ВЕ́ЛЛЕ,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вельніца (выцякае з возера), за 7 км на З ад г.п. Расоны. Пл. 0,55 км², даўж. 0,93 км, найб. шыр. 840 м, найб. глыб. 4,6 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,7 км².

Схілы катлавіны нізкія, на Пд выш. да 3 м, разараныя, месцамі пад лесам. Берагі на Пн і У нізкія, пясчаныя, на Пд і З затарфаваныя, парослыя хмызняком.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯ Галандская

(галанд. West Indische Compagnie),

гандлёвая кампанія ў 1621—1791. Мела манапольнае права на гандаль і каланізацыю ў Амерыцы і Зах. Афрыцы (атрымала ад Генеральных штатаў). Служыла прыкрыццём для вядзення ваен.-пірацкіх і кантрабандных аперацый на акіянскіх камунікацыях, а таксама гандлю рабамі. Захапіла значную ч. Бразіліі, усх. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, дзе быў заснаваны Новы Амстэрдам (пазней Нью-Йорк), шэраг астравоў Вест-Індыі. Пазней яе выцеснілі з Бразіліі партугальцы, з Паўн, Амерыкі — англічане.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗЯ́НКА,

возера ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна (працякае праз возера), за 40 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,64 км², даўж. 1,74 км, найб. шыр. 790 м, найб. глыб. 2,3 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 1107 км².

Схілы катлавіны выш. да 2 м, на З да 8 м, пераважна разараныя. Берагі сплавінныя, на З нізкія, пясчаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарастае ўздоўж берагоў. Турызм.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЭЯ́,

рака, левы прыток Амура, у Хабараўскім краі і Амурскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Даўж. 623 км. Пл. басейна 70,7 тыс. км². Утвараецца пры зліцці Правай Бурэі і Левай Бурэі. У верхнім цячэнні горная рака, у сярэднім пераразае адгор’і хр. Турана і цячэ ў вузкай даліне, у нізоўях цячэ па Зейска-Бурэінскай раўніне. Асн. прытокі: Німан, Туюн (справа), Ургал, Тырма (злева). Сярэдні расход вады 940 м³/с. Сплаўная. Суднаходства на 197 км ад вусця.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (каля 8—6-га тыс. да н.э.) на тэр. Волга-Камскага міжрэчча. Назва ад стаянкі каля в. Бутава Старыцкага р-на Цвярской вобл. Насельніцтва вяло рухомы лад жыцця. Аснова гаспадаркі — паляванне. Для бутаўскай культуры характэрны крамянёвыя разцы акруглыя і з неапрацаванай пляцоўкай, геам. мікраліты (на познім этапе), вербалістыя і тронкавыя наканечнікі стрэл. У фарміраванні бутаўскай культуры значную ролю адыгралі познасвідэрскія і арэнбургскія элементы.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАФО́РЫЯ (італьян. buttafouri літар. выкідваць вон),

1) падробленыя прадметы (скульптура, мэбля, дэталі касцюма, аздабленні і інш.), якімі карыстаюцца ў спектаклях замест сапраўдных. Найчасцей не з’яўляюцца дакладнай копіяй арыгіналаў, адрозніваюцца ад іх матэрыяламі (вырабляюць з кардону, пап’е-машэ, дрэва, бляхі, палатна, пенапласту), формай, памерамі і афарбоўкай, што абумоўлена характарам спектакля і спецыфічнымі патрабаваннямі сцэны. Бутафорыя выкарыстоўваецца таксама ў кіно, экспазіцыях выставак, вітрынах, для рэкламы.

2) У пераносным сэнсе — падман, бачнасць, фальш, разлічаныя на знешні эфект.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВЕЦ (Анатоль Іосіфавіч) (н. 7.5.1941, пас. Адуцішкіс Швянчонскага р-на, Літва),

бел. вучоны ў галіне аховы раслін. Д-р біял. н. (1991). Скончыў Ленінградскі с.-г. ін-т (1965). З 1972 у Бел. НДІ аховы раслін, з 1983 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па ахове раслін ад шкоднікаў і хвароб, біяхіміі і фізіялогіі насякомых і раслін, энтамалогіі, экалагічна бяспечных сродках аховы раслін (сінт. ферамонах, рэгулятарах росту насякомых і раслін).

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮ́РГЕРСКІЯ ШКО́ЛЫ (ад ням. Bürger гараджанін),

павышаныя пач. вучылішчы ў гарадах Германіі ў 17—18 ст. У іх дзеці рамеснікаў, гандляроў і інш. набывалі павышаную пач. адукацыю і рэальныя веды (ням. мова, матэматыка, пачаткі геаграфіі і прыродазнаўства, некаторыя прыкладныя веды). Стварэнне бюргерскіх школ давала магчымасць дваранству захаваць сярэднія школы (гімназіі) толькі для свайго саслоўя. У 19 ст. бюргерскія школы пераўтвораны ў вышэйшыя пач. з 4-гадовым курсам навучання або 6-гадовыя рэальныя вучылішчы.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАНО́СНЫ ГАРЫЗО́НТ,

слой або некалькі слаёў водапранікальных горных парод, поры, трэшчыны і інш., пустоты ў якіх запоўнены вадой. Фарміруецца на водатрывалым слоі. Першы ад паверхні ваданосны гарызонт безнапорны, у ім утвараюцца грунтавыя воды. Напорныя гарызонты падземных вод абмежаваны водатрывалымі гарызонтамі (гл. Артэзіянскія воды). Некалькі гідраўлічна звязаных ваданосных гарызонтаў утвараюць ваданосны комплекс.

Схема будовы і залягання ваданоснага гарызонту: 1 — пясок; 2 — гліна; 3 — воданасычаны пясок; 4 — крыніца; 5 — узровень грунтавых вод; 6 — напрамак руху грунтавых вод.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАРО́ДНЫ ПАКА́ЗЧЫК (pH),

велічыня, якая характарызуе канцэнтрацыю (актыўнасць) іонаў вадароду ў растворах. Лікава роўны адмоўнаму дзесятковаму лагарыфму канцэнтрацыі [H​+] (актыўнасці) вадародных іонаў H​+, якая выражана ў молях на літр (моль/л): pH=-lg[H​+]. Водныя растворы маюць pH ад 1 да 14: у нейтральных pH=7, у кіслых pH < 7, у шчолачных pH > 7. Пастаянства вадароднага паказчыку падтрымліваецца буфернымі растворамі. Вызначаюць pH з дапамогай кіслотна-асноўных індыкатараў, больш дакладна — патэнцыяметрычна (гл. Патэнцыяметрыя). Гл. таксама Кіслотна-шчолачная раўнавага.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)