карставы правал у сумежным раёне Францыі і Іспаніі, у Зах. Пірэнеях. Глыб. 1350 м (адзін з самых глыбокіх у свеце). Выпрацаваны ў вапняках. Складаецца з верт. натуральнай шахты (глыб. каля 350 м), некалькіх вял. залаў, размешчаных на розных узроўнях. Найб. значная — ніжняя зала (Верна). Агульная даўж. залаў, пераходаў і калодзежаў 32,6 км. Выяўлены ў 1950 франц. спелеолагам Ж.Лепінё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНТА́Ж (франц. plantage ад лац. plantare высаджваць),
глыбокая апрацоўка глебы спец. плугамі, на глыб. 50—70 (да 100) см пад гадавальнікі, вінаграднікі, сады, лесапасадкі. Паляпшае якасць глебы, спрыяе развіццю каранёў. Каб пазбегнуць вынасу на паверхню малаўрадлівага ніжняга пласта глебы, на плантажныя плугі ставяць дадатковыя рабочыя органы — перадплужнікі, выразныя адвалы, глебапаглыбнікі і інш.; адначасова ўносяць арган. і мінер. ўгнаенні, вапну ці гіпс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОРТ (франц. port ад лац. portus гавань, прыстань),
участак берага мора, возера, ракі з зацішнай прылеглай воднай плошчай (акваторыяй) для падыходу і стаянкі суднаў, з інжынернымі будынкамі і збудаваннямі для прычалу, пагрузачна-разгрузачных работ і інш.
Паводле прызначэння П. бываюць ваен., гандл., прамысл., П.-сховішчы, П.-марскія станцыі, суднарамонтныя і суднабудаўнічыя. На Беларусі рачныя П.: Гомельскі, Брэсцкі, Віцебскі, Гродзенскі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ФСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Рэспубліка Рыф,
дзяржава ў Марока ў 1921—26, створаная ў выніку паўстання берберскіх плямён вобласці Рыф супраць ісп. панавання і абвяшчэння імі незалежнасці. Р.Р. ўзначаліў прэзідэнт (эмір) Абд аль-Керым. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы нанеслі шэраг паражэнняў ісп. войскам і да 1925 усталявалі кантроль над б.ч.тэр. т.зв. Ісп. Марока. Пад аб’яднаным націскам ісп. і франц. армій у маі 1926 спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́КРУТ (ням. Rekrut ад франц. recruter набіраць войска),
асоба, прынятая на ваен. службу па найме або павіннасці. Тэрмін (ужываецца з 17 ст.) атрымаў шырокае распаўсюджанне ў 18—19 ст. у сувязі са стварэннем у шэрагу краін пастаяннага рэгулярнага войска. У рас. арміі ў 1705—1874 асоба, залічаная ў армію паводле рэкруцкай павіннасці. У 1874 з увядзеннем у Расіі ўсеагульнай воінскай павіннасці тэрмін «Р.» заменены словам «навабранец».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПО́РТ (франц. report),
біржавая здзелка на рынку каштоўных папер, пры якой ажыццяўляецца продаж каштоўных папер з адначасовым пагадненнем пра іх выкуп праз пэўны тэрмін па больш высокім кошце; здзелка на валютным рынку, пры якой ажыццяўляецца продаж нац. валюты за замежную пры адначасовым пагадненні пра яе выкуп праз пэўны тэрмін па больш высокім кошце. Накіраваны на павышэнне курсу каштоўных папер ці нац. валюты; часта носіць спекулятыўны характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛЬПАВА́ННЕ (ад лац. scalpere скабліць),
ваенны звычай некат. народаў, паводле якога ў якасці трафея здымалі скальп. Было вядома ў стараж. народаў (галаў, скіфаў). У 17—19 ст. звычай С., які раней існаваў ва ўсх. і паўд.-ўсх. частцы Паўн. Амерыкі (іракезы і інш), распаўсюдзіўся і ў інш. індзейскіх плямён пад уплывам англ. і франц. каланізатараў, якія плацілі індзейскім «саюзнікам» за скальпы воінаў варожых ім плямён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),
ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. У адказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц. капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. У кастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1812,
наступальная аперацыя рас. войск у ліст. 1812 на завяршальным этапе вайны 1812 з мэтай акружэння і знішчэння напалеонаўскай арміі. Праводзілася арміяй М.І.Кутузава (каля 50 тыс.чал.), 3-й Зах. арміяй П.В.Чычагова (каля 35 тыс.чал.) і 1-ым пях. корпусам П.Х.Вітгенштэйна (каля 40 тыс.чал.). Арміі Кутузава процістаялі гал. сілы Напалеона (каля 30 тыс.чал., а таксама 30—40 тыс.чал. адсталых і небаяздольных). Насупраць арміі Чычагова былі разрозненыя атрады гал.ч. польскіх войск (атрад Ф.К.Касецкага, гарнізон М.Бранікоўскага, 17-я пях. дывізія Я.Г.Дамброўскага; усяго каля 9 тыс.чал.). Корпусу Вітгенштэйна процістаялі франц. карпусы К.Віктора і Ш.Удзіно (каля 25 тыс.чал.). Напалеон прыняў рашэнне перапраўляцца цераз Бярэзіну вышэй ад Барысава, у раёне вёсак Студзёнка і Весялова, пачаў скрытную падрыхтоўку да пераправы і адначасова зрабіў захады па дэзінфармацыі рус. камандавання. Кутузаў памылкова лічыў больш верагодным адступленне Напалеона на Мінск і Слонім і зрабіў адпаведныя загады. У выніку Чычагоў 25—26 ліст. перавёў амаль усе свае войскі з-пад Барысава на Пд. 26 ліст. па наведзеных мастах пачалася 3-дзённая пераправа франц. войск, якія захапілі плацдарм на правым беразе Бярэзіны і адначасова забяспечылі прыкрыццё гасцінца Барысаў—Студзёнка. На левым беразе французы ўтрымлівалі ўсе подступы да мастоў, пакуль не прайшлі ўсе баяздольныя часці. Раніцай 29 ліст. масты былі спалены, і армія Напалеона рушыла ў напрамку Маладзечна. У Бярэзінскай аперацыі 1812 рус. камандаванне не дасягнула ў поўнай меры пастаўленай мэты. Нягледзячы на колькасную перавагу, стратэг. ініцыятыву перад пачаткам аперацыі, выгаднае геагр. размяшчэнне рас. войск, ядро франц. арміі прарвалася з акружэння. Але панесеныя Напалеонам страты (каля 70 тыс.чал.) азначалі немагчымасць далей працягваць вайну. Вынікі Бярэзінскай аперацыі канчаткова вызначылі перамогу Расіі ў вайне.
Літ.:
Гл. пры арт. Вайна 1812.
В.В.Антонаў.
Да арт.Бярэзінская аперацыя 1812. Пераправа цераз Бярэзіну. Лістапад 1812 г. Аўталітаграфія сярэдзіны 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БА-АФРЫКА́НСКІ МІЖНАРО́ДНЫ БАНК (Arab-African International Bank; ААМБ),
міжнародная фінансавая акцыянерная камерцыйная ўстанова. Засн. ў 1964 як Араба-Афрыканскі банк. Акцыянеры ААМБ: Егіпет, Алжыр, Ірак, Іарданія, Кувейт, Катар, а таксама 2 камерцыйныя банкі — Саюз арабскіх і франц. банкаў (Францыя) і Араба-Афрыканскі банк (Маўрытанія). Месца знаходжання — Каір. ААМБ мае на мэце стаць магутным фін. ін-там на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы, здольным пацясніць пазіцыі банкаўскіх устаноў зах. краін.