асаблівая форма вытв. адносін паміж буйным землеўладальнікам і непасрэдным вытворцам — калонам у Рым. імперыі. Пры сістэме К. буйная зямельная ўласнасць драбнілася на парцэлы — невял. ўчасткі, якія здаваліся ў арэнду калонам. Напачатку (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) юрыдычна свабодны і эканамічна самаст. калон, які плаціў арэнду грашамі, мог выкарыстоўваць для апрацоўкі зямлі працу рабоў і выступаў як дробны рабаўладальнік. Пазней (з 2 ст.н.э.) у выніку масавага разарэння дробных і сярэдніх рабаўладальнікаў з-за нізкай прадукцыйнасці рабскай працы і скарачэння крыніц папаўнення рабоў калон трапіў у асабістую і эканам. залежнасць (плаціў арэнду доляй ураджаю) ад апекуна-землеўладальніка. У 4—5 ст. калоны юрыдычна прымацаваны да зямлі; былі папярэднікамі сярэдневяковых прыгонных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫ́СКА, зыбка, люлька,
дзіцячы ложак; даўні від бел.нар. мэблі. Рабілі з дошак ці рэечак; у Зах. Беларусі плялі з лазовых дубцоў, ракіты, карэнняў у выглядзе доўгага кошыка (часам з казырком). Падвешвалі на чатырох почапках да столі ці бэлькі, часцей да жэрдкі, якая адным канцом затыкалася за бэльку. Найб. просты від К. — кусок палатна, нацягнуты на драўляную раму. З канца 19 ст. пашырана К. ў выглядзе невял. ложка на ножках, падбітых папарна дугападобнымі брускамі. Аздаблялі К. прапілоўкай, фігурнымі прафіляванымі накладкамі, точанымі ці разнымі элементамі, з якіх набіралі рашэцістыя бакавіны. Плеценыя К. дэкарыравалі спалучэннем розных спосабаў пляцення. У наш час амаль выйшлі з ужытку.
Я.М.Сахута, В.С.Цітоў.
Калыска. Вёска Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобл.Пач. 20 ст. Дом-музей Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́РЫН,
гарадскі пасёлак у Брагінскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Дняпро. За 52 км на Пд ад Брагіна, 3 км ад чыг. ст. Ёлча на лініі Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогай злучаны з Брагінам. 2,4 тыс.ж. (1998).
У 19 ст. мястэчка Рэчыцкага пав., параходная прыстань, вятрак, 6 крам; 550 ж. (1897). З 1923 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1926—62 цэнтр Камарынскага раёна. З 28.8.1941 да 23.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. 98 чал. З 17.11.1959 гар. пасёлак, з 1962 у Брагінскім р-не. У 1971—1,6 тыс. ж.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБАЛАПАДО́БНЫЯ (Pleuronectiformes),
атрад касцістых рыб. 3 падатр., 8 сям., 116 родаў, каля 500 відаў. Пашыраны ў акіянах. Большасць відаў жыве ў тропіках і субтропіках у прыбярэжнай зоне, зрэдку на глыбінях больш за 1 км; некат. заходзяць у рэкі. Донныя рыбы. Падатр. плеўранектападобныя мае найб. колькасць прамысл. відаў. Уключае 5 сям. Самае прадстаўнічае — сям. камбалавыя (Pleuronectidae) — 93 віды. Найб. тыповыя рыбы — ліманды, марскія і рачныя камбалы, марскія языкі, палтусы.
Даўж. ад 6 см да 4,7 м, маса ад некалькіх грамаў да 330 кг. Цела несіметрычнае, пляскатае, шырокае і кароткае. Вочы на адным (правым або левым) баку галавы. Плавальнага пузыра няма Брушны бок цела слаба пігментаваны, спінны здольны зменьваць афарбоўку пад колер грунту. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, некат. рыбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПА́НІЯ (ад франц. compagnie таварыства, супольнасць),
1) гандлёвае, прамысл., трансп. і інш. аб’яднанні прадпрымальнікаў. У сферы эканам. адносін адрозніваюць К.: афіліяваную, якая валодае пакетам акцый менш за 50%; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную К., што займаецца навук. даследаваннямі, інж. распрацоўкамі і іх крэдытаваннем; інжынерынгавую, якая спецыялізуецца на аказанні паслуг, звязаных з падрыхтоўкай вытв. працэсу; афшорную — замежную К., зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку; траставую, што арганізавана на адносінах уласнасці, сутнасць якіх вынікае ў перадачы маёмасці або маёмасных правоў уладальніка (даверніка) на даверніцкае кіраванне інш. асобе на карысць прызначаных давернікам асоб.
2) Група асоб, якія разам бавяць вольны час. 3) Сукупнасць ваен. аперацый, аб’яднаных агульнай стратэг. мэтай на пэўным этапе вайны.
4) Мерапрыемствы для ажыццяўлення чарговай важнай грамадска-паліт. або гасп. задачы (выбарчая К., пасяўная К.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАДО́НТЫ [ад грэч. kōnos конус + odus (odontos) зуб],
разрозненыя шкілетныя рэшткі выкапнёвых жывёл нявысветленай сістэм. прыналежнасці (часта вызначаюцца як сківічны апарат першасных рыб, кольчатых чарвей або рэшткі інш. жывёл). 8 сям., больш за 120 родаў. Вядомыя ў адкладах кембрыю — трыясу, верхняга мелу Еўропы, Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі. На Беларусі выяўлены ў карбанатных адкладах ардовіку — ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, сярэдняга і верхняга дэвону, карбону Аршанскай і Прыпяцкай упадзін.
Памер ад долей міліметра да 3 мм, зубападобныя, грабеньчатыя, лістападобныя, матавыя або празрыстыя, ад бурштынавага да цёмна-карычневага колеру. Вылучаюць групы К. простых (конусападобныя), складаных (у выглядзе сагнутых стрыжняў) і плоскіх (нізкія з шырокай плоскай асновай). Па рэштках вызначаюць узрост асадкавых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́-БАГА́З-ГОЛ (цюрк. кара — чорны, багаз — заліў, гол — возера),
салёнае возера (былы заліў-лагуна) каля ўсх. берага Каспійскага м., на З Туркменістана. Да 1980 злучалася з Каспійскім м. вузкім (да 200 м) аднайменным пралівам, даўж. каля 11 км. Пл. заліва складала каля 12 тыс.км², найб.глыб. 3,5 м; узровень вады знаходзіўся на 4,5 м ніжэй узроўню мора і быў абумоўлены надзвычай высокім выпарэннем з паверхні, што выклікала пастаянны прыток вады (ад 6 да 25 км³/год). У 1980 заліў перакрыты глухой дамбай «з мэтай захавання ўзроўню Каспійскага м.», у выніку чаго возера абмялела, салёнасць павысілася (больш за 310‰). У 1984 для падтрымання мінім. неабходнага ўзроўню расолу пабудавана водапрапускное збудаванне. Найбуйнейшае ў свеце радовішча мірабіліту. Цэнтр здабычы і перапрацоўкі сульфату — Бекдаш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБІ́Н (франц. carabine ад араб. караб — зброя),
1) укарочаная і аблегчаная вінтоўка. З’явілася ў 15 ст., выкарыстоўвалася асабовым складам кавалерыі і артылерыі. Бываюць гладкаствольныя і наразныя, магазінныя і аўтаматычныя. У Сав. Арміі выкарыстоўваўся К. узору 1938 і 1944, а таксама самазарадны К. сістэмы С.Г.Сіманава ўзору 1945 (з магазінам на 10 патронаў, прыцэльная далёкасць стральбы 1 км, скарастрэльнасць 35—40 стрэлаў за мінуту). К. наз. таксама паляўнічую вінтоўку, з якой палююць на буйнога звера.
2) Кручок (зашчапка) з спружыновай часткай, якая адкрываецца ў сярэдзіну. Выкарыстоўваецца для падвешвання (замацавання) вяровак, такелажных рамянёў, у дарожных сумках, ланцужках, павадках і інш.
Карабіны: 1 — з калясцовым замком (Германія, 1540); 2 — карабін Генры (ЗША, 1892); 3 — самазарадны С.Г.Сіманава (СССР, 1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНУЭ́ЛЬСКІЯ КУ́РЫ, корнішы,
парода курэй мяснога кірунку прадукцыйнасці. Выведзена ў Вялікабрытаніі (графства Корнуал) у 19 ст. скрыжаваннем мясц. байцовых курэй старой англ. пароды, пароды азіль і малайскіх. Выкарыстоўваюць у гібрыдызацыі з курамі інш. мясных і мяса-яечных парод для атрымання помесных куранят-бройлераў, якіх гадуюць на мяса. На Беларусі племянная работа з корнішамі вядзецца на племптушказаводзе «Слуцкі» Мінскай вобл.
Тулава масіўнае, з шырокімі грудзямі і плячамі, звужаецца да хваста. Галава кароткая, шырокая, з кароткай дзюбай і стручкападобным грэбенем. Ногі тоўстыя, сярэдняй даўж., шырока расстаўлены. Хвост кароткі, звіслы. Апярэнне бліскучае, часцей белае, трапляецца таксама цёмнае, чырв., палевае. Жывая маса дарослых пеўняў 4,5—5 кг, курэй 3—3,5 кг. Яйцаноскасць 110—130 і больш яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́ПЦЫЯ (ад лац. corruptio подкуп),
злачынная дзейнасць у сферы палітыкі або дзярж. кіравання, якая выяўляецца ў карыслівым выкарыстанні службовымі асобамі нададзеных ім правоў і ўладных паўнамоцтваў для асабістага ўзбагачэння.
Найб. тыповыя праяўленні К. — подкуп службоўцаў і грамадска-паліт. дзеячаў, хабарніцтваза законнае і незаконнае наданне даброт і прывілеяў, пратэкцыянізм. К. вельмі пашырана ва ўмовах разрастання бюракратыі і пераўтварэння яе ў асаблівы сац. слой, які валодае ўладнымі прывілеямі, становіцца неад’емным элементам і ўмовай функцыянавання ценявой эканомікі, сац. расслаення грамадства, адной з гал. прычын дэградацыі эканам. і паліт. жыцця, падзення грамадскіх нораваў. Карумпіраванне работнікаў дзярж., адм. і праваахоўных органаў стварае сітуацыю, калі пры павелічэнні эканам. і інш. злачыннасці змяншаецца прыцягненне правапарушальнікаў да крымін. адказнасці. актывізуюцца мафіёзныя структуры грамадства (гл.Мафія).