КАНВЕ́ЕР (англ. conveyer ад convey перавозіць, перамяшчаць),

транспарцёр, устаноўка або машына бесперапыннага дзеяння для перамяшчэння сыпкіх, кускавых ці штучных грузаў. Выкарыстоўваецца пры пагрузачна-разгрузачных работах, выкананні паслядоўных тэхнал. аперацый у паточнай вытв-сці (напр., зборачных, сартавальных, ліцейных), як пасаж. транспарт і інш.

Паводле грузанясучага элемента К. падзяляюцца на стужачныя (з гумавай або стальной стужкай, якая рухаецца са скорасцю да 8 м/с), пласціністыя (з шарнірна злучаных стальных пласцін, скорасць да 1 м/с), скрабалкавыя (ланцуг са скрабалкамі, якія рухаюцца ў жолабе або корабе), цялежкавыя (цялежкі, злучаныя цягавым ланцугом, рухаюцца па рэйкавых пуцях), каўшовыя і люлькавыя (з каўшамі і люлькамі, падвешанымі на ланцугу) і інш. Бываюць з цягавым органам (стужкай, ланцугом, канатам) і без яго. К. без цягавага органа падзяляюцца на вінтавыя (шнэкі, вінтавыя спускі), інерцыйныя хістальныя (перамяшчаюць сыпкія і кускавыя грузы зваротна паступальным рухам з паскораным зваротным ходам), вібрацыйныя (жолаб або труба сваім зваротна-паступальным рухам вял. частаты транспартуюць пыльныя, ядавітыя і гарачыя грузы), ролікавыя (ральгангі) і інш. Да спецыялізаваных К. адносяць элеватары, эскалатары, стакеры, рухомыя тратуары і інш., а таксама магнітадынамічныя К. для перамяшчэння па трубах і латаках расплаўленага металу з дапамогай эл.-магн. індукцыйных помпаў.

І.​І.​Леановіч.

Схемы канвеераў: а — стужачнага (1, 4 — ніжняя і прывадная станцыі, 2 — ролікі, 3 — стужка); б — пласціністага; в — ролікавага (1 — груз, 2 — ролікі); г — вінтавога (1 — прывод, 2 — вінт); д — хістальнага (1 — жолаб, 2 — пругкія стойкі, жорстка замацаваныя на раме 3).

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕРСО́ЎНАСЦЬ ВАЛЮ́ТЫ магчымасць абмену грашовай адзінкі дадзенай краіны на валюты інш. краін. Усе валюты ўмоўна падзяляюцца на 3 групы: свабодна і часткова канверсоўныя, неканверсоўныя (замкнёныя). Свабодна канверсоўнай (СКВ) яна з’яўляецца тады, калі адсутнічаюць заканад. абмежаванні на правядзенне валютных здзелак па розных відах аперацый (гандлёвых, негандлёвых, руху капіталу). Часткова канверсоўнай лічацца валюты тых краін, дзе існуюць колькасныя абмежаванні або спец. дазволеныя працэдуры на абмен валюты па асобных відах аперацый або для розных суб’ектаў валютных здзелак. Неканверсоўнай з’яўляецца валюта, калі краіна забараняе яе свабодны абмен, нягледзячы на тое, што банкі праводзяць розныя абменныя аперацыі. Ступень К.в. знаходзіцца ў залежнасці ад эканам. патэнцыялу краіны, аб’ёму яе знешнеэканам. дзейнасці, устойлівасці ўнутр. грашовага абарачэння, ступені развіцця нац. рынкаў і інш. фактараў. Яна патрабуе ад цэнтр. нац. банка краіны прыняцця пастаянных мер для ўтрымання на вызначаным узроўні курса сваёй валюты. Калі рынак адчуе незабяспечанасць дадзенай валюты, ён стане яе «скідваць», ствараючы небяспеку значнага яе прытоку да банка-эмітэнта, які пры гэтым мае магчымасць патраціць запасы цвёрдых валют і інш. валютных каштоўнасцей, у прыватнасці золата, на скупку уласнай валюты. Са 150 краін-членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) толькі каля 10 валодаюць поўнасцю К.в. (ЗША, Канада, Японія і шэраг краін Зах. Еўропы), каля 50 маюць валюту абмежаванай канверсоўнасці. Наяўнасць К.в. стварае магчымасць расплачвацца з замежнымі краінамі грашовымі адзінкамі дадзенай краіны, не залежаць ад заробкаў замежнай валюты, пашырае магчымасці прасоўвання тавараў на рынках, спрашчае разлік, уніфікуе паказчыкі ўнутр. і знешніх расходаў (даходаў), паляпшае іх супараўнальнасць.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАМА́ЗАЎ (Віктар Філімонавіч) (н. 27.6.1934, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у раённых газетах. З 1964 у газ. «Звязда», з 1969 у «Літаратуры і мастацтве». З 1971 заг. аддзела маст. фільмаў Бел. дзярж. к-та па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1982—86 літкансультант СП Беларусі. Друкуецца з 1957. Першы зб. апавяданняў «Падранак» (1968). У зб-ках «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974) сцвярджае дабрыню, духоўную годнасць чалавека. У эпічным, лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» (1978, экранізаваны ў 1988) на прыкладзе Ліменскай пушчы на Чэрыкаўшчыне маст. сродкамі паказаў бядотны лёс лясоў на Беларусі. Аповесць «Дзень Барыса і Глеба» (1980) пра сучасную вёску. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвечаны раман «Бежанцы» (1990). Аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака В.​Бялыніцкага-Бірулю. У аповесці «Краем Белага шляху» (1992) тэма чарнобыльскай трагедыі. Аўтар нарысаў (зб. «Вясёлка сярод зімы», 1978), сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў. За кнігу публіцыстычнай прозы і эсэ «Проста ўспомніў я цябе...» (1989) Дзярж. прэмія Беларусі імя К.​Каліноўскага 1990.

Тв.:

Дома: Аповесці, апавяданні. Мн., 1984;

Дзяльба кабанчыка: Выбранае. Мн., 1988;

Глядзіце ў вочы лемуру. Мн., 1989;

Аброчны крыж. Мн., 1994. Выбр. тв. Т. 1. Мн., 1997.

Літ.:

Навуменка І. Кніга адкрывае свет. Мн., 1978. С. 216—219;

Дзюбайла П.К. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982. С. 33—46;

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн.,1984. С. 45—51.

А.​П.​Траяноўскі.

В.Ф.Карамазаў.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́ЛЬ (ад франц. castel невял. замак),

сярэдневяковы замак, цытадэль з абарончымі сценамі, вежамі, жылымі карпусамі, храмам і ўнутр. дваром. Выконвалі ролю рэгіянальных цэнтраў абароны і місіянерства, былі месцам кірмашоў, збору падаткаў. Будавалі К. звычайна ў цяжкадаступным месцы, каля буйных населеных пунктаў, на мяжы заваяванай тэрыторыі, на гандл. шляхах ці скрыжаваннях стратэг. дарог.

Першыя К. паявіліся ў Стараж. Рыме — невял. прамавугольныя ў плане ўмацаванні, якія спалучалі формы рым. ваен. лагера з рысамі замка. Пасярэдзіне кожнага з 4 бакоў знаходзіліся брамы, што звычайна фланкіраваліся 2 вежамі. Вежы часта ўзводзілі і па вуглах умацавання. Памяшканні для жаўнераў і стайні прымыкалі да ўнутр. бакоў мураваных сцен або схілаў валоў. Пазней форму К. запазычылі візантыйцы і народы Зах. Еўропы. У 12—14 ст. іх узводзілі крыжакі і лівонскія рыцары ў Прыбалтыцы.

На Беларусі К. будавалі ў 13—1-й пал. 14 ст. для абароны ад крыжакоў. Яны адрозніваліся ад крыжацкіх большымі памерамі, узводзілі іх на невял. пясчаных выспах, ці штучных насыпах. Уяўлялі сабой пляцоўку, замкнёную высокімі (да 15—16 м) сценамі, змураванымі з палявога каменю, і 1—2 вежамі. З найб. небяспечных бакоў рабілі равы, якія часта абвадняліся. Гарнізонныя памяшканні будавалі з дрэва па ўнутр. баках сцен. Сярод пабудоў вылучаўся памерамі дом кашталяна (таксама драўляны). Пасярэдзіне К. выкопвалі 1—2 студні. Паводле планавай кампазіцыі да К. блізкія Лідскі замак і Крэўскі замак. У час варожых набегаў на замкавым двары знаходзілі паратунак жыхары навакольных вёсак.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.​А.​Ткачоў.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ (Нэлі Уладзіміраўна) (н. 29.7.1957, г. Шураб Ісфарынскага р-на Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),

бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1976). Скончыла Казахскі ін-т фіз. культуры (1978). З пач 1970-х г інструктар Спорткамітэта БССР. У 1992—95 дзярж. трэнер Беларусі па спарт. гімнастыцы сярод жанчын. З 1992 суддзя міжнар. катэгорыі па спарт. гімнастыцы. З 1993 віцэ-прэзідэнт Бел. асацыяцыі гімнастыкі. Чэмпіёнка XXI і XXII Алімп. гульняў у камандным першынстве, вольных практыкаваннях (1976, г. Манрэаль, Канада; 1980, Масква), апорным скачку (1976); сярэбраны прызёр у мнагабор’і (1976). Абс. чэмпіёнка свету (1979, г. Форт-Уэрт, ЗША). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве, бронз. прызёр у практыкаваннях на гімнастычным бервяне (1974, г. Варна, Балгарыя), камандным першынстве, апорным скачку, вольных практыкаваннях; сярэбраны прызёр у мнагабор’і (1978, г. Страсбур, Францыя), сярэбраны прызёр у камандным першынстве, апорным скачку, практыкаваннях на бервяне, вольных практыкаваннях (1979). Чэмпіёнка Еўропы ў вольных практыкаваннях, сярэбраны прызёр у мнагабор’і, апорным скачку, практыкаваннях на бервяне (1975, г. Шыен, Нарвегія); апорным скачку, сярэбраны прызёр у мнагабор’і, практыкаваннях на бервяне; бронз. прызёр у вольных практыкаваннях (1977, Прага). Абс. чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР (1975). Чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР у практыкаваннях на брусах, вольных практыкаваннях (1975, 1979), на бервяне (1975), апорным скачку (1979). Абс. чэмпіёнка СССР (1980), чэмпіёнка СССР у практыкаваннях на брусах (1973, 1975, 1979), на бервяне (1975—76), у вольных практыкаваннях (1975, 1979), апорным скачку (1976, 1979). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯШЧЫ́ (Acarina),

зборная група (атрад) членістаногіх кл. павукападобных. З асобныя атрады (падатрады); К.-сенакосцы (Opilioacarina), акарыформныя кляшчы і паразітыформныя кляшчы. 300 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце. Большасць жыве на сушы (у глебе, лясным подсціле, гнёздах птушак і звяроў), некат. ў вадзе. На Беларусі адзначаны акарыформныя (трамбідыформныя і саркаптыформныя) і паразітыформныя К.

Даўж. 0,05—13 мм, сытых крывасмокаў да 30 мм. Цела шарападобнае ці прадаўгавата-авальнае, крыху пляскатае, нерасчлянёнае Ротавы апарат колючы, грызучы, колюча-грызучы. Вочы ў большасці відаў адсутнічаюць. Раздзельнаполыя, з палавым дымарфізмам. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Жыццёвы цыкл уключае фазы: яйцо, лічынка, німфа (адна ці некалькі стадый) і імага. Лічынка 6-ногая, у німфы і імага па 4 пары ног. Паводле тыпу кармлення К. — сапрафагі і драпежнікі. Многія віды — паразіты раслін, жывёл і чалавека. К.-крывасмокі могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб (напр., у жывёл — піраплазмозаў, бабезіёзаў і інш., у чалавека — кляшчовага энцэфаліту, тулярэміі і сыпнатыфозных ліхаманак). Акароідныя К. (свірнавыя, або збожжавыя) пашкоджваюць збожжа і прадукты, галавыя і павуцінныя К. выклікаюць хваробы яблынь, цытрусавых і інш. Гл. таксама Акаралогія, Гамазавыя кляшчы, Кароставыя кляшчы, Мучны клешч, Панцырныя кляшчы, Пер’евыя кляшчы.

Літ.:

Бэкер Э., Уартон Г. Введение в акарологию: Пер. с англ. М., 1955;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984;

Клещи (Acari) фауны Беларуси: Кат. Мн., 1998.

Кляшчы. Акарыформныя: 1 — свірнавы; 2 — пер’евы; 3 — галавы; 4 — чырванацелка; 5 — вадзяны (піёна). Паразітыформныя: 6 — гамазавы; 7 — амбліёма; 8 — сенакосец (апіліякарус).

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУВЕ́ЙЦКІ КРЫ́ЗІС 1990—91.

Выкліканы даўнімі ірака-кувейцкімі супярэчнасцямі. У 1961 Ірак перашкаджаў прыёму Кувейта ў Лігу араб. дзяржаў (ЛАД), сцвярджаючы, што той з’яўляецца часткай Ірака. У 1990 прэзідэнт Ірака С.​Хусейн абвінаваціў Кувейт у перавышэнні квот Арг-цыі экспарцёраў нафты, у штучным паніжэнні цэн на нафту на сусв. рынку і незаконнай здабычы нафты са свідравін, што належалі Іраку. 2 жн. іракская армія ўварвалася ў Кувейт і акупіравала яго; эмір і ўрад Кувейта пакінулі краіну. 8 жн. ўрад Ірака абвясціў пра анексію Кувейта, а 28 жн. ператварыў яго ў іракскую правінцыю. Савет Бяспекі ААН асудзіў дзеянні Ірака, 6 жн. ўвёў супраць яго эканам. санкцыі. Ірак асудзіла і большасць членаў ЛАД. 7 жн. па просьбе караля Фахда ў Саудаўскай Аравіі высадзіліся войскі ЗША. 29 ліст. рэзалюцыяй ААН яны (сумесна з кантынгентамі 27 інш. краін) атрымалі статус Шматнац. сіл (ШС) на чале з амер. ген. Н.​Шварцкопфам. ШС мелі 670 тыс. чал., 3,5 тыс. танкаў, 1,8 тыс. самалётаў супраць 500 тыс. чал., 4,5 тыс. танкаў, 550 самалётаў у Ірака. 17.1.1991 ШС пачалі масіраваныя бамбардзіроўкі тэр. Ірака, 24 лют. — наземную аперацыю «Бура ў пустыні». 26 лют. Ірак абвясціў аб вывадзе войск з тэр. Кувейта, 28 лют. аб перамір’і абвясцілі і ЗША. 6.4.1991 Ірак падпісаў перамір’е і абавязаўся выплачваць Кувейту рэпарацыі, ліквідаваць усю хім. і бактэрыял. зброю, усе прамысл. аб’екты па вытв-сці ядз. зброі. Адбыўся абмен палоннымі, паміж Іракам і Кувейтам створаны «пояс бяспекі». Для назірання за ўмовамі перамір’я створана Спец. Камісія ААН (ЮНСКОМ).

т. 8, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРЭ́ВІЧ (Раіса Уладзіміраўна) (н. 1.4.1919, Мінск),

бел. жывапісец і графік. Дачка У.М.Кудрэвіча. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыла Віцебскае маст. вучылішча (1941). Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў быт., гіст. жанрах, партрэце, пейзажы, нацюрморце. Эмацыянальнай напоўненасцю і лірычнай паэтызацыяй штодзённасці вызначаюцца творы, прысвечаныя моладзі: «У родны калгас» (1948), «Сяброўкі» (1952), «Гарманіст ідзе» (1957), «Беларускія прыпеўкі» (1960), «Перад канцэртам» (1967), «Вясна. 1945 год», «Майскі дожджык» (абодва 1970), «Беларуская антонаўка» (1973), «Дачкам Айчыны прысвячаецца» (1975), «Калі цвітуць сады», «Балгарыя» (абодва 1978), «Вясна ў Серабранцы» (1983), «Іспанскі матыў» (1985), «Тэатральны сезон 1942 года» (1995). Гіст. тэматыцы прысвечаны карціны «А.​С.​Пушкін у Міхайлаўскім» (1951), «Першая рэпетыцыя» (1963), «Рудабельская рэспубліка» (1971), творы, выкананыя з А.​Гугелем («Мікалай Астроўскі», 1957; «Кастусь Каліноўскі», 1958; «Апасіяната», 1964; «Вечная слава», 1977; «Партызанам Беларусі прысвячаецца», 1984). Аўтар партрэтаў: «Студэнтка» (1960), «Наташа» (1973), «Студэнт кансерваторыі» (1976), «Палеская маладзіца» (1978), «У майстэрні. Аўтапартрэт» (1979), «Партрэт бацькі», «Партрэт у чырвоным капелюшы», «Блакітная раніца» (усе 1988) і інш. Пейзажам і нацюрмортам уласцівы яркая дэкаратыўнасць, рамантычнасць, складаная і разнастайная танальная гама: «Вясна ў Ракаве» (1973), «Восень у Прылуках» (1974), «Перад навальніцай» (1977), «Азёрны край» (1978), «На Бярэзіне», «Нацюрморт з рабінай» (абодва 1979), «Вясна» (1981), «Лясныя званочкі» (1987), «Блакітны нацюрморт» (1989), «Астры» (1990) і інш. Сярод графічных работ серыі «Вакол Еўропы», «Па Балгарыі», «Па Волзе», «У Крыме», «Карпаты» і інш.

Літ.:

Салавей Л.Ф. Р.​У.​Кудрэвіч. Мн., 1974;

Адольф Гугель. Раиса Кудревич: [Альбом]. Мн., 1994.

Л.​Ф.​Салавей.

Р.Кудрэвіч. Студэнт кансерваторыі. 1976.

т. 8, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУШНЕ́РСТВА,

народны промысел па апрацоўцы аўчын і шкурак пушных звяроў. У бел. нар. К. гал. месца займаў выраб аўчын для пашыву зімовага адзення — кажухоў, паўкажушкоў, шапак. Апрацоўка шкурак упаляваных пушных звяроў (зайца, вавёркі, ліса, куніцы, тхара і інш.) мела другараднае значэнне; іх футра выкарыстоўвалася пераважна на шапкі і каўняры. Тэхнал. працэс традыц. К. ўключае некалькі паслядоўных аперацый. Адмочаную ў вадзе авечую шкуру ачышчалі ад мяздры на нахіленай паўкруглай дошцы на 2 ножках (калодзе) звычайнай касой, выкарыстоўвалі і скоблю (струг). Каб шкуру размякчыць і засцерагчы ад гніення пасля прасушвання яе заквашвалі ў «квасе» — кіслым растворы жытняй ці аўсянай мукі з соллю. Шкуры мякчылі спец. драўляным або жал. крукам, якім вадзілі па мяздры ўверх-уніз, пакуль уся паверхня не рабілася мяккай і белай. З 1830-х г. пачало практыкавацца дубленне аўчын. Да пач. 20 ст. побач з дубленымі кажухамі светла-карычневага колеру былі пашыраны і белыя нядубленыя. У пач. 20 ст. аўчыны пачалі фарбаваць хім. рэчывамі ў карычневы ці чорны колер. Падобным чынам апрацоўвалі і шкуркі пушных звяроў. Для іх сушкі і расцягвання выкарыстоўвалася дошка-канёк. З 1920-х г. кушнерская вытв-сць бытавала ў выглядзе хатняга промыслу, арцеляў і дзярж. прадпрыемстваў. У пасляваенны час кушнерскае рамяство заняпала. У наш час у некат. раёнах аўчыны і футры вырабляюцца на асабістыя патрэбы (гл. таксама Футра, Футравая прамысловасць).

Н.​І.​Буракоўская.

Да арт. Кушнерства. Традыцыйны кажух. Вёска Асаўніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙПЦЫГСКАЯ БІ́ТВА 1813, бітва народаў пад Лейпцыгам,

адна з вырашальных бітваў у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). Адбылася 16—19.10.1813 каля г. Лейпцыг (Германія) паміж саюзнымі прускімі, аўстр., рас. і швед. войскамі (300—316 тыс. чал., больш за 1,3 тыс. гармат) і арміяй Напалеона I(каля 190—200 тыс. французаў, палякаў, саксонцаў, італьянцаў, бельгійцаў, галандцаў; 700 гармат). 16 кастр. адбыліся ўзаемныя малавыніковыя атакі паміж войскамі Напалеона і Багемскай арміяй саюзнікаў (133 тыс. чал.), бакі страцілі па 30 тыс. чал. 17 кастр. баёў не было. 18 кастр. Напалеон намагаўся адцясніць войскі кааліцыі і адкрыць сабе дарогу для адыходу, але моцны ўдар саюзнікаў з Пд, У і Пн прымусіў яго вярнуцца ў Лейпцыг, адкуль ён ноччу 19 кастр. пачаў адыходзіць на З па адзіным уцалелым мосце. Пакінуты Напалеонам у ар’ергардзе корпус Ю.Панятоўскага, які стрымліваў наступаючых, быў амаль увесь знішчаны, пры ўзрыве моста праз р. Вайсе-Эльстэр загінуў і Панятоўскі. Страты арміі Напалеона склалі 40 тыс. чал. забітымі і параненымі, 20 тыс. палоннымі, 325 гармат, саюзнікаў — 45—50 тыс. чал. (22 тыс. расійскіх, 14 тыс. прускіх, 9 тыс. аўстр. вайскоўцаў). Пазней рэшткі франц. арміі (60 тыс. чал.) адышлі за Рэйн. У выніку Л.б. ад франц. панавання вызвалена Германія, Францыя пазбавілася тэр. заваёў у Еўропе. У 1913 у Лейпцыгу ўзведзены Манумент Бітвы Народаў.

Літ.:

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)