1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.
2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).
3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).
4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).
5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.
Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім. ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.
Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.Рымшы, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл.Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, П.Багрыма, У.Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл.Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт.Беларусь.
Літ.:
Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ПЕРАВАРО́Т,
пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці ў 2-й пал. 18 ст. — 19 ст. Вынаходства і ўкараненне ў вытв-сць машын, арганізацыя ф-к прывялі да ўзнікнення буйной машыннай індустрыі, усталявання і развіцця капіталіст. спосабу вытв-сці. Гэта спрыяла ўзнікненню новых галін прам-сці, буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў, пашырэнню ўнутр. і знешняга рынку, завяршэнню працэсу фарміравання асн. класаў грамадства — буржуазіі і рабочага класа.
П.п. пачаўся ў 1760-я г. ў Вялікабрытаніі, дзе ў выніку гар. пераўтварэнняў з’явілася вял. колькасць свабоднай рабочай сілы, склаўся рынак збыту тавараў, а ў купцоў і прадпрымальнікаў назапашаны свабодныя грашовыя сродкі для буд-ва ф-к. Стымулявала П.п. і замежная канкурэнцыя. У 1769 Дж.Уат вынайшаў паравую машыну, а ў 1784 — паравую машыну «двайнога дзеяння». У 1779 вынайдзена мюльмашына, якая дазволіла выпрацоўваць баваўняную пражу фабр. спосабам. У 1785 Э.Картрайт вынайшаў мех. ткацкі станок. У хуткім часе ўзнікла першая прадзільная ф-ка, якая працавала на вадзяным рухавіку (у 1790 было 150 прадзільных ф-к). Рост фабр. вытв-сці патрабаваў удасканалення трансп. сістэмы. У канцы 18 ст. пракапаны першы канал даўж. больш за 17 км. У 1-й чвэрці 19 ст. пачалі дзейнічаць параходныя зносіны і паравая чыгунка. У 2-й пал. 19 ст. вынайдзены такарны станок з супартам, стругальны станок. Бурнае развіццё машынабудавання ў 1830—40-я г. стала сведчаннем ператварэння Вялікабрытаніі ў індустрыяльную «майстэрню свету», яна стала сусв. манапалістам у прамысл. вытв-сці і гандлі. У ЗША у 1860—70-я г. паравыя машыны выкарыстоўваліся на многіх ф-ках і з-дах. Развіццё фермерскай сельскай гаспадаркі стымулявала тэмпы і маштабы буд-ва чыгунак. У 1869 транскантынент. чыгунка перасекла кантынент з З на У. Чыг.буд-ва стымулявала рост металург. вытв-сці, вугальнай, нафтавай і інш. галін. У Францыі П.п. пачаўся ў канцы 18 ст., але развіваўся больш павольна. Асн. яго тормазам быў манархічны лад, захаванне дробнай вытв-сці, а ўведзеная Напалеонам I кантынент. блакада Вялікабрытаніі перапыніла пастаўкі машын для франц. вытворцаў. У Германіі П.п. адбыўся ў 3 этапы: пачатковы этап (да 1850) закрануў у асн.тэкст.прам-сць; у наст. 2 дзесяцігоддзі бурна развівалася цяжкая прам-сць; завяршэнне П.п. адбылося пасля стварэння Германскай імперыі ў 1871, калі ў ням. прам-сці склаліся манаполіі. У Расіі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст. У баваўнянай прам-сці больш хутка ажыццяўляўся пасля адмены прыгоннага права (1861), калі ахапіў большасць галін нар. гаспадаркі. У 1879 у тэкст. прам-сці з дапамогай машын выраблялася ад 54,8% да 96,3% прадукцыі. На металаапр. прадпрыемствах машынамі выпрацоўвалася 86,3% прадукцыі.
На Беларусі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст., у металаапр. і вінакурнай галінах, а не ў тэкстыльнай. Пра гэта сведчыць выкарыстанне паравых машын у металаапрацоўцы і змена яе тэхналогіі. П.п. адбываўся і ў інш. галінах (харчовай, дрэваапрацоўчай, хімічнай) і завяршыўся ў канцы 1890-х г. У 2-й пал. 19 ст. аб’ём фабр. прадукцыі вырас у 37 разоў. Да 1890 ф-кі і з-ды давалі 47,8% усёй прамысл. прадукцыі. У канцы 19 ст. пачалі з’яўляцца акц. т-вы: «Гродзенскае т-ва водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Т-ва віцебскіх водаправодаў», белы. акц.т-ва «Віцебскі трамвай» і інш. Дзейнічалі філіялы найбуйнейшых рас. банкаў, ням. капітал актыўна ўкладваўся ў лясную і льняную галіны вытв-сці. За апошнія 10 гадоў 19 ст. тэмпы развіцця прам-сці былі значна вышэйшыя, чым за папярэднія 30 гадоў, у выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула 5% прамысл. прадукцыі Расіі, колькасць рабочых складала 10%. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭО́РЫЯ АРХІТЭКТУ́РЫ,
сукупнасць навук. ведаў, якія даюць цэласнае ўяўленне пра законы і заканамернасці фарміравання арх. асяроддзя. Вылучаюцца: агульная Т.а.; прыкладныя тэорыі горадабудаўніцтва; прыкладныя Т.а. Агульная Т.а. азначае канцэптуальны падыход да фарміравання прасторы; вызначае вядучыя прынцыпы арганізацыі прасторы: абумоўленасць, сістэмнасць, комплекснасць, бесперапыннасць; распрацоўвае метады вызначэння складу матэрыяльных элементаў, што напаўняюць зоны. Прыкладныя тэорыі горадабудаўніцтва — тэорыі цэнтр. месцаў, палярызацыі прастораў на рэгіянальным і гар. узроўні, «парогаў» і дынамізму ў развіцці гарадоў. Прыкладныя Т.а. ўключаюць тэорыі эвалюцыі арх. уяўленняў, шматвектарнасці зыходных перадумоў фарміравання тэарэт. канцэпцый, экалагічнай бяспекі чалавека, матэм. упарадкаванасці, колеравай упарадкаванасці арх. асяроддзя. Тэорыя эвалюцыі арх. уяўленняў як феномен культ. памяці дазваляе асэнсаваць назапашаны вопыт і выкарыстаць яго ў арх. практыцы. Тэорыя шматвектарнасці зыходных перадумоў фарміравання тэарэт. канцэпцый дазваляе разглядаць арх. формаўтварэнне як вынік дзейнасці, якая ацэньваецца спажыўцом эмацыянальна і рацыянальна. Аптымальнасць прапанаванага вырашэння вызначаецца пазітыўнасцю комплекснай рэакцыі — візуальнай, тактыльнай, кінетычнай. У гэтай тэорыі найб. поўна рэалізуецца прынцып гуманістычнай накіраванасці, бо аснова гэтых рэакцый — біясацыяльная, эмацыянальная, міфатворчая сутнасць чалавека. Тэорыя экалагічнай бяспекі чалавека ў арх. асяроддзі — найб. актуальная тэорыя сучаснага этапу развіцця архітэктуры. У дадатак да дэтальна распрацаваных урбаэкалогіяй метадаў і сродкаў аховы навакольнага асяроддзя яна ўключае метады арх.-экалагічнага праектавання аб’ёмных аб’ектаў. Тэорыя матэм. упарадкаванасці арх. асяроддзя дазваляе матэм. спосабамі выявіць сістэмныя ўласцівасці арх. аб’ектаў, пазначыць характарыстыкі і ўласцівасці геам. прастораў, выкарыстоўваць матэм. аналагавыя сістэмы ў рэжыме мадэліравання арх. формы. Фрактальная геаметрыя забяспечвае сістэмныя ўласцівасці арх. аб’ектаў з дапамогай базавых фракталаў, каскаду самападобных фігур і ўвядзення каэфіцыента самападобнасці. Тэорыя колеравай упарадкаванасці арх. асяроддзя пазначае шляхі выкарыстання колеру для выяўлення цэласнасці арх. аб’екта, яго ўнутр. структуры, самадастатковасці. Увядзенне цэнтраў колеравай актыўнасці дазваляе зафіксаваць элементы метасістэмы, паслядоўнае выкарыстанне тыпаў колеравых гармоній — выявіць характар узаемасувязі паміж элементамі колерасістэмы.
На Беларусі тэарэт. даследаванні вядуцца з 1920-х г. (аналітычныя працы М.Каспяровіча, М.Шчакаціхіна і інш.). Яны дазволілі ў пасляваен. час выявіць заканамернасці развіцця горадабудаўніцтва, абгрунтаваць перыядызацыю гіст. шляху фарміравання бел. архітэктуры (працы А.П.Воінава, А.А.Воінава, М.Кацара, У.Чантурыі, Ю.Ягорава і інш.). Тэарэт. асновы вырашэння тэр. арганізацыі Беларусі, развіцця гарадоў і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў распрацавалі Я.Заслаўскі, І.Іода, У.Кароль, Г.Патаеў, І.Сітнікава, А.Сардараў, А.Яршоў і інш.Тэарэт. абгрунтаванне рацыянальных прынцыпаў забудовы сельскіх населеных месцаў распрацоўвалі А.Балыка, А.Кудзіненка, І.Малкоў, У.Сакалоўскі. Асновы аптымізацыі арх. сродкамі функцыян.-тэхнал. працэсаў асобных тыпаў грамадскіх будынкаў адлюстраваны ў працах В.Аладава, С.Філімонава, І.Равуцкай, В.Саннікавай і інш. З канца 1960-х г. пашыраецца даследаванне нар. дойлідства (А.Лакотка, С.Сергачоў, У.Трацэўскі, Г.Лаўрэцкі, В.Марозаў, Т.Хадыка, В.Чарнатаў, Т.Чарняўская і інш.), што дазволіла вылучыць бел. архітэктуру як самаст. галіну слав. дойлідства. Даследуецца развіццё Т.а. замежных краін (Н.Кожар). Вынікі тэарэт. даследаванняў Я.Аграновіч-Панамаровай, В.Анікіна, А.Сычовай, К.Хачатранц і інш. спрыялі станаўленню творчых прыёмаў майстроў бел. архітэктуры, арганізацыі навуч. працэсу на арх. ф-це Бел.нац.тэхн. ун-та і падрыхтоўцы падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па сац. асновах архітэктуры, забудове населеных месцаў, ландшафтнай архітэктуры, каларыстыцы, інтэр’ерах грамадскіх будынкаў і інш. Сучасны перыяд развіцця Т.а. звязаны з неабходнасцю стварэння асновы для прыярытэтных кірункаў прыкладных даследаванняў па ўдакладненні нарматыўнай базы буд-ва, аптымізацыі жыллёвага асяроддзя, рэканструкцыі фонду жылых і грамадскіх будынкаў (Г.Баранец, Г.Гаўрыкава, Н.Лазоўская, А.Мазанік, Ю.Малыка, Г.Палянская, Т.Рак, Ю.Чантурыя і інш.).
Літ.:
Проблемы современной теории архитектуры. М., 1973;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;
Пономарева Е.С. Цвет в интерьере. Мн., 1984;
Теория композиции в советской архитектуре. М., 1986;
Эко У. Отсутствующая структура: Пер. с итал. СПб., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАМА́ТЫ (ад грэч. philomathes аматар ведаў),
тайнае патрыятычнае студэнцкае т-ва ў Віленскім ун-це ў 1817—23. Засн. 1.10.1817 Ю.Яжоўскім (прэзідэнт), Т.Занам, А.Міцкевічам, Ф.Малеўскім, А.Петрашкевічам, В.Палюшынскім, Б.Сухецкім. Праект статута распрацоўвалі Міцкевіч і Зан з арыентацыяй на аб’яднанне значнай колькасці моладзі, але быў прыняты праект Яжоўскага. Ён прадугледжваў стварэнне вузкага, фактычна закрытага т-ва з абмежаванай колькасцю ўдзельнікаў. Гал. мэтай Ф. лічылі падрыхтоўку моладзі да рознабаковай дзейнасці на карысць Айчыны. Яна ажыццяўлялася ў навук. і арганізац. кірунках, ва ўласнай творчасці, прадугледжвала глыбокае авалоданне разнастайнымі навук. ведамі, замежнымі мовамі. Вял. ўвага аддавалася абуджэнню нац. свядомасці, прапагандзе гуманізму, гал. роля ў гэтым адводзілася гуманітарным навукам. Ф. трактавалі веды і навуку як найвышэйшыя каштоўнасці чалавека, выступалі супраць афіц. палітыкі ў адукацыі, спроб абмежавання культ.-асв. функцый навукі. Сац. заганы трактавалі з пункту гледжання канцэпцыі «натуральнага права», асуджалі дэспатызм, прыгонніцтва, феад.-абсалютысцкія парадкі. Статут т-ва абавязваў яго ўдзельнікаў мець працы філосафаў, гісторыкаў і палітыкаў. Практычныя прапановы членаў т-ва прадугледжвалі паскарэнне развіцця прам-сці, шырокае выкарыстанне ў сельскай гаспадарцы дасягненняў агранамічнай навукі і тэхн. прыстасаванняў. Асн. пунктам праграмы Ф. было патрабаванне адмены прыгоннага права, свабода сялянства лічылася асновай дабрабыту і прагрэсу грамадства, найважнейшай умовай шырокага распаўсюджання асветы. Вырашэнне гал. грамадска-паліт. праблем Ф. разглядалі як залежнае ад паліт. улады і суадносілі яго з вырашэннем маральных праблем, маральнае зло лічылі асновай любой несправядлівасці сац. жыцця. Яны збіралі і аналізавалі бел.літ. фальклор, звычаі і абрады, планавалі падрыхтаваць сінтэзаваную характарыстыку нар. жыцця. Фальклорныя вобразы істотна паўплывалі на паэт. творчасць Міцкевіча, Я.Чачота, Зана, Петрашкевіча.
У арганізац. плане Ф. імкнуліся да структурнай цэласнасці і дасканаласці сваёй дзейнасці. Яна ўскладнялася неабходнасцю пастаяннай падтрымкі ўмоў строгай канспірацыі, што накладвала адбітак на ўзаемаадносіны паміж удзельнікамі т-ва і знайшло адлюстраванне ў 3 варыянтах яго статута (прымаўся адпаведна ў 1817, 1818 і 1819). Магчыма, статут быў распрацаваны пад уплывам масонаў (гл.Масонства), якія актыўна дзейнічалі ў Вільні. 1-ы статут Яжоўскага падзяляў Ф. на правадзейных членаў арг-цыі і членаў-карэспандэнтаў, куды залічваліся навічкі (мелі права толькі на навук. дзейнасць і не дапускаліся на адм. сходы). Паводле 2-га статута ў т-ве створаны 2 аддзелы: свабодных навук і л-ры, фіз.-матэм. і мед.навук. 3-і статут фармальна скасаваў ін-т карэспандэнтаў, але захаваў абавязковы 4-месячны выпрабавальны тэрмін для новых кандыдатаў. У пач. 1821 т-ва рэарганізавана, стала больш адкрытым і дэмакратычным. Усе ўдзельнікі атрымалі права распрацоўкі яго статута, кіраўніцтва крытыкавалася за пэўны ўціск свабоды мыслення. У 1819 Ф. стварылі шэраг саюзаў-клубаў з мэтаю пашырэння свайго ўплыву на моладзь і павышэння ўзроўню самаарганізацыі. У крас. 1819 засн. «Саюз сяброў», асн. задачай якога стала падрыхтоўка моладзі да разумення філаматычнай праграмы, а з кастр. 1820 — кіраўніцтва новаарганізаваным «Саюзам філарэтаў» (гл.Філарэты). Са студз. 1821 «Саюз сяброў» фактычна стаў сярэдняй ступенню буйнога канспіратыўнага маладзёжнага аб’яднання (першую прадстаўлялі ўласна Ф., якія тайна кіравалі «Саюзам сяброў», трэцюю — філарэты. Па прапанове Міцкевіча з непадрыхтаванай моладзі фарміраваліся спец. т-вы, даступныя яе духоўнаму ўзроўню. Значную папулярнасць меў створаны Ф. «Саюз прамяністых» (гл.«Прамяністыя»), У 1823 т-ва Ф. раскрыта афіц. ўладамі, многія з яго ўдзельнікаў (А.Адынец, І.Дамейка, Міцкевіч, Петрашкевіч, А.Ходзька, Чачот і інш.) арыштаваны, Зан асуджаны да зняволення ў крэпасці.
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Мохнач Н.Н. Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX в. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАНАДАЎСТВА АБ ПРАЦЫ.
Складаецца з нарматыўных актаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы арганізацыі і выкарыстання працы. Прававая рэгламентацыя працоўных і звязаных з імі адносін замацавана ў Канстытуцыі, законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта, пастановах Урада, рэсп. і мясц. органаў дзярж. кіравання. Асн.заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы прац. права, — Працоўны кодэкс (ПК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 26.7.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.1.2000. Ён прынцыпова адрозніваецца ад папярэдняга кодэкса законаў аб працы і распрацаваны з улікам сац.-паліт. пераўтварэнняў і фарміравання рыначнай эканомікі, наяўнасці ў грамадстве прыватнай уласнасці і наёмнай працы, неабходнасці забеспячэння балансу інтарэсаў сац. партнёраў — наймальнікаў і наёмных работнікаў. Дзейны ПК складаецца з 6 раздзелаў (39 глаў, 468 артыкулаў).
У раздзеле «Агульныя палажэнні» вызначаны задачы, сфера дзеяння, формы адносін, якія рэгулююцца кодэксам, суадносіны бел. заканадаўства аб працы і норм міжнар. права, асн. правы работнікаў (на выбар прафесіі, роду заняткаў, бяспечныя ўмовы працы, аб’яднанне ў прафес. саюзы, сац. страхаванне, суд. абарону прац. правоў і інш.) і наймальнікаў. Раздзел «Агульныя правілы рэгулявання індывід прац. і звязаных з імі адносін» устанаўлівае парадак заключэння, змянення і спынення прац. дагавора; вызначае асн. абавязкі работнікаў і наймальнікаў; рэгулюе пытанні заработнай платы, формы, сістэмы і памеры аплаты працы розных катэгорый работнікаў, нормы працы і здзельныя расцэнкі, агульныя норм ы рабочага часу і адпачынкаў, дысцыплінарнай адказнасці і парадку вырашэння індывід. прац спрэчак, правілы аховы працы. Раздзел «Асаблівасці рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў» устанаўлівае правілы прац. адносін з кіраўнікамі і членамі калегіяльных выканаўчых органаў арганізацыі; вызначае дадатковыя гарантыі аховы працы жанчын; устанаўлівае правы непаўналетніх у прац. адносінах і нормы, якія забараняюць выкарыстанне працы асоб да 18 гадоў на цяжкіх і звышурочных работах; рэгулюе парадак, умовы працы і сац. забеспячэння інвалідаў; вызначае асаблівасці рэгулявання працы часовых і сезонных работнікаў, работнікаў-надомнікаў, хатніх работнікаў, работнікаў асобных галін эканомікі і асобных прафесій; устанаўлівае перавагі і кампенсацыі для работнікаў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, пражываюць (працуюць) на тэр. радыеактыўнага забруджвання, гарантыі работнікам у сувязі з выкананнем воінскіх абавязкаў. У раздзеле «Агульныя правілы рэгулявання калектыўных працоўных адносін» устанаўліваюцца асн. прынцыпы сац. партнёрства, рэгулююцца пытанні заключэння і змянення калект. дагавораў, парадак вырашэння калект.прац. спрэчак (прымірыцельная камісія, пасрэдніцтва, прац. арбітраж), парадак правядзення забастовак і прававое становішча работнікаў у час забастовак. У спец. раздзеле вызначаюцца ўмовы і падставы адказнасці работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам, парадак вырашэння спрэчак і памер кампенсацыі за шкоду, прычыненую пры выкананні прац. абавязкаў, сістэма кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы.
Прававыя нормы, якія рэгулююць прац. і звязаныя з імі адносіны, утрымліваюцца ў законах Рэспублікі Беларусь «Аб прафесійных саюзах» ад 22.4.1992 (у рэдакцыі 14.1.2000), «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.5.1991, «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь» ад 28.5.1991, «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» ад 18.2.1991, «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» ад 11.11.1991, «Аб статусе ваеннаслужачых» ад 13.11.1992, «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 22.2.1991 (з наступнымі зменамі і дапаўненнямі да ўсіх гэтых законаў), дэкрэце Прэзідэнта «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны» ад 26.7.1999, у зацверджаным пастановай Савета Міністраў «Палажэнні аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў наймальнікаў з работнікамі» (25.9.1999) і інш. нарматыўных актах.
Літ.:
Трудовое право. 2 изд. Мн., 2002;
Комментарий к Трудовому кодексу Республики Беларусь. 2 изд. Мн., 2003;
Томашевский К.Л., Войтик А.А. Научно-практический комментарий к законодательству о трудовых контрактах. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЯТЭРАПІЯ І КУРАРТАЛОГІЯ
Фізіятэрапія. Першы фізіятэрапеўтычны кабінет на Беларусі арганізаваны ў 1916, хоць асобныя даследаванні ўплыву фіз. фактараў на арганізм чалавека праводзіліся і ў 19 ст. (Я.А.Наркевіч-Ёдка і інш.). З адкрыццём Бел. інстытута фізіятэрапіі (1924) даследаванні набылі сістэмны характар, а фізіятэрапеўтычная служба пачала фарміравацца як галіна практычнай медыцыны. У наш час фізіятэрапеўтычную дапамогу (святлолячэнне, электра-, магніта-, механатэрапію, вода- і бальнеалячэнне, інгаляцыйную тэрапію і інш.) аказваюць у фізіятэрапеўтычных аддзяленнях, якія функцыянуюць ва ўсіх лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных установах Беларусі. Штогод лячэнне атрымліваюць больш за 5 млн. хворых.
Курарталогія (уключае ў сябе бальнеалогію, бальнеатэрапію, кліматалогію і клімататэрапію, таласатэрапію і курартаграфію) фарміравалася паступова, а курортныя фактары з лячэбнымі мэтамі доўгі час выкарыстоўваліся бессістэмна і эмпірычна. Вывучэнне мінеральных крыніц Беларусі пачалося ў 18 ст. У 1778 С.Элі даследаваў і апісаў Шклоўскую серна-жалезістую крыніцу, у 1786 А.Меер-Міхееўскі — крыніцу пад Крычавам. Некалькі мінеральных крыніц выявіў В.М.Севяргін. Рэгулярнае выкарыстанне мінеральных вод пачалося ў 1-й пал. 19 ст., першы курорт засн. ў 1855 каля в. Баркоўшчына на беразе Доўжыцкага возера (існаваў да Вял. Айчыннай вайны). Сістэматычнае і планавае асваенне курортных фактараў у рэспубліцы пачалося ў 1920-я г. Уклад у іх вывучэнне і развіццё санаторна-курортнай справы зрабілі І.П.Антонаў, П.В.Астапеня, М.Ф.Казлоў, І.В.Казлоўскі, Я.Ф.Калітоўскі, Э.С.Кашыцкі, А.В.Кудзельскі, Л.Х.Хасін, Б.В.Шалькевіч і інш. У 1925 адкрыты санаторый «Баркоўшчына», у 1934 — Барысаўскі санаторый, у 1936 — Бабруйская курортная лячэбніца. У пасляваенны час праводзілася мэтанакіраваная разведка мінеральных вод і лячэбных гразей і на іх базе ствараліся санаторна-курортныя ўстановы: санаторыі «Нарач» (1963), «Крыніца» (1966), «Лётцы» (1964) і інш. Адначасова пашыралася сетка дамоў адпачынку, санаторыяў-прафілакторыяў і інш. санаторна-курортных устаноў. У наш час на Беларусі функцыянуе 71 санаторый і пансіянат з лячэннем, 109 санаторыяў-прафілакторыяў і 15 дамоў адпачынку, у якіх штогод папраўляюць здароўе больш за 500 тыс. чалавек.
Навук. даследаванні па фізіятэрапіі і курарталогіі праводзяцца пераважна ў Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі; на кафедрах фізіятэрапіі, курарталогіі і мед. рэабілітацыі ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі; у мед. універсітэтах. Бел. вучонымі адкрыты і вывучаны шматлікія крыніцы мінеральных вод і лячэбных гразей, даследавана эфектыўнасць фізіятэрапеўтычных метадаў і курортных фактараў у прафілактыцы хвароб, лячэнні і рэабілітацыі хворых; распрацаваны шматлікія метады лячэння фізічнымі фактарамі, вывучаны фізіка-хім. і лекавыя ўласцівасці прыродных фактараў, прапанаваны дзесяткі фізіятэрапеўтычных апаратаў. Найб. значны ўклад у развіццё фізіятэрапіі і курарталогіі зрабілі Г.Е.Багель, В.А.Кобрык, Д.А.Маркаў, Л.А.Пірагова, У.С.Улашчык і створаная ім бел. фізіятэрапеўтычная школа. Спецыялісты ў галіне фізіятэрапіі і курарталогіі аб’яднаны ў Бел.навук.мед. таварыства фізіятэрапеўтаў і курартолагаў (засн. ў 1948, з 1948 старшыня Маркаў, з 1976 Улашчык). З мэтай укаранення навейшых дасягненняў у галіне фіз. і курортнай тэрапіі ў мед. практыку праводзяцца нарады таварыства і яго філіялаў у абласцях, канферэнцыі, семінары. Асновы фізіятэрапіі і курарталогіі выкладаюцца ў вышэйшых і сярэдніх мед. навучальных установах. Падрыхтоўку і ўдасканаленне ўрачоў па фіз. і курортнай тэрапіі праводзіць створаная ў 1977 кафедра фізіятэрапіі і курарталогіі Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНАЎСТВА
Адну з першых характарыстык глеб Беларусі даў В.М.Севяргін (1820—21). Звесткі пра глебы Беларусі ёсць на глебавых картах Еўрап. Расіі, складзеных К.С.Весялоўскім (1851) і В.І.Часлаўскім (1879). У 1921 створана кафедра глебазнаўства ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (з 1925 БСГА), дзе ў 1922—30 пад кіраўніцтвам Я.М.Афанасьева праведзены даследаванні глеб Беларусі, пазней складзена карта глеб Беларусі маштабу 1:26 000 (А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, П.П.Рагавой, В.Н.Чацверыкоў, М.П.Булгакаў). У 1931 створаны Ін-т аграглебазнаўства і ўгнаенняў, дзе вывучалі пераважна выкарыстанне ўгнаенняў для павышэння ўрадлівасці глеб. На кафедры глебазнаўства, створанай у 1933 на геаграфічным факультэце БДУ, асноўным кірункам сталі глебава-геаграфічныя даследаванні. На аснове буйнамаштабнага картаграфавання глеб Беларусі ў 1952 падрыхтавана манаграфія «Глебы БССР» і складзена глебавая карта краіны ў маштабе 1:800 000 (М.П.Булгакаў, І.С.Лупіновіч, А.С.Мядзведзеў і інш.). У 1958 арганізаваны Ін-т глебазнаўства (з 1969 — БелНДІ глебазнаўства і аграхіміі). У 1960-я г. ўзніклі новыя кірункі глебазнаўства — меліярацыйная геаграфія (В.С.Аношка, С.М.Зайко, М.К.Чартко, В.І.Шабанава), глебавая біягеахімія (В.С.Аношка, У.П.Дубікоўскі, С.М.Зайко, В.М.Яцухно). З 1964 развіваецца канцэпцыя пашыранага аднаўлення ўрадлівасці глеб. У выніку ў 1964—2004 у БГСА распрацаваны характарыстыка гумусавага стану разнагумусавых дзярнова-падзолістых лёгкасугліністых глеб у залежнасці ад сістэмы ўгнаенняў, тэхналогіі іх унясення і спосабаў апрацоўкі глебы; вызначаны нарматывы для дасягнення бездэфіцытнага балансу гумусу і аптымальнага ўзроўню змяшчэння гумусу для розных с.-г. культур (А.М.Брагін, В.Б.Вараб’ёў, Г.І.Гарбылёва, А.У.Каліноўскі, Г.Дз.Кротаў, І.У.Цыцкоўская); вызначаны аптымальныя значэнні катыённага складу і структурнага стану глебы для розных культур (Г.І.Гарбылёва, М.І.Іванова, М.М.Камароў); даказана значэнне тэрмадынамічных паказчыкаў для дыягностыкі калійнага і фасфатнага рэжыму ў глебе (А.А.Паддубны, Г.А.Чарнуха); вывучаны асаблівасці біялагічных якасцей глебы пад антрапагенным уздзеяннем (А.В.Красікава, Т.Э.Мінчанка); вывучаецца роля арганамінеральных калоідаў як фактару, што вызначае якасці глебы (В.Б.Вараб’ёў, Т.В.Лаломава, Г.В.Седукова) і інш.
У НДІ глебазнаўства і аграхіміі паспяхова развіваюцца ідэі І.С.Лупіновіча і А.Р.Мядзведзева аб аптымізацыі якасцей глеб. Вызначана ўзаемасувязь ураджайнасці с.-г. культур з аграхімічнымі якасцямі глеб (І.М.Багдзевіч, Т.Н.Кулакоўская, В.В.Лапа, М.М.Семяненка і інш.), праведзены баніціровачныя работы, распрацавана класіфікацыя антрапагенна-парушаных глеб, вывучаюцца радыяцыйна забруджаныя землі (А.І.Зінковіч, М.І.Смяян, Г.С.Цытрон, Л.І.Шыбут і інш.). Вывучаны глебавыя працэсы ў мінеральных балотных і забалочаных глебах (М.І.Афанасьеў, Т.Ф.Голуб, С.Н.Іваноў, С.М.Касьянчык, І.С.Лупіновіч, А.С.Меяроўскі, Т.А.Раманава); мінерала-спектраграфічны склад глеб (У.Д.Лісіца, П.С.Самадураў); біялагічная актыўнасць і глебавыя мікраарганізмы (Ф.П.Вавула, Л.А.Карагіна, Н.А.Міхайлоўская) і інш. У Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вывучаюцца пытанні генезісу, трансфармацыі і аховы тарфяных глеб, аблогаў сапрапеляў і атымізацыі экасістэм (М.М.Бамбалаў, В.Б.Кадацкі, Б.В.Курзо, Г.А.Сакалоў, В.С.Хоміч і інш.).
Літ.:
Бамбалов Н.Н. Балане органического вещества торфяных почв и методы его изучения. Мн., 1984;
Оценка плодородия почв Белоруссии. Мн., 1989;
Афанасьев А.Н. Генезис, проблемы, классификация и плодородие почв. Мн., 1997;
Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;
Яцухно В.М., Черныш А.Ф. Проблема деградации земель Беларуси. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРОДНІЦТВА
Заснавальнік навуковага агародніцтва на Беларусі — М.В.Рытаў. Значны ўплыў на навук. развіццё агародніцтва на Беларусі зрабілі Горы-Горацкі земляробчы ін-т і Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та раслінаводства (у 1931 на яго базе створана Бел. плодаагароднінная доследная станцыя), дзе распрацоўваліся тэорыя і метады навук. даследаванняў па агародніцтве ва ўмовах Беларусі. У 1925 арганізавана Дзярж. інспекцыя па сортавыпрабаванні с.-г. культур. У 1956 арганізаваны Бел.НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства (з 1972 Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва). У 1990 створаны Бел.НДІ агародніцтва.
У 1960-я г. пачаты даследаванні па распрацоўцы сістэмы выкарыстання гербіцыдаў пры вырошчванні агароднінных культур (Л.Л.Гуніч, П.С.Жуковіч, Ю.М.Забара, В.Г.Рагожнікаў, А.П.Харытонава). З 1970-х г. інтэнсіўна вядзецца селекцыйна-насенняводчая праца, у т. л. селекцыя асн. агароднінных культур Беларусі; капусты белакачаннай (М.А.Гарадзілаў, Л.І.Чулкова), сталовых буракоў (М.М.Высоцкая, Л.Г.Няфёдава), агуркоў (Н.М.Завадская, А.М.Купрэева), памідораў (М.І.Касцечка, Г.М.Палянская, М.І.Фёдарава), цыбулі (В.Ф.Дзевятава), бабовых (Г.В.Казак, П.Ф.Лысаконь). Вывучаюцца цытаплазматычная мужчынская стэрыльнасць цыбулі (В.Ф.Дзявятава), устойлівасць яе да фітафтарозу (В.В.Псарова, М.І.Фёдарава). Праведзена хіміка-тэхналагічнае даследаванне раянаваных і перспектыўных сартоў (Г.І.Пушкіна, В.Ф.Саўчанка, Т.В.Сцепанішына).
Да сярэдзіны 1980-х г. на Беларусі раянавана 12 сартоў агароднінных культур бел. селекцыі, у т. л. памідоры Нёман і Даходны, капуста Летняя 103 і Русінаўка, гарох Ліпеньскі і Рэкорд 158, цыбуля Янтарная, часнок азімы Палёт і Беларускі, сталовыя буракі Халадастойкі. Распрацоўваецца тэхналогія вырошчвання ранняй агародніны пад плёначнымі тунэльнымі пакрыццямі (М.М.Грышкевіч), выкарыстанне плёнкі пры вырошчванні агуркоў у адкрытым грунце (Т.С.Якубіцкая). Праведзены даследаванні па хваробаўстойлівасці культур, выведзены сарты, устойлівыя да фітафтарозу, бурай плямістасці лісця (В.Дз.Паліксенава, В.В.Пісарава), мучністай расы, аліўкавай плямістасці агуркоў (В.Л.Налобава).
Калектывам Бел.НДІ агародніцтва створана больш за 150 сартоў і гібрыдаў агароднінных і востра-араматычных культур. У дзярж. выпрабаванне перададзены сарты агуркоў Світанак, Зарніца, Янус F1, Верасень (Т.В.Мацюк, В.Л.Налобава, А.Я.Хлебародаў); сталовых буракоў Прыгажуня (В.П.Меляшкевіч, Л.Г.Няфёдава); памідораў Раніца (Ф.І.Анцугай, В.Г.Іванюк, М.І.Фёдарава), Шторм F1, Ранні; перцаў Алеся, Кубік Ж., Вожык (Л.А.Мішын, Л.В.Хатылёва, Н.А.Юбко); цыбулі Ветразь, Крывецкі ружовы, Дыямент (В.Ф.Дзевятава, М.Г.Купрэенка); часнаку азімага Вітажэнец (М.П.Купрэенка); кропу Сож 2000 (В.П.Меляшкевіч, В.Л.Налобава, А.П.Шкляроў). Распрацаваны эфектыўныя тэхналогіі вырошчвання расады капусты ў адкрытым грунце (А.А.Аутка, Ю.М.Забара, А.А.Казіміраў), агароднінных культур у зімовых і плёначных цяпліцах (М.Ф.Сцяпура), касетная тэхналогія і абсталяванне для вырошчвання расады (А.А.Аутка, В.В.Пазняк, А.П.Шкляроў), вырошчванне цыбулі як аднагадовай культуры на вузкапрофільных градах (А.А.Аутка, М.П.Купрэенка, А.А.Меляшкевіч). Вывучаны ўплывы розных відаў угнаенняў на ўласцівасці глебы, ураджаю, якасць агародніны (В.П.Пярэднеў, М.І.Рышкевіч, М.П.Сапун, М.Ф.Сцяпура). Распрацоўваюцца пытанні інтрадукцыі і стварэння сартоў зяленіўных і малапашыраных агароднінных культур (А.П.Шкляроў). Развіваюцца кірункі па вывучэнні маркетынгавай дзейнасці ў агародніцтве, паляпшэнні якасці прадукцыі, павелічэнні асартыменту (Г.І.Гануш).
Літ.:
Гануш Г.И. Овощеводство Беларуси. Мн., 1996;
Аутко А.А. Технологии возделывания овощных культур. Мн., 2001;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РН (франц. moderne ад лац. modernus новы, сучасны),
стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад. мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктурынайб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.Макінташа (Шатландыя), Х. ван дэ Велдэ і В.Арта (Бельгія), А.Гаўдзі (Іспанія), Э.Гімара (Францыя), І.Гофмана і І.М.Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.Шэхтэля і Ф.Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, А.Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл. групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.Гагена і мастакоў групы «Набі» ў Францыі, Г.Клімта ў Аўстрыі, Ф.Кнопфа ў Бельгіі, Э.Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.Т.Гейне і Г.Фогелер, швейцарац Ф.Валатон, Мунк, француз Э.Грасэ, чэх А.Муха, у Расіі — А.М.Бенуа, К.А.Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.Міне ў Бельгіі, Г.Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т. л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.Гале, упрыгожанні Р.Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.К.Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.А.Фаміна.
У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар. мастацтва М. стала неад’емнай ч.арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.Шабунеўскі, В.Марконі, О.Краснапольскі, А.Альшалоўскі, Б.Астравумаў, К.Данцоў, К.Шрэтэр, У.Срока і інш.
Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.Рушчыца, С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Тычыны, Я.Мініна, А.Астаповіча, С.Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар. мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстаннеметал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;
Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.
В.Я.Буйвал, А.М.Кулагін, М.М.Яніцкая.
Да арт.Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Э.Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.Да арт.Мадэрн. Л.Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.Да арт.Мадэрн. Ч.Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.Да арт.Мадэрн. В.Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.Да арт.Мадэрн. Э.Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.Да арт.Мадэрн. Г.Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.Да арт.Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНААСО́БНІКІ,
сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц.сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстай прамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш.сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст.гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл.Раскулачванне).
Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.