ВАСІ́ЛЬЕЎ (Аляксандр Карпавіч) (12.9.1904, г. Рэчыца — 23.4.1956),

поўны кавалер ордэна Славы. На фронце з 1942. Камандзір сапёрнага аддзялення ст. сяржант Васільеў вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі: з групай сапёраў размініраваў 2 мінныя палі, зняў 75 мін; пад агнём праціўніка пераправіў на лодцы цераз Одэр 250 пехацінцаў; у баях за расшырэнне плацдарма зрабіў 5 праходаў у мінных палях, зняў 65 мін.

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТЭРПЛЯ́ТЭ (Westerplatte),

паўвостраў у Гданьскай бухце на тэр. г. Гданьск (Польшча). 1.9.1939 з бамбардзіроўкі Вестэрплятэ ням. браняносцам «Шлезвіг-Гольштэйн» пачалася 2-я сусв. вайна. 1—7 вер. польск. гарнізон (182 чал., сярод якіх былі беларусы і ўраджэнцы Зах. Беларусі, у т. л. Я.​Брыль) трымаў тут гераічную абарону, стрымліваючы намнога большыя сілы ням.-фаш. войскаў і флоту. Каля ўваходу ў порт помнік абаронцам Вестэрплятэ (1966).

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАЛІ́Ў (лац. Aquarius),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Самая яркая зорка 2,9 бачнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і назіраецца самая яркая і вял. на зямным небе планетарная туманнасць (вуглавыя памеры 15 × 12, сапраўдны сярэдні папярочнік каля 300 000 а.а.). На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета і ўвосень. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Вадаліў.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗЕЛЬСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1795,

сепаратныя мірныя дагаворы, заключаныя ў Базелі (Швейцарыя) паміж рэсп. Францыяй і двума ўдзельнікамі першай антыфранц. кааліцыі — Прусіяй і Іспаніяй: 5 крас. — паміж Францыяй і Прусіяй (да Францыі далучаўся левы бераг Рэйна); 22 ліп. — паміж Францыяй і Іспаніяй (да Францыі адыходзіла ісп. частка в-ва Гаіці, да Іспаніі — тэр. Каталоніі, Навары і баскскія правінцыі). Заключэнне дагавораў стала пачаткам распаду першай антыфранц. Кааліцыі.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДА́ЎКА (Павел Рыгоравіч) (23.1.1908, в. Асташова Чашніцкага р-на Віцебскай вобласці — 19.6.1968),

поўны кавалер ордэна Славы. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Удзельнік Маскоўскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Польшчы, баёў ва Усх. Прусіі. Наводчык мінамёта Барадаўка вызначыўся ў 1944 у час прарыву абароны праціўніка каля Рагачова, у 1945 у баях на тэр. Польшчы і штурме Кёнігсберга.

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВУЧНЁЎСКАЯ ГРАМАДА́ ў Калузе,

грамадская арг-цыя. Існавала ў 1918. Засн. вучнямі навуч. устаноў, эвакуіраваных з тэр. Беларусі ў час 1-й сусв. вайны. 18.6.1918 зарэгістравана Бел. нац. камісарыятам. Асн. мэта — аб’яднанне вучняў-беларусаў усіх навуч. устаноў на нац. культ.-асв. глебе. Арганізоўвала лекцыі і даклады, праводзіла культ. мерапрыемствы. Працавалі літ. і драм. секцыі, б-ка. Мела аддзелы пры некаторых навуч. установах.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНДВА́ХТА (ад галанд. brandwacht вартавы карабель),

1) карабель, які нясе вартавую службу на ўваходзе (выхадзе) на рэйд (у гавань, канал) і падтрымлівае ўстаноўлены рэжым плавання (рэгуляванне руху суднаў, выкананне ім мытных, каранцінных, рэйдавых і інш. правілаў).

2) Пост на беразе або на судне, прызначаны сачыць за пажарнай бяспекай на тэр. порта.

3) Несамаходнае судна — жыллё для экіпажа земснарадаў, вадалазных станцый, пошукавых партый, партовых рабочых і інш.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА.

Існавала ў ВКЛ у канцы 18 ст. Утворана ў 1793 у час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Паводле рашэння надзвычайнага Гродзенскага сойма 1793 Браслаўскі павет Віленскага ваяв. вылучаны ў асобнае ваяводства з цэнтрам у г. Браслаў (з 1794 — Відзы). Падзелу на паветы не было. Скасавана ў 1795 у час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Яго тэр. ўвайшла як павет у Віленскую губ. Рас. Імперыі.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1772—77. Уваходзіла ў Пскоўскую губ. Цэнтр — г. Віцебск. Агульная пл. 851 284 дзесяціны. Паводле ўказа ад 22.7.1776 падзялялася на Веліжскі, Гарадоцкі і Віцебскі пав. Уключала 7 мястэчак, 166 сёл, 2910 вёсак; каля 175 тыс. чал. падатковага насельніцтва. З дзярж. уладанняў былі Віцебская эканомія і 17 старостваў. Узначальвалася ваяводам. Скасавана паводле «Устанаўленняў для кіравання губерняў Расійскай імперыі» (1775).

т. 4, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМЕ́ЙДА ((Almeida) Франсішку) (каля 1450, Лісабон — 1.3.1510),

партугальскі мараход; 1-ы віцэ-кароль Індыі (1505—09). Заваяваў тэр. ў Зах. Індыі, стварыў апорныя пункты на ўзбярэжжы Індыйскага ак., у Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі. Пабудаваў форты ў Канануры і на в-ве Анджыдыў. У 1509 каля в-ва Дыу разбіў флот егіп. султана, пасланы для выгнання партугальцаў з Індыйскага ак. Забіты афрыканцамі ў час вяртання на радзіму.

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)