БЕ́ЛАХ (Beloch) Карл Юліус Альвін (21.1.1854, Печкендорф, Ніжняя Сілезія — 1.2.1929),
нямецкі гісторык антычнасці. Праф. Рымскага ун-та (1879). Вывучаў сац.-эканам. адносіны, упершыню выкарыстаў стат. метад пры даследаванні эканомікі старажытнасці. Распрацоўваў статыстыку народанасельніцтва ант. свету, а таксама Італіі ў сярэднявеччы і ў новы час. Прадстаўнік цыклічнасці тэорыі. У крытыцы крыніц прыхільнік гіперакрытыцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НА-ПО́ЛЬСКІ ПАКТ 1934аб ненападзе.
Падпісаны ў форме дэкларацыі 26 студз. ў Берліне тэрмінам на 10 гадоў (набыў сілу 24 лют.) ва ўмовах збліжэння Польшчы з фаш. Германіяй. Абавязваў бакі да мірнага вырашэння спрэчных пытанняў паміж імі. Дэнансаваны герм. рэйхсканцлерам А.Гітлерам 28.4.1939 учас падрыхтоўкі нацыстамі 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАМО́КЛАЎ МЕЧ»,
выраз, які абазначае пастаянную небяспеку. Паводле стараж.-грэч. падання, Дамокл, фаварыт сіракузскага тырана Дыянісія I Старэйшага, лісліва называў яго самым шчаслівым з людзей. Каб паказаць нетрываласць свайго шчасця, Дыянісій учас святочнага балявання пасадзіў Дамокла на сваё месца і павесіў над яго галавой на конскім воласе востры меч — сімвал небяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖКА,
снасць для лоўлі драпежнай рыбы. Прадаўгаватая металічная пласціна з кручком або якарком на канцы, прымацаваная да доўгага шнура, што цягнуць за чаўном ці лодкай. Кручок (якарок) маскіруюць чырвонымі ніткамі ці тканінай. Шнур намотваюць на спец. калаўроцік (матавільца) або дошчачку. Д. вядома на Беларусі са старажытнасці, у наш час выкарыстоўваецца рыбаловамі-аматарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЧАГЫ́ЛЬСКАЕ МО́РА (па ўрочышчы Акчагыл на Краснаводскім п-ве),
існавала ў познім пліяцэне (каля 1,8—3,2 млн. гадоў назад) на ПдУ Еўропы на месцы Каспійскага м. і Прыкаспійскай нізіны. У пэўныя перыяды злучалася з басейнам, які быў на месцы Азоўскага мора. Намнажаліся адклады: вапнякі, мергелі, гліны, пяскі. Час існавання вызначаюць па характэрным акчагыльскім комплексе малюскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНРЫО́ (Hanriot) Франсуа (1761—28.7.1794),
дзеяч франц. рэвалюцыі 18 ст., якабінец. Актыўны ўдзельнік паўстання 10.8.1792, якое скінула манархію. З мая 1793 начальнік Парыжскай нац. гвардыі, адзін з кіраўнікоў паўстання 31.5—2.6.1793, што прывяло да ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. Учас тэрмідарыянскага перавароту (27.7.1794) быў нерашучы ў арганізацыі супраціўлення. Пакараны смерцю тэрмідарыянцамі разам з М.Рабесп’ерам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕТРЫ́Я (ісп. behetría),
вольная сялянская абшчына ў Іспаніі ў сярэднія вякі. Была пашырана гал. чынам у перыяд Рэканкісты ў Кастыліі і Леоне. Мела самакіраванне, права выбіраць (мяняць) сеньёра і інш. Члены бегетрыі неслі вайсковую службу ў сеньёра ці караля ў час войнаў, былі звязаны з сеньёрам адносна невял. павіннасцямі. Пасля Рэканкісты бегетрыя паступова знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАЛЯЎНІ́ЧЫ САЮ́З,
грамадская арганізацыя паляўнічых рэспублікі ў 1921—33. Адыграў важную ролю ў стварэнні на тэр. Беларусі запаведнікаў і заказнікаў, у барацьбе з ваўкамі (за 1923—25 знішчана 5,9 тыс. ваўкоў). З 1929 наз.Бел. саюз прамысл.-паляўнічай кааперацыі і зверагадоўлі. Выдаваў час. «Паляўнічы Беларусі». З 1955 наз.Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў,
князь навагрудскі ў 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе, калі ў 1236 (або 1237) галіцка-валынскі кн.Даніла Раманавіч на кн. Конрада Мазавецкага «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского». Верагодна, І. разам з Міндоўгам на той час быў у васальных або саюзных дачыненнях з Данілам. І. — адзіны навагрудскі князь, які ўпамінаецца ў летапісах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАРЭ́З,
частка апоры моста, быка плаціны, шлюза-рэгулятара або асобная канструкцыя перад апорамі для аховы іх учас ледаходу і папярэджання затораў. Мае нахіленую ці вертыкальную верхавую грань, накіраваную супраць цячэння, якая ламае ломіць* лёд і накіроўвае яго абломкі ў пралёты моста (плаціны). Бываюць бетонныя, жалезабетонныя і драўляныя.