ПО́БАЛЬ (Леанід Давыдавіч) (н. 28.5.1924, в. Мікалаева Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. археолаг. Д-ргіст.н. (1978), праф. (1990). Скончыў ін-т фізічнай культуры (1950), БДУ (1951). У 1950—55 працаваў ва ўстановах нар. асветы. З 1958 супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Беларусі; з 1970 заг. сектара, з 1980 заг. аддзела археалогіі, у 1986—91 — археалогіі першабытнага грамадства. З 1991 вядучы навук. супрацоўнік, з 1997 гал. хавальнік фондаў Музея гісторыі Нац.АН Беларусі. Чл.Міжнар. уніі слав. археалогіі, Польскага археал.т-ва. Асн. кірунак навук. дзейнасці — вывучэнне гісторыі стараж. славян ў Еўропе, у т. л. на Беларусі.
Тв.:
Славянские древности Белоруссии: (ранний этап зарубинецкой культуры). Мн., 1971;
Славянские древности Белоруссии: (могильники раннего этапа зарубинецкой культуры). Мн., 1973;
Славянские древности Белоруссии: (свод археологических памятников раннего этапа зарубинецкой культуры — с середины III в. до н.э. по начало II в. н.э.). Мн., 1974;
Древности Белоруссии в музеях Польши. Мн., 1979;
Археологические памятники Белоруссии. Железный век. Мн., 1983;
Новые данные о древнем Менеске (Минске) // Древности славян и Руси. М., 1988;
Индоевропейские черты в древностях археологических культур железного веха Белоруссии: (К проблеме этногенеза славян) // VI Междунар. конгр. славянской археологии. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГРЫ,
адно з плямён палабскіх славян. Каля 600 г.н.э. засялілі тэр. сучаснай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія) паміж Кільскай і Любекскай бухтамі — т.зв. Вагрыю (цэнтр — Старград). Уваходзілі ў склад дзяржавы бодрычаў. У час экспансіі на Угерм. кароль Атон I
заснаваў тут у 948—968 місіянерскае епіскапства Ольдэнбург (знішчана паўстанцамі-ваграмі ў 983). У 1138—39 Вагрыя заваявана ням. графствам Гольштэйн; вагры былі вынішчаны ці анямечаны. Крыніца па гісторыі ваграў — «Славянская хроніка» свяшчэнніка Гельмальда з Босаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА (археалагічная культура плямёнаў энеаліту) (пач. 5-га — пач. 3-га тыс. да н.э.) на тэр.паўд. Туркменістана. Назва ад паселішчаў каля аула Анаў (каля Ашгабада). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло ў дамах з гліняных блокаў ці сырцовай цэглы. Нябожчыкаў хавалі ў ямах у скурчаным стане; у магілы клалі посуд, прылады працы, зброю з каменю і медзі, упрыгожанні. Посуд А. пласкадонны, размаляваны фарбаю (геаметрычны арнамент),
характэрны тэракотавыя жаночыя статуэткі. Найб. вядомы помнік анаўскай культуры — Намазга-Тэпэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),
старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ГА-ДНЯСТРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі неаліту, якія ў 6—4-м тыс. да н.э. насялялі парэчча Паўд. Буга і Днястра. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, часткова жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло на невял. неўмацаваных паселішчах у наземных жытлах (пл. 12—36 м²). Асн. формы керамікі — вастрадонныя гаршкі, міскі, бомбападобныя пасудзіны з наляпнымі валікамі, арнаментаваныя «шышачкамі», пальцавымі зашчыпамі, хвалістымі стужачнымі кампазіцыямі, на познім этапе — грабеньчатым штампам. На думку даследчыкаў, Буга-Дняпроўская культура — адзін з этапаў фарміравання трыпольскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІША́ПЫ (іран.),
каменныя статуі (выш. да 5 м) у выглядзе рыбы або слупа з расцягнутай на ім скурай быка. Упершыню выяўлены ў 1909 у Арменіі ў раёне Гегамскага хр. Знаходзіліся паблізу стараж. каналаў і азёр, якія выкарыстоўваліся для вадапою жывёлы. Зроблены, магчыма, у 2-м тыс. да н.э. і звязаны з культам божастваў урадлівасці і вады. Пазней армяне лічылі статуі выявамі злых духаў і называлі іх вішапамі, г. зн. дэманамі. Выяўлены таксама на Паўн. Каўказе, у Грузіі, Манголіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМРА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі энеаліту (2-я пал. 5 — пач. 4-га тыс. да н.э.) у Верхнім і Сярэднім Егіпце. Назва ад паселішча каля мяст. Эль-Амра (Егіпет). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Для амрацкай культуры характэрны чырвоны глянцаваны посуд, на якім белай фарбаю нанесены «крыжалінейны» арнамент. Прылады працы вырабляліся з крэменю, косці, сустракаюцца медныя рэчы (шпількі, гарпуны, пацеркі). Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, у магілы клалі посуд, упрыгожанні, грабяні, статуэткі са слановай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСАГО́Р (Anaxagoras) з Клазамен
(каля 500—428 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Заснаваў у Афінах першую прафес. школу філасофіі. З яго твораў захаваліся асобныя фрагменты. У цэнтры натурфілас. вучэння Анаксагора арыгінальная мадэль фізічнай рэальнасці: усё ў прыродзе складаецца з бясконцай колькасці бясконца падзельных часцінак (гамеамерый). Інертная матэрыя прыводзіцца ў рух розумам (нусам). Пазнанне свету адбываецца з дапамогай чалавечага розуму, які абапіраецца на адчуванні. Шэраг здагадак Анаксагора ў астраноміі і матэматыцы развіты навукай пазнейшага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́НІС,
грэчаская назва фінікійска-сірыйскага бога расліннасці і ўрадлівасці. У міфалогіі Грэцыі Адоніс — каханы Афрадыты. Паводле міфаў, памёр ад раны, але ўваскрэс і ўзнёсся на неба. Культ Адоніса вядомы з 2-га тыс. да н.э., паўплываў на ўзнікненне міфа пра ўваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Да міфа аб Адонісе звярталіся ў л-ры Авідзій, Лопэ дэ Вэга, У.Шэкспір, у жывапісе — Тыцыян, Рубенс, Пусэн і інш.
Да арт.Адоніс. Венера і Адоніс. Маст. П.П.Рубенс. Каля 1614.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́-СІМБЕ́Л,
мясцовасць на зах. беразе Ніла, каля г. Асуан у Егіпце. У 1-й пал. 13 ст. да н.э. тут высечаны 2 скальныя храмы фараона Рамсеса II і гал.стараж.-егіпецкіх багоў са статуямі і рэльефамі на фасадах і ў інтэр’ерах. На фасадзе гал. храма 4 велічныя (20-метровыя) сядзячыя калосы Рамсеса II. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны ў 1967 яны перанесены на плато над старым рэчышчам Ніла.