ЛЕ́НАН ((Lennon) Джон) (Уінстан; 9.10. 1940, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 8.12.1980),
англійскі рок-спявак, гітарыст, кампазітар, паэт. З 1954 кіраваў створаным ім вак.-інстр. ансамблем «Кварымен». З 1956 удзельнік вак,інстр. квартэта «Бітлз», для якога пісаў песні (разам з П.Макартні). З 1970 выступаў самастойна як саліст і ў ансамблі з жонкай Ёка Она. Аўтар альбомаў «Джон Ленан. Пластык Она Бэнд» (1970), «Уяві сабе» (1971), «Рок-н-рол» (1975), «Двайная фантазія» (1980; разам з Она); сярод хітоў «Дайце свету шанц» (гімн прыхільнікаў міру), «Маці», «Герой з рабочага асяроддзя», «Што дапамагае перажыць ноч», «Улада народу». Загінуў ад рукі фанатыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НГМЮР, Лэнгмюр (Langmuir) Ірвінг (31.1.1881, Нью-Йорк — 16.8.1957), амерыканскі фізік і фізікахімік. Чл.Нац.АН ЗША (1918). Скончыў Калумбійскі ун-т (1903), Гётынгенскі ун-т (1906). З 1909 у лабараторыі кампаніі «Джэнерал электрык» (у 1932—50 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні тэрмічных эфектаў у газах, тэрмаіоннай эмісіі, хім. рэакцый пры высокіх т-рах і нізкім ціску, паверхневых з’яў (адсорбцыя, монамалекулярныя слаі і інш.). Атрымаў малекулярны вадарод і распрацаваў працэс зваркі металаў у яго полымі (1911). Прапанаваў ф-лу для шчыльнасці эмісійнага току (1913; гл.Ленгмюра формула), ураўненне ізатэрмы адсорбцыі (ізатэрма Л.). Нобелеўская прэмія 1932.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМІ́ТНЫЯ ЦЭ́НЫ,
цэны на новыя віды прадукцыі (тавары, вырабы), якія распрацоўваюцца на стадыі іх праектавання. Уяўляюць сабой максімальна дапушчальныя цэны і вызначаюцца на падставе вартасцей ацэнкі паляпшэння спажывецкіх якасцей новай прадукцыі, забяспечваюць эканам. зацікаўленасць спажыўца ў яе набыцці. Служаць крытэрыем гранічнага ўзроўню затрат на праектаваную прадукцыю з улікам яе эфектыўнасці. Л.ц. выкарыстоўваюцца ў капітальным буд-ве для разліку каштарыснага кошту машын, абсталявання, матэрыялаў, на якія адсутнічаюць адпускныя цэны. Л.ц. могуць таксама быць мінімальна гарантаванымі цэнамі, што ўстанаўліваюцца на вызначаны тэрмін і па якіх заказчык гарантуе вытворцу ажыццяўляць закупку дадзенага тавару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́НКА (Франя Міхайлаўна) (н. 17.6. 1941, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-рпед.н. (1996), праф. (1997). Скончыла БДУ (1965). Працавала ў школе, у 1967—68 у Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. З 1969 у БДУ. Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. мовы ў сярэдняй школе. Адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі моўнай адукацыі на Беларусі і аўтараў падручнікаў, навуч. і метадычных дапаможнікаў па рус. мове для школы.
Тв.:
Семантико-грамматический аспект осложнения // Весн. БДУ. Сер. 4. 1992. № 3;
Предложения с характеризующим членом: семантика, интонация, актуальное членение // Вопросы лингвистики: Сб. науч. статей. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́БАЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
танныя масавыя выданні для народа ў Расіі ў 2-й пал. 18 ст. — 1918. Разам з лубком карысталіся вял. папулярнасцю. Выдаваліся вял. тыражамі.
Гал. жанры Л.л.: пераробкі казак і былін, рыцарскіх раманаў (пра Баву Каралевіча, Еруслана Лазаравіча), авантурных аповесцей, жыцій святых; зборнікі анекдотаў, песеннікі, аракулы, соннікі. Часам у Л.л. траплялі творы нар. сатыры, рус. класікі (А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Гогаля), звычайна пераробленыя і без подпісу аўтара. Стылізаваныя «пад народныя» творы Л.л. падаваліся як ананімныя. Выданні, падобныя да Л.л., выходзілі ў многіх замежных краінах.
Літ.:
Бахтин В., Молдавский Д. Русский лубок XVII—XIX вв. М.; Л., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУПСЯКО́Ў (Мікола) (Мікалай Радзівонавіч; 4.3.1919, Масква — 12.2.1972),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941). Друкаваўся з 1935. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Першая атака», 1946; «Мост», 1947; «Дружба», 1952; «Чырвоны бераг», 1954; «Паядынак», 1957; «У вераб’іную ноч», 1958; «Ля пераправы», 1959; «Прырэчча», 1961; «На берагах Дняпра», 1966) любоў да людзей працы, роднай прыроды. У нізцы «Вясковыя паданні» (1958) паказаў псіхалагічна глыбокія чалавечыя характары, яскравыя малюнкі складанага жыцця. Аўтар кніг апавяданняў для дзяцей «Разведчыкі» (1949), «На вірах» (1974), аповесці «Я помню...» (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЯ́ЧКА,
гліняная пасудзіна, якая са стараж. часоў выкарыстоўвалася ў ювелірнай справе для разліўкі расплаўленых каляровых металаў. Узнікла ад тыгля з ручкай. 3 развіццём ювелірнай справы ўдасканальвалася. Паводле формы падзяляюцца на лыжкападобныя з закрытым верхам і масіўнай утулкавай ручкай (11 ст.), выцягнутая закрытая пасудзіна авальнай формы з дзвюма круглымі адтулінамі і ручкай (11—12 ст.), моцнапаглыбленая лыжка з плаўным пераходам корпуса ў ручку (13—14 ст.). Ва ўсх.-слав. гарадах 11—14 ст. знойдзена больш за 150 Л. На Беларусі знойдзены ў Віцебску, Гродне, Лукомлі, Навагрудку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЧНЫ КВАДРА́Т,
квадратная (n × n) табліца цэлых лікаў ад 1 да n2, у якой сума лікаў уздоўж любога радка, слупка і вял. дыяганалі табліцы ёсць велічыня пастаянная і роўная n(n2 + 1)/2. Лік n наз. парадкам М.к. Даказана, што М.к. можна пабудаваць для любога n>3. Існуюць М.к., якія задавальняюць дадатковыя умовы, напр., М.к. з n=8 можна разбіць на 4 меншыя па 16 лікаў, кожны з якіх таксама М.к. У абагульненым сэнсе пад М.к. разумеюць квадратныя табліцы, запоўненыя не абавязкова паслядоўнымі і першымі натуральнымі лікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЕ́ЎСКАЯ (Ніна Васілеўна) (н. 4.12.1938, г. Любань Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1963), Мінскую вышэйшую парт. школу пры ЦККПБ (1980). Працавала ў час. «Промышленность Белоруссии» (1970—78), у выд-ве «Юнацтва» (1980—84), у 1985—92 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1955. Асн. тэмы творчасці — жыццё сучаснага горада і вёскі, вайна і мір, праблемы абавязку, маралі, адказнасці, грамадз. свядомасці сучасніка. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Агата» (1970), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989), «Арніка» (1993), кнігі для дзяцей «Ляці, верабейка» (1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЗЕР (ад пач. літар англ. слоў Microwave Amplification by Stimulated Emission of Radiation узмацненне мікрахваль з дапамогай вымушанага выпрамянення),
квантавы генератар або ўзмацняльнік звышвысокачастотнага дыяпазону, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем узбуджаных часціц. Найб. пашыраны М. сантыметровага і дэцыметровага дыяпазонаў на аснове парамагнітных крышталёў (напр., рубіну; гл.Парамагнітны ўзмацняльнік) і малекулярныя генератары на пучках малекул вадароду, аміяку, атамаў цэзію, рубідыю і інш. Выкарыстоўваюцца ў радыёастраноміі, радыёлакацыі, у якасці стандартаў частаты (гл.Квантавы гадзіннік), узмацняльнікаў і прыёмнікаў з малым узроўнем шуму для сістэм звышдалёкай сувязі, у т. л. касмічнай.