фільм фантаст. кірунку, які грунтуецца на навук. гіпотэзах. Ад фільмаў групы «фэнтэзі» (ад англ. fantasy фантастыка) адрозніваецца тым, што аснову іх складаюць міфы і казкі ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Гал. тэмы Н.-ф.ф. — падарожжы ў часе і касм. прасторы, кантакты з іншапланетнымі цывілізацыямі, альтэрнатыўная гісторыя чалавецтва, грамадства ва ўмовах будучыні. Развіццё такіх фільмаў звязана з навук. дасягненнямі і сац. зменамі ў грамадстве. Першы Н.-ф.ф. — «Заваяванне паветра» (1901, рэж. Ф.Зека, Францыя). Як жанр склаўся ў фільмах рэж. Ж.Мельеса, які прыдумаў першыя спецэфекты для здымак фантаст. кіно («Падарожжа на Месяц», 1902, ЗША; «20 000 лье пад вадою», 1907; «На заваяванне полюса», 1912, абодва Францыя, і інш.). У 1920-я г. з’явіліся фільмы з сац.-філас. кірункам і арыгінальнай стылістыкай («Аэліта», 1924, рэж. Я.Пратазанаў, СССР; «Метраполіс», 1926; «Жанчына на Месяцы», 1929; абодва рэж. Ф.Ланг, Германія, і інш.). З 1930-х г. пашырыліся фільмы пра звар’яцелых вучоных («Забойства на вуліцы Морг», 1932, рэж. Р.Флорэ; «Чалавек-невідзімка», 1933; «Франкенштэйн», 1931; «Нявеста Франкенштэйна», 1935; усе рэж. Дж.Уэйл, ЗША), фантаст. цывілізацыі («Страчаны гарызонт», 1937, рэж. Ф.Капра, ЗША). У 1950—80-я г. пераважалі фільмы пра касм. падарожжы, прыбыццё іншапланецян на Зямлю, перспектывы развіцця навукі і тэхнікі і інш., у якіх цэнтр увагі часта пераносіўся на маральныя, філас., сац., экалагічныя праблемы: «Напрамак — Месяц» (1950, рэж. І.Пайчэл), «Гэта прыйшло з іншай прасторы» (1953, рэж. Дж.Арналд), «Заваяванне космасу» (1955, рэж.Б.Хаскін), «На апошнім беразе» (1959, рэж. С.Крамер), «Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу» (1963; усе ЗША), «Касмічная Адысея 2001» (1968, Англія—ЗША), «Завадны апельсін» (1971, Англія; усе рэж. С.Кубрык), «Зорныя войны» (1977, рэж. Дж.Лукас), «Іншапланецянін» (1982, рэж. С.Спілберг), «Чужыя» (рэж. Дж.Кэмеран), «Муха» (рэж. Д.Кроненберг, абодва 1986; усе ЗША) і інш. Пашырыліся фантаст. кінасерыялы («Зорны шлях», з 1979, рэж. Р.Уайз, І.Кершнер і інш.). У 1990-я г. з’явіліся фільмы сінтэтычнага кірунку, якія спалучаюць рысы «фэнтэзі» і Н.-ф.ф., для маст. вырашэння актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі і камп’ютэрныя спецэфекты («Парк Юрскага перыяду», 1995, рэж. Спілберг, ЗША, і інш.). З 1960-х г. развіваўся сав. Н.-ф. ф.; «Чалавек-амфібія» (1962, рэж. Г.Казанскі, У.Чабатароў), «Салярыс» (1972, рэж. А.Таркоўскі), «Маўчанне доктара Івенса» (рэж.Б.Мятальнікаў), «Масква—Касіяпея» (абодва 1974), «Падлеткі ў сусвеце» (1975), «Праз церні да зорак» (1981, усе рэж. Р.Віктараў), «Атэль «Каля загінуўшага альпініста» (1979, рэж. Р.Краманаў), «Завяшчанне прафесара Доўэля» (1984, рэж. Л.Менакер), «Кін-дза-дза» (1986, рэж. Г.Данелія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАСЛА́ЎЕ (ад слоў «правільнае праслаўленне» Бога),
адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з каталіцызмам, пратэстантызмам і стараж. ўсходнімі цэрквамі). Склалася як яго ўсх. галіна пасля падзелу Рымскай імперыі (395) і аформілася ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Атрымала пашырэнне гал. чынам ва Усх. Еўропе і Б. Усходзе. Першапачаткова была пануючай рэлігіяй Візантыйскай імперыі, таму зведала ўплыў яе гіст. развіцця, што адбілася ў яе веравучэнні і ў арганізацыі правасл. цэркваў.
Аснову веравучэння П., сфармуляванага ў сімвале веры, прынятым на Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) усяленскіх саборах, складаюць Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (патрыстыка, пастановы першых 7 усяленскіх сабораў і інш.). Яно зыходзіць з прызнання трыадзінага Бога — творцы і кіраўніка Сусвету, замагільнага свету, пасмяротнай адплаты, збавіцельнай місіі Ісуса Хрыста, які адкрыў магчымасць для выратавання чалавека, на якім ляжыць пячаць першароднага граху. Адно з гал. месцаў у богаслужэбнай практыцы П. займаюць 7 хрысціянскіх таінстваў. хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства, пакаянне (споведзь), мірапамазанне, шлюб, ялееасвячэнне (сабораванне). Вял. значэнне надаецца святам і пастам. У П. адвяргаецца не прызнаюцца* шэраг прынятых у каталіцызме догматаў (аб бязгрэшнасці папы рымскага, аб зыходжанні Св. Духа і ад Бога-бацькі, і ад Бога-сына, аб чысцілішчы, аб бязгрэшным зачацці Ганнай Дзевы Марыі, аб цялесным унебаўзяцці Дзевы Марыі), па-іншаму выконваюцца некат. таінствы. Існуюць адрозненні ў царк. архітэктуры і начынні, строях святароў, інш. атрыбутыцы і абраднасці. У П. богаслужэнне вядзецца на родных (у слав. краінах — на царк.слав.) мовах. Святары (не манахі) павінны быць жанатымі, архірэі — бясшлюбнымі (пасвячаюцца з манаскага духавенства). У П. аўтакефальныя (самастойныя) цэрквы складаюць усяленскую правасл. царкву, аднак адсутнічае адзіны духоўны цэнтр. Канстанцінопальскі патрыярх, прадстаяцель царквы ў сталіцы б.Візант. імперыі традыцыйна захоўвае тытул усяленскага, але не мае адм. улады над інш. цэрквамі.
На 2001 у свеце 15 кананічных аўтакефальных цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэшскіх зямель і Славакіі, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі; 9 першых з іх узначальваюцца патрыярхамі) са сваёй шматступеньчатай іерархіяй (гл.Духавенства, Епіскап, Мітрапаліт). Шэраг рэліг. аб’яднанняў таксама называюць сябе цэрквамі, але яны не атрымалі кананічнага прызнання (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква на эміграцыі, Украінская аўтакефальная правасл. царква, Кіеўскі патрыярхат і інш.). Прыхільнікі П. складаюць большасць вернікаў у Расіі, Беларусі, Украіне, Малдавіі, Грузіі, Балгарыі, Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі, Грэцыі, Кіпры, Румыніі. П. значна пашырана ў Албаніі, Ліване, Сірыі і інш. краінах, а таксама сярод эмігрантаў з гэтых краін у Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі традыцыйна годам увядзення П. лічыцца 992 (заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі). Гісторыю П. на Беларусі гл. ў арт.Беларуская праваслаўная царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА ВО́ЛІ,
філасофска-этычнае паняцце, якое азначае самавызначальнасць чалавека ў сваіх дзеяннях. У філасофіі цесна звязана з праблемамі дэтэрмінізму і індэтэрмінізму волі чалавека, у этыцы — з пытаннямі аб адказнасці чалавека за свае дзеянні, аб суадносінах С.в. і маралі; у хрысц. філасофіі і этыцы разглядаецца ў кантэксце праблемы Божага прадвызначэння і свабоды выбару асобы. Праблеме С.в. належыць адно з цэнтр. месцаў у гісторыі філас. і этычнай думкі. Сакрат падкрэсліваў вызначальную ролю пазнання ў ажыццяўленні С.в. Платон звязваў С.в. з арыентацыяй на ўсеагульны ідэал дабра, Арыстоцель — з праблемай маральнага выбару. Для сярэдневяковай філасофіі характэрны ідэі прадвызначэння і прэваліравання Божай усемагутнасці над асабістай С.в. чалавека (Аўгусцін, І.Дунс Скот, Фама Аквінскі) або прызнання С.в. асобы як магчымасці выбару паміж дабром і злом (Пелагій). У антрапацэнтрычнай філасофіі Адраджэння С.в. разглядалася як аснова чалавечай дабрадзейнасці, поўнага прыроднага і культ. самаразвіцця асобы (Л.Вала, К.Салютаці, Дж.Манеці). Бел. філасофія Адраджэння прасякнута ідэямі С.в., якая набліжае чалавека да вобраза Бога (С.Будны, Л.Зізаній), з’яўляецца асновай самаўдасканалення асобы шляхам падпарадкавання эмоцый і памкненняў розуму (Б.Будны, А.Алізароўскі), творчага самавыяўлення (М.К.Сарбеўскі). З 17 ст. ў вырашэнні праблемы С.в. вызначыліся 2 супрацьлеглыя пазіцыі: дэтэрмінізм, які сцвярджае, што воля абумоўлена знешнімі прычынамі і адмаўляе існаванне С.в. (Т.Гобс, Б.Спіноза), і індэтэрмінізм, які адстойвае ідэю самаабумоўленасці волі і абсалютнай С.в. (І.Фіхтэ). І.Кант аб’яднаў дэтэрмінізм і індэтэрмінізм, сцвярджаючы, што чалавек абсалютна несвабодны ў прыродным асяроддзі і валодае С.в. толькі ў інтэлігібельным (розумаспасцігальным) свеце. Г.Гегель лічыў С.в. атрыбутам сусв. духу, А.Шапенгаўэр разглядаў С.в. чалавека як выяўленне сусв. С.в. і крыніцу адвечных пакут, звязаных з бясконцасцю чалавечых жаданняў. Рацыяналістычную трактоўку С.в. прапанавалі К.Маркс і Ф.Энгельс, якія лічылі, што пазнанне і засваенне навакольнага асяроддзя спрыяюць ажыццяўленню С.в. Ірацыянальнай трактоўкі С.в. прытрымліваліся С.К’еркегор, Г.Маркузе, К.Ясперс, якія сцвярджалі, што веды і рацыяналізм звужаюць магчымасці для выяўлення С.в. Э.Фром вызначыў парадаксальную адметнасць чалавека 20 ст. — «уцёкі» ад С.в. як форму самаабароны ад непакою, звязанага з адзінотай, адказнасцю за выбар і нявызначанасцю будучыні. У экзістэнцыялізме і фенаменалогіі С.в. разглядаецца як неад’емны атрыбут асобы, які выводзіць яе па-за межы матэрыяльнага свету (М.Хайдэгер, Ж.П.Сартр). Гл. таксама Воля, Свабода, Свабода і неабходнасць.
Літ.:
Ноговицин О.М. Ступени свободы: Логико-ист. анализ категории свободы. Л., 1990;
Максимов А.М. Измерения свободы. Екатеринбург, 1994;
Калмыков Р.Б. Анатомия свободы. Иваново, 1995;
Валла Л. Об истинном и ложном благе;
О свободе воли: Пер. с лат.М., 1989;
Шопенгауэр А. Свобода воли и нравственность: Пер. с нем. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ВЫ імя Ф.Скарыны (ТБМ),
бел. добраахвотная грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989 у Мінску. Арганізатары-заснавальнікі: Саюз пісьменнікаў Беларусі, мін-вы адукацыі, культуры Рэспублікі Беларусь, ін-ты мовазнаўства і літаратуры Нац.АН Беларусі, Дзярж.к-т Рэспублікі Беларусь па друку, Бел. фонд культуры, т-ва «Радзіма», Бел.т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі, Нац. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Старшыні т-ва: Н.С.Гілевіч, з 1997 Г.М.Бураўкін, з 1999 А.А.Трусаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, які склікаецца 1 раз у 2 гады, кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. рада ТБМ, выканаўчы орган — Сакратарыят. Рэвізійная камісія кантралюе дзейнасць выбарных органаў і структурных падраздзяленняў т-ва. Мэты т-ва: аднаўленне ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нац. святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі, усебаковае развіццё і захаванне яе чысціні і самабытнасці. Пры т-ве дзейнічае 8 камісій: адукацыйная, арганізацыйная, выдавецкая, па культуры мовы і ўдасканаленні правапісу, па сувязях з замежнымі краінамі, па тапаніміцы і гіст. сімволіцы, тэрміналагічная і інш. Працуе ініцыятыўная група па стварэнні Бел.нац. ун-та, бел. бацькоўскі к-т, кніжны і відэаклуб. Мае б-ку стараж.бел. кнігі (больш за 600 асобнікаў рэдкіх бел. кніг). За час існавання т-вам выдадзена больш за 20 кніг мастацкай, навуковай, навукова-папулярнай, асветніцкай л-ры, у т. л. тэрміналагічныя слоўнікі па фізіцы, вышэйшай матэматыцы, зоапаразіталогіі, батаніцы, бел. вайсковы слоўнік і інш. З сак. 1990 выдае штотыднёвую газ. «Наша слова». У 1990 прымала ўдзел у падрыхтоўцы Закона «Аб мовах у Беларускай ССР», арганізацыі кантролю за выкананнем гэтага закона, у стварэнні «Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Рэспубліцы Беларусь» (1991). ТБМ правяло рэсп. канферэнцыі: «Шляхі станаўлення нацыянальнай беларускай школы» (1990), «Інтэлігенцыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі» (1991), «Беларуская мова і нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт Беларусі», «Шляхі ўдасканалення правапісу беларускай літаратурнай мовы» (1992), сумесна з Мін-вам адукацыі па праблемах бел. тэрміналогіі (1994, 1995), «Закон аб мовах — вынікі і перспектывы», «Беларуская тапаніміка. Гісторыя і сучаснасць» (2000). Падтрымлівае беларускамоўныя класы і школы, прапагандуе родную мову і культуру. Удзельнічала ў перапісе насельніцтва Беларусі (1999). Ім перададзена бязвыплатна каля 10 тыс. асобнікаў кніг для рэгіянальных суполак ТБМ, а таксама для вясковых, школьных і раённых б-к. Структуры т-ва працуюць у кожным раёне Мінска, ва ўсіх буйных гарадах і 64 раёнах Беларусі, а таксама ў Вільні, Рызе, Іркуцку, Маскве, С.-Пецярбургу, Севастопалі, існуе суполка ў Германіі. На 1.1.2001 у ТБМ больш як 5500 актыўных членаў і каля 10 000 прыхільнікаў. Мае сваю афіцыйную сімволіку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЦЦЯКО́ЎСКАЯ ГАЛЕРЭ́Я дзяржаўная, найбуйнейшы ў свеце музей рус.выяўл. мастацтва. Засн. ў Маскве ў 1856 П.М.Траццяковым, у 1892 перададзена ім у дар гораду. Да 1918 наз. Маскоўская гар.маст. галерэя П. і С. Траццяковых. У музеі багацейшы збор іканапісу ўсіх асн. школ стараж.-рус. мастацтва, у т. л. работы Ф.Грэка, А.Рублёва, Дыянісія, С.Ушакова. Захоўваецца жывапіс і скульптура 18—1-й пал. 19 ст. (творы У.Баравікоўскага, К.Брулова, А.Іванава, Дз.Лявіцкага, Ф.Рокатава, В.Трапініна, П.Фядотава, Ф.Шубіна), найб. поўны збор работ перасоўнікаў, жывапісцаў і графікаў канца 19 — пач. 20 ст., у т. л. членаў маст. аб’яднанняў «Свет мастацтва», Саюз рус. мастакоў, «Блакітная ружа», «Бубновы валет» і інш. (І.Левітана, М.Урубеля, В.Сярова, В.Барысава-Мусатава, К.Каровіна, М.Рэрыха, А.Бенуа, К.Сомава і інш.). У Т.г. прадстаўлены лепшыя ўзоры шматнац. мастацтва 20 ст., творы майстроў авангарда (В.Кандзінскага, М.Ларыёнава, К.Малевіча, М.Шагала і інш.) і інш. плыней: С.Герасімава, С.Канёнкава, П.Канчалоўскага, П.Корына, В.Мухінай, М.Несцерава, Ю.Піменава, М.Сар’яна і інш. У Т.г. захоўваюцца творы бел. мастакоў З.Азгура, В.Альшэўскага, Г.Асташонка, А.Бархаткова, М.Басалыгі, Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, А.Грубэ, Л.Давідзенкі, М.Данцыга, Я.Жлана, Ю.Зайцава, Н.Залознай, Р.Заслонава, У.Зінкевіча, Б.Казакова, А.Кашкурэвіча, А.Кішчанкі, Г.Кобрына, А.Ксяндзова, А.Кузняцова, С.Ларчанкі, А.Лось, Л.Марчанкі, А.Маціевіча, В.Мурашова, А.Мятліцкага, М.Савіцкага, У.Савіча, М.Селешчука, У.Слабодчыкава, А.Фінскага, Л.Хобатава, В.Цвіркі, А.Шатэрніка, Г.Шутава, Л.Шчамялёва.
У Т.г. захоўваецца больш за 50 тыс. твораў мастацтва. У аддзеле рукапісаў (з 1922) — больш за 200 тыс. дакументаў па гісторыі рас.маст. культуры 18—20 ст., асабістыя фонды мастакоў і мастацтвазнаўцаў. Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі. Галерэя размешчана ў неаднаразова перабудаваным доме Траццяковых і шэрагу прылеглых да яго будынкаў. Гал. фасад узведзены ў 1900—05 паводле праекта В.Васняцова. У 1936 завершана 8-зальная прыбудова ў неарус. стылі (арх. А.Шчусеў). У 1982—96 праведзена генеральная рэканструкцыя: прыбудаваны дэпазітарый (сховішча), інжынерны корпус, перакрыты ўнутр. двары (арх. Г.Астаф’еў, Б.Клімаў, І.Вінаградскі і інш.). У 1986 музею перададзены будынак Дзярж. карціннай галерэі. У комплекс Т.г. ўваходзяць таксама царква Міколы Цудатворца ў Талмачах, на правах аддзелаў-філіялаў — музеі-кватэры А.Васняцова і Корына, Дом-музей В.Васняцова, Музей-майстэрня Г.Галубкінай.
Літ.:
Государственная Третьяковская галерея: Очерки истории, 1856—1917. Л., 1981;
Государственная Третьяковская галерея: История и коллекции. 4 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРО́Т Міхась (сапр.Кудзелька Міхаіл Сымонавіч; 7.11.1896, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1937),
бел. паэт, грамадскі і культ. дзеяч. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1917). Мабілізаваны ў армію. З 1918 у Мінску. Уваходзіў у арг-цыю «Маладая Беларусь», Часовы Беларускі нацыянальны камітэт, у 1920 адзін з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі. З 1920 супрацоўнік, у 1925—29 рэдактар газ. «Савецкая Беларусь». Адзін з ініцыятараў стварэння і з 1923 кіраўнік аб’яднання бел. пісьменнікаў «Маладняк». З 1927 чл. аб’яднання бел. пісьменнікаў «Полымя», пазней БелАПП. Удзельнічаў у культ.-нац. жыцці: спяваў у хоры У.Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», быў старшынёй тэатр. гуртка «Маладзік». У 1930-я г. рэдактар Бел.дзярж.выд-ва, літ. кансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі. Канд. у чл.ЦККП(б)Б у 1925—30. Канд. у чл.ЦВКБССР у 1922—24, чл.ЦВКБССР у 1924—31. 24.1.1937 арыштаваны. 28.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пачатковы этап творчасці адметны нац.-патрыят. гучаннем. Пасля 1921 дамінуюць рэв.-пралетарскія матывы: зб-кі вершаў «Завіруха» (1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Сонечны паход» (1929). У паэме «Босыя на вогнішчы» (1922) паэт. версія рэвалюцыі на Беларусі. У паэме-фантазіі «Чырванакрылы вяшчун» (1923) маст. ідэалізацыя вобраза «ўсясветнай камуны». Паэма «Беларусь лапцюжная» (1924) пра паслярэв. жыццё, збліжэнне горада і вёскі. У паэме «Марына» (1925) героіка-рэв. змаганне часоў грамадз. вайны на фоне рамант. і фальклорна-ідэалізаванага кахання. У паэме «Карчма» (1925) тэма мінулага і сучаснага Беларусі. Зб.апавяд. «Веснаход» (1924) пра бел. рэчаіснасць 1920-х г. Прыгодніцкая аповесць «Свінапас» (1923—24; на яе аснове створаны 1-ы бел.маст. фільм «Лясная быль», 1926) пра падзеі грамадз. вайны. Аўтар нар. драмы «На Купалле» (нап. 1921, паст. БДТ-1, 1921, не збераглася; адноўлены тэкст апубл. ў 1982), вадэвіль «Мікітаў лапаць» (апубл. 1923, паст. Першым т-вам бел. драмы і камедыі; ролю Мікіты выконваў аўтар; БДТ-3, 1923; Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1979), дзіцячых п’ес «Данілка і Алеська» (1920), «Пастушкі» (1921) і інш. У 1930-я г. практычна адышоў ад літ. дзейнасці. Апошні верш Ч. «Прысяга» пра асабістую невінаватасць напісаны на сцяне мінскай турмы, захаваў у памяці М.Хведаровіч. Асобныя вершы Ч. пакладзены на музыку. На тэкст п’есы «На Купалле» А.Туранкоў стварыў оперу «Кветка шчасця» (1940).
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1958;
Выбранае. Мн., 1982.
Літ.:
Ярош М. Міхась Чарот: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1963;
Багдановіч І.Э. Міхась Чарот // Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.Мн., 1999. Т. 2;
Яе ж. Авангард і традыцыя: Бел. паэзія на хвалі нац. адраджэння. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТВО́РЧЫ КІНАПАРТРЭ́Т,
жанр дакументальнага кіно, які мае на мэце раскрыць унікальнасць асобы творцы і паэтыкі яго твораў; адзін з вядучых жанраў дакумент. кіно. Яго асаблівасць — у дакумент. фіксацыі герояў фільма і адначасова ў іх аўтарскай трактоўцы сродкамі экраннай мовы: пераважна буйныя планы, ракурсы. асвятленне, мантажныя спалучэнні, рытм камеры, паказ герояў у рэальным асяроддзі. У сусв. кінематографе як жанр пачаў развівацца з пач. 1930-х г.
Першы кінапартрэт у бел. кіно — фільм «Народны паэт» (1952, рэж. Ю.Тарыч) да 70-годдзя Я.Коласа. У бел. кінамастацтве 1950—60-х г. ствараліся пераважна партрэты ўдзельнікаў вайны і герояў працы. Як жанр сцвердзіўся ў 1960-я г., асн. ўвага рэжысёрамі-дакументалістамі аддаецца дзеячам бел. культуры. Т.к. створаны ў аб’яднаннях «Летапіс» («Беларусьфільма»), «Тэлефільм» (Бел. тэлебачання), у «Белвідэацэнтры». Сярод іх: партрэты мастакоў — В.Бялыніцкага-Бірулі («Час цішыні», 1971, рэж. І.Гаско; «Вяртанне ў рай», 1999, рэж. В.Шышоў), Ф.Тулава («Таямніца часу», 2000, рэж. А.Суханава), Я.Драздовіча («Язэп Драздовіч», 1988, рэж. С.Гайдук; «Фантазіі Драздовіча», 1997, рэж. С.Агеенка), М.Шагала («Мой пачатак», 1998, рэж. Н.Гаркунова), М.Савіцкага («Апаленая памяць», 1974, рэж. А.Канеўскі; «Доўг памяці», 1982, рэж.Б.Гарошка; «Міхаіл Савіцкі», 1992, рэж. С.Жыткевіч; «Крыж надзеі», 1997, рэж. В.Шавялевіч; «На фоне стагоддзя», 2001, рэж. Гаркунова), М.Селешчука («Мастак Мікалай Селяшчук», 1992, рэж. Шавялевіч; «Сны вяртання», 1998, рэж. Дз.Міхлееў), А.Кішчанкі («Аляксандр Кішчанка. Гульні генія», 1995, рэж. Я.Росцікаў), Я.Ігнацьева («Дрэва за акном. Мастак Яўген Ігнацьеў», 1999, рэж. М.Якжэн), І.Ахрэмчыка («Іван Ахрэмчык у часе», 1998, рэж. Агеенка), П.Масленікава («На зямлі і ў нябёсах. Павел Масленікаў», 2000, рэж. Агеенка), Н. і Г. Паплаўскіх («Як цяжка паўтарыць жывую прыгажосць», 1979, рэж. А.Чакмянёў; «Наталля і Георгій», 2001, рэж. В.Скварцова), Л.Шчамялёва («Мастак Леанід Шчамялёў», 1998, рэж. Ю.Марухін); музыкантаў — А.Багатырова («Душа мая, элізіум ценяў», 1998, рэж. С.Галавецкі), Я.Глебава («Партрэт», 1978, «Яўген Глебаў: Васемнаццаць гадоў пазней», 1995, рэж. абодвух С.Лук’янчыкаў; «Фантазіі на тэму...», 1981, «Урыўкі з ненапісанага. Яўген Глебаў», 1999, рэж. абодвух У.Арлоў; «Майстар», 2001, рэж. М.Жданоўскі), І.Лучанка («Песні Ігара Лучанка», 1972, рэж. В.Басаў; «Ігар Лучанок», 1989, рэж.Б.Бахціяраў); рэжысёраў і акцёраў бел.т-ра і кіно — Я.Міровіча («Праз усё жыццё», 1978, рэж. Жданоўскі), У.Галубка («Уладзіслаў Галубок», 1982, рэж. Жданоўскі), М.Яроменкі-старэйшага («Антракт». 1989, рэж. В.Сукманаў; «Нерастрачаны час», 1996, рэж. М.Князеў), Р.Янкоўскага («Маналог з адступленнямі». 1987, рэж. Л.Гедравічус); Г.Гарбука («Маналогі за кадрам», 1991, рэж. У.Цяслюк); В.Манаева («Нясыграная роля», 1999, рэж. Гаркунова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛІК І ЭКАНАМІЧНЫ АНАЛІЗ
У выніку развіцця эканам. працэсаў узнікла патрэбнасць выкарыстання адпаведнай сістэмы бухгалтарскага ўліку і аналізу для фарміравання інфарм. базы іх функцыянавання як неабходнай умовы кіравання эканомікай і прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. У 1925—36 на Беларусі функцыянавала Аб’яднанне работнікаў уліку, якое распрацоўвала і ўкараняла ў практыку асн. прынцыпы бухгалтарскага ўліку. Даследаванні ў гэтай галіне значна пашырыліся ў пасляваенны час. Даследаваліся пытанні тэорыі бухгалтарскага ўліку (С.Р.Аўсяннікаў, Б.І.Гаўрылаў, М.І.Дэмбінскі), уліковай практыкі ў прамысловасці (І.Л.Грунфест, А.К.Марчанка, Б.С.Шчаглоў), у сельскай гаспадарцы (С.Р.Аўсяннікаў, А.Г.Калевіч, І.Д.Чашынскі, І.Ф.Шыпуноў), выдаткаў на вытворчасць і калькуляванне сабекошту прадукцыі (І.А.Басманаў, П.А.Жасцюк), аналізу гасп. дзейнасці прадпрыемстваў (С.Р.Аўсяннікаў, А.П.Варабейчыкаў, Д.І.Дзяркач, М.У.Дэмбінскі, М.З.Каўфман, В.І.Стражаў).
Пераўтварэнні ў эканоміцы краіны ў 1990-я г. абумовілі развіццё новых кірункаў бухгалтарскага ўліку, звязаных з патрабаваннямі рыначных падыходаў у кіраванні эканомікай. Бухгалтарскі ўлік рэфармаваўся шляхам гарманізаванага спалучэння і ўвязкі нац. сістэмы бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці з міжнар. стандартамі. Цэнтрам даследаванняў стаў Бел.эканам.ун-т. Атрымалі далейшае развіццё пытанні тэорыі бухгалтарскага ўліку (П.Я.Папкоўская, М.А.Снітко), уліку выдаткаў і калькулявання (І.М.Белы, А.П.Міхалкевіч, П.Я.Папкоўская, І.Я.Цішкоў), галіновыя кірункі бухгалтарскага ўліку (Г.І.Грынман, М.П.Драбышэўскі, М.І.Ладуцька, П.Р.Панамарэнка, Л.І.Сцешыц, А.П.Шаўлюкоў). Вывучаецца вопыт уліковай практыкі замежных краін (А.П.Міхалкевіч, Дз.А.Панкоў). Шматбаковыя даследаванні праводзяцца па пытаннях эканам. і фін. аналізу (Л.Л.Ермаловіч, Л.І.Краўчанка, Г.В.Савіцкая, В.І.Стражаў).
Літ.:
Марченко А.К. Бухгалтерский учет в промышленности. Мн., 1972;
Стражев В.И. Оперативное управление предприятием: проблемы учета и анализа. Мн., 1973;
Снитко М.А. Теория бухгалтерского учета Мн., 1996;
Папковская Л.Я. Курс теории бухгалтерского учета. Мн., 1996;
Яе ж. Производственный учет в АПК: теория и методология. Мн., 1999;
Ладутько Н.И. Учет, контроль и анализ материальных ресурсов. Мн., 1997;
Пономаренко П.Г. Бухгалтерский учет в потребительской кооперации. Мн., 1998;
Бухгалтерский учет в торговле. Мн., 1999;
Михалкевич А.П., Белый И.Н. Калькуляция себестоимости продукции АПК. Мн., 1999;
Ермолович Л.Л. Анализ хозяйственной деятельности. Мн., 2001;
Шевлюков А.П. Бухгалтерский учет в системе макроэкономических балансов. Мн., 2001;
Михалкевич А.П. Бухгалтерский учет в зарубежных странах. Мн., 2003;
Папков Д.А. Бухгалтерский учет в зарубежных странах. Мн., 2003;
Савицкая Г.В. Анализ эффективности деятельности предприятия: методологические аспекты. Мн., 2003;
Дробышевский Н.П. Бухгалтерский учет в строительстве. Мн., 2004;
Кравченко Л.И. Анализ хозяйственной деятельности в торговле. Мн., 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІЯ
На Беларусі геахімічныя даследаванні заснаваў К.І.Лукашоў у БДУ (1953) і АН Беларусі (з 1957). Ён стварыў бел. геахімічную школу, дзе пад яго кіраўніцтвам і з яго ўдзелам распрацаваны кірункі геахім. даследаванняў гіпергенезу, покрыўных адкладаў і ландшафтаў. У 1960-я г. вылучаны геахім. правінцыі і дадзена іх комплексная характарыстыка (К.І.Лукашоў і інш.), распрацаваны геахім. паказчыкі для пошукаў нафты, мінеральных солей і інш. карысных выкапняў (В.А.Лапуць, К.І.Лукашоў, А.С.Махнач і інш.). У 1970-я г. развіваліся кірункі геахім. даследаванняў: геахімія гіпергенезу, геахімія генет. тыпаў асадкавага літагенезу і парод крышталічнага фундаменту; павысілася роля геахім. даследаванняў у адкрыцці радовішчаў нафты, газу, расолаў; пашырылася выкарыстанне геахім. метадаў у вырашэнні праблем засалення глеб, гаспадарча-пітнога водазабеспячэння, земляробства і аграхіміі, медыцыны, стварэння водна-мінеральнай базы для лячэбна-прафілактычных устаноў. — курортаў, санаторыяў, прафілакторыяў і інш. (Л.Ф.Ажгірэвіч, Л.А.Дземідовіч, У.А.Кузняцоў, В.А.Лапуць, В.К.Лукашоў, К.І.Лукашоў, Ю.І.Лупіновіч, А.С.Махнач, А.М.Пап і інш.). З 1980-х г. у галіне геахіміі гіпергенезу развіліся асобныя кірункі даследаванняў — геахімія азёрных, алювіяльных і ледавіковых адкладаў, геахімія глеб, геахімія тэхнагенезу (Я.І.Аношка, У.Я.Бардон, В.Б.Кадацкі, У.А.Кузняцоў, Л.І.Лосева, К.І.Лукашоў, Н.Н.Петухова, Т.М.Сімуткіна і інш.). Наступствы Чарнобыльскай катастрофы вымусілі больш увагі звярнуць на размеркаванне і міграцыю радыенуклідаў у сістэме мацярынская парода — глеба, глеба — расліннасць, у грунтавых і падземных водах (Я.І.Аношка, В.А.Генералава, В.Б.Кадацкі, В.П.Кальнянкоў, А.В.Кудзельскі, У.А.Кузняцоў, В.І.Пашкевіч, Н.Н.Петухова, А.М.Шпакаў і інш.). Створаны атлас геахім. карт (выд. ў 1990) і даведнік па геахіміі Беларусі (выд. ў 1995; К.Ц.Альхавік, Я.І.Аношка, У.Я.Бардон, Л.І.Матрунчык, М.Д.Міхайлаў і інш.). У Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі развіваюцца кірункі: геахімія парод крышталічнага фундаменту, асадкавых парод, радыеізатопаў, гідра- і літагідрагеахімія, экагеахімія і інш. У Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі атрымала развіццё экагеахімія, у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» — геахімія глеб, у БДУ — радыегеахімія. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінеральна-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Лукашев К.И., Лукашев В.К. Геохимические поиски элементов в зоне гипергенеза. Кн. 1—2. Мн., 1967;
Геохимические провинции покровных отложений БССР. Мн., 1969;
Лукашев В.К. Искусственные сорбенты в прикладной и экспериментальной геохимии. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМ (Roma),
горад, сталіца Італіі, на р. Тыбр, за 27 км ад яе ўпадзення ў Тырэнскае мора. Адм. ц. вобласці Лацыо і Рымскай правінцыі. 2646 тыс.ж. (1998). Гал.паліт. і культ., значны эканам. цэнтр краіны. Адзін з найстаражытнейшых і багатых гіст. і культ. помнікамі гарадоў свету, атрымаў назву «вечнага горада». У межах Р. — папская дзяржава-горад Ватыкан. Буйны трансп. вузел унутр. і міжнар. зносін; 8 чыгунак, 10 аўтастрад. Міжнар. аэрапорты Леанарда да Вінчы ды Ф’юмічына і Чампіна. Рачны порт. Аванпорт Р. на ўзбярэжжы Тырэнскага м. — г. Чывітавек’я. У Р. найб. банкі, страхавыя і гандл. кампаніі, праўленні многіх італьян. і міжнар. манаполій і фірм. Гал. галіны прам-сці звязаны пераважна з абслугоўваннем патрэб гар. насельніцтва і турыстаў.
Прам-сць: эл.-тэхн. (тэлеф.-тэлегр. абсталяванне, эл.-прылады, электроніка), дакладнае прыладабудаванне, вытв-сцьчыг. рухомага саставу, с.-г. машын, друкарскага абсталявання, матацыклаў, веласіпедаў, хім. (фармацэўтычныя вырабы, сінт. тканіны, кіслоты, сода, суперфасфат і інш.), вытв-сцьбуд. матэрыялаў, харч. і харчасмакавая, паліграф., швейная, мэблевая, галантарэйная, папяровая, тэкст., абутковая, парфумерная. Развіта рамесніцкая вытв-сць, асабліва маст. ювелірных вырабаў, габеленаў, плеценай мэблі, вырабаў са шкла і скуры, муз. інструментаў, сувеніраў. Р. — адзін з буйнейшых у свеце цэнтраў міжнар. турызму (больш за 10 млн.чал. штогод). Метрапалітэн.
Паводле ант. падання, Р. засн. ў 754/753 да н.э.Ромулам. Археал. звесткі сведчаць пра існаванне на тэр. Р. стараж. паселішчаў ужо ў 10 ст. да н.э., якія ў 7 ст. да н.э. зліліся ў адзіны горад. З 3 ст. да н.э. сталіца вял. міжземнаморскай дзяржавы — Стараж. Рыма (у перыяд імперыі меў да 2 млн.чал.). Пасля пераносу сталіцы ў Канстанцінопаль (330 н.э.) значэнне Р. як паліт. цэнтра паменшала. Моцна пацярпеў ад нашэсця варвараў (у 410 разбураны вестготамі, у 455 вандаламі; насельніцтва скарацілася да 40 тыс.чал.). З 552 пад уладай Візантыі, остготаў. З канца 6 ст. вярхоўная ўлада ў горадзе належала рым. папам, якія ў 8 ст. дамагліся поўнай незалежнасці ад Візантыі. З 756 Р. — сталіца Папскай вобласці, царк.-паліт. цэнтр Зах. Еўропы; у сярэдневякоўі — арэна барацьбы паміж папамі і імператарамі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 1084 разрабаваны нарманамі, якіх папа Грыгорый VII заклікаў дапамагчы ў барацьбе супраць караля Генрыха IV. У выніку паўстання ў Р. ўтварылася рэспубліка (1143—55). Пасля пераносу ў 1309 папскай рэзідэнцыі ў Авіньён (гл. Авіньёнскае паланенне папаў) пачалася барацьба за абмежаванне ўлады знаці. У 1347—54 зноў існавала рэспубліка.
Улада папы адноўлена ў 1377. З канца 15 — пач. 16 ст. Р. — буйнейшы цэнтр Адраджэння. У час Італьянскіх войнаў горад разрабаваны ў 1527 войскамі імператара Карла V. У 17 ст., нягледзячы на эканам. заняпад, вырасла значэнне Р. як рэліг. цэнтра. У 1798 акупіраваны войскамі Дырэкторыі. Абвешчаная Рымская рэспубліка 1798—99 разгромлена аўстр., неапалітанскімі і рас. войскамі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўлада папы Пія ІХ скінута, у Р. абвешчана рэспубліка. Пасля задушэння рэспублікі свецкая ўлада папы трымалася дзякуючы прысутнасці франц. гарнізона. Пасля яго вываду ў выніку Рысарджымента ўлада пап канчаткова скінута ў 1870. 26.1.1871 Р. абвешчаны сталіцай Італьян. каралеўства. У кастр. 1922 пасля ўваходу ў горад фаш. атрадаў (гл. Паход на Рым 1922) у выніку дзярж. перавароту ўсталявана фаш. дыктатура Б.Мусаліні. Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 на частцы тэр. Р. ўтворана дзяржава Ватыкан. Пасля капітуляцыі Італіі ў 2-й сусв. вайне Р. акупіраваны (1943) ням. войскамі, у 1944 вызвалены англа-амер. войскамі. З 1946 сталіца Італьян. Рэспублікі. У 1960 Р. — месца правядзення XVII Алімпійскіх гульняў.
Ант. Р. — сталіца Стараж. Рыма. У 6—9 ст.тэр. горада скарачалася, ант. помнікі руйнаваліся, ад сярэдневякоўя захаваліся вузкія вуліцы і кварталы ў цэнтры горада, маляўнічыя плошчы са старадаўнімі фантанамі. Цэнтрам былі ўзгоркі Капітолій (тут знаходзіліся гар. кіраванне і рэзідэнцыя епіскапа, пазней і папы рымскага), Латэран, Ватыкан. На супрацьлеглым беразе р. Тыбр размяшчаліся жылыя кварталы. Да раннехрысц. помнікаў Р. належаць катакомбы: Сан-Себасцьяна (крыпта 1—2 ст.), Даміцылы (1—4 ст.), Калікста (2—3 ст.); базілікі (перабудоўваліся да 18 ст.): Сан-Джавані Ін Латэрана (ЗН—314), Сан-Паада фуоры ле Мура (314, зруйнавана ў 1823, адноўлена ў 1944), Сан-Ларэнца фуоры ле Мура (330, мазаіка 6 ст.), Санта-Марыя Маджорэ (4 ст., мазаіка 5 і 13 ст.), Санці-Джавані э Паала (каля 400, фрэскі 12 ст.), Санта-Марыя Ін Казмедзін (перабудавана ў 8 і 12 ст.), Санта-Марыя Ін Трастэверэ (1140, мазаіка П.Каваліні, 13 ст.), Санта-Марыя Ін Арачэлі (перабудавана ў 1250); цэнтрычныя храмы: Санта-Кастанца (4 ст., мазаіка 4—5 ст.), Сан-Клементэ (ніжні храм 4 ст., верхні паміж 1099 і 1128, рэканструяваны ў 18 ст., арх. К.Фантана), Сан-Стэфана Ратонда (6 ст.). З гатычных пабудоў вылучаецца касцёл Санта-Марыя сопра Мінерва (з 1280, фасад 1453). У пач. 16 ст. Р. — цэнтр архітэктуры эпохі Адраджэння. Вял. ўвага аддавалася свецкім пабудовам (грамадскія і жылыя будынкі, палацы, плошчы, фантаны). У Ватыкане ўзведзены Рымскі сабор Святога Пятра, купал якога стаў гал.арх. цэнтрам у панараме горада. Дзелавы цэнтр рэнесансавага Р. размяшчаўся ў раёне стараж.-рым. моста Сант-Анджэла (134) і пл. Сан-Чэльса, адкуль веерам разыходзіліся вуліцы. Сфарміраваўся новы тып палаца — палацца: Венецыя (з 1452, верагодна, паводле планаў Л.Б.Альберці ці Б.Раселіна), Канчэлерыя (1485—1511, арх. А.Брэньё, з 1499 — Д.Брамантэ), Фарнезе (1513—34, арх. А. да Сангала Малодшы, з 1546 — Мікеланджэла, завершаны ў 1589 Дж. дэла Портам), Відоні-Кафарэлі (каля 1515—20, арх. Рафаэль). Будавалі лёгкія і стройныя вілы: Фарнезіна (1509—11, арх.Б.Перуцы, фрэскі Рафаэля, Джуліо Рамана і інш.), Мадама (з 1517, арх. Рафаэль, да Сангала Малодшы). Касцёлы ў стылі рэнесансу: Сан-П’етра Ін Манторыо (арх.Б.Пантэлі, у двары — Тэмп’ета, 1502, арх. Брамантэ), Санта-Марыя дэла Пачэ (абодва 1480-я г., арх. Пантэлі, двор 1500—04, арх. Брамантэ, фасад 1656, арх. П’етра да Картона), Санта-Марыя дэль Аніма (пач. 16 ст., арх. Дж. да Сангала, Брамантэ), Сант-Эліджа дэльі Арэфічы (1509, праект Рафаэля), Сан-Луіджы дэі Франчэзі (1518—88, фасад 1589, арх. дэла Порта, у капэле Кантарэлі — цыкл карцін М.Караваджа).
У некат. будынках 16 ст. выявіліся рысы маньерызму, імкненне да індывід. непаўторнасці, суб’ектывізму (палацца Масіма але Калоне, 1536, арх. Перуцы; віла Джулія, 1550—55, арх. Дж.Віньёла, Б.Аманаці, Дж.Вазары; цяпер музей). Каля Рым. форуму створаны ансамбль пл. Капітолія (з 1546, праект Мікеланджэла), дзе ў адзіным ансамблі аб’яднаны прылеглыя часткі горада, антычнасць і сучаснасць, архітэктура і скульптура, адметныя гармоніяй перспектыў, колеру, арх. мізансцэн: Палацца дэі Сенаторы і Палацца дэі Кансерваторы, гал. будынак Капіталійскіх музеяў, ант. статуя Марка Аўрэлія і інш. У канцы 16 ст. пракладзены прамыя вуліцы, што злучылі найб. значныя раннехрысц. базілікі і гар. раёны ў адзіную сістэму. Сярод ансамбляў у стылі барока: П’яцца дэль Попада (16—17 ст., завершана ў 1816—20, арх. Дж.Валадзье) са стараж.-егіп. абеліскам, пл.Св. Пятра (1657—63, арх. Л.Берніні); П’яцца Навона (17 ст., захавала форму ант. стадыёна Даміцыяна) з фантанамі «Чатырох рэк», «Негр» (абодва будаваў Берніні) і «Нептун» (абодва праект арх. дэла Порта, завершаны ў 19 ст., скульпт. Дэла Біта); П’яцца ды Спанья (ісп. лесвіца Трыніта дэі Монці, 1725, арх. А.Спекі, Ф. дэ Санктыс; унізе — фантан у форме чоўна «Баркача», 1630, арх. Берніні). Сярод барочных помнікаў: палацца Квірынале (з 1574, арх. Ф.Понцыо, К.Мадэрна, Берніні і інш.), Баргезе (1590, арх. М.Лонгі Старэйшы, з 1615, арх. Понцыо), Барберыні (1625—63, арх. Мадэрна, Ф.Бараміні, плафон П’етра да Картоны), Фальканьеры (1639—41, арх. Бараміні), Кадона (17—18 ст.); віла Баргезе (пач. 17 ст., цяпер музей) з паркам (казіно 1613); касцёл Іль Джэзу (1568—84, арх. Віньёла, фасад 1575, арх. дэла Порта). Пышныя барочныя палацы, паркі, касцёлы, плошчы і відавыя пляцоўкі, прасторавыя акцэнты ў выглядзе лесвіц, абеліскаў, фантанаў («Трэві», пачаты ў 18 ст., арх. Н.Сальві), дэкар. скульптур у многім вызначылі аблічча цэнтра сучаснага Р. З 1871 горад рос больш інтэнсіўна; раён Праці, усх. і паўд.-ўсх. раёны забудоўваліся пераважна даходнымі дамамі.
У адпаведнасці з генпланам 1873 пракладзены новыя трансп. артэрыі (Корса Віторыо Эмануэле, Вія Нацыянале), узведзены будынкі і ансамблі пампезна-эклектычнага характару, у т. л. комплекс «Віктарыян» на пл. П’яцца Венецыя (1885—1911, арх. Дж.Саконі, скульпт. А.Дзанелі, Э.К’ярадыя), з помнікам Віктару Эмануілу ІІ, т.зв. Алтаром Айчыны — гіганцкім порцікам з 60 бела-мармуровымі калонамі, фантанамі і інш. Грамадскі цэнтр перамясціўся на П’яцца Калона. У 1930—40-я г. ўзведзены неакласіцыстычны спорткомплекс Фора Італіка (1928—34, арх. М.П’ячэнціні, Дж.Пагана і інш.), комплекс не ажыццёўленай сусв. выстаўкі (ЭУР). Пракладзены новыя магістралі (Вія дэі Форы Імперыялі, Вія дэла Канчыліяцыёне); да Алімп. гульняў 1960 — магістраль Вія Алімпіка, шэраг тунэляў і перасячэнняў у 2 узроўнях. Раёны гіст. забудовы захоўваюцца пераважна ў першапачат. стане. Найб. важныя пабудовы ў сучасных стылях: вакзал Тэрміні (1938—50, арх. Ф.Мацоні, Э.Мантуоры і інш.), пасольства Вялікабрытаніі (1970, арх.Б.Спенс), работы П.Л.Нерві — палац спорту (1958—60, з П’ячэнціні), Алімп. гарадок (1960) з Палацэта (Малы палац спорту, 1957, з арх. А.Вітэлоцы) і стадыёнам Фламініо (1959, з інж. А.Нерві). Новае буд-ва развіваецца пераважна на перыферыі. У 1960—70-я г. раён ЭУР ператвораны ў дзелавы цэнтр з паркамі, садамі, фантанамі, сучаснымі збудаваннямі (палацы Кангрэса, Цывілізацыі — «Квадратны Калізей» з 216 аркамі на фасадзе). Паводле генплана 1964 створана т.зв. вось абслугоўвання — сістэмы магістралей, якія злучаюць з ЭУР 2 новыя грамадскія цэнтры. Помнікі архітэктуры Ватыкана і гіст. цэнтра Р. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Р. знаходзяцца: 2 ун-ты, у т. л.Рымскі універсітэт, кансерваторыя «Санта-Чэчылія», Акадэмія прыгожых мастацтваў, Нац. акадэмія дэі Лінчэі (з 1603), акадэмія св. Лукі (з 14 ст.), Мед. акадэмія, Акадэмія л-ры, мастацтва і навукі, Італьян.ін-т археалогіі і гісторыі мастацтваў, ін-ты антрапалогіі, гісторыі музыкі і інш.; шматлікія НДІ і навук. т-вы. Б-кі: Нац. цэнтральная, ун-та, Анджэліка, Касанатэнсе, Нац. акадэміі дэі Лінчэі і інш. Музеі: Нац. рымскі музей (музей Тэрм), Капіталійскія музеі (з 1471), Нац. музей этрускаў (зборы этрускага мастацтва), Музей Баргезе (з 1616, зборы стараж.-грэч. і стараж.-рым. мастацтва), Галерэя Спала (калекцыя жывапісу 17—18 ст.), Галерэя Дорыя-Памфілі (жывапіс Рэнесансу), Нац. галерэя ант. мастацтва, Нац. галерэя сучаснага мастацтва, музеі Ватыкана. Каля 20 тэатраў, у т. л.Рымская опера, «Тэатра ды Рома» і інш.; кінагарадок найбуйн. італьян. кінафірм «Чынечыта».