АКТЫНАБАЦЫЛЁЗ, праактынамікоз, псеўдаактынамікоз,

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца грыбком з кл. актынаміцэтаў. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць пераважна свойскія жывёлы (часцей маладняк буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней) у зімова-веснавы перыяд. У арганізм узбуджальнік трапляе праз раны скуры або слізістай абалонкі рота, часцей з кормам. У хворых жывёл у мяккіх тканках галавы і шыі, лімфатычных вузлах з’яўляюцца шчыльныя гнойныя вузельчыкі, з наступным утварэннем свішчоў. У прафілактычных мэтах неабходна пазбягаць выпасу на нізкіх пашах, запарваць грубыя кармы.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬВАРЭС ((Alvarez) Луіс Уолтэр) (13.6.1911, Сан-Францыска — 1.9.1988),

амерыканскі фізік. Адзін са стваральнікаў атамнай бомбы. Чл. Нац. АН (1947). Скончыў Чыкагскі ун-т (1932). З 1936 у Каліфарнійскім ун-це (з 1945 праф.), у 1954—59 і 1976—78 нам. дырэктара Радыяцыйнай лабараторыі імя Э.​Лоўрэнса (г. Берклі). Навук. працы па ат. ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, паскаральнай тэхніцы і радыёлакацыі. Адкрыў новы від радыеактыўнага ператварэння — электронны захоп (1938), пабудаваў першую пузырковую камеру, адкрыў (разам з інш.) многія рэзанансы. Нобелеўская прэмія 1968.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДЭКО́П (Юрый Артуравіч) (17.11.1918, в. Палякі Варнавінскага р-на Ніжагародскай вобл. — 31.12.1992),

бел. вучоны ў галіне арган. хіміі. Чл.-кар. АН БССР (1969), д-р хім. н. (1956), праф. (1959). Скончыў Горкаўскі ун-т (1941). З 1956 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. даследаванні па сінтэзе металаарган., полігалагенарган. злучэнняў, элементаарган. пераксідаў, вывучэнні механізмаў рэакцый іх пераўтварэнняў.

Тв.:

Введение в элементоорганическую химию. Мн., 1973 (разам з М.​А.​Маерам);

Синтез металлоорганических соединений декарбоксилированием ацилатов металлов. Мн., 1976 (з ім жа).

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (25.5.1888, Масква — 16.4.1982),

рускі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1916), з 1923 выкладаў у ёй (праф. з 1926). Працаваў у многіх жанрах, найб. плённа ў вакальным. Аўтар цыклаў рамансаў «З Александрыйскіх песень М.​Кузьміна» (4 сш.), «Вернасць» (Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш., опер «Бэла» (1941), «Дзікая Бара» (1957), «Ляўша» (1975), сімф. і камерна-інстр. твораў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Кокушкин В. Анатолий Александров. М., 1987.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАСПІРТЫ́,

арганічныя аліфатычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу OH; CnH2n(NH2)OH. Масляністыя вадкасці з уласцівасцямі асноў. З мінер. і моцнымі карбонавымі кіслотамі ўтвараюць крышт. солі, з вышэйшымі тлустымі кіслотамі і іх эфірамі — нейтральныя прадукты (мыла). Атрымліваюць дзеяннем аміяку або амінаў на аксіды алефінаў. Выкарыстоўваюцца (асабліва этаноламіны) у вытв-сці мыйных сродкаў, эмульгатараў, касметычных і лек. прэпаратаў. Да вытворных амінаспіртоў належаць эфедрын, гармон L-адрэналін і халін, якія адыгрываюць важную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАНАШВІ́ЛІ (Медэя Пятроўна) (н. 10.9.1930, Тбілісі),

грузінская спявачка (сапрана), педагог. Нар. арт. Грузіі (1965), нар. арт. СССР (1976). Дачка П.В.Аміранашвілі. Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Груз. т-ра оперы і балета. Сярод лепшых партый: Маро («Даісі» З.​Паліяшвілі), Мзія («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу «Мадам Батэрфляй» (Осака, 1970). Дзярж. прэмія Груз. ССР 1971.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМА́Р ((Hadamard) Жак) (8.12.1865, Версаль — 17.10.1963),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1912), замежны чл. АН СССР (з 1929, чл.-кар. з 1992). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1890). Праф. Калеж дэ Франс (1897—1935), Парыжскага ун-та і політэхн. школы (1900—35) і інш. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўненнях, тэорыі функцый, тэорыі лікаў, праблемах устойлівасці ў механіцы. Даследаванні Адамара зрабілі значны ўплыў на стварэнне функцыянальнага аналізу.

Літ.:

Леви П. Жак Адамар // Успехи мат. наук. 1964. Т. 19, вып. 3 (117).

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ ФІЗІ́ЧНАГА ВЫХАВА́ННЯ І СПО́РТУ,

вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1937 у Мінску як Бел. ін-т фіз. культуры на базе Мінскага тэхнікума фіз. культуры, з 1993 акадэмія. У 1994/95 навуч. г. ф-ты: аздараўленчай і лячэбнай фізкультуры, пед., трэнерскі, завочнага навучання, павышэння кваліфікацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1966. Прымае да абароны кандыдацкія і доктарскія (з 1992) дысертацыі.

Акадэмія фізічнага выхавання і спорту. Галоўны корпус.
Да арт. Акадэмія фізічнага выхавання і спорту. Заняткі ў зале біямеханічнай стымуляцыі.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́РЫН (Леў Мікалаевіч) (11.9.1907, Масква — 5.1.1974),

рускі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1926, клас К.​Ігумнава), з 1930 выкладаў у ёй (з 1935 праф.). Выступаў як саліст і ансамбліст (з Д.​Ойстрахам і С.​Кнушавіцкім). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе піяністаў імя Ф.​Шапэна (Варшава, 1927). Дзярж. прэмія СССР 1943, Дзярж. прэмія Расіі 1966.

Літ.:

Л.​Н.​Оборин: Статьи. Воспоминания: К семидесятилетию со дня рождения. М., 1977;

Л.​Н.​Оборин — педагог: [Сб. ст.]. М., 1989.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),

1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.

2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)