МА́ЛЫШАЎ Валянцін Мікалаевіч (н. 1.12.1931, С.-Пецярбург),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1983). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1958). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект» (з 1958, у 1978—80 гал. архітэктар). Асн. работы: у Мінску — Мінскі палац спорту, у сааўтарстве корпус бальніцы Лячэбнага сан. ўпраўлення (1968), Бел. рэсп. вучэбны комплекс гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка (1969), кінатэатр «Кастрычнік» (1975), генплан акадэмгарадка па вул. Жодзінскай, Дом праектных арг-цый Дзяржбуда Беларусі (абодва 1980); Палац культуры ў Салігорску (1967), конна-спарт. манеж у Ратамцы пад Мінскам (1969), серыя буйнапанэльных жылых дамоў для гарадоў Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск (1972—77); санаторыі «Беларусь» у гарадах Друскінінкай (Літва, 1972) і Юрмала (Латвія, 1976); г. Лангепас Цюменскай вобл. (Расія, 1982) і інш.

А.​А.​Воінаў.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬКО́ Мікалай Андрэевіч (4.5.1883, г.п. Браілаў Вінніцкай вобл., Украіна — 23.6.1961),

расійскі дырыжор, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1909) па класах кампазіцыі (у М.Рымскага-Корсакава), дырыжыравання і фп. З 1909 дырыжор Марыінскага т-ра. У 1918—21 узначальваў Віцебскую нар. кансерваторыю і сімф. аркестр. З 1925 гал. дырыжор філармоніі і праф. кансерваторыі ў Ленінградзе. З 1928 за мяжою, выступаў як прапагандыст рус. і сав. музыкі, працаваў дырыжорам Радыё ў Капенгагене (1928—32). З 1938 у ЗША, заснаваў дырыжорскія курсы ў Чыкага. З 1957 узначальваў створаны ім сімф. аркестр у Сіднеі (носіць яго імя). Аўтар кн. «Асновы тэхнікі дырыжыравання» (1950). Сярод яго вучняў: Л.​Гінзбург, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Б.Хайкін. З 1963 у Капенгагене праводзіцца Міжнар. конкурс дырыжораў імя М.

Літ.:

Н.А Малько: Воспоминания. Статьи. Письма. Л., 1972.

А.​В.​Багатыроў.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКА́НАЎ Сабіт Муканавіч (26.4.1900, саўгас імя Муканава Паўн.-Казахстанскай вобл., Казахстан — 18.4.1973),

казахскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў казахскай сав. л-ры. Акад. АН Казахстана (1954). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1935).

Друкаваўся з 1922. У раманах «Сын бая» (1928), «Светлае каханне» (1931), «Загадкавы сцяг» (1938, у наст. выд. «Батагоз»), «Сыр-Дар’я» (1948), «Цалінныя хвалі» (1956) і інш. этапы гісторыі каз. народа. Аўтар аўтабіягр. трылогіі «Школа жыцця» (1949—62, Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1967), гіст.-біягр. рамана пра Ч.Валіханава «Метэор, які прамільгнуў» (кн. 1—2, 1967—70). Выступаў як літ.-знавец, крытык, нарысіст. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Х.​Жычка.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи и поэмы. Алма-Ата. 1960;

Школа жизни. Кн. 1—3. М., 1971.

Літ.:

Кедрина З.С. Из живого источника. М., 1960.

С.М.Муканаў.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІ́ЎКІН Дзмітрый Васілевіч (13.8.1889, С.-Пецярбург — 2.3.1982),

расійскі геолаг і палеантолаг. Акад. АН СССР (1946; чл.-кар. 1933). Замежны член Сербскай АН (1968). Скончыў Горны ін-т у Петраградзе (1915), з 1920 праф. гэтага ін-та. У 1946—51 старшыня Прэзідыума Туркм. філіяла АН СССР, у 1946—52 дырэктар Лабараторыі азёразнаўства АН СССР. Навук. працы па стратыграфіі, палеанталогіі, палеагеаграфіі палеазою і карысных выкапнях Урала, Сярэдняй Азіі, Усх.-Еўрап. платформы, па вывучэнні фацый і інш. Кіраваў складаннем геал. карт СССР. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1946. Залаты медаль імя М.​М.​Пржавальскага 1927. Залаты медаль імя А.​П.​Карпінскага АН СССР 1949.

Тв.:

Учение о фациях: Геогр. условия образования осадков. Т. 1—2. М.; Л., 1955—56;

Геология СССР. М.; Л., 1962;

Ураганы, бури и смерчи. Л., 1969.

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ Сяргей Пятровіч (н. 20.3.1938, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

расійскі матэматык. Акад. АН Расіі (1981; чл.-кар. 1966). Сын П.С.Новікава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1960) і працаваў у ім. З 1963 у Матэм. ін-це імя У.​А.​Сцяклова (з 1983 заг. аддзела), з 1971 у Ін-це тэарэт. фізікі АН Расіі. Навук. працы па геаметрыі і тапалогіі, тэорыі салітонаў і агульнай тэорыі адноснасці. Даказаў тапалагічную інварыянтнасць характарыстычных класаў Пантрагіна, стварыў якасную тэорыю слаенняў і мнагазначных функцый, ’якасную тэорыю касмалагічных мадэлей, тэорыю канечназонных рашэнняў нелінейных сістэм. Ленінская прэмія 1967. Міжнар. прэмія імя М.​І.​Лабачэўскага АН СССР (1981). Залаты медаль і прэмія Дж.​Філдса (1970).

Тв.:

Теория солитонов. М., 1980 (у сааўт.);

Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986 (разам з Б.​А.​Дубровіным, А.​Ц.​Фаменкам).

С.П.Новікаў.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НСАГЕР (Onsager) Ларс (27.11.1903, Осла — 5.10.1976),

амерыканскі фізік і фізікахімік, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў. Чл. Нац. АН ЗША (1947), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1953). Скончыў Нарв. вышэйшую тэхн. школу ў Тронхейме (1925). З 1928 у ЗША. З 1933 у Іельскім ун-це (з 1945 праф.), з 1972 ва ун-це Маямі. Навук. працы па тэорыі нераўнаважных працэсаў, тэорыі электралітаў, тэорыі фазавых пераходаў, дынаміцы квантавых вадкасцей. Вывеў ураўн. залежнасці электраправоднасці раствораў ад іх канцэнтрацыі (1926; ураўн. О.). Адкрыў прынцып сіметрыі кінетычных каэф. і вывеў суадносіны ўзаемнасці (гл. Онсагера тэарэма). Распрацаваў тэорыю тэрмадынамічных уласцівасцей плоскай крышт. рашоткі. Прапанаваў тэорыю квантавых віхроў у звышцякучым геліі (1949). Залаты медаль імя Б.​Румфарда (1953), медаль імя Х.​Лорэнца (1958). Нобелеўская прэмія 1968.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Онсагер.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́К, Пялік,

возера ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Бярэзіна (цячэ праз возера), за 30 км на Пн ад г. Барысаў. Пл. 7,68 км², даўж. 6,2 км, найб. шыр. 3 км, найб. глыб. 2,1 м. Пл. вадазбору 2760 км². У межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Схілы катлавіны выш. 7—8 м, спадзістыя, пясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, тарфяністыя, месцамі пясчаныя, пад хмызняком. На Пд вузкі доўгі заліў. Дно плоскае, сапрапелістае, месцамі ўздоўж берагоў вузкая пясчаная паласа. Мінералізацыя вады 115—120 мг/л, празрыстасць каля 2 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае, паласа расліннасці 500 м. Упадаюць рэкі Лютка, Смольніца, Бурчак. У Вял. Айч. вайну ў ваколіцах П. базіраваліся партыз. брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», імя Кірава, імя Панамарэнкі, дзейнічаў Барысаўскі падп. міжраённы к-т КП(б)Б.

Возера Палік.

т. 11, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),

афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСАРЖЭ́ЎСКІ Леў Уладзіміравіч (13.2.1874, Кішынёў — 23.3.1938),

украінскі хімік. Акад. АН Украіны (1925), акад. АН СССР (1930, чл.-кар. 1928). Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1896), дзе і працаваў. З 1904 праф. Юр’еўскага (Тартускага) ун-та, з 1908 Кіеўскага політэхн. ін-та, у 1913—32 — Горнага і Хіміка-тэхнал. ін-таў у Екацярынаславе (Днепрапятроўску). З 1927 дырэктар створанага па яго ініцыятыве Укр. ін-та фіз. хіміі (цяпер Ін-т фіз. хіміі Нац. АН Украіны імя П.). Навук. працы па тэрмадынаміцы рэакцый у растворах, тэорыі раўнаважных электродных працэсаў. Распрацаваў асновы электроннай тэорыі гетэрагеннага каталізу. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1930.

Тв.:

Избр. тр. в области катализа. Киев, 1955;

Электрон в химии;

Избр. тр. Киев, 1956.

Літ.:

Ляликов Ю.С. Человек, который «видел» электроны. Кишинев, 1978.

Л.У.Пісаржэўскі.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТНІЦКІ Мітрафан Яфімавіч (3.7.1864, с. Аляксандраўка Варонежскай вобл., Расія — 21.1.1927),

рускі збіральнік і выканаўца нар. песень. Засл. арт. Рэспублікі (1925). Вучыўся ў духоўным вучылішчы ў Варонежы, браў урокі спеваў у Л.​Абразцова, К.​Эверардзі. З 1903 чл. Муз.-этнагр. камісіі пры Маскоўскім т-ве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Выконваў рус. нар. песні ў канцэртах камісіі. Вёў навук.-этнагр. работу. Запісваў песні з голасу і пры дапамозе фанографа (каля 400 песень пераважна варонежскіх; часткова апубл. ў 1904 і 1914). У 1910 стварыў хор з нар. спевакоў Варонежскай і Разанскай губ. (з 1927 хор яго імя, гл. Рускі народны хор імя М.​Я.​Пятніцкага). У 1921—25 выкладаў спевы ў студыі МХТ. Сабраў вял. калекцыю нар. інструментаў і касцюмаў.

Літ.:

Казьмин П.М. Страницы из жизни М.​Е.​Пятницкого. М., 1961.

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)