МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Я БЕ́РАГ,
участак паўн.-ўсх. ўзбярэжжа на в-ве Новая Гвінея, паміж зал. Астралейб і п-вам Хуен (дзяржава Папуа — Новая Гвінея). Даўж. каля 300 км. Трапічныя лясы, плантацыі каўчуканосаў. Названы ў гонар рас. вучонага М.М.Міклуха-Маклая, які праводзіў тут этнагр. даследаванні ў 1871—72, 1876—77 і 1883.
т. 10, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСКАПІ́Я,
агульная назва сукупнасці метадаў вывучэння нябачных вокам чалавека мікрааб’ектаў з дапамогай мікраскопа, які павялічвае іх адлюстраванне. Метады М. залежаць ад тыпу аптычнай сістэмы мікраскопа (напр., светлавая, люмінесцэнтная, палярызацыйная), характару аб’екта, спосабу яго падрыхтоўкі да назірання (прыжыццёвы, гістахімічны, аўтарадыёграфічны і інш.), дапаможных прылад (мікрафатаграфія, мікрафотаметрыя, сістэма аўтам. камп’ютэрнага аналізу і інш.).
т. 10, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАФІ́Т (ад грэч. neophytos той, хто нядаўна прыняў веравызнанне),
1) першапачаткова ў хрысціянстве: толькі што ахрышчаны паслядоўнік вучэння Хрыста; пасвячоны ў сан святара; манах, які прыняў пострыг. Н. наз. таксама таго, хто нядаўна прыняў якую-н. рэлігію.
2) Новы прыхільнік якога-н. вучэння або грамадскага руху; навічок у чым-небудзь.
т. 11, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРАЛІЗА́ЦЫЯ у мовазнаўстве,
пазіцыйнае зняцце проціпастаўлення элементаў моўнай структуры. Напр., у бел. мове проціпастаўленне зычных па глухасці—звонкасці нейтралізуецца ў канцы слова («грып» і «грыб» вымаўляюцца аднолькава). Н. — адзін з важных сістэмаўтваральных фактараў, які звязвае асобныя моўныя элементы, іх апазіцыі і карэляцыі ў цэласную сістэму. Тэорыю Н. распрацаваў М.С.Трубяцкой.
т. 11, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ШКЕ, Нішке-паз, Верэпаз,
у мардоўскай (эрзя) міфалогіі вышэйшы бог, які стварыў неба і зямлю, запусціў у сусв. акіян трох рыб, на якіх трымаецца зямля, насадзіў лясы, стварыў чалавечы род (эрзю), загадаў мужчынам займацца земляробствам, а жанчынам — хатняй работай. Яго малілі аб ураджаі, здароўі людзей і жывёлы, паміналі ў замовах.
т. 11, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСТУШО́К»,
старадаўні бел. нар. танец, заснаваны на пастухоўскіх гульнях. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Характар танца вясёлы, заўзяты. Танцоры імітуюць паводзіны статка. Пастушок, які ўмела валодае пугай, прымушае ўсіх падпарадкавацца яго волі. Зафіксаваны ў 20 ст. ў в. Наркі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. І.Серыкавым.
Л.К.Алексютовіч.
т. 12, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕРАПЁЛАЧКА»,
бел. нар. веснавы карагод-гульня. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны, выконваецца жанчынамі пад аднайменную песню, імітуе яе тэкст. Вядомы ў запісе пач. 19 ст., у наш час зафіксаваны на Гомельшчыне. Балетмайстар Л.Алексютовіч стварыла сцэн. варыянт «П.» — парны танец, які апавяе прыгажосць і шчырасць узаемаадносін дзяўчыны і юнака.
т. 12, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́НУМ (лац. plenum поўнае),
сход у поўным складзе членаў выбарчага кіруючага органа якой-н. арг-цыі (дзярж., партыйнай, грамадскай). П. суда — пасяджэнне членаў вышэйшага суд. органа ў некаторых краінах СНД (у Рэспубліцы Беларусь — П. Вярх. Суда), які разглядае ў парадку нагляду пратэсты па прыгаворы, рашэнні і вызначэнні вышэйшых суд. інстанцый краіны.
т. 12, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МА (грэч. programma аб’ява, распараджэнне),
1) план прадстаячай дзейнасці, работ, мерапрыемстваў.
2) Дакумент, у якім выкладзены асн. задачы і мэты дзейнасці паліт. партыі, арг-цыі, асобнага дзеяча.
3) План правядзення свята, канцэрта, сходу, а таксама пералік нумароў, якія выконваюцца.
4) Кароткі змест курса пэўнага прадмета, які вывучаецца ў навуч. установе.
т. 12, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́МА (ад лац. prima першая) у музыцы, 1) першая ступень дыятанічнай гамы; асноўны тон (гук) лада; ніжні гук акорда ў асноўным выкладанні.
2) Інтэрвал, які мае якасную велічыню 0 тонаў, колькасную — 1 ступень.
3) Першая партыя ў групах аднародных інструментаў аркестра або ансамбля (напр., 1-я скрыпка, 1-я флейта).
т. 13, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)