«КРЕСТЬЯ́НИН»,

сельскагаспадарчы і грамадска-паліт. штотыднёвы часопіс; орган т-ва «Селянін». Выдаваўся ў 1906—15 у Вільні на рус. мове. Заснавальнік і выдавец С.​Кавалюк. Прызначаўся для заможных бел. праваслаўных сялян. Прапагандаваў палітыку самадзяржаўя, выступаў у падтрымку сталыпінскай агр. рэформы, супраць нац.-вызв. руху. Не прызнаваў самастойнасць бел. народа, яго мовы і культуры. Змяшчаў матэрыялы супраць газ. «Наша ніва» і бел. л-ры ўвогуле, але друкаваў творы мясц. аўтараў, урыўкі з твораў М.​Някрасава, Л.​Талстога і інш. Змест і дзейнасць «К.» высмейваў у сваіх эпіграмах і сатыр. вершах Я.​Купала.

М.​М.​Забаўскі.

т. 8, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЭ́К-ХАН, Мірза Кучэк-хан (1880/81, г. Рэшт, Іран — ліст. 1921),

іранскі паліт. дзеяч. Меў рэліг. адукацыю. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1-ю сусв. вайну кіраўнік руху партызан-джэнгелійцаў супраць брыт. і рас. войск. Вясной 1918 заключыў пагадненне з брыт. камандаваннем і згадзіўся прапусціць брыт. войскі ў Баку. У 1920 уступіў у саюз з іранскімі камуністамі, узначальваў урад (май—ліп. 1920) і Рэв. к-т (з мая 1921) Гілянскай рэспублікі. 29.9.1921 здзейсніў пераварот, знішчыў б.ч. кіраўніцтва Гілянскага абкома Іранскай кампартыі. Атрады К.-х. разгромлены шахскімі войскамі, а сам ён загінуў.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́НСКІ (Уладзімір Іванавіч) (8.7.1833, С.-Пецярбург — 2.12.1914),

расійскі гісторык, славіст. Акад. Пецярбургскай АН (1900). Д-р гіст. н. (1871). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1854), у 1865—99 дац., праф. у ім. Вучань І.І.Сразнеўскага. Актыўны дзеяч этнагр. аддзялення рускага геагр. т-ва, рэдактар (з 1890) яго час. «Живая старина». У 1875—78 адзін з лідэраў слав. руху ў Расіі. З пазіцый панславізму вывучаў гісторыю, філалогію і этнаграфію славян. Аўтар прац «Вывучэнне славянства і руская народная самасвядомасць» (1867), «Аб гістарычным вывучэнні грэка-славянскага свету ў Еўропе» (1871), «Славянскае жыціе святога Кірылы...» (1903—04) і інш.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН (Пётр Рыгоравіч) (5.1.1907, в. Ізлягошча Усманскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 9.7.1974),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай і Віцебскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1929. З 1934 у органах НКУС, з 1936 на чыг. ст. Мінск. У 1941 камандзір аддзялення, узвода партыз. атрада спец. прызначэння «Міця», які дзейнічаў на тэр. Магілёўскай, Смаленскай і Арлоўскай абл. З сак. 1942 кіраўнік партыз. спец. развед.-дыверсійнай групы НКДБ СССР «Бывалыя», са жн. 1942 — камандзір партыз. брыгады «Дзядзькі Колі». З 1944 на сав. і гасп. рабоце ў Барысаве.

П.Р.Лапацін.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАФА́РГ ((Lafargue) Поль) (15.1.1842, г. Сант’яга-дэ-Куба, Куба — 25.11.1911),

дзеяч французскага і міжнар. сацыяліст. руху. Па адукацыі медык. У 1866—68 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі, член Ген. савета Інтэрнацыянала 1-га. З 1871 у Іспаніі, у 1872—82 у Лондане. З канца 1870-х г. паплечнік Ж.Геда. Адзін з заснавальнікаў франц. Рабочай партыі (1879) і Інтэрнацыянала 2-га (1889). У 1891—93 дэп. парламента Францыі. Выдаваў на франц. мове творы К.​Маркса і Ф.​Энгельса і папулярызаваў іх ідэі ва ўласных творах. Аўтар прац па рэлігія-, літаратура-, мовазнаўстве. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Воспоминания о Марксе. М., 1967.

т. 9, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВЕР’Е́ ((Le Verrier) Урбен Жан Жазеф) (11.3.1811, г. Сен-Ло, Францыя — 23.9.1877),

французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1846). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1848). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1833). З 1854 дырэктар Парыжскай абсерваторыі. Навук. працы па нябеснай механіцы і тэорыі руху вял. планет Сонечнай сістэмы. На аснове даследавання ўзбурэнняў Урана вызначыў (1846, незалежна ад Дж.К.Адамса) арбіту і становішча планеты, названай Нептунам (адкрыта ў 1846 ням. астраномам І.​Г.​Гале). Адкрыў векавы рух перыгелія Меркурыя, што знайшло тлумачэнне ў агульнай тэорыі адноснасці.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 391—396.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЬКО́Ў (Рыгор Мацвеевіч) (14.2.1899, с. Васільеўка Акцябрскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 17.12.1961),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў ваен. эл.-тэхн. акадэмію (1938). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 камандзір дыверсійна-разведвальнага партыз. атрада, які ў 1941—42 зрабіў 600-кіламетровы рэйд па тылах праціўніка ў паўд. раёнах Беларусі. З мая 1943 камандзір дыверсійна-разведвальнай групы, што дзейнічала ў раёне Брэст—Баранавічы—Ваўкавыск, потым на тэр. Польшчы і Чэхаславакіі. Аўтар кн. «Вайна ў тыле ворага» (1959).

Р.М.Лінькоў.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНІНЕ́ЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Створаны ў 1978, адкрыты ў 1986 у г. Лунінец Брэсцкай вобл. Пл. экспазіцыі 170 м², каля 6,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў рубілы і сякеры каменнага веку з раскопак археал. помнікаў Лунінеччыны, старадрук «Мінеі-чэцці» за жн. 1705, інтэр’ер сял. хаты з кроснамі і інш. прыладамі працы, вышыванкі, самаробныя вопратка і абутак пач. 20 ст., дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 1905, грамадз. вайну, Вял. Айч. вайну (стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху), вызваленне раёна ад ням.-фаш. захопнікаў, пра пасляваеннае аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі, устаноў культуры і аховы здароўя.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯХО́ВІЧ (Фелікс Юзафавіч) (22.1.1804, г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.12.1878),

удзельнік рэв. руху 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Беластоцкай (1818—20), скончыў Свіслацкую гімназію (1824). Заснаваў і кіраваў тайнымі вучнёўскімі т-вамі «Заране» філарэцкага кірунку — спачатку ў Беластоку (1820, першапач. назва «Згодныя сябры»), потым у Свіслачы (1822). У 1826 арыштаваны, пасля 6-месячнага зняволення ў Бабруйскай крэпасці высланы ў 42-і егерскі полк Каўказскага асобнага корпуса. Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828—29 і Каўказскай вайне 1817—64. З 1842 у адстаўцы, выконваў абавязкі акцызнага наглядальніка Оўруцкага пав.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНО́ДЫЯ (грэч. monodia песня аднаго спевака ад monos адзін + ōdos спявак),

аднагалоссе, якое не патрабуе суправаджэння. Пазбягае любых верт. суадносін гукаў (рэальных або мяркуемых) і разгортваецца выключна ў іх лінеарна-меладычным руху. Характэрна для муз. фальклору многіх народаў, для сярэдневяковых зах.-еўрап. (грыгарыянскі харал) і стараж.-рус. (знаменны спеў) царк. спеваў, а таксама для ўсх. класічнай музыкі вуснай традыцыі (мугам, маком, макам, рага і інш.). Манадычная бел. нар. музыка стараж. пласта. У творах сучасных бел. кампазітараў М. трапляецца ў межах асобных невял. эпізодаў.

Літ.:

Галицкая С.П. Теоретические вопросы монодии. Ташкент, 1981.

А.​А.​Друкт.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)