віды жывых арганізмаў, пагроза знікнення якіх з дадзенай тэр. ўмоўна існуе (колькасць і стан папуляцый выклікаюць трывогу), аднак ступень яе дакладна не вызначана (з-за недахопу звестак). Уключаюцца ў Чырвоныя кнігі (катэгорыя 4 Камісіі па рэдкіх і знікаючых відах МСАП). На Беларусі 1 Н.в. млекакормячых, 17 — птушак, 8 — насякомых, 7 — пакрытанасенных раслін, па 4 — грыбоў і водарасцей. Ахова Н.в. патрабуе вывучэння іх біялогіі, экалогіі і пашырэння, уліку сустрэч, кантролю за станам папуляцый, забароны здабычы (збору), аховы месцаў пражывання (росту), увядзення ў культуру і рассялення ў прыродныя экатопы (для раслін) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ДЫВАНО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Засн. ў 1752 у прадмесці Нясвіжа Альбе ўладальнікам горада М.К.Радзівілам Рыбанькам як мастацкая майстэрня. У ёй працавала некалькі ткачых (тапісерак) мясц. паходжання. Кожная з іх мела па 4—5 памочніц-дзяўчат, якія пасля навучання таксама станавіліся майстрыхамі. Мяркуецца, што майстэрня была арганізавана для выканання разам з аналагічнай у Мірскім замку (адкрыта ў 1747) задуманай Рыбанькам серыі шпалераў са сцэнамі з гісторыі роду Радзівілаў. У 1757 яшчэ адна майстэрня створана ў Камянцы. У 1762 усе майстэрні пераведзены ў Карэлічы, дзе праца над шпалерамі прадоўжана (гл.Карэліцкія шпалеры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О’КО́НЕЛ ((O’Connell) Даніэл) (6.8.1775, каля Карсівіна, Ірландыя — 15.5.1847),
дзеяч ірл.нац.-вызв. руху. Адвакат. У 1823 заснаваў ірл. «Каталіцкую асацыяцыю», якая дамаглася прыняцця брыт. парламентам (1829) біля аб «эмансіпацыі католікаў» (наданне ірл. католікам паліт. правоў, у т. л. пасіўнага выбарчага права). З 1828 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, дзе ўзначальваў «ірл. брыгаду» (фракцыю дэпутатаў-ірландцаў). З 1832 выступаў за «рыпіл» (разрыў) англа-ірландскай уніі 1801, для прапаганды чаго заснаваў Асацыяцыю рыпілераў (1840). З 1842 лорд-мэр Дубліна. У 1844 асуджаны брыт. ўладамі на 6 месяцаў турмы за ўдзел у змове «супраць англ. каралевы» і «за заклік да мяцяжу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́НІКС (грэч. onyx першапачаткова ногаць),
мінерал, плоскапаралельная слаістая разнавіднасць агату. У залежнасці ад колеру слаёў адрозніваюць арабскі О. (чорны з белым), сардонікс (буры з белым), карнеол-онікс (чырвоны з белым). Выкарыстоўваўся для вырабу камей. О. мармуровы — горная парода нацёчнага паходжання, складаецца са шчыльнага паўпразрыстага агрэгату зерняў і валокнаў кальцыту або араганіту. Характэрна чаргаванне слаёў з рознай ступенню празрыстасці або афарбаваных у зеленаватыя, ружаватыя, залаціста-карычневыя тоны. Утвараецца з вуглякіслых вод у карставых пячорах, месцах выхадаў тэрмальных крыніц, тэктанічных трэшчынах, а таксама ў выглядзе прапласткаў у вапняках, траверцінах, пясчаніках і туфах. Вырабны і дэкаратыўна-абліцовачны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОРТА-, МЕТА-, ПАРА-ў хіміі,
прэфіксы, якімі карыстаюцца ў арган. хіміі для абазначэння становішча двух (аднолькавых ці розных) замяшчальнікаў адносна адзін аднаго ў бензольным кальцы. У орта-злучэннях замяшчальнікі знаходзяцца ў 1,2-, у мета у 1,3- і ў пара у 1,4-становішчах (адпаведныя скарачэнні: о-, м-, п-), напр., 1,2-дыметылбензол наз. орта-ксілол ці о-ксілол (гл.Ксілолы). Прыстаўкі «орта» і «мета» выкарыстоўваюць у неарган. хіміі ў трывіяльных назвах кіслародзмяшчальных кіслот з рознай колькасцю гідраксільных груп пры цэнтр. атаме (орта — найбольшая, мета — найменшая), напр., к-ты артафосфарная H3PO4 ці (HO)3PO і метафосфарная HPO3 ці HOPO2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЬКІН (Віктар Сямёнавіч) (1.12.1952, в. Ураеўка Акцябрскага р-на Курскай вобл., Расія — 24.7.1992),
расійскі ваен. лётчык. Герой Расійскай Федэрацыі (1992). Скончыў Тамбоўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1974), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1985). 24.7.1992 падпалк. О. выконваў палёт у якасці інструктара экіпажа. Калі самалёт знаходзіўся над адным з раёнаў Гомеля, непадалёку ад якога размяшчалася нафтасховішча, на ім узнік пажар. О. прыняў рашэнне найхутчэй адвесці самалёт ад горада, потым даў каманду экіпажу пакінуць машыну. Экіпаж выратаваўся, О. не хапіла вышыні для катапультавання, і ён загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАРЭ́ЛЬСКІ (Антоній) (сапр.Пяроўскі Аляксей Аляксеевіч; 9.7.1787, Масква — 21.7.1836),
рускі пісьменнік. Акад.Рас.АН (з 1829). Пабочны сын графа А.К.Разумоўскага. Скончыў Маскоўскі ун-т (1807). З 1820 член Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Аповесць «Лафертаўская макоўніца» (1825) пра жыццё мяшчан. На ўкр.этнагр. матэрыяле напісаны цыкл рамант. аповесцей і апавяданняў «Двайнік, або Мае вечары ў Маларосіі» (1828), раман «Манастырка» (1830—33). Аўтар рамана «Магнетызёр» (1830, не завершаны), аповесці-казкі для дзяцей «Чорная курыца, ці Падземныя жыхары» (1829, аднайм. фільм 1980). Пісаў вершы.
армянская паэтэса. Засл. дз. культ. Арменіі (1967). Вучылася ў Закаўказскім ун-це ў Тбілісі. Друкавалася з 1919. Першы зб. «Вершы» (1930). У кнігах паэзіі «Разам з сынамі» (1942), «Радасць» (1948), «Вершы» (1950), кн. нарысаў «Рэха. Успаміны» (1973) і інш.маст. асэнсаванне агульначалавечых і нац. праблем, адвечнага і сучаснага. Аўтар зб-каў вершаў і паэм для дзяцей «Шоўк» (1931), «Мацярынскае» (1936), «Мая кветка» (1953) і інш. Адна з першых перакладчыц твораў Я.Купалы на арм. мову. На бел. мову асобныя творы П. пераклаў Х.Жычка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВІ́ЧКА,
галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі у ляхавіцкім строі. Прадаўгаватым кавалкам (шырыня 12—15 см, даўжыня 50—60 см) саціну, атласу, парчы (уласна П.) абгортвалі тканку з чапцом і замацоўвалі шпількамі і іголкамі. Для пругкасці ў П. ўстаўлялі кардон, паперу, накрухмаленае палатно. Выкарыстоўвалі пераважна тканіну чырв. колеру з верт. белымі палоскамі ці блакітнага колеру з расл. узорам. Святочныя П. ўпрыгожвалі букетамі жывых кветак ці дэкар. зеляніны, якія ўтыкалі збоку ці па цэнтры, а таксама тасёмкамі, пацеркамі і інш. У вясельным уборы паверх П завівалі намітку, а на патыліцы мацавалі пышны букет кветак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАЛКО́ЎНІК,
воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ў шэрагу дзяржаў, у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі званню П. адпавядае lieutenant colonel, у ФРГ — Oberstleutnant. Уведзена ў Еўропе ў 17 ст.; у Расіі спачатку як пасада, потым як званне (чын) пам.палкоўніка (камандзіра палка). У казацкіх войсках у 1885—1917 званню П. адпавядаў чын вайсковага старшыны. У СССР уведзена ў 1939. У ВМФ званню П. адпавядае званне капітана 2-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.