т. л. Расіі) і ЗША даследавалі граматычны лад санскрыту, стваралі слоўнікі (найб. з іх — т. зв. «Пецярбургскі» О.Бётлінгка і Р.Рота, т. 1—7, 1855—75). Даследавалі таксама будызм, інд. філасофію, л-ру і інш.Асн. дасягненні І. 19 ст. выкладзены ў «Энцыклапедыі індаарыйскіх даследаванняў», (1896—1915, Страсбур). Прыкладны кірунак І. развіваўся пераважна ў самой Індыі — ствараліся параўнальныя і гіст. граматыкі новых індаарыйскіх і дравідыйскіх моў, збіраліся і вывучаліся гіст. хронікі, эпіграфічныя, нумізматычныя, этнагр., фалькл. і інш. матэрыялы. У 19 ст. індолаг І.П.Мінаеў і кітаіст В.П.Васільеў стварылі рас. будалагічную школу, якая набыла сусв. прызнанне. Намаганнямі С.Ф.Альдэнбурга і Ф.І.Шчарбацкага арганізавана серыя публікацый «Bibliotheca Buddhica» (з 1897). У 20 ст. цэнтр даследаванняў па І. перамясціўся ў саму Індыю, дзе ўсё большала цікавасць да ўласнай гісторыі, асабліва пасля дасягнення незалежнасці (1947). Услед за «Кембрыджскай гісторыяй Індыі» (т. 1—6, 1922—37), напісанай англ. індолагамі Дж.Аланам, У.Хейгам і інш., вучоныя Індыі пад рэдакцыяй Р.Ч.Маджумдара ў 1950—60-я г. стварылі шматтомную працу «Гісторыя і культура індыйскага народа». У 2-й пал. 20 ст. пытанні І. распрацоўваюць Калькуцкі, Дэлійскі, Бенарэскі, Бамбейскі, Мадраскі і інш. ун-ты Індыі; ун-ты і ін-ты буйнейшых гарадоў Еўропы, у т. л.Ін-т усходазнаўства АН Расіі, Маскоўскі ін-тміжнар. адносін і інш.; у ЗША кафедры І. ёсць у 16 ун-тах, у Японіі глыбока даследуецца будалогія.
Літ.:
Библиография Индии. М., 1965;
Избр. труды русских индологов-филологов. М., 1962;
Этносоциальная ситуация в Индии и СССР: Сб. статей. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАВА́ННЕў вытворчасці,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая ўяўляе сабой тэхнал. спалучэнне ў адным прадпрыемстве (камбінаце) узаемазвязаных разнародных вытв-сцей адной або розных галін прам-сці. Прыкметы: аб’яднанне разнародных вытв-сцей; прапарцыянальнасць паміж імі; тэхніка-эканам. адзінства паміж гэтымі вытв-сцямі (зліццё розных спецыялізаваных вытв-сцей у адзіны арганізац.-тэхн. комплекс, які абслугоўваецца адзінай агульнакамбінацкай дапаможнай гаспадаркай, праца па адзіным плане і наяўнасць агульнага кіраўніцтва); вытв. адзінства (усе часткі камбіната размешчаны на адной тэрыторыі і звязаны паміж сабой агульнымі камунікацыямі).
У залежнасці ад характару вытв-сці, тэхналогіі і аб’яднання ў вытв. працэсе асобных стадый перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў К. выступае ў 3 асн. формах: паслядоўная перапрацоўка сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі (напр., у чорнай металургіі на першай стадыі жал. руды выплаўляюць чыгун, затым у сталеліцейнай вытв-сці яго пераплаўляюць у сталь, а потым у пракатнай вытв-сці перапрацоўваюць у сартавы або ліставы пракат); комплексная перапрацоўка сыравіны, калі з аднаго яе віду выпрацоўваюцца розныя віды прадукцыі (напр., нафтаперапр. і нафтахім. камбінаты, дзе з нафтавай сыравіны атрымліваюць алефіны, араматычныя вугляроды, бутадыен, з якіх тут жа выпрацоўваюць хім. рэчывы для канчатковага прадукту вытв-сці камбіната — сінт. каўчук, пластмасы і інш.); выкарыстанне спадарожных прадуктаў і адходаў вытв-сці (напр., К. ў каляровай металургіі з хім. прам-сцю, калі адходы перапрацоўкі руды ў выглядзе сярністага ангідрыду выкарыстоўваюцца для атрымання серы і сернай к-ты). Многія сучасныя камбінаты спалучаюць 2 або нават 3 формы К.
Узровень К. характарызуюць наступныя паказчыкі: колькасць вытв-сцей, што ўваходзяць у склад камбіната; доля канкрэтнай прадукцыі, якая выпускаецца камбінатамі ў агульным аб’ёме вытв-сці; колькасць відаў карысных кампанентаў, атрыманых з зыходнай сыравіны; колькасць кожнага віду прадукцыі, створанай з адзінкі пэўнай сыравіны; удзельная вага сыравіны і паўфабрыкатаў, што перапрацоўваюцца ў наступны прадукт на месцы іх атрымання і інш. Камб шаты маюць істотныя эканам. перавагі ў параўнанні з некамбінаванымі прадпрыемствамі: для іх як для буйных прадпрыемстваў характэрны ўсе перавагі канцэнтрацыі вытв-сці; скарачаюцца выдаткі на перавозку паўфабрыкатаў і на стварэнне складскіх памяшканняў; расшыраецца сыравінная база ў выніку выкарыстання пабочных прадуктаў і адходаў вытв-сці, што паляпшае і экалагічную сітуацыю ў рэгіёне; больш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца прылады працы за кошт высокага ўзроўню неперарыўнасці вытв. працэсаў; паскараецца абарачальнасць абаротных сродкаў за кошт скарачэння перапынкаў паміж асобнымі стадыямі вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,
мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл.Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.
Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст.Найб.стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.І.Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.Дз.Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.Васільеў, будаваў Г.І.Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАЎСКІ РАЁН.
На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 12.2.1935. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 27,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Кіраўск. 126 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Баравіцкі, Грыбавецкі, Дабаснянскі, Казуліцкі, Любоніцкі, Мышкавіцкі, Паўлавіцкі, Скрыпліцкі, Стайкаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 21 нас. пункт знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага кантролю.
Размешчаны у паўд.ч.Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слаба парэзаная далінамі. Пераважаюць выш. 160—170 м, найвыш пункт 196,4 м (на ПнЗ ад в. Казулічы). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 594 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. На У працякае р. Друць з прытокамі Вепрынка, Хмялінка, Белая (з Чарабаміркай), Дабрыца, на З — р. Бярэзіна з прытокамі Ольса, Ала, р. Добасна (прыток р. Дняпро). Невял. азёры, буйнейшыя — Бярозавае і Жывін. Створана 15 вадасховішчаў, найб. Чыгірынскае (на р. Друць). Глебы дзярнова-падзолістыя (50,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,6%), тарфяна-балотныя (10,7%). Лясы займаюць 40% тэрыторыі, з іх 9,9% — штучныя насаджэнні; пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя, найб. масівы суцэльнага лесу на Пн. Пад балотамі 1,6% тэр. раёна, найб. Ганчанскае, Вялікае, Заліцвінскі Мох. Зоны адпачынку Чыгірынка, Бераснёўка. Заказнікі геал. (тарфяныя) мясц. значэння Белыя Рэчкі, Любін Бор. Помнікі прыроды: рэспубліканскага значэння — участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі (хвоя Веймутава, лістоўніца сібірская) у Чыгірынскім лясніцтве, парк «Жылічы» ў в. Жылічы; мясцовага — алея дубова-ліпавая ў в. Зялёная Рошча, дуброва ў Бабруйскім ваен. лясгасе.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 65,5 тыс.га, з іх асушаных 14 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, 2 саўгасы, 37 фермерскіх гаспадарак, с.-г. прадпрыемствы «Ніва» і «Чырвоны баец», Жыліцкі с.-г. тэхнікум. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства, садоўніцтва. Пашыраны пасевы бульбы, збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (малочныя і мясныя вырабы, кансервы, крухмал і інш.), лёгкай, ільноапрацоўчай, дрэваапрацоўчай і лясной прам-сці. Працуе Чыгірынская ГЭС. Праходзяць аўтадарогі Магілёў—Бабруйск, Мінск—Гомель. У раёне 12 сярэдніх, 10 базавых, пачатковая, дзіцяча-юнацкая спарт., муз., 3 маст. школы, с.-г. тэхнікум, ПТВ, 21 дашкольная ўстанова, 15 дамоў культуры, 12 клубаў, кінатэатр, 27 б-к, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 2 амбулаторыі, 21 фельч.-ак. пункт, санаторый, дом паляўнічага, турбаза. Жыліцкі комплекс-музей на базе палацава-паркавага ансамбля. Помнік архітэктуры — Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль (18—19 ст.). Выдаецца газ. «Кіравец».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛЯ́НСКІ РАЁН,
на ПнЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, двойчы скасаваны (1931, 1951) і адноўлены (1935, 1966). Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 19,4 тыс.чал. (1998), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Круглае, 152 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Рубежскі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі.
Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны і Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня хваліста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвыш. пункт 223 м (каля в. Баканава). Карысныя выкапні: торф. пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -7,6 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 626 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. З Пн на Пдцэнтр.ч. перасякае р. Друць з прытокамі Бярозаўка, Асліўка з Рутай, Каменка, Гнілка, Вабіч; на Зр. Можа з Бярозкай. Азёры: Яложынскае, Безыменнае, або Палыкаўскае (на мяжы са Шклоўскім р-нам). На р. Друць Цяцерынскае вадасх. Глебы дзярнова-падзолістыя (60,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28.6%) і інш. Пад лесам 26% тэр. раёна, з іх 19,8% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Асн. лясныя масівы на З, пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Пл. балот 3,8%, найб. балота Шчыток. Заказнікі мясцовага значэння гідралагічныя: Шчыток, Баравуха, Забароўскае, у пойме р. Друць. Помнікі прыроды мясцовага значэння: возера Хатомля каля в. Шапялевічы, крыніцы каля в. Прыгані, Цяцерын.
На 1.1.1998 агульная пл.с.-г. угоддзяў 55,5 тыс.га, з іх асушана 11,3 тыс.га. У раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, 29 фермерскіх гаспадарак, закрытае акц.т-ва «Рыбгас Азёрны», Цяцерынская лесапаляўнічая гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн.-раг. жывёла, свінагадоўля); ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, кукурузу, лён, бульбу, буракі, рапс. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў; пач. апрацоўкі лёну, харч. прам-сці, Цяцерынская ГЭС. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Магілёвам, Талачыном, Шкловам, Бялынічамі. У раёне 6 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пач. школы, тэрытарыяльна-школьны комплекс у в. Філатава (сярэдняя школа, дзіцячы сад, філіял дзіцячай школы мастацтваў, аддзяленне раённай юнацка-дзіцячай спарт. школы). 3 комплексы з сярэдняй школай і дзіцячым садам, 4 комплексы з пач. школай і дзіцячым садам, цэнтр пазаўрочнай дзейнасці вучняў, школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця, 11 дзіцячых садоў, 8 дамоў культуры, 22 клубы, 23 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры — цэрквы: Пакроўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Дудаковічы, Мікалаеўская (1833) у в. Тубушкі. Выдаецца газ. «Сельскае жыццё».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ТА-МІКЕ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА, Эгейская культура,
умоўная агульная назва культур бронзавага веку в-ва Крыт (мінойскай), астравоў Эгейскага м. (кікладскай) і мацерыковай Грэцыі (эладскай). Узнікла і развівалася ў 3—2-м тыс. да н.э. (30—12 ст. да н.э.). Зведала непасрэдны ўплыў культ. здабыткаў Б.Усходу (Стараж. Егіпет), але захавала сваю самабытнасць; паліт., эканам. і культ. жыццё мясц. протадзяржаў развівалася ў палацавых гаспадарках гарадоў Крыта, Мікенаў, Троі, Піласа і інш. Яе гісторыя паводле вынікаў археал. даследаванняў англ. археолага А.Дж.Эванса падзяляецца на 4 перыяды: раннемінойскі, ці дапалацавы (2600—2000 да н.э.); сярэднемінойскі, ці палацавы (2000—1700 да н.э.); сярэднемінойскі, ці новапалацавы (1700—1400 да н.э.); познамінойскі, ці пасляпалацавы (1400—1150 да н.э.). Росквіт гаспадаркі і культуры найб.стараж. дзяржавы на Крыце адбыўся ў 17—16 ст. да н.э. Сумеснай працай многіх пакаленняў архітэктараў, земляробаў, рамеснікаў і рабоў быў пабудаваны суцэльны комплекспрыбл. з 300 памяшканняў — велічны трохпавярховы Кноскі палац, т.зв. Лабірынт. Падобны палац быў у Фесце на Пд Крыта. Рэлігіяй крыцян было мнагабожжа: «Вялікая багіня» (захавалася статуэтка багіні, якая трымае змей), Мінатаўр і інш. Жывапіс прадстаўлены фрэскамі («гульня з быком», «кноская парыжанка» і інш.), расфарбаванымі рэльефамі на сценах («цар-жрэц»). У 1953 дэшыфраваны таблічкі лінейнага пісьма 18—11 ст. да н.э. (гл.Крыцкае пісьмо). З уварваннем з Прыдунаўя на мацерыковую Грэцыю плямён ахейцаў у канцы 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне стараж.-грэч. народнасці і мікенскай культуры (па назве яе цэнтра Мікены). Яе росквіт прыпадае на 15—13 ст. да н.э.
Шахтавыя магілы з мноствам каштоўных рэчаў з золата, серабра і інш. (залатая маска, кераміка, зброя) даследаваны ням. археолагам Г.Шліманам (1876). Асн. цэнтр мікенскай культуры — палацы Мікен, Піласа, Афін, Фіваў і інш. Іх архітэктура адрозніваецца ад крыцкай (умацаванні, магутныя сцены, цытадэлі). Захаваліся фрэскі, размаляваная кераміка, тэракотавыя статуэткі і інш. На мяжы 13—12 ст. да н.э. К.-м.к. і яе цывілізацыя перасталі існаваць пад ударамі плямён дарыйцаў.
Літ.:
Колпинский Ю.Д. Искусство Эгейского мира и Древней Греции. М., 1970;
Сидорова Н.А. Искусство Эгейского мира. М.,1972;
Соколов Г.И. Искусство Древней Греции. М., 1980;
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа М., 1988.
М.С.Корзун, К.А.Равяка.
Да арт.Крыта-мікенская культура. Ільвіныя вароты ў Мікенах. Рэльеф. 13 ст. да н.э.Да арт.Крыта-мікенская культура. Маска з грабніцы VI магільнага круга «А» ў Мікенах. 16 ст. да н.э.Да арт.Крыта-мікенская культура. Зборшчык шафрану. Фрагмент фрэскі з Кноскага палаца. 1700—1600 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,
мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт.комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродзенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел.дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел.політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.Афанасьева, І.Рудэнка, А.Сычова, В.Шальнікоўская, І.Шпіт, Б.Юрцін і інш).
Літ.:
Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;
Сычева АВ. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;
Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.
А.В.Сычова.
Да арт.Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.Да арт.Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.Ландшафтная архітэктура.