РАСКРЫЎНЫ́Я РАБО́ТЫ,

выдаленне горных парод, што пакрываюць карысныя выкапні, з мэтай выяўлення іх пакладаў; адзін з гал. працэсаў адкрытай распрацоўкі радовішчаў. Для аддзялення (адбойкі) ад масіву цвёрдай пароды выконваюць узрыўныя работы. Пры распрацоўцы мяккіх парод адбойку сумяшчаюць з пагрузкай экскаватарамі, скрэперамі, бульдозерамі, сродкамі гідрамеханізацыі і інш. Пароды перамяшчаюць у адвал транспартна-адвальнымі мастамі, канвеерамі, адвалаўтваральнікамі і інш. Р.р. выконваюць пры буд-ве кар’ераў, а таксама ў працэсе іх эксплуатацыі (забяспечваюць доступ да карыснага выкапня).

т. 13, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІ́СТРА, Сілістрыя,

горад на ПнУ Балгарыі. Узнік як стараж.-рым. паселішча і крэпасць Дурасторум. Да канца 14 наз. Дарастол. Каля 80 тыс. ж. (2001). Вузел аўтадарог, чыг. ст., порт на р. Дунай. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. вытв-сць электронна-выліч. тэхнікі і станкоў; харчасмакавая (мясная, мукамольная, кансервавая, вінаробчая), тэкст., дрэваапрацоўчая. Захаваліся рым. грабніца 4 ст. з насценнымі размалёўкамі, рэшткі руін рым. крэпасці. Рэзерват вадаплаўных птушак, у т. л. пеліканаў.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЧА́НА (Atchana),

Тэль-Атчана, узгорак (тэль) на Амукскай раўніне каля р. Аронт (Паўн. Сірыя), рэшткі стараж. г. Алалах. Раскопкамі выяўлена 17 буд. перыядаў з 3400 да 1200 да нашай эры. Знойдзены рэшткі храма канца 4 — пач. 3-га тыс. да нашай эры, будынак з каланадаю 28—24 ст. да нашай эры (палац правіцеля), клінапісныя таблічкі з царскага архіва 18 ст. да нашай эры, вял. клінапісны надпіс цара Ідрымі (15 ст. да нашай эры), багаты побытавы інвентар.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМАДАБА́Д, Ахмедабад,

горад у Індыі, на р. Сабарматы, штат Гуджарат. Засн. ў 1411. 4775,7 тыс. ж. (1992, з прыгарадамі). Адзін з найважнейшых прамысл. і гандл.-фін. цэнтраў Зах. Індыі. Трансп. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. прам-сці (баваўняныя пража і тканіны, шарсцяныя тканіны, штучны шоўк). Металаапр., маш.-буд., папяровая, хім., гарбарная, запалкавая, харч. прам-сць. Саматужная вытв-сць парчы, шоўку, ювелірных і лакавых вырабаў, мастацкае разьбярства. Арх. помнікі 15—17 ст. 3 ун-ты, у т. л. Гуджарацкі. Музей.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫ (Berry, Berri),

гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Шэр, Эндр, часткова Алье. Пл. 14,3 тыс. км². Нас. каля 600 тыс. чал. (1990). Гал. горад Бурж. Рэльеф узгорысты і нізкагорны. Клімат умераны. Ападкаў каля 800 мм за год. Развіта маш.-буд. (у т. л. с.-г.), авіябуд., харч., хім., тэкст. (шарсцяная), шкларобчая, керамічная прам-сць. Гал. прамысл. цэнтры Бурж, Шатару, В’ерзон, Ісудзён. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжавых, садоўніцтва, вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛБАС (Максім Фёдаравіч) (н. 1.7.1918, в. Слабодка Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1984), праф. (1985). Скончыў БДУ (1948). З 1934 на пед. рабоце, з 1958 у Ін-це эканомікі АН Беларусі, у 1968—90 у Брэсцкім інжынерна-буд. ін-це. Даследуе гісторыю прам-сці Беларусі ў дарэв. перыяд.

Тв.:

Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861 гг.). Мн., 1966;

Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;

Прамысловасць дарэвалюцыйнай Беларусі. Мн., 1988.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́ПА (Марк Віпсаній) (Marcus Vipsanius Agrippa; каля 63, Далмацыя — 12 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч, паплечнік Аўгуста. Консул у 37, 28 і 27. Атрымаў перамогі каля Перузіі ў 40 да н.э., у марскіх бітвах каля Мілаў у 36 над Секстам Пампеем, каля мыса Акцый 2.9.31 над Клеапатрай і Антоніем. Фінансаваў буд-ва ў Рыме Пантэона, водаправода, тэрмаў і інш. Пад яго кіраўніцтвам праведзена геад. здымка ўсёй Рым. імперыі, на аснове якой складзена карта свету.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́ЦЫ (Abruzzi),

адм. вобласць Італіі, на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Падзяляецца на правінцыі Л’Акуіла, К’еты, Пескара, Тэрама. Адм. ц. — г. Л’Акуіла. Пл. 10,8 тыс. км². Нас. 1620 тыс. чал. (1993).

Узбярэжжа раўніннае, на З — Абруцкія горы (г. Корна, 2914 м). Клімат і расліннасць міжземнаморскага тыпу. Вобласць аграрная. Гал. культуры: пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, бульба, на ўзбярэжжы — аліва, вінаград, цытрусавыя і інш. На горных пашах авечкагадоўля. Цукр., вінаробная, алейная, тытунёвая, хім., маш.-буд., электронная прам-сць. Развіта рыбалоўства.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-СІМБЕ́Л,

мясцовасць на зах. беразе Ніла, каля г. Асуан у Егіпце. У 1-й пал. 13 ст. да н.э. тут высечаны 2 скальныя храмы фараона Рамсеса II і гал. стараж.-егіпецкіх багоў са статуямі і рэльефамі на фасадах і ў інтэр’ерах. На фасадзе гал. храма 4 велічныя (20-метровыя) сядзячыя калосы Рамсеса II. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны ў 1967 яны перанесены на плато над старым рэчышчам Ніла.

Калосы Рамсеса II у Абу-Сімбеле.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАРТАЗІ́Т (ад франц. anorthose плагіяклаз),

лабрадарыт, алігаклазіт, плагіяклазіт, горная парода групы габра. Складаецца з асн. або сярэдняга плагіяклазу з невял. колькасцю (5—10%) каляровых мінералаў (алівіну, піраксену, тытанамагнетыту і інш.). Колер ад белага да цёмна-шэрага, амаль чорнага. Для некаторых анартазітаў характэрна ірызацыя (вясёлкавасць) у сініх і блакітных тонах. Шчыльн. 2700—3000 кг/м³. Анартазіт лічаць магматычнымі пародамі. Сустракаюцца ва ўсіх абласцях выхадаў на дзённую паверхню стараж. горных парод. Выкарыстоўваюць як буд. і абліцовачны камень, на выраб помнікаў.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)