КУ́РА-АРА́КСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

культура плямён Закаўказзя эпохі ранняй бронзы (3-е тыс. да н.э.). Назва ад помнікаў, адкрытых у бас. р. Кура і Аракс. Арэал К.-А.к. ўключае таксама ўсх. Анатолію, Дагестан, Чэчню, Інгушэцію, частку паўн. Асеціі. Характарызуецца аселасцю насельніцтва, паселішчамі са своеасаблівай архітэктурай (круглыя і прамавугольныя дамы), глянцаванай керамікай з рэльефным спіральна-канцэнтрычным і разным арнаментам, глінянымі перасоўнымі агнішчамі. Асн. заняткам насельніцтва былі земляробства і жывёлагадоўля, развівалася металургія бронзы і металаапрацоўка. Існавалі ■ сувязі з плямёнамі майкопскай культуры Паўн. Каўказа.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГІ́НАВА,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км ад Вілейкі, 120 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Крывічы. 1419 ж., 596 двароў (1997).

Вядома з пач. 17 ст як вотчына кн. Друцкіх-Саколінскіх. З 1625 у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1643 мястэчка, цэнтр кірмашовага гандлю. У 1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад Д. адбываліся жорсткія баі. З 1793 у Рас. імперыі. Да 1866 тут працавала суконная ф-ка. У 1897 цэнтр воласці Вілейскага пав., 3551 ж., школа, 60 крам, паштовая станцыя, Станіславаўскі касцёл. У 1921—39 у Вілейскім пав. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Крывіцкім р-не, цэнтр сельсавета. З 1.5.1940 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў Д. адбыўся Даўгінаўскі бой 1943. З 1954 вёска, з 1962 у Вілейскім р-не. У 1971—1477 ж., 501 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Станіславаўскі касцёл (19 ст.) і Даўгінаўская Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі — гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗКІН Рыгор Саламонавіч

(3.7.1918, Магілёў — 1.12.1981),

бел. крытык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1936—38). Друкаваўся з 1935. У крас. 1941 арыштаваны. Калі 26.6.1941 калону арыштаваных кінуў канвой, вярнуўся ў Магілёў, папрасіўся на фронт. Ваяваў да канца вайны. Паўторна арыштаваны ў 1949, да 1955 у лагерах Карагандзінскай і Омскай абласцей. Рэабілітаваны ў 1956. Працаваў у рэдакцыях літ. перыяд. выданняў, у 1970—75 у рэдакцыі бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Даследаваў пераважна паэзію, пытанні культуры творчасці, майстэрства творчых індывідуальнасцей («Паэзія праўды», 1958; «Спадарожніца часу», 1961; «Пімен Панчанка», 1968; «Постаці», 1971; «Аркадзь Куляшоў», 1978). У кн. «Свет Купалы» (1965), «Чалавек на досвітку» (1970, на рус. мове), «Звенні» (1976) даследаваў спадчыну Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, узаемадзеянне бел. і рус. літаратур.

Тв.:

Кніга пра паэзію. Мн., 1974;

Свет Купалы;

Звенні. Мн., 1981;

Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.Багдановіча. Мн., 1986;

Паэзія — маё жыццё. Мн., 1989.

Літ.:

Клышко А. Мастерство критика // Дружба народов. 1960. № 1;Адамовіч А. Талент крытыка // Полымя. 1962. № 6; Каваленка В. Крытык і паэт // Там жа. 1969. № 5; Лойко О. Открытие поэта // Вопр. лит. 1967. № 3; Бечик В.В. В неразрывном единстве // Неман. 1978. № 6.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЭНЭ́УМ»

(«Athenaeum»),

часопіс на польск. мове, які ў 1841—51 выдаваў у Вільні пісьменнік Ю.Крашэўскі. Асвятляў праблемы гісторыі, культуры, грамадска-паліт. жыцця пераважна зямель ВКЛ — Беларусі, Літвы, а таксама Украіны і Польшчы. Найб. грамадскі рэзананс меў у 1842—48, калі змяшчаў матэрыялы супраць феад. парадкаў, за вызваленне сялян ад прыгону і інш. У часопісе дамінавала гіст. тэматыка: арт. Крашэўскага, Я.Тышкевіча, У.Сыракомлі, В.Краеўскага і інш., гіст. дакументы, а таксама краязнаўчыя, этнагр. і фалькл. матэрыялы, маст. творы пераважна мясц. пісьменнікаў (Крашэўскага, Е.Фялінскай, Сыракомлі Р.Падбярэскага, Т.Лады-Заблоцкага, Плуга і інш.), пераклады іншамоўных твораў.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКЕ́СТР НАРО́ДНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ,

тып аркестра, нацыянальна спецыфічны паводле складу муз. інструментаў, характару гучання і спалучэння традыцый нар. інструменталізму і сімф. культуры. Першы аркестр народных інструментаў створаны ў 1896 В.Андрэевым (Велікарускі аркестр). У 1930-я г. на яго ўзор арганізаваны аркестры ў Арменіі, Казахстане, Узбекістане і інш. У 1930 пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча. Прафесіяналізацыя аркестра народных інструментаў абумовіла ўдасканаленне і ўтварэнне сем’яў тых інструментаў, якія склалі аснову іх пэўных нац. разнавіднасцяў (напр., бел. цымбалаў), пабудову аркестраў на ўзор сімфанічнага (падзел інструментаў на групы).

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧА М. ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Й.

Заснаваны ў 1981 у Мінску, адкрыты ў 1991 у будынку паблізу месца, дзе нарадзіўся паэт. Пл. экспазіцыі 244 м². У экспазіцыйных залах і фондах каля 15 тыс. адзінак захавання, у т. л. каля 8 тыс. асн. фонду (1996). Зберагае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём і дзейнасцю М.Багдановіча. Аўтар арх.-маст. афармлення экспазіцыі Э.К.Агуновіч (Дзярж. прэмія Беларусі 1993). Філіялы — музей «Беларуская хатка» ў Мінску, «Фальварак Ракуцёўшчына» ў Маладзечанскім раёне. Матэрыялы музея выкарыстаны пры стварэнні экспазіцыі «Беларускі паэт з берагоў Волгі» ў Яраслаўлі (1992).

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІКЧЭНТА́ЕЎ Анвер Гадзеевіч

(21.9.1913, г. Уфа, Башкортастан — 18.5.1989),

башкірскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Расіі (1970). Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1941). Друкаваўся з 1933. Пісаў на башк. і рус. мовах. У творах (зб-кі апавяданняў «Чырвоныя макі», 1944; аповесць «Права на бяссмерце», 1950; раманы «Лебедзі застаюцца на Урале», 1956; «Я не зычу табе раю», 1963; «Вясна, падобная на крык», 1981, і інш.) жыццё і подзвіг народа ў Вял. Айч. вайну, праблемы сучаснасці. Пісаў для дзяцей.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Уфа, 1983—84 (на башкірскай мове).

С.Г.Сафуанаў.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУСКАЯ ГАЗЭ́ТА.

Выдавалася з 27.7.1941 да 28.6.1944 у Мінску на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Самае буйное бел. антысав. перыядычнае выданне ў Вял. Айч. вайну. Да 5.2.1942 наз. «Менская газэта». Мела на мэце кансалідацыю бел. народа на прынцыпах ваяўнічага нацыяналізму, барацьбу з бальшавікамі, яўрэямі, рускімі і палякамі, ідэалагічную падтрымку акупац. рэжыму. Друкавала тэндэнцыйныя падборкі матэрыялаў аб падзеях на франтах, міжнар. адносінах, распараджэнні акупац. улад, антысав. публіцыстыку, нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, літ. творы бел. аўтараў і інш. Выйшлі 272 нумары.

С.У.Жумар.

т. 2, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НЬІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў, якія ў 8—3 ст. да н.э. жылі ў басейнах рэк Кама, Сярэдняя Волга, Вятка, Белая. Назва ад могільніка каля в. Ананьіна (Татарыя). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у наземных драўляных жытлах памерам 10 х 5, 12 х 4 м, а таксама ў доўгіх дамах, падзеленых на секцыі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах, над якімі ставіліся драўляныя зрубы; у магілы клалі жал. і бронзавыя коп’і, сякеры-кельты, чаканы, кінжалы, упрыгожанні. Для ананьінскай культуры характэрна кругладонная кераміка з ямкавым і шнуравым арнаментам.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́Я-ТРЫЯ́ДА

(Hagia Triada),

паселішча неаліту і бронзавага веку каля в. Агія-Трыяда на в-ве Крыт, адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Захаваліся рэшткі палаца («царскай вілы»), пабудаванага мінойцамі каля 1600 да н.э. Складаўся з жылых і інш. памяшканняў, упрыгожаных фрэскамі, ванных пакояў, тэрас. Выяўлены культавае памяшканне з алтаром і ахвярныя рэчы (статуэткі, посуд і інш.), керамічны саркафаг з выявамі сцэн пахавальнага рытуалу. Заняпад Агія-Трыяды звязаны з нашэсцем ахейцаў (сярэдзіна 15 ст. да н.э.).

Да арт. Агія-Трыяда. Ваза з палаца. Каля 1500 да н.э.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)