Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗО́НЫ, бозе-часціцы. 1) мікрачасціцы, якія падпарадкоўваюцца Бозе-Эйнштэйна статыстыцы. Да іх адносяцца фатоны, α-часціцы, π-мезоны, ат. ядры з цотным лікам нуклонаў і інш. 2) Элементарныя ўзбуджэнні ў макраскапічнай сістэме, т.зв.квазічасціцы (феноны ў цвёрдым целе, эксітоны ў паўправадніках і малекулярных крышталях). Базоны маюць нулявы або цэлы спін, што адрознівае іх ад ферміёнаў. Характэрная асаблівасць базонаў — адвольная іх колькасць у пэўным квантавым стане, што дае магчымасць растлумачыць з’явы звышправоднасці і звышцякучасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНХРО́ННАЯ МАШЫ́НА,
электрычная машына пераменнага току, у якой частата вярчэння ротара не супадае з частатой вярчэння магнітнага поля, што ствараецца пераменным (звычайна 3-фазным) токам у абмотках статара. Прынцып дзеяння заснаваны на ўзаемадзеянні паміж магнітным полем, што адварочваецца, і пераменным токам, які наводзіць гэта поле ў абмотках ротара. У залежнасці ад спосабу выканання ротарнай абмоткі асінхронныя машыны падзяляюцца на каротказамкнутыя і з фазным ротарам. Могуць служыць асінхронным электрарухавіком, асінхронным генератарам, электрамагнітным тормазам, індукцыйным рэгулятарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРАКТА́НТЫ (ад лац. attrahere прывабліваць, прыцягваць),
прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, што прывабліваюць жывыя арганізмы. Асабліва рэагуюць на прысутнасць атрактантаў насякомыя, што выкарыстоўваецца ў с.-г. практыцы ў мэтах знішчэння шкоднікаў раслін і паразітаў жывёл. Атрактанты палавыя прывабліваюць як асобіны процілеглага полу, харчовыя — як ежа, некаторыя — як субстрат для адкладкі яец. Палавыя атрактанты насякомых — біялагічна актыўныя рэчывы: асобіна выдзяляе некалькі міліграмаў атрактантаў, а рэцэптары антэн другой асобіны ўспрымаюць некалькі малекул атрактантаў на адлегласці ў сотні метраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ГА ((Hugo) Густаў) (1764—1844),
нямецкі юрыст, заснавальнік гістарычнай школы права. Праф. Гётынгенскага ун-та. Аўтар шэрагу навук. прац па праве. Першы абвясціў ідэю самабытнага развіцця права і супастаўляў яго з развіццём мовы і нораваў народа. Задачай права лічыў зацвярджэнне пэўнага і трывалага парадку ў краіне, абараняў непарушнасць усякага станоўчага права. Гал. довадам захавання права лічыў тое, што яно ўжо існуе і што «людзі да яго прывыклі». Сваё вучэнне называў філасофіяй станоўчага права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВІДЭ́НД (ад лац. dividendus падлеглы падзелу),
частка агульнай сумы чыстага прыбытку акц.т-ва, што размяркоўваецца паміж акцыянерамі ў адпаведнасці з акцыямі, якія ў іх ёсць. Даходы акцыянерам выплачваюцца наяўнымі грашамі або акцыямі. Памеры Д. вар’іруюцца для звычайных і застаюцца фіксаванымі для прывілеяваных акцый. Калі становішча кампаніі пагаршаецца, яна можа выплачваць Д. з атрыманых раней даходаў. Лічба, што паказвае, у колькі разоў прыбытак кампаніі перавышае суму Д., якую яна выплачвае, называецца пакрыццём па д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́Лу тэхніцы,
зубчасты механізм, які перадае рух ад аднаго вала двум іншым, што круцяцца з рознымі адноснымі скарасцямі, або ад двух валоў аднаму. Д. у трансмісіі аўтамабіля або колавага трактара дае магчымасць вядучым колам круціцца з рознымі скарасцямі, што неабходна на паваротах. Выкарыстоўваецца таксама ў механізмах прыводу вінтоў турбавінтавых самалётаў, на гусенічных машынах (падвойныя або складаныя Д., якімі карыстаюцца як механізмамі павароту).