МАГІЛЁЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Існаваў з канца 17 ст. да 1864 у Магілёве. У 1696—98 на атрыманым ад М.Пяцюхі пляцы бернардзінцы перарабілі свіран у капліцу, што і лічыцца часам заснавання кляштара. У 1702 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія, у 1705 узведзены жылы корпус. У 1720-я г. пабудаваны мураваны касцёл з цудадзейным абразом св. Антонія ў гал. алтары. У 1864 кляштар зачынены, у ім размясціўся архіў суда, манахаў перавялі ў Крэцінгу (Літва) і ў Мінск. Будынкі пацярпелі ў час Вял. Айч. вайны, пазней знесены.

А.А.Ярашэвіч.

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,

помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1902. Фарміруе Прывакзальную пл. з партэрам у цэнтры яе. Пасля Вял. Айч. вайны будынак рэканструяваны. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. прыбудовамі па тарцах. Гал. фасад вылучаны 3 рызалітамі (цэнтр. з гал. уваходам і 2 бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вял. арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прамавугольныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваны руставанымі пілястрамі. Сцены завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры гал. фасада 8-гранны светлавы барабан з невысокай 4-граннай вежай.

В.М.Чарнатаў.

Магілёўскі чыгуначны вакзал.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕ́НЗІ КІНГ ((Mackenzie King) Уільям Лаян) (17.12.1874, г. Кітчэнер, Канада — 22.7.1950),

канадскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1909—11 міністр працы. У 1919—48 лідэр Ліберальнай партыі. У 1921—26, 1926—30 і 1935-48 прэм’ер-міністр Канады. У 2-ю сусв. вайну праводзіў курс на супрацоўніцтва Канады з дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі, пасля вайны — на ажыццяўленне сац. рэформ у краіне, умацаванне яе міжнар. прэстыжу (у 1945 Канада была адной з дзяржаў-заснавальніц ААН) і адзінства кан. нацыі (у 1946 прыняты закон аб кан. грамадзянстве).

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАМА́НЫ (лац. Marcomanni жыхары маркі),

адно з плямён стараж. германцаў, што насялялі даліну р. Майн. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 58 да н.э. (згадваюцца ў войску Арыявіста). У 9—8 да н.э. выцеснены рымлянамі на тэр. сучаснай Чэхіі. У 1 ст. н.э. разам з роднаснымі ім квадамі прасунуліся на землі паміж верхнім цячэннем Эльбы і Дунаем. Адсюль яны рабілі набегі ў Паўн. Італію, што прывяло да Маркаманскай вайны 166—180 з рымлянамі. З 4 ст. ўдзельнічалі ў Вялікім перасяленні народаў. У 5 ст. аселі пераважна на тэр. Баварыі (гл. Бавары).

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (22.3.1896, г. Крупкі Мінскай вобл. — 30.7.1944),

генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую ваен. школу старшага камсаставу (1923), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен.-гасп. акадэміі (1937). У арміі з 1915, з лют. 1918 камандзір 1-га Маладзечанскага партыз. атрада, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Закаўказскім, Волхаўскім і 1-м Бел. франтах. Стралк. дывізія на чале з М. вызначылася ў ліп. 1944 пры фарсіраванні Зах. Буга, Віслы. Загінуў у баі. У Крупках М. пастаўлены бюст.

У.М.Марцінкевіч.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЧА́НСКІ (Дзмітрый Сцяпанавіч) (26.10.1901, в. Рагатка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 23.6.1979),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху на тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1934), Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1946). З 1924 на сав., парт. і журналісцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну з 1942 у ЦШПР, з 2.4.1943 сакратар Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б, адзін з кіраўнікоў Магілёўскага партыз. злучэння. Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ЖАНЧЫ́Н.

Існавала ў 1901—14 у Мінску. Засн. гар. галавой К.Э.Чапскім. Знаходзілася пад уплывам дзеячаў ліберальна-апазіцыйнага руху. У рабоце т-ва ўдзельнічалі пераважна жонкі чыноўнікаў і прадпрымальнікаў. Мела юрыд. аддзел, прысяжныя павераныя якога давалі бясплатныя юрыд. кансультацыі, бюро па арганізацыі лекцый. Жанчыны-ўрачы вялі курс жаночай гігіены, выкладчыкі гімназіі К.В.Фальковіча чыталі лекцыі па астраноміі, гісторыі і л-ры. У 1904—05, 1912—13 пры т-ве дзейнічалі нядзельныя школы, быў адкрыты прытулак для дзяцей рабочых. Спыніла дзейнасць з пачаткам 1-й сусв. вайны.

З.В.Шыбека.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЗЛІ ((Moseley) Генры Гвін Джэфрыс) (23.9.1887, г. Уэймут, Вялікабрытанія — 10.8.1915),

англійскі фізік, адзін з заснавальнікаў рэнтгенаўскай спектраскапіі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1910—14 у Манчэстэрскім, потым у Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па радыеактыўнасці, бэта-, гама- і рэнтгенаўскай спектраскапіі. Вызначыў даўжыні хваль рэнтгенаўскіх прамянёў, прадказаў рэнтгенаўскія спектры некаторых элементаў. Выявіў сувязь паміж частатой характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення і атамным нумарам хім. элемента (гл. Мозлі закон). Загінуў у час 1-й сусв. вайны.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 378—379.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НАК,

адзіны жаночы кляштар ордэна дамініканцаў на Беларусі. Існаваў у 17—19 ст. у Навагрудку. Засн. ў 1654 М.Дамброўскім (паводле інш. звестак — у 1678 А.Пратасевічавай, жонкай навагрудскага земскага натарыуса). У 1690 пабудаваны мураваны касцёл Дзевы Марыі. У канцы 18 — пач. 19 ст. кляштару. належала частка в. Каменка ў Навагрудскім пав. У 1864 скасаваны, 20 яго манашак накіраваны ў Гродзенскі кляштар брыгітак і Мінскі кляштар бенедыкцінак. Каля 1900 касцёл разабраны на цэглу. У жылым будынку кляштара ў 1920-я г. размяшчалася ваяводская ўправа, у час Вял. Айч. вайны разбураны.

М.П.Гайба.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЖМІ́ (сапр. Нежметдзінаў) Каві Гібятавіч

(15.12.1901, в. Красны Востраў Сечанаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 24.3.1957),

татарскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу ў Маскве (1922). Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Татарыі (1934—37). Друкаваўся з 1919. У ранніх апавяданнях, вершах і аповесці «Прыбярэжныя вогнішчы» (1929) адлюстраваны падзеі грамадз. вайны. Аповесці «Светлая сцежка» і «Першая вясна» (абедзве 1930) пра калектывізацыю, паэмы «Хаят апа» (1941) і «Фарыда» (1944) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар гіст.-рэв. рамана «Вясновыя вятры» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951).

Тв.:

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1957.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)