ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,

апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.​Кмітам і канюшым трокскім М.​Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.​Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.​І.​Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСТЫЛІ́СТЫКА (ад палі... + стыль),

у музыцы, наўмыснае спалучэнне ў адным творы несумяшчальных (рознасных) стылістычных элементаў. Асн. формы П.: цытата (тэмы з твораў П.​Чайкоўскага, В.​Беліні ў «Ганне Карэнінай» Р.​Шчадрына), псеўдацытата (ілюзія «Марша энтузіястаў» І.​Дунаеўскага ў 1-й сімф. А.​Шнітке), алюзія (намёк; інтанацыі М.​Глінкі ў фінале сімф. №15 Дз.​Шастаковіча), тэхніка адаптацыі («Пульчынела» на тэмы Дж.​Б.​Пергалезі І.​Стравінскага, «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. В.​Капыцько). Характэрнай з’явай П. з’яўляецца калаж (Скерца з сімф. для 8 галасоў з арк. Л.​Берыо, 9-я сімф. Дз.​Смольскага). Да П. не адносяцца: чужая тэма ў варыяцыях (напр., Варыяцыі А.​Лядава на тэму М.​Глінкі), выкарыстанне нар. мелодыі (тэма «У полі бярозка стаяла» ў фінале 4-й сімф. П.​Чайкоўскага), ці імітацыя яе стылю (хор пасялян з оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна), інструментоўка твораў інш. кампазітараў, некат. віды цытат (мелодыя А.​Грэтры ў оперы «Пікавая дама» Чайкоўскага), нявытрыманасць стылю.

Літ.:

Лобанова М.Н. Музыкальный стиль и жанр: История и современность. М., 1990.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗАРО́КІ,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Глыбокае — Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнУ ад. г. Глыбокае, 155 км ад г. Віцебск, 6 км ад чыг. ст. Зябкі. 583 ж., 250 двароў (2000). Лясніцтва, участак Глыбоцкіх электрасетак, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1909) і касцёл Маці Божай (1907), Помнік на магіле І.Ц.Буйніцкага.

У пач. 16 ст. П. — велікакняжацкі маёнтак. У 16—18 ст. уладанне І.​Корсака, І.​Кунцэвіча, Я.​Рагазы, Туковічаў, Шчытоў, Храпавіцкіх, А.​Кройца. З 1793 П. ў Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1856 працавала школа. У 1866—103 ж., 14 двароў. У 1907 пабудаваны касцёл Маці Божай, у 1909 — Петрапаўлаўская царква; была сінагога. У 1921—39 П. ў складзе Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Пліскага, з 1962 — Глыбоцкага р-наў.

І.​У.​Бунто.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУЛЕ́ВІЧ Уладзімір Міхайлавіч (1887, в. Красналукі Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 20.8.1938),

палітычны дзеяч Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). У 1912—14 працаваў у мінскіх казённай палаце, акр. судзе. З пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны ў Маскву. У 1917—20 на судзейскіх пасадах у Мінску, мяст. Вызна (г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на). Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920. У 1921 эмігрыраваў у Вільню, чл. прэзідыума Віленскага нац. к-та, чл. замежнага ЦК Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1922 высланы з Вільні, пераехаў у Коўна. Са жн. 1923 дзярж. сакратар урада ,YH БНР* на чале з А.​І.​Цвікевічам, разам з якім пераехаў у Прагу. З 1926 у Мінску, працаваў у Дзярж. б-цы БССР. 19.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі» і на 5 гадоў сасланы ў г. Свярдлоўск. 9.1.1938 зноў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988, па 2-м — у 1989.

Тв.:

Слуцкое восстание (ноябрь — декабрь 1920 г.) // Нёман. 1996. №4.

У.​М.​Міхнюк.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕТЭ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі тытан (гл. Тытаны), багаборца, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. Паводле міфаў, стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, таксама астраноміі, медыцыне, пісьму. Выкраў з Алімпа і прынёс людзям агонь, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць П. да скалы на Каўказе. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да П. прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Стогны П. чулі арганаўты ў час свайго падарожжа. Нарэшце з дазволу Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў П. У стараж. Афінах культ П. шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў гонар П. — праметэі — бег з факеламі. Вобраз П. — адзін з найб. значных у сусв. л-ры (П.​Кальдэрон, Эсхіл, І.​В.​Гётэ, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Байран, Ф.​Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўл. мастацтва (Л.​Карачы, П.​П.​Рубенс, Я.​Іорданс і інш.) і музыкі (Л.​Бетховен, А.​М.​Скрабін і інш.).

Праметэй стварае першага чалавека (справа багіня Афіна). Фрагмент рэльефу саркафага. 3 ст.

т. 12, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,

газаразрадная прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, выхадны сігнал якой прапарцыянальны энергіі зарэгістраванай часціцы.

Зараджаная часціца пры праходжанні праз газ, які запаўняе П.Л., стварае на сваім шляху іон-электронныя пары, лік якіх залежыць ад энергіі, страчанай часціцай у газе. У адрозненне ад іанізацыйнай камеры анодная нітка П.л. мае малую таўшчыню (да 0,1 мм і менш), у выніку чаго электроны паблізу ад яе набываюць энергію, дастатковую для другаснай іанізацыі і на анод прыходзіць лавіна электронаў. Паводле энергет. раздзялення П.л. пераўзыходзіць сцынтыляцыйны лічыльнік, але саступае паўправадніковаму дэтэктару, аднак у адрозненне ад яго дазваляе працаваць у вобласці энергій, меншых за 1 кэВ У фізіцы высокіх энергій пашыраны прапарцыянальныя камеры, што налічваюць некалькі дзесяткаў тысяч П.л., далучаных да ЭВМ, якая запамінае і апрацоўвае інфармацыю. П.л. выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў, астрафізіцы, тэхніцы, медыцыне, геалогіі і інш.

Схема прапарцыянальнага лічыльніка: 1 — нітка-анод; 2 — акно; 3 — крыніца часціц; 4 — катод; 5 — крыніца высокага напружання; 6 — лічыльнік імпульсаў; а — вобласць дрэйфу электронаў, б — вобласць газавага ўзмацнення; R — супраціўленне нагрузкі.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЗА́НАЎ Якаў Аляксандравіч (4.2.1881, Масква — 8.8.1945),

расійскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў рас. кінематаграфіі. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Засл. дз. маст. Узбекістана (1943). У кіно з 1907, першы фільм — «Бахчысарайскі фантан» (1909). Да 1918 паставіў каля 80 фільмаў, у т. л. «Вайна і мір» (з У.​Р.​Гардзіным; паводле Л.​Талстога), «Д’яблы» (паводле Ф.​Дастаеўскага; абодва 1915), «Пікавая дама» (1916; паводле А.​Пушкіна) і «Айцец Сергій» (1918; паводле Л.​Талстога). З 1920 працаваў у Парыжы і Берліне. З 1923 у Расіі. Зняў фільмы: «Аэліта» (1924; паводле А.​Талстога), камедыі «Закройшчык з Таржка» (1925), «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Дон Дыега і Пелагея» (1928), «Свята святога Іоргена» (1930), «Насрэдзін у Бухары» (1943). Сярод інш. фільмаў: «Сорак першы» (1927; паводле Б.​Лаўранёва), «Белы арол» (1928; паводле апавяд. Л.​Андрэева «Губернатар»), «Беспасажніца» (1937; паводле А.​Астроўскага), «Салават Юлаеў» (1941), фільм-памфлет «Марыянеткі» (1934) і інш. Яго творчасць вызначалася высокім прафес. майстэрствам, увагай да мастацтва акцёра, увасабленнем лепшых традыцый рус. тэатра і л-ры ў кіно.

Літ.:

Арлазоров М.С. Протазанов. М., 1973.

Л.​В.​Календа.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ДЗІЧ Зіновій Кірылавіч (н. 15.10.1944, в. Лышча Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Канд. філас. н. (1984). Скончыў БДУ (1967), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1984). З 1960 працаваў у друку, на радыё. З 1967 у газ. «Звязда». У 1977—84 і з 1989 у ЦК КПБ (у 1984—89 заг. кафедры Мінскай ВПШ). З 1989 рэдактар газ. «Советская Белоруссия», з 1992 гал. рэдактар час. «Гаспадыня», у 1996—99 1-ы нам. старшыні Дзяржкамдруку Беларусі. Адначасова з 2000 у БДУ. Друкуецца з 1960. Піша на бел. і рус. мовах вершы і апавяданні, нарысы, крытычныя артыкулы пра бел. л-ру. Першая кн. «Добры дзень, сад!» (1974). Аповесць «Журавы на далёкай пойме» (1984) прысвяціў студэнцкай моладзі, аповесць «Ноч перад нядзеляю» (1985) — сучаснай вёсцы, праблемам сям’і, прыгажосці ўнутр. свету людзей старэйшага пакалення. Аўтар дакумент. аповесцей «Строгая дабрата» (1976), «Крылы дужэюць у палёце» (1977), зб. нарысаў «Жменя зярнят» (1979).

Тв.:

Сучасная беларуская літаратура: Прывабнасць ідэалу. Мн., 1987;

Калі б не ты: Вершы. Мн., 2001;

Журба мая светлая. Мн., 2001.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛУ́КІ,

вёска ў Сеніцкім с/с Мінскага р-на. За 12 км на Пд ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пціч. 1483 ж., 528 двароў (2000).

Вядомы з 16 ст. ў складзе ВКЛ, уласнасць Горскіх, Роскіх, Агінскіх, Сянькевічаў, Іваноўскіх, Оштарпаў, Горватаў і інш., з 1872 Чапскіх. У 1635 заснаваны мужч. манастыр (згарэў у 1868), у 1763 пабудавана Свята-Пакроўская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав. Да 1864 тут паштовая станцыя на тракце Мінск—Навагрудак. У 1865 пабудавана царква Раства Багародзіцы, з 1879 пры ёй існавала нар. вучылішча. Замалёўку П. зрабіў Н.Орда. У 1886 у П. бровар, піваварня, млын., у 1897 у вёсцы 50 ж., 8 двароў, 2 кузні, хлебазапасны магазін, царква. З 1924 вёска ў Самахвалавіцкім р-не БССР, з 1935 у Сеніцкім с/с Мінскага р-на.

Прадпрыемства аэрафотагеадэзічных пошукаў, цэх дзярж. інспекцыі па электрасувязі, Бел. НДІ аховы раслін. Сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Прылуцкі палацава-паркавы комплекс.

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГАЧО́Ў Емяльян Іванавіч (каля 1742, б. станіца Зімавейская-на-Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 21.1.1775),

кіраўнік сялянскай вайны 1773—75. Данскі казак, харунжы (1770). Удзельнік Сямігадовай 1756—63 і рус.-тур. 1768—74 войнаў. У 1771 уцёк ад ваен. службы на р. Церак, там выбраны станічным атаманам. У лют. 1772 арыштаваны, уцёк да старавераў у Ветку на Гомельшчыне, у ліст. — на р. Яік (цяпер Урал), дзе агітаваў казакаў пайсці на вольныя землі за р. Кубань. Арыштаваны, засуджаны на катаргу. У маі 1773 уцёк з казанскага астрога на Яік, дзе паводле дамоўленасці з групай казакоў абвясціў сябе імператарам Пятром III (вер. 1773). Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сял. царства. У час сял. вайны непісьменны П. паказаў вял. арганізатарскія і ваен. здольнасці. Жорстка распраўляўся з дваранамі і ўсімі, хто не прызнаваў яго імператарам. Пасля канчатковага паражэння ад урадавых войск П. 19.9.1774 схоплены групай сваіх прыбліжаных і неўзабаве выдадзены ўладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) у Маскве.

Літ.:

Буганов В.И. Пугачев. М., 1984.

М.​Г.​Нікіцін.

Е.І.Пугачоў. З партрэта невядомага мастака. 18 ст.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)