КУПЯ́ЦІЦКІ УВЯДЗЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1628—1817 у в. Купяцічы (цяпер Пінскі р-н). Засн. Апалоніяй Войнай (з Валовічаў) як правасл. мужчынскі манастыр пры старадаўняй царкве Уводзін Багародзіцы ў храм. Гал. яго святыняй быў абраз Маці Божай у выглядзе меднага крыжа-энкалпіёна, знойдзенага, паводле царк. легенды, у 1182 пры дзівосных абставінах. У сярэдзіне 17 ст. абраз перанесены ў Сафійскі сабор у Кіеве. Першыя манахі прыйшлі ў Купяцічы ў 1629 з Віленскага Святадухаўскага манастыра. У 1630-я г. ў манастыры жыў бел. рэліг. дзеяч і пісьменнік Афанасій Брэсцкі, які ў сваіх творах усхваляў купяціцкі абраз як гал. правасл. святыню Рэчы Паспалітай. У 1743 манастыр стаў уніяцкім і неўзабаве далучаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. У 1817 зачынены. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАЎ Уладзімір Афанасьевіч (н. 20.7.1941, г. Антрацыт Луганскай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1979, 1983), лётчык-касманаўт СССР (1979), палкоўнік. Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​Гагарына (1975). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. 25.2—19.8.1979 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-32» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» (як камандзір; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-34»); 27.6—23.11.1983 з А.П.Аляксандравым — палёт на КК «Саюз Т-9» і АС «Салют-7» (як камандзір); 29.8—7.9.1988 з В.У.Паляковым і А.Мамандам — палёт на КК «Саюз ТМ-6» і АС «Мір» (вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз ТМ-5»). Правёў у космасе 333,33 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 9, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1915 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як лесапільны з-д. У 1922—23 пачаў перабудоўвацца, наз. «Пралетарый» У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Архангельск, разбураны. У 1945—49 адноўлены як М.д.к. У 1954—63 уведзены ў эксплуатацыю цэхі: раскроечна-загатовачны з сушыльнай гаспадаркай, мэблевы па вытв-сці драўнянастружкавых пліт (ДСП). У 1971 на базе М.д.к. створана ВА «Мазырдрэў», у складзе якога Мазырская, Ельская і Калінкавіцкая мэблевыя ф-кі, а з 1978 — Ельскі і Тураўскі леспрамгасы. У 1992 ВА «Мазырдрэў» стала арэндным прадпрыемствам, ад яго аддзяліліся Тураўскі леспрамгас і Калінкавіцкая ’мэблевая ф-ка. З 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырдрэў». Асн. прадукцыя (1999): корпусная і інш. мэбля, ДСП, піламатэрыялы, паркет, струганая шпона, вырабы дрэваапрацоўкі.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ Мікалай Андрэевіч (1898, г. Лібава, Латвія — 1944),

бел. графік. Працаваў пераважна ў кніжнай графіцы. У 1920—30-я г. працаваў у газ. «Чырвоная змена», выконваў ілюстрацыі да час. «Іскры Ільіча» і «Беларускі піянер». Аформіў кнігі для дзяцей «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.​Лынькова (1937), «Казка пра рыбака і рыбку» А.​Пушкіна, «Канёк-гарбунок» П.​Яршова (абедзве 1938), «Верабейчык» Я.​Герасімовіча (1939), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» К.​Чорнага (1941). У 1920-я 1930-я г. працаваў і як карыкатурыст (8 пано-плакатаў «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ»).

Літ.:

Ціхановіч В. М.​А.​Малевіч. Мн., 1959.

М.​А.​Гугнін.

М.Малевіч. Ілюстрацыі да казкі «Канёк-гарбунок» П.​Яршова, 1938.

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРШ (ад франц. marche шэсце, рух наперад) (ваен.), арганізаванае перамяшчэнне войск у паходных калонах на трансп. сродках, баявых машынах або ў пешым парадку, у т. л. на лыжах. Як правіла, праводзіцца скрытна, пераважна ноччу. Пры арганізацыі М. забяспечваюцца: разведка, ахова, абарона ад зброі масавага паражэння, маскіроўка, інжынернае, тэхн. і тылавое забеспячэнне. М. можа праводзіцца на вял. (больш як 1 сутачны пераход) і малыя адлегласці. М.-кідкі — імклівае перамяшчэнне падраздзяленняў на кароткія дыстанцыі — адначасова з’яўляюцца адной з форм фіз. трэніроўкі ваеннаслужачых. Тэрміны «М.-манеўр» і «фарсіраваны М.» выйшлі з ужытку. У сучасных умовах войскі на М. за суткі здольны прайсці: аўтамаб. калоны да 400 км, змешаныя (танкі, аўтамабілі і інш.) — 300 км, пешым парадкам або на лыжах — 30—50 км.

У.​І.​Грынюк.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІ ЕЎРО́ПЫ, Міжнародная асацыяцыя па сучаснай гісторыі Еўропы,

міжнароднае аб’яднанне гісторыкаў, створанае для развіцця выкладання і даследаванняў у галіне сучаснай гісторыі Еўропы (пасля 1789) і супрацоўніцтва з гэтай мэтай з нац. і міжнар. навук. арг-цыямі. Засн. 30.11.1968 у г. Страсбур (Францыя) як Еўрап. асацыяцыя па сучаснай гісторыі (сучасная назва з 1980). Аб’ядноўвае (1999) вучоных больш як 30 краін. Членства ў Асацыяцыі індывід. і калектыўнае. Асн. форма дзейнасці — правядзенне канферэнцый (адбываюцца кожныя 2 гады), калёквіумаў і круглых сталоў. Штаб-кватэра асацыяцыі ў г. Жэнева (Швейцарыя). Друкаваныя органы — час. «Bulletin de liaison et d’information» («Бюлетэнь сувязі і інфармацыі») і «Guide de la recherche en histoire contemporaine» («Гід у вывучэнні сучаснай гісторыі»).

У.​С.​Кошалеў.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУГІ́Р (ад тур. ваўняная тканіна),

у ісламе твор дэкар. мастацтва, тканіна з рэліг. надпісам або выявай рэліг. сімволікі. Прызначаны для пашырэння рэліг. ведаў, у нар. свядомасці мае таксама функцыі абярога. Першапачаткова вырабляўся туркамі-качэўнікамі, праз іх трапіў да крымскіх татар. У бел. татар вядомы з 16 ст. як элемент насценнага аздаблення мячэці ці жылога дома. Спачатку М. выраблялі з казінай воўны, потым таксама з інш. тканін і матэрыялаў. На Беларусі былі вядомы М. як апраўленыя ў рамы пергаменты з вершамі Карана, малітвамі, імем прарока Мухамеда. У 19—20 ст. яны змяняюцца літаграфіямі з відамі славутых мячэцей, атрыбутамі ісламскай сімволікі. У М. бел. татар творча ўзаемадзейнічалі татарскія і бел. культ. традыцыі.

Г.​Л.​Дубар.

Мугір з Клецка. 1912. Беларускі музей гісторыі рэлігіі.

т. 11, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НААСФЕ́РА (ад грэч. noos розум + сфера),

новы эвалюцыйны Стан біясферы, пры якім разумная дзейнасць чалавека з’яўляецца гал., вырашальным фактарам яе глабальнага развіцця (часам яе вызначаюць як сферу розуму, антрапасферу, сацыясферу, тэхнасферу). Тэрмін «Н.» ўведзены франц. вучонымі Э.​Леруа і П.​Тэярам дэ Шардэнам у 1920-х г., якія тлумачылі яго ідэалістычна. У.Л.Вярнадскі развіў матэрыяліст. ўяўленне аб Н. як якасна новай форме арганізаванасці, што ўзнікае пры ўзаемадзеянні прыроды і грамадства, у выніку творчай дзейнасці чалавека, якая пераўтварае свет і грунтуецца на навук. думцы. Для Н. характэрна цесная ўзаемасувязь і гарманічнае спалучэнне законаў прыроды з законамі мыслення і сац.-эканам. законамі грамадства; чалавек павінен адказваць за лёс планеты і ўсяго жывога на ёй Пераход біясферы ў Н. для чалавецтва застаецца перспектывай.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРФО́РМАНС, перфоманс (ад англ. performanse выступленне, выкананне, прадстаўленне),

форма сучаснага мастацтва, у аснове якога знаходзіцца дзеянне. У адрозненне ад хэпенінга будуецца па разлічанаму сцэнарыю, аўтарам і выканальнікам якога з’яўляецца сам мастак або група мастакоў. П. можа ажыццяўляцца як непасрэдна перад гледачом, так і ў выглядзе відэа- або кіназапісу. Узнік у авангардысцкіх кірунках 1960-х г. У 1970-я г. пашырыў межы выяўленчага мастацтва. Дазваляе мастакам вобразна рэагаваць на актуальныя сац. ці культ. праблемы, уключаць рэальную прастору ў працэс фарміравання вобразных задум, непасрэдна ўздзейнічаць на свядомасць і паводзіны гледача, часта як састаўны элемент акцыі. На Беларусі П. вядомы з 2-й пал. 1970-х г., сярод бел. перформераў найб. вядомыя А.​Вараб’ёў, І.​Кашкурэвіч, В.​Пятроў, Л.​Русава і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЗАВО́Д СЕЛЬГАСАБСТАЛЯВА́ННЯ.

Засн. ў г. Полацк Віцебскай вобл. ў 1927 як майстэрні. З 1930 с.-г. майстэрні. У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1945 адноўлены як слясарна-мех. з-д. З 1947 ліцейна-мех. з-д. У 1953 здадзены ў эксплуатацыю цэх па вытв-сці чыгуннага ліцця. Пасля рэканструкцыі ў 1959—64 з-д сан.-тэхн. вырабаў і с.-г. інвентару. З 1967 ліцейна-мех. з-д. У 1975—90 галаўное прадпрыемства Полацкага ліцейна-мех. вытв. аб’яднання. З 1990 — сучасная назва. Асн. прадукцыя (2000): аўтапаілкі для буйн. раг. жывёлы і свіней, помпы для даільных установак, запчасткі да трактарных плугоў, чыгунныя фасонна-каналізацыйныя часткі, люкі для камунікацыйных калодзежаў, запорная арматура, сякеры, чыгуннае ліццё для печаў і інш.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)