ДЫ́КСІЛЕНД (ад англ. Dixieland літар. краіна Дыксі — ужытковая назва паўд. штатаў ЗША),

адна з стылявых разнавіднасцей класічнага джаза. Узнік у пач. 20 ст. ў Новым Арлеане сярод белых пасяленцаў ЗША. У 1910—20-я г. Д. — разнавіднасць новаарлеанскага стылю, з 1940-х г. (найб. пашыраны за межамі ЗША) — яго назва. З інструментаў у ім дамінуюць карнет, трамбон, кларнет. Сярод найб. вядомых калектываў у Расіі і Беларусі, якія выступаюць у стылі Д., — Ленінградскі дыксіленд, мінскі дыксіленд «Рэнесанс», дыксіленд пад кіраўніцтвам В.​Старавойтава ў Магілёве.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМАМЕТАМАРФІ́ЗМ (ад дынама... + метамарфізм),

структурнае, а таксама мінералагічнае пераўтварэнне горных парод пад уздзеяннем тэктанічных рухаў. Пашыраны пры складкаўтварэнні і лакалізаваны ў зонах разрыўных тэктанічных парушэнняў (скід, разлом, насоў). Адбываецца з мех. раздрабленнем і сціраннем пародаўтваральных мінералаў, пры адсутнасці перакрышталізацыі. Такі Д. характэрны для верхніх узроўняў зямной кары з адносна нізкімі т-рамі. Прадуктамі яго з’яўляюцца катаклазіты, міланіты і розныя сланцы. Для сярэдніх і глыбокіх узроўняў зямной кары тэктанагенныя разбурэнні парод адбываюцца з перакрышталізацыяй і ўтварэннем новых мінералаў. Прадуктамі гэтых працэсаў з’яўляюцца тэктаніты.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫТЦ (Ditz) Ян Фрэдэрык, мастак 18 ст. Паходзіў з Саксоніі. Працаваў размалёўшчыкам і злотнікам шкла, фаянсу, маёлікі ў жывапісных майстэрнях Навасвержанскай фаянсавай мануфактуры і на Урэцкай шклагуце (1739—43). Размалёўваў золатам і рубінавыя, бясколерныя медальёны, адлітыя ў формах. Ведаў састаў добрага шкла. З 1756 працаваў у Слуцкім тэатры Радзівіла, з 1759 пры дварах кн. Радзівілаў у Польшчы і Нясвіжы.

Літ.:

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;

Kamieńska Z. Manufaktura szklana w Urzeczu, 1737—1846. Warszawa, 1964.

І.​М.​Каранеўская.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЙВІС ((Davis) Бэт) (Рут Элізабет; 5.4.1908, г. Лоўэл, штат Масачусетс, ЗША — 6.10.1989),

амерыканская актрыса. Адукацыю атрымала ў драм. школе. З 1928 выступала ў т-рах Брадвея. З 1931 у кіно. Напачатку выконвала ролі інжэню і «ракавых спакусніц». У 1934 у фільме «Цяжар пачуццяў чалавечых» (паводле У.​С.​Моэма) упершыню паказала складаны, супярэчлівы ўнутр. свет чалавека. Стварала вобразы валявых, незалежных жанчын, здольных выжыць насуперак лёсу. Сярод фільмаў: «Іезавель», «Змрочная перамога», «Лісічкі», «Усё пра Еву», «У цэнтры буры», «Што здарылася з Бэбі Джэйн?», «Жнівеньскія кіты».

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЙВІС ((Davis) Джон) (каля 1550, Сандрыдж, каля г. Дартмут, Вялікабрытанія — 29.12.1605),

англійскі мараплавец. Здзейсніў 3 плаванні (1585—87) з мэтай адшукання паўн.-зах. праходу з Атлантычнага ак. ў Ціхі, але знайсці гэты шлях ён не змог. Д. адкрыў праліў на З ад Грэнландыі, названы яго імем (Дэйвіса праліў), даследаваў зах. бераг Грэнландыі (да 73° паўн. ш.) і ўсх. бераг п-ва Лабрадор. У 1591—92 камандаваў караблём у экспедыцыі англ. карсара Т.​Кавендыша, у час якой зрабіў пачатак адкрыццю Фалклендскіх а-воў.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕА́С (ад італьян. galeazza вялікая галера),

гальес, парусна-вяслярны ваенны карабель 16—17 ст. у еўрап. флотах. Прамежкавы тып судна паміж галерай і ветразевым суднам. Даўж. да 80 м, шыр. 9—16 м, па 1 раду вёслаў з кожнага борта (па 9—10 весляроў-нявольнікаў), 3 мачты з косымі ветразямі, 2 палубы (ніжняя для весляроў, верхняя для салдат і гармат). Узбраенне да 70 гармат рознага калібру, надводны таран. Каманда 800—1200 чал. Упершыню выкарыстаны венецыянцамі ў баі з туркамі пры Лепанта (1571).

Галеас.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́ЦКІ (Пётр Антонавіч) (май 1919, в. Майдан Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 21.10.1942),

Герой Сав. Саюза (1965). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. У канцы 1941 накіраваны ў тыл ворага ў партыз. атрад «Перамога», які дзейнічаў на Смаленшчыне і ў Віцебскай вобл. 21.10.1942 недалёка ад чыг. ст. Крынкі Лёзненскага р-на з узрыўчаткай кінуўся пад варожы эшалон, у складзе якога было больш за 40 цыстэрнаў з гаручым; падарваў яго і загінуў сам. На месцы подзвігу абеліск.

П.А.Галецкі.

т. 4, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІЛЬКА́Р БА́РКА (Hamilcar Barca; ? — 229 да н.э.),

карфагенскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Бацька Ганібала. У 1-й Пунічнай вайне (264—241 да н.э.) атрымаў шэраг перамог над рымлянамі ў Сіцыліі (з 247 да н.э.). Пасля паражэння ў 242 карфагенскага флоту пры Эгадскіх а-вах па даручэнні свайго ўрада заключыў мір з Рымам. У 241—238 удзельнічаў у задушэнні паўстання рабоў, наёмнікаў і мясц. лівійскага насельніцтва. У 237—229 заваяваў паўд.-зах. частку Іспаніі, загінуў у час аблогі аднаго з гарадоў.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПО́НЕНКА (Васіль Іванавіч) (н. 13.4.1928, в. Сабалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі, біяхіміі і радыебіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1985). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це фотабіялогіі, з 1988 у Ін-це радыебіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па абнаўленні хларафілу і актыўнасці фотасінтэтычнага апарата, назапашванні радыенуклідаў раслінамі і іх прадукцыйнай здольнасці.

Тв.:

Влияние внешних факторов на метаболизм хлорофилла. Мн., 1976;

Обновление хлорофилла и продуктивность растений. Мн., 1996 (разам з Г.​М.​Нікалаевай, С.​М.​Шаўчук).

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Уваходзіў з 1776 у склад Полацкай губерні, з 1796 — Беларускай губерні, з 1802 — Віцебскай губерні. Цэнтр — г. Гарадок. Пл. 3107,3 кв. вярсты, нас. 112 033 чал. (1897). Падзяляўся на 21 воласць (1897). У студз.лют. 1919 у складзе БССР, пасля ў складзе Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. 15.2.1923 павет скасаваны, яго тэр. падзелена паміж Полацкім, Невельскім і Веліжскім пав. Віцебскай губ.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)