кліматы мінулых геал. эпох. Рэканструкцыю іх ажыццяўляюць паводле розных ускосных прыкмет: рэчыўнага складу і тэкстурных асаблівасцей асадкавых горных парод, выкапнёвых рэшткаў флоры і фауны, адбіткаў гадавых кольцаў дрэў, суадносін хім. элементаў і ізатопаў кіслароду ў ракавінах выкапнёвых арганізмаў, рэжыму ўвільгатнення, становішча геагр. шырот у мінулым і інш.
Змены кліматычных паказчыкаў у значнай ступені залежаць ад трансгрэсіі мораў, размеркавання сушы і мора, працэсаў гораўтварэння, размяшчэння тэрыторыі ў пэўных шыротах (у сувязі з рухам кантынентальных пліт), змены ледавіковага покрыва, вышыні над узроўнем мора, напрамку акіянічных цячэнняў, складу атмасферы, характару занальнасці і інш. Вывад аб характары П. грунтуецца на параўнанні кліматычных паказчыкаў мінулага з іх сучаснымі аналагамі. Найб. надзейныя вынікі даюць рэканструкцыі, заснаваныя на комплексным метадзе даследавання, Вывучае П. палеакліматалогія.
Для тэр. Беларусі на працягу большай ч.геал. часу было характэрна панаванне гарачага субтрапічнага клімату. У археі клімат быў гарачы і засушлівы. У познім рыфеі, калі частку тэрыторыі сучаснай Беларусі займаў мелкаводны марскі басейн, клімат быў цёплы і сухі. У пач. венду наступіла моцнае пахаладанне і ўся яе тэрыторыя была ўкрыта магутнымі льдамі покрыўнага зледзянення, пасля якога зноў пацяплела. Цёплы і вільготны клімат быў у палеазойскай эры, сухі — на працягу большай ч. дэвону і пермі, пераважна вільготны — у кембрыі, ардовіку, сілуры і карбоне, цёплы (у 1-й палавіне сухі, у 2-й — вільготны) — у мезазойскай эры. У кайназойскай эры паступовае пахаладанне прывяло да магутных зледзяненняў у антрапагене. У пач. і сярэдзіне палеагену Пд Беларусі быў у зоне субтрапічнага клімату, на Пн клімат быў блізкі да ўмеранага; у сярэдзіне перыяду пачалося пахаладанне, якое працягвалася і ў неагене. У антрапагенавым перыядзе характэрна чаргаванне значных пахаладанняў і перыядаў развіцця ледавіковых покрываў (гл.Ледавікі) з міжледавікоўем, калі клімат станавіўся блізкім да сучаснага або больш цёплым. Найб. вывучаны П. антрапагенавага перыяду. Мінім. па сваіх памерах апошняе (паазерскае) зледзяненне адзначалася найб. пашырэннем холаду, узнікненнем шматгадовай мерзлаты, макс. замярзаннем акіянаў. Пасля яго раставання, каля 10 тыс.г. назад, пачаўся пасляледавіковы (галацэнавы) час з макс. пацяпленнем у атлантычны перыяд (5—8 тыс.г. назад), калі сярэднегадавыя т-ры паветра былі на 1,5—2 °C вышэй за сучасныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ НІЗІ́НА.
На Пн Беларусі, займае значную частку Віцебскай вобл. Фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я); паўд,зах.ч. П.н. ўздоўж р. Дзісна вядома як — Дзісенская нізіна. Мяжуе з Браслаўскай градой на 3, Латгальскім узв. на ПнЗ, Нешчардаўскім, Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі на ПнУ і У, Чашніцкай раўнінай і Свянцянскімі градамі на Пд, Ушацка-Лепельскім узв. на Пд і ПдЗ, заходзіць на тэр. Літвы і Латвіі. Выш. 130—140 м, у краявых частках да 160 м. Пл. каля 8,5 тыс.км², працягласць з ПдЗ на ПнУ да 200 км, з Пн на Пд 40—80 км.
Прымеркавана да тэктанічных структур: Вілейскага пахаванага выступу, Прыаршанскай монакліналі, Латвійскай седлавіны. Платформавы чахол складзены з пратэразойскіх і палеазойскіх комплексаў парод. Дэвонскія адклады ўсюды падсцілаюць антрапагенавую тоўшчу, а ў даліне р. Сар’янка выходзяць на паверхню. Антрапагенавая тоўшча (40—100 м) складзена з адкладаў дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення ўтварылася вял. прыледавіковае Полацкае возера, дзе намнажаліся гліны і алеўрыт, ’тонка- і дробназярністыя пяскі, жвірова-галечны матэрыял. Развіццё рачной сеткі прывяло да спуску вадаёма і ўтварэння на яго месцы ўвагнутай азёрна-ледавіковай нізіны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пясок, даламіт, торф, мінер. воды.
Рэльеф сучаснай нізіны пласкахвалісты і спадзістахвалісты, ускладнены астанцамі марэннай раўніны, камавымі і марэннымі ўзгоркамі, озамі, дзюнамі. Паверхня слабапарэзана рачнымі далінамі, лагчынамі сцёку талых ледавіковых вод. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна з прытокамі Ужыца, Росіца, Свольна, Дрыса, Палата, Обаль, Дзісна. Найб. азёры: Лісна, Ельня, Чарвятка, Ілава, Мёрскае. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C; ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя, глеістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя (алювіяльныя). Пад лесам 34% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя і ялова-хваёвыя лясы, участкамі захаваліся дубровы (на правым беразе Дзісны, у вярхоўях Паловіцы, Бярозаўкі), у катлавінах чорнаальховыя. на ўзлесках і курцінах сярод палёў шэраальховыя. Б.ч. карэнных хваёвых і яловых лясоў змянілася бародаўчатабярозавымі і асінавымі лясамі. Балоты нізінныя і верхавыя; найб. Ельня, Обаль-2, Стрэчна, Дабееўскі Мох. Пашыраны лугі. Пад ворывам 35% тэрыторыі. На П.н. заказнікі рэсп. значэння: гідралагічны Ельня, ландшафтны Казьянскі (да 1999 біялагічны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),
абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.Б.Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.І.Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙1012т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙1018т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;
Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РАГ,
паласа ўзаемадзеяння паміж сушай і вадаёмам (мора, возера, вадасховішча і інш.) ці вадацёкамі (рака, канал і інш.). Мае надводную частку і падводны берагавы схіл, падзеленыя берагавой лініяй. Фарміруецца пад уздзеяннем гідралагічных (ветравыя хвалі, прылівы, адлівы, цячэнні, рачныя плыні і інш.), геал. (тэктанічныя рухі, састаў горных парод), геамарфал. (вышыня і формы рэльефу), антрапагенных (гідрабудаўніцтва, водакарыстанне) і інш. фактараў. Паводле вядучых фактараў у марскіх, рачных і азёрных берагах адрозніваюць абразійныя і эразійныя (гл.Абразія, Эрозія), акумулятыўныя і складаныя. Вывучае берагі геамарфалогія.
Бераг марскі з боку сушы абмежаваны лініяй, якой дасягае прыбой у час найб. прыліваў і штормаў, з боку мора — глыбінёй, дзе затухаюць рухі хваляў. У развіцці марскіх берагоў гал. роля належыць хвалям і прыбою. Яны разбураюць сушу і ўтвараюць абразійныя, часта з кліфам (уступам), берагі або перамяшчаюць і адкладаюць наносы, утвараючы акумулятыўныя берагі. Фарміруюцца яны таксама ў выніку дзейнасці рэк у вусці (дэльтавыя берагі) і пад уплывам занальных фактараў: у Арктыцы і Антарктыцы ад дзеяння вады на мёрзлы грунт і лёд узнікаюць тэрмаабразійныя, у трапічных морах жывыя арганізмы ствараюць біягенныя, пераважна каралавыя берагі (гл.Каралавыя пабудовы). Сучасныя берагі пачалі фарміравацца каля 6 тыс. гадоў назад, пасля позналедавіковай трансгрэсіі, калі ўзровень акіяна павысіўся на 90—100 м і заняў цяперашняе становішча. У выніку затаплення нізінных ускраін мацерыкоў утварыліся інгрэсійныя марскія берагі. Яны падзяляюцца на ледавіковыя (фіёрдавы, шхерны), эразійныя (рыясавы і ліманны), эолавыя (аральскі), структурна-дэнудацыйныя (далмацінскі), ватавыя і інш. (гл. таксама Інгрэсія, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты). Берагі рачныя развіваюцца пад уздзеяннем рэчышчавай плыні, якая выклікае бакавую і лінейную эрозію і ўтварэнне карэннага (тэрасавага) незатапляльнага берага або акумуляцыю наносаў і ўтварэнне акумулятыўнага (поймавага) затапляльнага берага. Рэкі Паўн. паўшар’я, якія цякуць на Пн, маюць правы стромкі, абразійны, левы нізкі, акумулятыўны бераг (пад уплывам Карыяліса сілы). У фарміраванні берагоў рэк вял. значэнне маюць апоўзні, абвалы, асыпкі і ўтварэнне яроў. Берагавыя працэсы на рэках паскараюцца пры змене базісу эрозіі.
На Беларусі берагі вадаёмаў і вадацёкаў пераважна акумулятыўныя, на іх развіты берагавыя валы і пляжы. Абразійныя берагі найб. уласцівы вадасховішчам (на некаторых да 50% даўжыні берагавой лініі) і рэкам. На многіх азёрах берагі амаль не перапрацоўваюцца, параслі лесам, хмызняком і травой. Балотная расліннасць стварае на іх сплавінныя берагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕТРЫВА́ЛЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна чорнай металургіі, спецыялізаваная на вытв-сці шамотных, дынасавых, магнезітавых, алюмасілікатных, вугляродзістых і інш. вырабаў і вогнетрывалых матэрыялаў. З мінер. сыравіны, якая мае вогнетрываласць не ніжэй за 1580 °C, вырабляецца цэгла (фасонная і буйнаблочная) і нефармаваныя матэрыялы мертэлі — парашкі, пластычныя масы і вадкія сумесі. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць вогнетрывалыя гліны, кварцыты, магнезіт, баксіты, даламіты, а таксама сінтэзаваныя або ўзбагачаныя пылападобныя адходы і шламы вытв-сці абразіваў, каталізатары сінт. каўчуку, адходы нафтахім. прам-сці. Прадукцыя вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці выкарыстоўваецца пры буд-ве і эксплуатацыі цеплавых агрэгатаў у металургічнай, цэментнай галінах і энергетыцы (пры пабудове доменных, мартэнаўскіх, коксавых і награвальных, шклаварных і тунэльных пячэй), для футэроўкі сталеразліўных і чыгунавозных каўшоў, вырабу гарачатрывалага бетону, тыгляў, рэтортаў і інш.
Прыродныя вогнетрывалыя матэрыялы (гліну, кварцавы пясок, талькавы камень і інш.) выкарыстоўвалі з даўніх часоў. Шамотныя матэрыялы ў Расіі пачалі вырабляць з сярэдзіны 18 ст., дынасавыя і магнезітавыя — з канца 19 ст., калі ўзніклі першыя спецыялізаваныя з-ды на Украіне (Часаваярскі, 1887, цяпер у Данецкай вобл.) і на Урале. У 1913 у Расіі выраблена 582 тыс.т вогнетрывалых матэрыялаў. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць Расіі мае 14 прадпрыемстваў па вытв-сці крэменязёмістых, алюмасілікатных і перыклаззмяшчальных вогнетрывалых матэрыялаў і вырабаў і 3 рудаўпраўленні, выпускаецца больш за 3 млн.т прадукцыі (1992). Найб. прадпрыемствы на Урале (камбінат «Магнезіт» у Чэлябінскай вобл.), у Падмаскоўі, Варонежскай вобл., Сібіры. Развітую вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць маюць Украіна і Казахстан. Сярод вядучых вытворцаў вогнетрывалых матэрыялаў у свеце ЗША, Канада, Японія, Германія, Расія і інш.
Большая ч. вогнетрывалых матэрыялаў (60%) выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, агульная патрэба ў іх, адносна колькасці, неабходнай для выплаўкі 1 т сталі, вагаецца ад 25 да 100 кг. Вогнетрывалыя вырабы і матэрыялы атрымліваюць шляхам выпілоўвання з горных парод, ліццём, прасаваннем, трамбаваннем, плаўленнем. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць выкарыстоўвае новыя віды сыравіны (напр., храмітавую, алівінавую, цырконіевую, тытаніт, алюміній, алюмамагнезіяльную шпінель і інш.), пашырае вытв-сць малаадходных, энергазберагальных матэрыялаў.
Спажыўцамі прадукцыі вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці на Беларусі з’яўляюцца прадпрыемствы энергетыкі (ЦЭЦ і інш.), цэментнай прам-сці і металургіі (Беларускі металургічны завод і інш.). Сваёй галіны краіна не мае, патрэба ў вогнетрывалых матэрыялах задавальняецца за кошт імпарту, пераважна з Украіны. За апошнія дзесяцігоддзі разведана сыравінная база, на якой магчыма развіццё вытв-сці шамотных вырабаў агульнага прызначэння (каалін), легкаважнай вогнетрывалай цэглы (трэпелы, апокі і крэменязёмістыя мергелі з цэалітамі), керамічных і вогнетрывалых вырабаў (пірафіліты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён на ПнУБеларускага Паазер’я, у Віцебскай вобл. Мяжуе з Суражскай нізінай на У, Віцебскім узв. на ПдУ, Полацкай нізінай на ПдЗ і З, на Пн адгор’і ўзвышша зліваюцца з Невельскім узв. у Пскоўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з Пн на Пд да 70 км, з З на У да 45 км. Пл. каля 3 тыс.км². Выш. ад 135 м (урэз р.Зах. Дзвіна каля в. Курына Віцебскага р-на) да 263 м (каля в. Загараны Гарадоцкага р-на).
У геаструктурных адносінах Гарадоцкае ўзвышша прымеркавана да паўн.-зах.ч.Аршанскай упадзіны, дзе да канца дэвону завяршылася структурная перабудова і ўтварылася плато, расчлянёная паверхня якога служыць цокалем Гарадоцкага ўзвышша. Магутнасць адкладаў антрапагенавай сістэмы 40—170 м, асноўная частка іх складзена з 5—6 комплексаў ледавіковых (марэнных, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых) утварэнняў. Карысныя выкапні: даламіт (блізка ад паверхні на Рубаўскім выступе парод дэвону і ў адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі і легкаплаўкія гліны, прэсныя і мінер. падземныя воды.
Сучасны рэльеф аформіўся ў час адступання ледавіка паазерскага зледзянення. На Пн знаходзіцца ўласна Гарадоцкае ўзвышша, якое ўзнікла як астраўны лёдападзельны масіў. У рэльефе яго выражана сістэма канцова-марэнных град. На Пн вылучаецца больш высокі ўнутр. клінападобны пояс канцовых марэнных град (даўж. 20—22 км), складзеных пераважна з валунных суглінкаў. Знешні дугападобны пояс канцова-марэннага рэльефу складаюць грады, валы і ўзгоркі. У паўн.ч. знешняга пояса буйна- і сярэднеўзгорысты рэльеф. На Пд ад канцова-марэннага масіву пераважае камава-ўзгорысты рэльеф, які ўзнік у паласе «мёртвага лёду», што заставаўся некаторы час пасля адступання краю ледавіка на Пн. Трапляюцца ўчасткі спадзіста-хвалістага рэльефу асн. марэны, далінныя зандры, озы. Рачная сістэма належыць да бас.Зах. Дзвіны і Ловаці. На зах. схілах прытокі Обалі — Усыса, Чарняўка, Чарнуйка, на ўсх. — Ловаць, Аўсянка (прыток Усвячы), на Пд пачынаецца р. Лужасянка. Найб. азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава. Сярэдняя т-растудз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 625 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад ворывам каля 25%, пад лесам да 30% тэрыторыі. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-яловыя, другасныя бярозавыя, асінавыя і шэраальховыя лясы, вярховыя і пераходныя балоты, у катлавінах азёр — лугі. Раён вылучаецца маляўнічасцю ландшафтаў. У межах Гарадоцкага ўзвышша заказнікі: гідралагічныя Карыценскі Мох, Цёста; біял. Езярышчанскі, Паташэнскі, Сурміно і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛЬЧЫЦКІ РАЁН.
На ПдЗ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924, у 1962 ліквідаваны, у 1965 адноўлены. Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 31,3 тыс.чал. (1998), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 10 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Лельчыцы.
Уключае 72 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Астражанскі, Бараўскі, Буйнавіцкі, Букчанскі, Глушкавіцкі, Грабянёўскі, Дзяржынскі, Дуброўскі, Лельчыцкі, Мілашавіцкі, Сіманіцкі, Стадоліцкі, Тонежскі, Ударненскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. яго тэрыторыі забруджана радыенуклідамі. 2 вёскі адселены.
Тэр. раёна размешчана ў межах Мазырскага Палесся і Прыпяцкага Палесся. Паверхня пласкахвалістая, 70% тэрыторыі на выш. 120—150 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на ПдЗ ад в. Запясочнае). Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, буд. (Глушкавіцкае радовішча будаўнічага каменю) і абліцовачны камень граніт (радовішча Кар’ер Надзеі каля в. Глушкавічы), каалін, гліны, суглінкі, пяскі шкловыя і фармовачныя. Сярэдняя т-растудз. -5,8 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 546 мм за год. Вегетац. перыяд 199 сут.Найб. рэкі: Убарць з Каросцінкай, Свінавод, Сцвіга з прытокам Плаў. Буйнейшыя меліярац. каналы: Жмурненскі, Братухінскі, Валаўскі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (39,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,5%), дзярнова-падзолістыя (16,7%). Пад лесам 68% тэрыторыі, з іх 24% — штучныя насаджэнні (хвоя, дуб). Найб. лясістасць на З раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, таполевыя, асінавыя, грабавыя і інш. Балоты займаюць 34,5 тыс.га, найб.Тапілаўскае балота і Кандаль-Яловец-Вольхава. У раёне частка нац. парку Прыпяцкі; заказнікі: рэсп. значэння — біял.Букчанскі; мясц. значэння гідралагічныя Берын, Заручэўе, Засадзішча, Лахніцкае, Лельчыцкае, Лугавое, Манчыцы, Невіца, Рэчыца, Тапілаўскае; помнікі прыроды рэсп. значэння: дуб у Данілевіцкім лясніцтве; выхад на паверхню крышт.парод каля в. Глушкавічы. Зона адпачынку Чырвонабярэжжа. На левабярэжжы р. Убарць рэліктавы хмызняк пантыйскай азалеі (жоўтага рададэндрану).
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 50 тыс.га, з іх асушаных 26,8 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 3 саўгасы, 4 фермерскія гаспадаркі. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (масла, сыр, кансервы) і буд. матэрыялаў прам-сці. У в. Глушкавічы друзавы з-д (кар’ер «Сялянская ніва») і кар’ер «Глушкавічы» Мікашэвіцкага каменеапрацоўчага з-да. Тэр. раёна перасякаюць аўтадарогі Мазыр—Лельчыцы—Глушкавічы, Тураў—Лельчыцы—Славечна. У раёне 17 сярэдніх, 11 базавых, 11 пач., 1 муз., 1 маст. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 23 дашкольныя ўстановы, 22 клубы, 18 дамоў культуры, 33 б-кі, 5 бальніц, 1 паліклініка, 1 амбулаторыя, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры: драўляная царква (18 ст.) у в. Прыбалавічы. Выдаецца газ. «Светлае жыццё».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
адклады прыліўна-адліўнай зоны мора або акіяна (літаралі). Прадстаўлены сучаснымі асадкамі і асадкавымі горнымі пародамі, якія складзены з абломкавых (валуны, галька, друз, жвір, жарства, кангламераты, галечнікі, пяскі, пясчанікі), карбанатных (біягенныя, пелетавыя, аалітавыя, страматалітавыя, мікразярністыя вапнякі) і карбанатна-абломкавых намнажэнняў, а таксама з арган. рэшткаў. Для ўчасткаў літаралі, якія адкрыты акіянскім хвалям, характэрны буйна- і сярэднеабломкавыя асадкі (вял. колькасць валуноў, галечнікі, пяскі); дзе бераг абрывісты і размываецца, з прадуктаў яго разбурэння на дне фарміруюцца брэкчыі і абвальныя намнажэнні; дзе адсутнічае моцнае хваляванне, адкладваюцца пераважна тонказярністыя асадкі алеўрытавыя і гліністыя (напр., у бухтах і залівах далёкаўсходніх і паўн. мораў).
На ўчастках літаралі — ватах адклады прадстаўлены дробназярністымі пяскамі, алеўрытамі і глінамі, якія пераслойваюцца (слаістасць няправільная, лінзападобная). На найб. аддаленай ад мора ч. літаралі фарміруецца паласа салёных азёр (маршаў), у якіх тонкія глеістыя асадкі чаргуюцца з праслоямі торфу і глебамі. У межах трапічных і субтрапічных гумідных зон Л.а. прадстаўлены карбанатнымі асадкамі (пародамі); тут трапляюцца карбанатныя камячкі (пелеты), ааліты, абломкі ракавінак, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, абломкі кальцыту пясчанай размернасці і мікразярністыя асадкі (мікрыты). У Л.а. часта трапляюцца водарасцевыя страматаліты (напр., хвалістыя шкарлупіны, калоніі) і водарасцевыя лямцы з тонкай слаістасцю (пераважна сіне-зялёныя водарасці). Найб. характэрныя прыкметы карбанатных адкладаў літаральнай зоны — наяўнасць трэшчын усыхання і порыстых сістэм няправільнай формы, паралельных напластаванню; тэкстуры «птушынага вока», калі ў аднароднай мікразярністай масе вылучаюцца асобныя буйныя крышталі кальцыту. Стараж. Л.а. фарміраваліся пры перамяшчэнні берагавых ліній. У час марскіх трансгрэсій Л.а. захоўваліся пад інш. тыпамі марскіх і акіянічных адкладаў. Добра захоўваюцца ў разрэзах і залягаюць на рэзка размытай паверхні больш стараж.парод рознага паходжання. Л.а. багатыя карыснымі выкапнямі. Для зон асабліва актыўнага хвалявання характэрны россыпы цяжкіх мінералаў (рутыл, гранат, ільменіт, касітэрыт і інш.). У адкладах адносна спакойных участкаў трапляюцца рудныя радовішчы алюмінію і жалеза. Кангламератавыя і некаторыя з аалітавых жалезных руд мелавога ўзросту (напр., у гарах Гарц) і неагенавыя жалезныя руды (напр., на п-ве Керч) з’яўляюцца асадкамі літаральнай зоны. Літаральныя галечнікі і кангламераты, пяскі і пясчанікі, біягенныя вапнякі выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял і часта змяшчаюць радовішчы нафты (напр., у Паўночным м., на Аравійскім п-ве).
На Беларусі Л.а. (страматалітавыя, пелетавыя, біягенныя вапнякі, карбанатныя брэкчыі і кангламераты) з трэшчынамі ўсыхання і інш. прыкметамі сустракаюцца ў палеазойскіх адкладах Прыпяцкага прагіну.
Літ.:
Селли Р.Ч. Древние обстановки осадконакопления: Пер. с англ.М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.А.Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.М.Аляксееў з удзелам К.І.Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф.Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял.Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.Панятоўскага (скульпт. Б.Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).
В.Ф.Марозаў, В.Р.Анціпаў.
Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.Да арт.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ,
участкі зямной паверхні, якія ўзняты вышэй за 500 м над узроўнем мора і характарызуюцца рэзкімі ваганнямі вышынь на невял. адлегласцях.
Горы адасоблены ад сумежных раўнін падножжамі ці пераходнай паласой невысокіх (500 — 700 м) расчлянёных перадгор’яў. Цягнуцца ад соцень да некалькіх тысяч кіламетраў прамалінейна (Вял. Каўказ, Кардыльеры) або выгінаюцца як дугі (Альпы, Карпаты). Схілы ў залежнасці ад тэктанічнай будовы, характару горных парод, узросту, клімату бываюць пакатыя, стромкія (40—45°), вертыкальныя; паводле марфалогіі і профілю адрозніваюць прамыя, увагнутыя, выпуклыя, увагнута-выпуклыя, ступеньчатыя. У залежнасці ад памераў, будовы і ўзросту вылучаюць горны пояс, горную сістэму, горную краіну, горныя хрыбты, горныя грады, горныя вяршыні, горныя групы, раздзеленыя паніжэннямі: міжгорнымі ўпадзінамі, горнымі далінамі. Іх спалучэнне дае розныя тыпы расчлянення гор у плане: паралельнае (Каўказ), радыяльнае (Хан-Тэнгры, пік Перамогі ў Цянь-Шані), перыстае, або папярочнае (Высокі Таўэрн у Альпах), крацістае (Паўд. Урал, Усх. Цянь-Шань), расчлянёнае з кулісападобным размяшчэннем хрыбтоў (Зах. Закаўказзе, Паміра-Алай). У марфал. адносінах горы падзяляюцца на нізкагор’і (да 1000 м), сярэднягор’і (да 2000 м), высакагор’і (вышэй за 2000 м). Нізкагор’і ўтвараюцца, калі пераважаюць працэсы разбурэння (выветрыванне, эрозія, схілавы перанос матэрыялу і інш.), вызначаюцца мяккімі, акруглымі профілямі, шырокімі далінамі рэк (Бадхыз, Казахскі драбнасопачнік). Сярэднія горы (Вагезы, Капетдаг, Сярэдні Урал, Шварцвальд) маюць спадзістыя схілы, авальныя перагіны, купалападобныя вяршыні, шырокія даліны рэк. Высокія горы (Анды, Альпы, Гімалаі, Памір, Цянь-Шань і інш.) характарызуюцца глыбокім расчляненнем, стромкімі схіламі, наяўнасцю пірамідальных вяршынь і высокіх грабянёў (гл.Нізкагорны рэльеф, Сярэднегорны рэльеф, Высакагорны тып рэльефу). Паводле паходжання горы ўмоўна падзяляюць на: тэктанічныя са складкавай (Альпы, Анды, Гімалаі), або складкава-глыбавай структурай (Апалачы, Урал, Цянь-Шань), паднятыя на некалькі тысяч км, якія вылучаюцца разнастайнасцю рэльефаўтваральных працэсаў і глыбокім расчляненнем; эразійныя — высокаўзнятыя платопадобныя паверхні з гарызантальнай геал. структурай, якія пазней апынуліся пад уплывам навейшых (неатэктанічных) падняццяў і расчлянёны далінамі рэк і часовых патокаў (плато Каларада); вулканічныя, конусы вулканаў, высакагорныя лававыя покрывы (Армянскае нагор’е). Адрозніваюць геал. ўзрост (час першага падняцця гор з геасінкліналі) і геамарфалагічны (час апошняга ўтварэння горнага рэльефу). Напр., Цянь-Шань пачаў фарміравацца ў каледонскую эпоху арагенезу, сучасныя марфал. рысы склаліся ў кайназоі. Найважнейшыя паверхневыя (экзагенныя) працэсы ў гарах — выветрыванне, эрозія, ледавіковыя працэсы, схілавы перанос матэрыялу і інш. Асноўная геагр. заканамернасць горных тэрыторый — праяўленне вышыннай пояснасці. Гл. таксама Горныя ландшафты, Горны клімат.
Літ.:
Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987;
Леонтьев О.К., Рычагов Г.И. Общая геоморфология. 2 изд. М., 1988.