машына (прылада) для рыхлення цяжкіх, камяністых, зляжалых і мёрзлых грунтоў з мэтай аблягчэння наступнай работы землярыйна-трансп. машын. Выкарыстоўваюцца пры пракладцы каналаў, траншэй, буд-ве дамбаў, дарог; для выдалення з грунту каранёў, пнёў, камянёў пасля работы карчавальніка; для разбурэння старых дарожных пакрыццяў; у горнай справе — для раскрыўных работ. Бываюць агульнага (з 3—5 зубамі) і спец. (з 1, часам 2—3 зубамі) прызначэння, гусенічныя і колавыя з гідраўлічнымі або канатнымі механізмамі кіравання, навясныя і прычапныя да гусенічных і колавых трактароў, пасіўнага і актыўнага (з вібрацыйным рабочым органам) дзеяння.
Р. пасіўнага дзеяння — мнагастоечныя (для суцэльнага рыхлення) і аднастоечныя (для паласавога рыхлення і рыхлення-кратавання). Р.-кратавальнік робіць кротавую кратовую* дрэну і адначасова рыхліць глебу (на глыбіню да 1,2 м). Рабочы орган — нож з лемехам і дрэнер (гл. Кратавальнік). Меліярац. навясны Р. канструкцыі Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства выкарыстоўваюць для суцэльнага або паласавога аб’ёмнага рыхлення глебагрунтоў цяжкага мех. саставу (глыбіня рыхлення 1,3 м). Грунт, прамерзлы да 0,7 м, рыхляць трактарнымі навяснымі або прычапнымі Р. Разбурэнне мёрзлага грунту без парушэння суцэльнасці вядуць ба́равымі і дыска-фрэзернымі машынамі, якія падзяляюць маналіт грунту на блокі. Выкарыстоўваюцца таксама Р. з вінтаклінавым рабочым органам, экскаватары з вінтавымі прыстасаваннямі і пнеўмамолатамі і інш. У дарожным буд-ве выкарыстоўваюць Р. ў выглядзе зменнага прыстасавання да бульдозера. Рыхленне грунту пад вадой пры рабоце землясоснага снарада робіцца спец. разрыхляльнікамі, глыбокае рыхленне тэрас з адначасовым унясеннем угнаенняў пад закладку вінаграднікаў і садоў — Р. тэрас (маюць 2 рабочыя органы ў выглядзе выгнутых карпусоў).
Літ.:
Строительные машины для механизации гидромелиоративных работ. М., 1985;
Производительность и долговечность землеройных мелиоративных машин. Киев, 1988.
В.М.Кандрацьеў.
Рыхліцелі: а — трохстоечны на базе колавага трактара (1 — нож, 2 — стойка, 3 — апорны каток); б — рыхліцель-кратавальнік (1 — дрэнер, 2 — зуб); в — клінавы (1 — накіроўная штанга, 2 — ударны груз, 3 — асіметрычны клін); г — аб’ёмнага рыхлення канструкцыі Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства (1 — V-падобная стойка, 2 — лямеш).Рабочыя органы рыхліцеляў: 1 — сагнуты; 2 — з падпятнікам; 3 — клін-баба з зубамі; 4 — зуб-рыхліцель гідраўлічнага экскаватара; 5 — аб’ёмнага рыхлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАНЖАРЭ́Я (франц. orangerie),
зашклёнае памяшканне для вырошчвання зімоўкі паўд. раслін (цытрусавых, кветкавых, вечназялёных, пладова-ягадных і інш.). Аранжарэі добра асвятляюцца, маюць неабходны рэжым тэмпературы, вільготнасці і ўмовы для догляду раслін. Бываюць 1- і 2-схільныя, блочныя, ангарныя.
Аранжарэя батанічнага комплексу ў Сан-Антоніо (ЗША). Арх. Э.Амбаш. 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЦЫ́ДНАЯ ЛЯ́МПА,
газаразрадная крыніца згубнага для бактэрый ультрафіялетавага выпрамянення. Асн. элемент — трубка са спец. шкла, напоўненая пад ціскам інертным газам з невял. колькасцю ртуці. Магутнасць бактэрыцыднай лямпы да 90 Вт. Выкарыстоўваецца ў прыладах для стэрылізацыі вады, харч. прадуктаў, паветра ў бальнічных установах і інш. памяшканнях і гэтак далей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́СТА,
пругкі і водаўстойлівы вонкавы слой кары бярозы. З яго атрымліваюць дзёгаць (сухой перагонкай), смалу (апрацоўкай азотнай к-той або спірта-шчолачнай экстракцыяй), сажу (спальваннем пры няпоўным доступе паветра). Здаўна выкарыстоўвалася для вырабу асобных рэчаў хатняга ўжытку (гл.Берасцяныя вырабы) і як матэрыял для пісьма (гл.Берасцяныя граматы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАВЫ́ СПУСК,
прыстасаванне для спуску сыпкіх і кускавых грузаў пад дзеяннем уласнай вагі; сродак гравітацыйнага транспартавання. Вышыня да 100 м і болей, прадукцыйнасць да 500 т/гадз пры дыяметры трубы 1,2—1,5 м. Выкарыстоўваецца на шматпавярховых складах, прамысл. прадпрыемствах, у горнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЫСК,
следчае дзеянне, накіраванае на атрыманне доказаў па крымінальнай справе. Праводзіцца з мэтай пошукаў рэчавых доказаў, якія могуць мець значэнне для справы, выяўлення трупаў, адшукання асоб, а таксама маёмасці для пакрыцця матэрыяльнай шкоды і магчымай канфіскацыі. Вобыск праводзіцца па матываванай пастанове следчага або органа дазнання з санкцыі пракурора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАГНІТАФО́Н,
магнітафон для выяўлення і запісу на магнітную стужку слабых гукавых сігналаў у падземных горных вырабатках. Гукаўлоўнік — геафон. Геамагнітафон дазваляе адрозніць сігналы, што падаюцца ўдарамі па пародзе, ад пабочных гукаў на адлегласці да 100 м. Выкарыстоўваецца пры горнавыратавальных работах для вызначэння месцазнаходжання рабочых, заспетых аварыяй у шахтах і рудніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЁНКА,
у беларусаў бандарная пасудзіна на 6—10 л, крыху расшыраная ў верхняй частцы. Выкарыстоўвалася для даення кароў. Рабілі Д. з хваёвых, радзей з дубовых ці кляновых клёпак. Адна падоўжаная клёпка ўтварала ручку, у клёпцы насупраць рабілі літок (рыльца). Для даення кароў у полі выкарыстоўвалі Д. з почапкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВІНА ПРЫ́НЦЫП КЛАСІФІКА́ЦЫІ,
прынцып, паводле якога «чым менш якая-н. ч. арганізма звязана з якімі-н. асаблівымі функцыямі, тым больш яна мае значэнне для класіфікацыі». Напр., малюнак афарбоўкі ў птушак, жылак крыла насякомых, форма карэнных зубоў млекакормячых з’яўляюцца каштоўнымі крытэрыямі (адзнакамі) для класіфікацыі гэтых жывёл. Сфармуляваў Ч.Дарвін (1859).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛАТА,
1) ручны або станочны дрэваапрацоўчы інструмент (разец) для выдзёўбвання адтулін, гнёздаў, пазоў і інш. Станочныя Д. бываюць полыя, з свердлам унутры (для свідравальна-даўбёжных станкоў), ланцугова-даўбёжныя і інш. 2) Інструмент, які выкарыстоўваецца пры ўдарным і вярчальным свідраванні адтулін (гл. ў арт.Буравы інструмент).